сцэнарыі святаў на беларускай мове

Таццяна Мікалаеўна НОВІКАВА – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Нагорнаўскай сярэдняй школы Клецкага раёна Мінскай вобласці. Роднае слова Студзень 2009 г.

Панарама зімовых свят

Сцэнарый мерапрыемства

Мэты:садзейнічаць асэнсаванню маладым пакаленнем духоўнай спадчыны роднай зямлі; фарміраваць у вучняў цікавасць і любоў да гісторыі нашых продкаў, іх культурнай спадчыны, побыту; паглыбляць і пашыраць веды школьнікаў пра асаблівасці зімовых свят.

1-ы вядучы. Добры дзень, шаноўныя сябры! Наша гасцёўня адчыняе перад вамі дзверы і запрашае на цікавае зімовае прадстаўленне.
2-і вядучы. Сёння размова пойдзе пра зіму, зімовыя народныя святы, звычаі, абрады і традыцыі нашых продкаў.
1-ы вядучы. Зіма, як вядома, - самая халодная пара года. Ідзе снег, бываюць сцюжы і завеі.
2-і вядучы. Нездарма беларуская прыказка гаворыць: "Калі не будзе зімой бела, то не будзе ўлетку зелена".
1-ы вядучы. Снежань - першы зімовы месяц, і называюць яго так таму, што ён снежны.
2-і вядучы.
Снежань, снежань, які чараўнік!
Да акна цёмнай ноччу прынік.
I малюе на шкле дзіўны сад,
Нібы лета вяртае назад.
1-ы вядучы. У гэтым месяцы і пачынаюцца зімовыя святы.
2-і вядучы. Запрашаем вас на беларускі калейдаскоп "Панарама зімовых свят"!
1-ы вядучы. Першая старонка нашай панарамы - "Піліпаўскія звычаі і традыцыі".

Сялянская хата. Гаспадар, гаспадыня. Сядзіць бабка Аўдоцця і прадзе, вакол яе некалькі жанчын, моладзь.

Хтосьці з моладзі. Бабка Аўдоцця, раскажыце нам усім, як даўней праводзіліся вечары ў Піліпаўку. Вы ж самая старэйшая і, напэўна, помніце.
Бабка Аўдоцця. Як жа мне не помніць, усё да драбніц прыпамінаецца. Ну так слухайце! 3 28 лістапада па 7 студзеня - Піліпаўка. Пачынаецца пост. Гэта той прамежак часу, калі праца на полі скончана. На Піліпаўку (Піліпаўскі пост) царква забараняла ўсялякія гульні, забавы, вяселлі.
У такія доўгія зімовыя вечары моладзь збіралася ў хаце на вячоркі. На вячорках, прадучы кудзелю, вышываючы, спявалі песні. Песні былі часцей за ўсё сумныя, журботныя. У іх апяваліся майстэрскія, здатныя рукі сялянкі, лес дзяўчат. Вось паслухайце адну з іх.
Ах, я ж малада коўрык ткала,
Коўрык ткала сямі ўзорамі.
Я кавёр вышывала свайму большаму брату,
Ў каўнярочку вышывала.
Ай я ж жаркае сонца ў рукавочку вышывала,
А я ясен месячык у падалочку вышывала,
А я дробныя зоркі вышывала.
Бабка Аўдоцця. А вось гэтую песню, напэўна, усе ведаюць.

Гучыць песня "Із-пад каменя". Спяваюць усе.
I з-пад каменя, і з-пад белага,
Цячэ рэчанька, цячэ быстрая.

А на той рацэ дзева мылася,
Дзева мылася, вымывалася.

Малады купец вёў каня паіць,
А раўнівы муж вёў жану тапіць.

Яна й плакала, шчэй прасілася,
Не тапі мяне, рана звечара.

А тапі мяне позна ночкаю,
Людзі будуць спаць і не будуць знаць.

I з-пад каменя, і з-пад белага,
Цячэ рэчанька, цячэ быстрая.
1-ы вядучы. У піліпаўскіх песнях апавядалася пра працу сялянкі ў доўгія зімовыя вечары, цяжкае бяспраўнае становішча нявесткі ў сям’і мужа. Піліпаўскія песні выступаюць мастацкім асэнсаваннем сялянскага укладу жыцця ў далёкім мінулым.
1-я дзяўчына. Засядзеліся мы тут, трэба дадому разыходзіцца, работа чакае, патрэбна да Каляд прыбірацца. Усяго добрага! Да пабачэння!
2-я дзяўчына. Яно ж так. Хадзем, дзяўчаткі, кабеткі!

Усе выходзяць, акрамя гаспадыні і гаспадара.

Гаспадыня. Буду і я ў хаце прыбіраць, бо хутка Каляды. Можа, і ў хату хто зойдзе. Калядоўшчыкі, мабыць, будуць хадзіць.
Гаспадар. Ды і я пайду, можа, што па гаспадарцы зраблю.
Гаспадыня. Прыбіраючы хату, падпявае.
Ой, калядачкі, вы прыйдзіце к нам.
Вы прыйдзіце к нам, а мы рады вам.

Ой, піліпаўка, надакучыла,
Сваім постам нас замучыла.
2-і вядучы. Адгорнем другую старонку нашай панарамы "Калядныя святы".
1-ы вядучы. Каляды самыя доўгачаканыя і цікавыя, бо ўжо скончылася Піліпаўка (пост) і пачынаюцца святы.
2-і вядучы. Студзень - году пачатак, а зіме - палавіна.

Ідуць калядоўшчыкі, нясуць звязду, спяваюць. Цыганка вядзе каня, цыган вядзе мядзведзя, дзед вядзе казу, побач тупае журавель.
Калядкі блізка, кілбаскі нізка,
Ой, шчодзер, бодзер,
Наш Ваня злодзей.

Украў кароўку, загнаў за горку,
Ой, шчодзер, бодзер,
Наш Ваня злодзей.

Украў авечку, замчаў за рэчку,
Ой, шчодзер, бодзер,
Наш Ваня злодзей.

Калядкі блізка, кілбаскі нізка,
Ой, шчодзер, бодзер,
Наш Ваня злодзей.
1-ы вядучы. Запрашаем на Калядкі.
Спяваюць песню "Добры вечар".
Добры вечар, шчодры вечар,
Усім людзям на ўвесь вечар.

А ці дома пані твая? Я бачыў, што дома.
Яна дома не гуляе, піражочкі рашчыняе.

А ці дома гаспадар? А я бачу, што ён дома.
Што дома не гуляе, чалядоўку даглядае.

Добры вечар, шчодры вечар,
Усім людзям на ўвесь вечар.
Цыганка. Ці дома нашы гаспадары?
Гаспадары. Дома, дома!
Цыганка.
Ой, я знаю, што вы дома.
Вынесь, пані, піражочка,
Хоць малога ды смачнога.
Гаспадыня. Калі ласка, паспытайце пірагоў.
Гаспадар. Адкуль вы ідзяце, людзі добрыя?
Дзяўчына. Ідзём мы ад пана года, што носіць бараду шыроку, як лапату, сіву і калмату.
Дзед. Мы к лету ідзём, казу вядзём і радасць нясём.

Журавель ходзіць, дзюбае ўсіх, усе спяваюць.
Лезь каза на кол, пакажы хахол.
Го-го-го, каза, го-го-го, шэрая!

Дзе каза хвастом, там жыта кустом.
Го-го-го, каза, го-го-го шэрая!
Гаспадар. Да нас калядаваць прыйшлі цыганы. Паваражыце, судзьбу-долю разгадайце.
Цыганка. Мы паварожым вам, добрыя людзі! Скажам, што было, што будзе. Што на сэрца лягло, а што ў ногі пайшло.
Цыганка варожыць.

Гаспадар. Міласці просім усіх да стала.
Гаспадыня. Дыхае цяплом калядная куцця.
Хтосьці з гасцей. Пакалядавалі ў адной хаце, у другой, а зараз пойдзем далей. Дзякуем вам, гаспадыня і гаспадар, за вашы пачастункі.
1-ы вядучы. Весела даўней святкаваліся Каляды. Добра, што і сёння людзі не забываюць спадчыны, пакінутай дзядамі і прадзедамі.
2-і вядучы. Наступная старонка нашай панарамы - "Шчадрэц".
1-ы вядучы. Гэта вясёлы народны звычай. Вечар гэты - асаблівы. I самы цікавы момант такога вечара - шчодрая вячэра. Кожная гаспадыня старалася згатаваць багатую скаромную вячэру і сустрэць Новы год у поўным дастатку.
2-і вядучы. На ролю Шчадраца звычайна выбіралі высокага статнага хлопца, якога апраналі ў старое рознакаляровае адзенне, абвешвалі званочкамі і шархунамі. На галаву надзявалі шапку з бліскучай паперы, з-пад якой падалі доўгія валасы з пянькі, лёну ці конскага хваста, на твар накладвалі маску з чырвонымі шчокамі і доўгім носам, пад верхняе адзенне на спіне змяшчалі розны хлам, каб зрабіць горб. У рукі Шчадрацу давалі тоўстае жазло, аздобленае рознакаляровымі каснікамі, саджалі на адмыслова зроблены дзеля гэтага выпадку вазок, асветлены ліхтарамі і абвешаны шархунамі. Моладзь рабіла рытуальны абход аднавяскоўцаў на шчодры вечар, спявала песні.

Гаспадыня і гаспадар збіраюць на стол.

Гаспадар. Хутчэй, Ганна, збірай на стол, бо хутка прыйдуць шчадраваць дзяўчаты ды хлопцы.
Гаспадыня. Цярэшка, а ты таксама мне дапамажы, бо ўжо, чуеш, музыка, песні, смех на вуліцы. Вось зараз і тут будуць.

Чуецца музыка, заходзяць шчадроўнікі, Шчадрэц, цыганы. Гаспадары запрашаюць усіх да стала, частуюць.

1-ы госць. Цётка Ганна, дзядзька Цярэшка, якія смачныя пачастункі!
2-і госць. А давайце нашым гаспадарам песню праспяваем.
Пасеяў дзед грэчку, баба кажа мак.
Гоп, гоп, жонка мая, няхай будзе воля твая.
Няхай так, няхай сяк,
Няхай з грэчкі будзе мак.

Купіў дзедку збана, баба кажа гляк.
Гоп, гоп, жонка мая, няхай будзе воля твая.
Няхай так, няхай сяк,
Няхай з збана будзе гляк.

Злавіў дзедка шчуку, баба кажа рак.
Гоп, гоп, жонка мая, няхай будзе воля твая.
Няхай так, няхай сяк,
Няхай з шчукі будзе рак.

Купіў дзедку світку, баба кажа фрак.
Гоп, гоп, жонка мая, няхай будзе воля твая.
Няхай так, няхай сяк,
Няхай з світкі будзе фрак.

Ой, божа ж мой, божа,
Што я нарабіла.
Я свайго старога дураком зрабіла.
Я свайго старога дураком зрабіла.
Гоп, гоп, жонка мая, няхай будзе воля твая.
Няхай так, няхай сяк,
Няхай будзе дзед дурак.
Хлопец. Ой, гляньце, хлопцы, вунь дзяўчаты нешта шэпчуцца, мабыць, варажыць будуць, давайце і мы паслухаем.
Цыганка (хлопцу). Ану, пакажы сваю ручку, прадкажу табе лес твой. Ці будзеш ты шчаслівы ці не. Возьмеш ты дзяўчыну, але не з гэтага сяла, а з суседняга. Будзе ў цябе свая хата, добрая работа.
Гаспадар. А мне паваражы!
Цыганка. А ты не бегай да сваёй суседкі.
Цыганка (дзяўчыне). А ты, прыгажуня, па тваім твары бачу, будзеш шчаслівая і хутка будзе вяселле. Народзіш ты цэлую кучу дзяцей і будзеце вы з мужам жыць разам доўга-доўга.
Хтосьці з гасцей. Засядзеліся, загуляліся мы тут. Пабылі ў адной гаспадыні, трэба і да другой пайсці. Усяго добрага! Бывайце здаровыя! 3 Но¬вым годам! 3 новым шчасцем!
1-ы вядучы. Адгорнем наступную старонку нашай панарамы зімовых свят - "Вадохрышча".
2-і вядучы. На гэта свята людзі ідуць у царкву, свенцяць ваду. Прыйшоўшы дамоў, абсвенчваюць вуглы хаты, хлява і самі п’юць свянцоную ваду. Гэта прыбаўляе сілы, здароўя, веры ў лепшую долю.
1-ы вядучы. Ваду трымаюць у хаце, бо яна служыць лекамі ад розных хвароб як людзям, так і жывёле.

Гаспадар, гаспадыня і дачка ў хаце.

Гаспадыня. Цярэшка, я пайду да суседкі, можа, яна хадзіла сёння ў царкву, хай дасць свянцонай вады.
Гаспадар. Здаецца, як бы нехта ідзе да нас, не інакш як суседка.
Суседка. Добрага дня вам у хату. 3 Хрышчэннем вас, з Хрышчэннем! Вось, вадзіцы прынесла.
Гаспадыня. Ой, як жа добра!
Суседка. Краплю вуглы хаты, каб былі багаты. Даю вам піць, каб было добра жыць. А гэта вазьмі надалей, спатрэбіцца ў гаспадарцы.
Гаспадыня. Цярэшка, пайдзі запрасі да нас Тэклю, Маню, Глашу, ды й пра Вольку не забудзься. Пасядзім, пагутарым, пачастуемся. Дачушка, дапамажы мне на стол сабраць.
Дачка. Добра, мамка, я хуценька.

Заходзяць жанчыны, вітаюцца. Гаспадыня садзіць гасцей за стол і частуе іх.

1-я жанчына. Сёння такі снег! А снег на Вадохрышча - добра будуць раіцца пчолы і бульбы вырасце многа.
2-я жанчына. Святое Вадохрышча ваду пасвянчае, людзей падкрапляе.
3-я жанчына. Вось, жанчынкі, здаецца, нядаўна Каляды пачыналіся, а ўжо і заканчваюцца. Як хутка час прабег. Хочацца, каб Калядкі вярнуліся.
Вы, Калядачкі, вы вярніцеся,
На нас, дзевачак, агляніцеся.
Мы Калядачкам наравіць будзем.
Ды на йгрышчыкі мы хадзіць будзем.
Суседка. Паглядзіце, жанчынкі, ужо і вечар настаў. Сцямнела. Трэба ісці жывёлу карміць. Дзякуем вам, Ганна і Цярэшка.

Усе выходзяць.

1-ы вядучы. Завяршае зіму месяц люты, апошні развітальны месяц зімы.
2-і вядучы. У народзе кажуць: "Прыйдзе люты - спытае, як ты абуты", "Як у лютым адгукнецца, так у жніўні адзавецца".
1-ы вядучы. I гэта сапраўды так. Гаспадары пачынаюць рыхтавацца да веснавых работ.
2-і вядучы. Самым галоўным святам у лютым з’яўляюцца Грамніцы, або Стрэчанне. Гэта дзень сустрэчы зімы з летам, свята свечкі і жывога агню.
1-ы вядучы. Калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’е наесца вол травіцы.
2-і вядучы. Калі на Грамніцы рана ўзыходзіць сонца, то будзе ранні лён. У хаце бабка Аўдоцця і моладзь.
Хтосьці з моладзі. Бабка Аўдоцця, вось вы расказвалі нам пра Піліпаўку, а зараз раскажыце яшчэ і пра Грамніцы.
Бабка Аўдоцця. Добра, слухайце ды запамінайце, каб потым расказалі сваім дзецям і ўнукам. На Грамніцы ў царкве свяцілі свечку. Пры гэтым варажылі пра надвор’е. Калі грамнічныя свечкі, як і царкоўныя, трашчалі падчас гарэння - летам чакайце громаў, а чым больш часты і страшны трэск - тым больш моцнымі і частымі будуць летнія навальніцы. Пасля варажбы свечкі тушылі пераварочваннем кнота ўніз, а не задзімалі, як звычайна, таму што згасанне свечкі ад павеваў ветру абяцала чалавеку, які трымаў яе ў руках, смерць на працягу года.
Існавала і такое павер’е: калі ўдасца прынесці з царквы агонь грамнічнай свечкі непатухлым, то гэта пазбавіць ад любога няшчасця, што навісла над сям’ёй, напрыклад выратуе паміраючага.
1-ы вядучы. Вось і закрылася апошняя старонка нашай панарамы зімовых свят.
2-і вядучы. Усім вам жадаем моцнага здароўя, многа радасці і паболей светлых дзён.
Разам. Усяго вам добрага. Чакайце нас праз вясну, лета і восень. Да сустрэчы!

Гучыць музыка. Спяваючы і танцуючы, госці разыходзяцца.