сцэнарыі святаў на беларускай мове

Генадзь АЎЛАСЕНКА Пачатковая школа Красавік 2003 г.

Як дзеці Васю Лайдачніка ад Нуля выратавалі

Сцэнарый выпускнога ранішніка

Дзеючыя асобы:
1-ы вядучы.
2-і вядучы.
Вася Лайдачкін.
Нуль.


(На сцэну выходзяць вядучыя.)


1-ы вядучы. Добры дзень, дзеці!
2-і вядучы. Са святам вас!
1 -ы вядучы. Сёння вы заканчваеце пачатковую школу.
2-і вядучы. Такая падзея — самае сапраўднае свята.
1-ы вядучы. I гэтае свята назаўжды застанецца ў вашай памяці.
2-і вядучы. Значных падзей у вашым жыцці будзе шмат: заканчэнне сярэдняй школы, паступленне ў нейкую іншую навучальную ўстанову, а потым і яе заканчэнне...
1-ы вядучы. Першы ваш рабочы дзень, першы самастойны заробак...
2-і вядучы. Усе гэтыя падзеі — нібыта прыступкі лесвіцы вашага жыцця. I вы будзеце ўздымацца па гэтых прыступках усё вышэй і вышэй, да сваёй самай запаветнай мары — а яна ў кожнага свая.
1-ы вядучы. I вось сёння, дзеці, вы паспяхова адолелі самую першую з гэтых прыступак!
2-і вядучы. А таму дазвольце нам зараз...
(На сцэну выбягае Вася Лайдачкін.)

Вася Лайдачкін. Не дазволю!
1-ы вядучы. Хто гэта?
2-і вядучы. Не ведаю! (Глядзіць у паперкі.) У нашым сцэнарыі яго няма!
Вася. А навошта мне гэты ваш... сацэнарый! У мяне, можа, свой сацэнарый ёсць, яшчэ лепшы за ваш!
1-ы вядучы (зацікаўлена). У цябе ёсць сцэнарый?
Вася. У мяне ўсё ёсць! I гэты ваш... таксама!
1 -ы вядучы. А паглядзець яго можна?
Вася. Ды тут... Справа такая, што... Карацей, ён сапсаваўся!
2-і вядучы (здзіўлена). Сцэнарый сапсаваўся? Як?
Вася. Як, як! Зламаўся, адным словам!
2-і вядучы. Ты хоць ведаеш, што такое сцэнарый?
Вася. А што тут ведаць! Гэта такое... такая... з калёсамі, адным словам... Ездзяць на ім, вось!
1 -ы вядучы. На сцэнарыі?! (Да дзяцей.) Цяпер я зразумеў, хто да нас у госці завітаў! (Да Васі.) Ты, калі я не памыляюся, Вася Лайдачкін?
Вася. Так, гэта я! А як вы, цікава, здагадаліся?
2-і вядучы. Ну, гэта было зусім няцяжка! Толькі вось не ведаю, што ты рабіць будзеш на нашым ранішніку.
Вася. Як гэта, што? Я вам перашкаджаць буду!
2-і вядучы. Перашкаджаць?
1 -ы вядучы. Ты, напэўна, хацеў сказаць — дапамагаць?
Вася. Я што хацеў — тое і сказаў! Бо калі я каму дапамагаць бяруся, дык праз хвіліну мне ўжо крычаць: "Не перашкаджай!".
2-і вядучы. I што з гэтага?
Вася. А тое! Калі я вам наўмысна перашкаджаць стану, то, глядзіш, можа, чым і дапамагу!
1-ы вядучы. Лагічна.
Вася. Вось і я так думаю! А што вы зараз дзецям сказаць хацелі?
2-і вядучы. Мы хацелі ім даць якія-небудзь карысныя парады на будучае.
Вася. Вельмі добра! Я больш за ўсё на свеце люблю даваць парады!
1-ы вядучы. Карысныя?
Вася. Ну, вядома ж, карысныя! Навошта я буду даваць дзецям бескарысныя парады?
1 -ы вядучы. Што ж гэта за парады?
Вася. Першая мая парада называецца "Як выправіць дрэнныя адзнакі".
2-і вядучы. Цудоўная парада! Ну і як жа гэта зрабіць?
Вася. Ёсць шмат спосабаў, але мой — самы эфектыўны! Слухайце!
1-ы вядучы (дзецям). Паслухаем Васеву параду.

Вася.
Калі ты нулі хапаеш
Альбо, скажам так, адзінкі,
А бацькам тваім патрэбна,
Каб не гэтыя адзнакі,
А дзевяткі і дзесяткі
Запаўнялі дзённік твой —
Не сядзі ты вечар цэлы
Над падручнікам і сшыткам,
Бо ўсё роўна немагчыма
Столькі вывучыць зараз!
Лепш, узяўшы свой сцізорык,
Выведзі адзнакі лоўка
Альбо можна проста сціркай
Лёгка выцерці нулі.
А на іх законным месцы
Панастаў адных дзевятак,
Можна трохі і васьмёрак,
Каб паверылі хутчэй.
I бяжы тады да бацькі,
Пакажы яму дзевяткі,
Патрабуй, каб за дзевяткі
На цукеркі грошы даў!
Але лепш бяжы да маці,
Бо, калі падман не пройдзе,
Маці ўсё ж не так рашуча
Будзе за яго караць.
I яшчэ — удакладненне:
У крытычным тым выпадку
На мяне не спасылацца!
Я нічога не казаў!

2-і вядучы. Вось гэта парада, дык парада!
Вася. А я што казаў! Вельмі карысная, праўда?
2-і вядучы. Я б так не сказаў!
1-ы вядучы. А я б сказаў, што гэта вельмі шкодная па¬рада! I дзецям ні ў якім разе не трэба да яе прыслухоўвацца, а тым больш так дзейнічаць!
2-і вядучы. Мне таксама здаецца, што выпраўляць кепскія адзнакі трэба ўсё ж седзячы "вечар цэлы над падручнікам і сшыткам".
Вася. А мне мой спосаб усё роўна больш падабаецца! Вось паслухайце яшчэ адну параду — "Што трэба рабіць, калі ты спазніўся на урок". Калі ты спазніўся ў школу На хвілін пятнаццаць з гакам I прычыну для спазнення Ты прыдумаць не паспеў — Не ідзі зусім у школу, Лепш бяжы ў кінатэатр Альбо ў парк атракцыёнаў... Школа можа пачакаць!
1-ы вядучы. Хопіць, хопіць! Не трэба нам тваіх парад!
Вася. Гэта яшчэ чаму?
2-і вядучы. Ды таму, што ніякія яны не карысныя! Гэта, наадварот, вельмі шкодныя парады!
Вася. Але ж вы толькі дзве і пачулі! А ў мяне іх шмат! Вось, напрыклад, яшчэ адна: Калі ты страляў па птушках I разбіў чыюсьці шыбу...
1 -ы вядучы. Хопіць, не трэба далей!
Вася (пакрыўджана). Ну, не трэба, дык не трэба!
2-і вядучы. Гэты Вася Лайдачкін нам увесь сцэнарый пераблытаў! Я ўжо і не памятаю, што там у нас далей планавалася!
1-ы вядучы (глядзіць у паперкі). Далей да нас Буквар павінен быў завітаць, толькі яго няма чамусьці.
Вася. А гэта таму, што ён не ў той бок пайшоў.
1 -ы вядучы. Не ў той бок пайшоў? Пачакай, пачакай, а ты адкуль гэта ведаеш?
Вася. Я яго на вуліцы сустрэў. Ён у мяне спытаў, як яму на ваш ранішнік трапіць, а я яму ў іншы бок накірунак паказаў.
2-і вядучы. Як жа табе, Вася, не сорамна!
Вася. Ды я незнарок! Я проста правы і левы бакі пераблытаў!
1-ы вядучы. Ну вось бачыш! Ты пераблытаў... а нам што цяпер рабіць?
Вася. Ды нічога страшнага! Я яго замяню!
2-і вядучы. Ты? Ты хоць ведаеш, колькі літар у нашым алфавіце і як яны размешчаны?
Вася. А навошта мне гэта ведаць?
1-ы вядучы. Ты хоць адно слова без памылкі напісаць можаш?
Вася. Падумаеш, памылка! Ды хіба ад таго, што я адну літару ў слове другой замяню, што-небудзь зменіцца?
1-ы вядучы. Зменіцца, Вася, яшчэ як зменіцца! Часам нават замест аднаго слова зусім іншае атрымацца можа!
Вася (недаверліва). Гэта з-за літары нейкай? Ніколі не паверу!
1 -ы вядучы. Ну, тады слухай уважліва! (Да дзяцей.) I вы, дзеці, слухайце. I не толькі слухайце, але і дапамагайце!
2-і вядучы. Вы будзеце хорам новыя словы называць, якія ўтварыліся пры замене толькі адной літары.
1-ы вядучы.
Два манцёры замянілі
На слупах абвіслы дрот.
"Д" на "К" яны змянілі
I ў зямлю зарыўся...
Дзеці (хорам). Крот!
2-і вядучы. Малайцы, дзеці! Правільна адгадалі! А цяпер далей слухайце:
На нагу ніяк не ўлезе,
Стаў маленькім чаравік.
"Ч" на "Б" змяні — і ў лесе
Знойдзеш ладны...
Дзеці. Баравік!
1 -ы вядучы. I зноў правільна адгадалі! "Т" на "С" змянілі танкі. Хай дзяцей катаюць...
Дзеці. Санкі!
2-і вядучы. Вось бачыш, Вася, што можа быць ад замены ўсяго адной літары.
1 -ы вядучы. А яшчэ слова можа змяніцца, калі вучань не дапіша адной літары альбо лішнюю літару ў слове напіша.
Вася. Як гэта?
1 -ы вядучы. А вось так! Слухайце далей, дзеці!
"Г" знайшоў вусаты рак,
I ўзляцеў над рэчкай...
Дзеці. Грак!
2-і вядучы.
Выйшлі козы на пракосы,
Бачаць — косіць луг каса.
"К" з травою з'елі козы
— Дзеж каса? Ляціць...
Дзеці. Аса!
Вася. Ну, няхай... Я згодзен з тым, што словы трэба пісаць правільна!
2-і вядучы. Значыць, мы недарэмна стараліся! (Да першага вядучага.) А што ў нас там далей па праграме?
1-ы вядучы (зазірае ў паперкі). Далей у нас... Да нас Матэматыка прыйсці абяцала, ды вось няма і яе чамусьці.
2-і вядучы. Прызнавайся, Вася, ці не твая гэта работа?
Вася. А я што?.. Я нічога! Не бачыў я яе, Матэматыку вашу! Ды я з ёй, калі хочаце ведаць, наогул не сябрую! Я яе ніколі не ведаў, не ведаю і ведаць нават не жадаю!
1 -ы вядучы. Гэта праўда! (Уздыхае.)Таму яна, напэўна, і не пажадала завітаць да нас сёння. З-за цябе, Вася!
Вася. Ну вось, зноў з-за мяне! (На сцэне з'яўляецца незнаёмец, з ног да галавы захутаны ў чорны плашч.) А гэта яшчэ хто?
1-ы вядучы (глядзіць у паперкі). Не ведаю! У нашым сцэнарыі яго няма!
Вася. Але ж ён ёсць! Вось жа ён!
Незнаёмец. Так, так, гэта пра мяне! Бо і сапраўды — я ёсць і адначасова мяне няма.
1 -ы вядучы. Ёсць і адначасова няма? Нічога не разумею!
2-і вядучы. Як гэта можа быць?
Незнаёмец. Можа!
1 -ы вядучы. Ды хто вы такі?
Незнаёмец. Адгадайце! А я вам свае прыкметы дам!
1 -ы вядучы. Думаеце, не адгадаем ? (Да дзяцей.) Адгадаем, праўда? (Дзеці згаджаюцца.) Давайце свае прыкметы, таямнічы незнаёмец!
Незнаёмец.
Калі я адзнака — то кепская дужа!
Ты ў дзённік ці ў сшытак не кліч мяне, дружа!
Як лік я таксама нічога не значу,
Але, калі ў прыкладзе я ці ў задачы,
Магу у адзінае нават імгненне
Для ліку любога дабіцца знікнення!
Калі ж не жадаю, каб лік гэты згінуў,
Яго без змянення я ў сшытку пакіну.
Яшчэ я магу гэты лік узвялічыць,
У дзесяць разоў яго ўраз павялічыць!

1-ы вядучы. Ну як, дзеці, здагадаліся, хто да нас завітаў?
Дзеці. Нуль!
Нуль (скідвае плашч). Так, я — Нуль! I прыйшоў я сюды па загаду маёй гаспадыні — каралевы ўсіх дакладных навук, Яе Вялікасці Матэматыкі!
2-і вядучы. Разумею! Вы прыйшлі да нас на свята замест яе! Ну што ж, мы вельмі рады!
Нуль. Пачакайце радавацца. Я не проста так прыйшоў на свята. Яе Вялікасць Матэматыка вельмі разгневалася на аднаго вучня і паслала мяне пакараць яго. Імя гэтага вучня — Васіль Лайдачкін! Ён тут ёсць?
Вася (паспешліва). Не, не! Яго тут няма!
Нуль. Не хлусі мне, хлопчык! Я дакладна ведаю, што ён павінен тут быць!
Вася. Павінен, ды няма! Бо ён... ён сюды не дайшоў!
Нуль. Не дайшоў? Чаму не дайшоў?
Вася. Атаму, што... яму на галаву звалілася цагліна!
Нуль. Ну дык што? Для яго пустой галавы гэта ня страшна ! Я не веру, што з-за гэтага ён не дайшоў!
Вася. Ён не дайшоў таму, што трапіў пад грузавік!
Нуль. Бедны грузавік, як яму не пашанцавала! Ну, а з Васілём што было далей?
Вася. Ён наступіў на хвост шалёнаму сабаку, а той яго ўкусіў. Таму зараз Вася Лайдачкін у бальніцы. Сядзіць там і брэша на ўсіх. Вось так: "Гаў! Гаў!".
1 -ы вядучы. Вельмі падобна!
Нуль. Чакай, чакай! А ты сам хто такі, хлопчык?
Вася. Хто я такі? Ды я ж Пеця Выдатнік!
Нуль. А скажы мне, Пеця Выдатнік, колькі будзе, калі да пяці дадаць нуль?
Вася. Пяцьдзесят будзе!
Нуль. Ну а калі пяць памножыць на нуль?
Вася. А тады, пэўна, і ўсе пяцьсот будзе!
Нуль. Малайчына, Вася!
Вася. Сам ведаю. (Схамінаецца.) Які я Вася? Я ж Пеця!
Нуль. А скажы мне, Пеця, што атрымаецца, калі пяць падзяліць на нуль?
Вася. Калі пяць падзяліць на нуль? (Задумваецца.) Тады будзе нуль цэлых і пяць дзесятых!
1-ы вядучы. Які жах!
Нуль. Усё зразумела! Ты хацеў падмануць мяне, хлопчык ! Ты ніякі не Пеця Выдатнік, ты — Вася Лайдачкін ! I зараз я цябе... Я цябе зараз...
2-і вядучы. Што вы збіраецеся з ім рабіць, паважаны Нуль?
Нуль (задумваецца). Калі я дадам сябе да яго альбо адыму — нічога не зменіцца. Таму я зраблю інакш — я памножу сябе на гэтага лайдака і зраблю з яго тое, чым ён і з'яўляецца на самай справе! Вася Лайдачкін стане круглым нулём!
2-і вядучы. Які жах!
Вася (спалохана). Не трэба! Я не хачу ператварацца ў нуль! Ні ў круглы, ні ў квадратны, ні ў трохвугольны!
1-ы вядучы. Вось бачыш, паважаны Нуль, ён ужо сёе-тое з матэматыкі ведае!
Нуль. Гэтага недастаткова! (Нейкі час маўчыць.) Так і быць, дам гэтаму лайдаку адзін шанц! Калі дзеці разгадаюць мае загадкі, я не буду ператвараць яго ў нуль! А яшчэ ён павінен паабяцаць мне, што будзе паважаць маю гаспадыню, Яе Вялікасць Матэматыку!
Вася. Абяцаю!
Нуль. Вельмі добра! Але паглядзім, як дзеці адгадаюць загадкі. (Задумваецца.) Пра што ж мне вам загадаць? Прыдумаў! Калі я ішоў сюды, то бачыў вакол шмат кветак. Таму і загадкі мае будуць не пра лічбы, а пра кветкі!
2-і вядучы. Вельмі нечакана. Але мы пастараемся адгадаць гэтыя загадкі. Праўда, дзеці? (Дзеці згаджаюцца.) Ну, загадвайце загадкі, паважаны Нуль!

Нуль.
Адгадайце, дзеткі,
Што гэта за кветка.
Я такая чароўная,
Сярод кветак — галоўная!

Не адвесці вачэй!
Ну, адгадвай хутчэй,
Як завуць мяне, дружа.
А імя мае — ...

Дзеці. Ружа.
Нуль. Ты глядзі, адгадалі! Ну тады наступная загадка!
Ён спачатку быў зялёны,
Ну а потым стаў чырвоны.
Ганарысты, нібы пан.
Называецца...

Дзеці. Цюльпан!
Нуль. I гэту адгадалі! Што б вам яшчэ загадаць? Ага, вось гэтую!
Калі цюльпан —
Ганарысты пан,
То яна — княгіня!
Яркая...

Дзеці. Вяргіня!
Нуль.
А вось гэту!
Я заўжды вястун вясны!
Я расту і ля сасны,
I на ўзлеску, пералеску.
Ці пазналі вы?..

Дзеці. Пралеску!
Нуль. Зноў адгадалі! Загадаю вам апошнюю загадку!
Сярод поля, сярод жыта
Мы ўзышлі і падраслі.
Нібы кропелькі блакіту,
Не на небе, на зямлі.

Мы прыгожыя ў букеце,
Людзі з нас плятуць вянкі.
Як жа мы завёмся, дзеці?
Ну, вядома ж...

Дзеці. Васількі!

1-ы вядучы. Ну вось, паважаны Нуль, дзеці адгадалі ўсе твае загадкі!
2-і вядучы. I ўсё ж дзіўна, чаму гэтыя загадкі былі не матэматычныя, а пра кветкі?
Нуль. Не ведаю! Можа, гэта на мяне вясна дзейнічае? Хочацца зрабіць штосьці добрае... (Глядзіць на першага вядучага.) А хочаш, я цябе аж у дзесяць разоў павялічу?
1 -ы вядучы. Не, паважаны Нуль, не трэба! Куцы мне, такому вялікаму! Ні ў машыну не ўлезці, ні ў кватэру не ўвайсці.
Нуль (другому вядучаму). А хочаш, я з цябе аднаго дзесяць такіх жа зраблю?
2-і вядучы. Не трэба! Уяўляю — я і яшчэ дзевяць такіх жа "я". Жах ды і толькі!
Нуль. Не хочаце — не трэба! Пайду я тады. Перадам Яе Вялікасці Матэматыцы, што Вася Лайдачкін выпраўляцца пачаў. (Да Васі.) Але калі ты мяне падманеш — я вярнуся! I тады ўжо ніхто табе не дапаможа! Зразумеў?
Вася. Ды зразумеў, што ж тут не зразумець! (Уздыхае.)
Нуль. Ну, глядзі! (Ідзе прэч.)
1 -ы вядучы. Ну што, Вася? Як сябе адчуваеш?
Вася. I не пытайцеся! Да гэтага часу дрыжыкі суняць не магу! Дзякуй дзецям, што дапамаглі! Інакш...
2-і вядучы. Вучыцца будзеш?
Вася. Ну а куды ж дзенешся! I літары, і лічбы — усё прыйдзецца вывучыць як след!
1-ы вядучы. Хацелася б верыць! (Дзецям.) Бачыце, у якое няпростае становішча трапіў Вася Лайдачкін.
2-і вядучы. Бачыце, куды завялі яго шкодныя парады!
1-ы вядучы. Таму слухайце заўсёды толькі сапраўды карысныя парады бацькоў, настаўнікаў, старэйшых брата ці сястры...
2-і вядучы. Ды толькі не Васі Лайдачкіна!


Яшчэ на гэту тэму:

Вандроўка ў краіну цудаў-ведаў     Бывай, дзіцячы сад, бы-вай!