сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. В. ПЕТУХОВА, настаўніца Белавежскай СШ Камянецкага раёна. Пачатковая школа 10/1998

Залатая восень

Сцэнарый ранішніка

Настаўнік.
У верасні толькі да нас завітала,
А лес па-мастацку афарбавала,
Хоць золата ўсюды старанна развесіла,
Ды сумна ў прыродзе, маркотна, нявесела.
Неба вунь плача, і птушкі маўчаць,
Вецер штодзённа стаў злы бушаваць...
Дык хто з вас адкажа, хто адгадае,
Што за мастачка ўжо гэта такая?

Дзеці. Восень!

(Дзеці спяваюць песню "Прыляцела восень".)

Настаўнік. Сёння ў нас свята "Залатая восень". Шмат вершаў прысвяцілі паэты гэтай цудоўнай пары года.

(Вучні чытаюць па чарзе строфы верша С. Новіка-Пеюна "Восень залатая".)

Восень, восень залатая
Сее радасць на зямлі.
Хмарка ў сінім небе тае.
Мкнуць у вырай жураўлі.
Не чуваць у лесе птушак,
Летні гоман сціх і шум.
Матылькоў няма і мушак —
Луг ахутаў мілы сум.

Ніткай срэбнай павуцінне
Ў косах сонейка блішчыць.
Што за цуднае зіхценне!
Што за ціш вакол стаіць!
Я іду лясною сцежкай,
Як па мяккім дыване.
Восень з ветлівай усмешкай
На спатканне выйшла мне.

Ярка, хораша прыбрала
Ўсюды дрэвы і кусты
I зямлю памалявала
Ў колер жоўта-залаты.

(Уваходзіць Восень у вяночку з жоўтых лістоў. Пажадана, каб гэта была адна з мам ці старшакласніца.)

Восень. Добры дзень! Многа добрых слоў я пачула пра сябе, а цяпер парадуйце мяне сваімі ведамі, сваёй кемлівасцю, адгадайце мае загадкі.
Поле пустуе,
Вецер лютуе,
Дождж палівае,
Шпак не спявае —
Калі гэта бывае?
(Восенню.)

Не крот, а капае, лап не мае,
а сеянае з зямлі выкідае.
(Бульбакапалка.)

Ніхто не палохае, а яны ўсё дрыжаць.
(Лісты асіны.)

А цяпер — у карагод!
(Дзеці становяцца ў карагод, Восень — у цэнтры.)

Дзеці.
Восень! Восень!
Прывітанне!
Рады мы тваім дарам.
У цябе мы запытаем:
"Што прынесла, восень, нам?"
Восень.Я прынесла вам мукі.
Дзеці.Значыць, будуць піражкі!
Восень. Я прынесла грэчкі.
Дзеці. Будуць перапечкі.
Восень. Буракоў, капусты, круп...
Дзеці. Будзе боршч і будзе суп.
Восень. Ці рады вы грушам?
Дзеці. На зіму насушым...
Восень. Ну, а яблыкі — што мёд!
Дзеці. На варэнне, на кампот.
Восень. Я прынесла мёду.
Дзеці.
Поўную калоду!
Ты і яблыкаў, і мёду,
Ты і хлеба нам дала.
Ну, а добрае надвор’е
Ты для нас не прыпасла?
Восень. Я пашлю вам дожджык з неба.
Дзеці.
Не, не хочам! Нам не трэба.
Дожджык, не перашкаджай, —
Мы збіраем ураджай.

Вучаніца. Я вельмі люблю восень. Восень багатая. Восень шчодрая. Восень прыгожая. Дрэвы стаяць жоўтыя, чырвоныя. У лесе, у парках зямля, засыпаная лісцем, падобна на рознакаляровы дыван. Глядзіш — не наглядзішся.
Вучань. А колькі багацця восенню! Яблыкі, памідоры, сланечнікі, бульба, буракі, морква! Усё спелае, свежае, сакавітае, толькі што з градкі. Выбірай, што падабаецца.

(Гульня "Збярыце ўраджай". Для яе патрэбны агародніна і садавіна або іх муляжы. У гульні ўдзельнічаюць дзве каманды. Пераможцам будзе тая, якая справіцца з заданнем і назаве, у якой паслядоўнасці ўбіраюць агародніну.)

Восень. Дзеці, а якія народныя прыкметы пра восень вы ведаеце?

(Вучні па чарзе адказваюць.)
Гром у верасні — цёплая восень.
Калі ў верасні лісце на дрэвах трымаецца моцна — зіма будзе позняя.
Кастрычнік зямлю балоціць, а лес залоціць.
У лістападзе гола ў садзе.
Сухі і цёплы верасень — позняя зіма.
Гром у кастрычніку — будзе зіма без снегу.
На рабіне многа ягад — дажджлівая восень будзе, мала ягад — сухая.

Восень. А на развітанне я хачу даведацца, хто з вас самы назіральны. Адкажыце.
Хто збірае яблыкі спінай? (Вожык.)
Які лясны жыхар сушыць грыбы на дрэвах? (Вавёрка.)
У якіх дрэў восенню чырванеюць лісты? (У асіны, клёну, рабіны.)
Якое дрэва ў Беларусі адным з першых мяняе афарбоўку лісця і скідвае яго? (Ясень.) .

Настаўнік. Кожны па-свойму рыхтуецца да зімы. Скача непаседа-вавёрка. Збірае арэхі, жалуды, хавае іх у дуплы, а калі знойдзе на зямлі грыбок, сарве яго і павесіць сушыць на дрэве — зімою ёй гэта вельмі спатрэбіцца. Цэлы дзень працуе вавёрка і ўсё пазірае на суседа — старога вожыка, які восенню зрабіўся непаваротлівым, мала бегае па лесе, не ловіць мышэй, забярэцца ў сухое лісце ды дрэмле.
"Нешта ты, вожык, зусім разленаваўся, — гаворыць вавёрка. — Чаму да зімы не рыхтуешся, ежу не збіраеш? Зімой не будзе чаго есці".
Засмяяўся вожык і штосьці ціха сказаў вавёрцы, так ціха, што я не пачуў. Што вожык сказаў вавёрцы? Чаму засмяяўся, пачуўшы яе пытанне?

(Дзеці адказваюць. Усіх удзельнікаў свята Восень частуе яблыкамі.)


Яшчэ на гэту тэму:

Святы восені     Народнае свята «Кузьмінкі»