сцэнарыі святаў на беларускай мове

Зоя ШЧУПЛЯКОВА — настаўніца СШ № 1 п. Дружны Пухавіцкага раёна. Роднае слова 2/2007

“Я – Беларус! Я ганаруся, што маю гэтае імя...”

Урок - вечарына

Мэты:
1. Выхоўваць у вучняў гонар, павагу, любоў да сваёй нацыі.
2. Нагадаць прозвішчы людзей, якія прынеслі славу Беларусі.
3. Развіваць у школьнікаў уменне крытычна мысліць, выказваць свае думкі.
Форма мерапрыемства: справаздача творчых груп.
Абсталяванне: стол, засланы абрусам; выстава кніг вядомых пісьменнікаў; запісы на дошцы:
Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый непатрэбна.
У. Караткевіч.
Кожная птушка ў сваё гняздо вяртаецца з выраю.
Кожны бадзяга-звер знаходзіць сваю бярлогу.
Кожная рыба свайго трымаецца віру.
Дык ці ж магу я забыцца матчынага парогу?
Г. Бураўкін.

Ход мерапрыемства


За два тыдні да вечарыны клас дзеліцца на групы. Кожнай даецца заданне падрыхтаваць матэрыял па названай тэме. Настаўнік дапамагае вучням, раіць, у якой форме лепш правесці справаздачу.
1-ы чытальнік.
У сівой даўніне,
Дзе губляецца летапіс часу,
Дзе народы зямлі і паданні пачатак бяруць,
Кінуў вокліч гусляр:
- Як, Радзіма, назваць цябе шчасна?
3 трох бярозак адна Адгукнулася:
- Белая Русь.
I паверыў гусляр,
I распраміў магутныя плечы,
Ціха струны крануў:
- Помні славу сваю, беларус!
Мы прынеслі яе
3 поля Неўскай і Грунвальдскай сечы,
Каб жыла у вяках!
Наша вольная - Белая Русь.
А калі наш магнат Выракаўся народа і веры
I Ягайла ў Літве
Ладзіў з Польшчай вясельны хаўрус,
Мы за праўду сваю
Паўставалі з агнём і сякерай,
Каб жыла у вяках!
Наша мужная - Белая Русь...
Так спяваў той гусляр,
I сягоння ў бярозавым гаі
Прыпыніся на міг, цішыню на зары не паруш
I пачуеш тады, як нябачныя гуслі іграюць.
Горды голас звініць:
- Помні славу сваю, беларус!
Л. Паўлікава. Балада пра нараджэнне Беларусі.
1-ы вядучы. На жаль, час сведчыць, што нехта з беларусаў забыўся пра сваю славу, пра сваю ўласную гісторыю. Успомніць, паглядзець па-новаму на некаторыя яе старонкі і дапаможа наша мерапрыемства.
Гучыць песня “Люблю наш край” (муз. М. Равенскага) . Або можна прачытаць аднайменны верш.
2-і вядучы.
Люблю наш край, старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла...

Так прызналася ў любові да Радзімы Канстанцыя Буйло. Дзе б мы ні былі, якую б экзатычную прыроду ні бачылі, нас заўсёды цягне да нашых лясоў, да нашых палёў. Чым жа так прываблівае беларуская зямля? Напэўна, не толькі сваёй сціплай і рамантычнай прыродай, мовай, казкамі і легендамі, але і людзьмі, якія жывуць тут. Гэта пра нашу беларускую зямлю напісаў Уладзімір Караткевіч: “Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый непатрэбна”.
1-ы вядучы. Кожны чалавек павінен ведаць, дзе яго карані, а таксама славутыя імёны краіны, рысы характару беларуса. Ці задумваліся вы калі- небудзь, які ж ён, беларус?

2-і вядучы. Слова даецца першай групе.

Прадстаўнік першай групы. Наша група давала адказ на пытанне: «Ці згодныя вы са словамі Ніла Гілевіча “Я - беларус! Я ганаруся, што маю гэтае імя...”?». Прывядзіце прыклады з гісторыі, назавіце імёны славутых людзей, якія пацвердзілі б вашу думку.
1-ы вучань.
Спытайцеся ў кожнай сасны і
бярозкі, -

Яны раскажуць, як даўняй
парой

Хадзіў тут Вашчыла, Хвясько,
Каліноўскі,

Вадзілі атрады на подзвіг
геройскі,

Іх слава, як сонца, стаіць над
зямлёй.

П. Броўка. Беларусь.
2-і вучань. Не толькі названымі імёнамі можа ганарыцца Беларусь і кожны грамадзянін нашай краіны.
1-ы вучань. Кірыла Тураўскі, Еўфрасіння Полацкая, Францішак Скарына, Мікола Гусоўскі, Францішак Багушэвіч, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў і многія іншыя - гонар і слава нашай нацыі, а таму давайце паклічам Памяць, каб яшчэ раз нагадаць іх імёны.
Памяць.
Памяць жывая, і памяць прыходзіць
Аб тых, хто пакінуў след у гісторыі.

Я выклікаю сваёй памяццю вас, паважаны Францішак Скарына!
Ф. Скарына.
Мэту маю і надзею, пакуту маю і трывогу, -
3 літар, як з кропелек поту,
Збіраў я свае першадрукі
Не для цароў венцаносных, абраннікаў бога,
А для цябе, светласэрцы мой люд чарнарукі.
Г. Бураўкін. Ленін думае пра Беларусь.
Лічу я кнігі
Скарбамі сваімі.
Хачу, каб непісьменнасці імгла
Святло,
Што выпраменьваецца імі,
Не зацямніла, не перамагла!
У. Скарынкін. Пачатак.
2-і вучань.
Марыў калісьці славуты Скарына,
"Ціснучы” кнігі на мове бацькоў:
Простаму люду у роднай краіне
Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў.
Н. Гілевіч. Мара Скарыны.

Памяць. Мікола Гусоўскі!
М. Гусоўскі.
Кожная птушка ў сваё гняздо вяртаецца з выраю.
Кожны бадзяга-звер знаходзіць сваю бярлогу.
Кожная рыба свайго трымаецца віру.
Дык ці ж магу я забыцца матчынага парогу?
Г. Бураўкін. Ленін думае пра Беларусь.
3-і вучань.
Спынім забойства! Сумленне, і розум, і гонар
Уладна нагадваюць кніжніку; як са званіцы,
Бі ў сваё звонкае слова, узбройвай народы
Супраць разбою!
М. Гусоўскі. Песня пра зубра.
Памяць. Еўфрасіння Полацкая!
Е. Полацкая.
Я крывінка твая - крывічанка,
Я былінка твая - палачанка,
Як над пожняй тужлівая чайка,
Я лячу да цябе, Радзіма,
Са святога Ерусаліма.

Я лячу, ды не маю сілы
Узляцець, бо аслаблі крылы,
А не хочацца ж так у магілу -
На святой хай сабе - ды чужыне:
Смерць, як рай, у сваёй дамавіне...

Мне б тады - і жыццё не віною,
Што не сплачана цяжкай цаною,
I агні б сплывалі Дзвіною,
Як грахі мае, як правіны,
Прад табой, маім сонцам адзіным.

Я крывінка твая - Еўфрасіння,
Нада мной неба сіняе-сіняе.
Ападаюць крылы знясілена...
Забяры мяне, Маці, Сястрыца,
Ці прышлі хоць жменьку зямліцы...
В. Зуёнак. Апошняя малітва Еўфрасінні Полацкай.
1-я вучаніца.
Асветніца наша, духоўны ўладар,
паганства і цемру скарыла,
каб Полацк узвысіць.
На шлях яе мар
з Полацка выйшаў Скарына.
У сэрцы чарніцы палае агонь.

Падзеі тых дзён па парадку
збірае на славу народа свайго
і летапіс піша нашчадкам.
У келлі маленькай, у ціхім сяльцы,
не марыць пра ўзнагароду.
Не толькі царкве яе веліч душы -
жывому народу і роду.

Адчула: народ не ўчора паўстаў.
Не заўтра канец нам прысудзяць.
3 мінуўшчыны слаўных падзеяў і спраў
мы ёсць,
мы былі,
мы будзем.
Л. Геніюш. Еўфрасіння Полацкая.
Памяць. Францішак Багушэвіч!
Ф. Багушэвіч. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую мае; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы.
4-ы вучань.
Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею,
За тое, што ў сэрцы збудзіў ты надзею,
Што між братоў нашых знаходзяцца людзі
3 кахаючым сэрцам і баляшчай грудзяй.
Дзякуй табе, браце, і за тыя словы,
Што ўспомнілі звукі нашай роднай мовы.
Бяры, браце, дудку, наладзь і жалейку,
Няхай песнь смутная ідзе у калейку
I будзіць у сэрцах мысль аб лепшай долі,
Якой мы не зналі дагэтуль ніколі.
А. Гурыновіч. Дзякуй табе, браце. Бурачок Мацею...
Памяць. Максім Багдановіч!
М. Багдановіч.
Народ, Беларускі Народ!
Ты - цёмны, сляпы, быццам крот!
Табою ўсягды пагарджалі,
Цябе не пушчалі з ярма
I душу тваю абакралі, -
У ёй нават мовы няма.
М. Багдановіч. Народ, Беларускі Народ!
5-ы вучань.
Сцюжны час, бязмежна-суровы.
Спіць народ, нібы зерне ў раллі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ты прыйшоў
I гарачым словам
Рунь узняў на роднай зямлі.
У. Караткевіч. Багдановічу.
Памяць. Уладзімір Караткевіч!
У. Караткевіч.
Хто забыў сваіх продкаў - сябе губляе,
Хто забыў сваю мову - усё згубіў.

6-ы вучань.
Быў. Есць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мільярды двухногіх.
За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,
Хто ў гарачым пекле металу,
За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам,
За жывых і за тых, што сканалі.
У. Караткевіч, Быў. Ёсць. Буду.
Памяць. Міхась Чарот!
7-ы вучань. Міхась Чарот нарадзіўся ў мястэчку Рудзенск**.
М. Чарот.
Я вам не здрадзіў,
Не зманіў,
Бо славіў наш савецкі будзень
Свой верш сардэчнай чысціні
Ахвяраваў я родным людзям.
Я не чакаў
I не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
3 турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары,
Кажу вам - я не вінаваты.
Паверце - я не вінаваты!
М. Чарот. Прысяга.
____________________
** Засяроджванне ўвагі на месцы нараджэння той ці іншай дзейнай асобы прывязваецца да рэгіёну, у якім знаходзіцца школа, Напрыклад, пры правядзенні вечарыны на Аршаншчыне перад выступам уяўнага Уладзіміра Караткевіча хтосьці з вучняў паведамляе, што пісьменнік нарадзіўся ў Оршы. - Заўвага рэд.

8-ы вучань.
То ён бачыцца мне
Малады,
кучаравы,
вясёлы,
У кашулі
у вышытай
Лёгка ідзе па зямлі,
I вітаюць яго,
Пазнаюць беларускія
сёлы,
Дзе ён госцем
жаданым і любым
У кожнай сям’і.
То на плошчы
святочнай
Пад гукі ўрачыстага
гімна
Верш забыты чытае,
I слухаюць сцішана
людзі:
“Не расіце слязамі
Вы брацкіх магіл...
Так было, але гэтак —
Не будзе!..”
Н. Гілевіч. Сустрэча ў снах.

1-ы вядучы. Справаздача 2-й групы.

1-ы вучань. Мы мусілі адказаць на пытанне, якімі рысамі характару валодаюць беларусы. Можна было выкарыстаць такія словы:
- Помні ў горы і скрусе,
што ты з Беларусі.
- А што гэта значыць?
- Што ў нас не плачуць.
- А як не стрываюць?
- То слёзы хаваюць.
Г. Іванова. Размова з сынам.
2-і вучань. На гэтае пытанне мы хочам адказаць словамі У. Караткевіча з нарыса “Зямля пад белымі крыламі” і вершамі Юрася Свіркі, Рыгора Барадуліна, Сцяпана Гаўрусёва.
1-ы вучань. Ці задумваліся вы пра беларусаў як пра людзей з адметным характарам? Ці задумваліся, які ён, беларус?
1-ы чытальнік.
Ёсць чаму, ёсць чаму
I ў народа майго павучыцца:
Як змагацца з чужынцам
Суровай парой.
Ёсць за што, ёсць за што
I народу майму ганарыцца:
Не хадзіў і не лез ён
На землі чужыя вайной.
I сябе не лічыў ён ніколі выключным.
“Болей дбай пра сябе!” -
Спачувалі народы яму.
I цаніў ён заўсёды
Братэрскую еднасць і лучнасць,
Добра ведаў народ мой:
Не выжыць ніяк аднаму.

2-і вучань. Рысы твару мяккія, аблічча здаецца далікатным, але гэтая далікатнасць падманвае. Беларусы вынослівыя, цягавітыя. Там, дзе другі можа апусціць рукі, беларус будзе цягнуць.
2-і чытальнік.
Вырываўся ён з цемры,
Прыгнёту, галечы і гора.
Не адстаць ад суседзяў!
Спатыкаўся, наперад ішоў.
I дарма, што ў свой час
(Хоць хацеў) не прабіўся да мора -
Мора лёну ў яго,
I разлівы лугоў,
I бязмежжа лясоў.

3-і вучань. Беларусам прыродна ўласцівыя павага да іншых народаў і памяркоўнасць да таго, хто думае іначай.
3-і чытальнік.
Быў адданы спрадвеку
Славянскаму крэўнаму брацтву,
3 ім дзяліўся усім,
Што ў Стагоддзях займеў.
Яго роднаю мовай
Гаварыла Вялікае княства,
А пасля без яе, незаменнай,
Марнеў і нямеў.
I маўчанню яго, і цярплівасці
Можна здзівіцца.
Кажуць, доля такая:
Пазначана войнамі скрозь.
Ёсць чаму, ёсць чаму
I народу майму павучыцца,
Каб пакутліва крыўду на лёс свой
I вечнасць не нёс.
Ю. Свірка. Верны крэўнаму брацтву.
1-ы вучань. Гэтаму люду ўласціва інстынктыўнае адчуванне справядлівасці і несправядлівасці. Галоўнай рысай з’яўлялася свабодалюбства.
4-ы чытальнік.
Наш дом з адкрытымі варотамі
На скрыжаванні ўсіх дарог.
Але з нявыцертымі ботамі
Не запрашаем за парог.

Хто з каменем ішоў за пазухай,
Збіраўся сесці за наш стол
(Мо пабалюе ўволю раз няхай?),
I сёння корміць цвёрды дол.

Рукамі, ад спякоты чорнымі,
Што выціраць не любяць слёз,
Мы перамолвалі, як жорнамі,
Не раз, не два свой горкі лёс.

Але з пакорнымі далонямі
Мы не хадзілі на паклон,
Калі усходамі зялёнымі
Ад хцівых рук наш гінуў плён.
С. Гаўрусёў. Хлеб-соль.
2-і вучань. Беларус вызначаецца шчодрасцю, заўсёднай гатоўнасцю прыйсці на дапамогу ў бядзе.
5-ы чытальнік.
Мы больш сваёй ахвярнасцю вядомы,
Мы - беларусы,
Мы - народ такі.
Ахвотна забываем, што мы,
Хто мы.
Згадаюць
Нашай памяці вякі.

1-ы вучань. Галоўнае ў нашым характары - сціпласць.
1-ы чытальнік.
Мы сціпласцю сваёй здаўна вядомы,
Саміх сябе хваліць нам не з рукі.
Хай слабакі
Аж падаюць ад стомы,
На плечы ўзяўшы
Пыхі мех цяжкі.

2-і вучань. Усе, хто прыязджае да нас, адзначаюць як адну з галоўных рысаў гасціннасць.
2-і чытальнік.
Мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы,
Надзейныя сябры і дружбакі.
I госць, і падарожны ў нас,
Як дома.
А злым і травы колюцца ў бакі.
Гатовы ўсё аддаць -
I тым багаты,
Мы - беларусы,
Мы - народ такі.
Што з краю небяспекі нашы хаты,
Пра гэта
Не забудуць чужакі!
Р. Барадулін. Мы - беларусы.
1-ы вучань. Уласціва людзям кемлівасць, нават нейкая хітрасць.
2-і вучань. Беларус - вялікі аматар пажартаваць з суседа, але больш з самога сябе.
1-ы вядучы. Беларусы - сціплы, добры, памяркоўны народ, які мае свае гісторыю, традыцыі.

2-і вядучы. Справаздача 3-й групы.

1-ы вучань. Наша група павінна была знайсці творы, прысвечаныя тэме -‘Я -беларус! Я ганаруся, што маю гэтае імя...”, і праінсцэнізаваць іх.
1-ы чытальнік.
Ці варта пытацца: “А хто там ідзе
Паважнай хадой без прымусу?”
Сягоння па песнях, што льюцца з грудзей,
Пазнаеш: ідуць беларусы.
А што яны нясуць напаказ,
Сумленныя гэтыя людзі?
Мо крыўду-бяду, што калісьці не раз
Пякла іх апалыя грудзі?
- O, не! Не галечу спрадвечнай глушы,
Не крыўду і цяжкае гора, -
Нясуць яны шчасце і веліч душы,
Раскутай пад залп “Аўроры”.
С. Бандарэнка. Ідуць беларусы.

Гучыць песня “Зямля любімая” (словы Н. Гілевіча, музыка Л. Захлеўнага).
1-ы вучань. Рысы нацыянальнага характару беларуса выяўляюцца ў герояў камедыі “Трыбунал’" Андрэя Макаёнка.

Інсцэнізацыя ўрыўка з другой дзеі камедыі.
На сцэне Валодзька і Цярэшка.


Валодзька. ...Ты мне не бацька!
Цярэшка. А хто ж я тады?
Валодзька. Здраднік! I падумаць толькі - хто?! Мой бацька!.. Як жа мне цяпер таварышам у вочы глядзець? Як жа мне цяпер на вуліцу выйсці? Другіх жа хоць пад прымусам, сілаю ставілі старастам, а ты... Добраахвотна, сам папрасіўся, пры людзях! Я ледзь. не згарэў ад сораму.
Цярэшка. А і згарэў. Цэлы астаўся.
Валодзька (аж застагнаў). I гэта ў той час, калі лепшыя людзі, яго ж сыны, жыцця не шкадуюць, кроў сваю праліваюць, да апошняга дыхання... схапіліся з ворагам. А ты ў гэтую цяжкую хвіліну памагаеш не сынам, а ворагу! Якая ж кара павінна пасці на тваю галаву?
Цярэшка. Бацюхны! Камісар! Ну чысты камісар! Такіх я толькі ў кіно бачыў. Чапай! Жывы Чапай! А я і не ведаў, што жыву побач з такім героем! А?
Валодзька. А-а, дык ты яшчэ насміхаешся? На, на, стараста, чытай...
Валодзька вымае са свае кішэні лістоўку і суе бацьку пад нос.
- На, чытай!..
Валодзька чытае сам. Па памяці.
“Радзіма наша, акрываўленая Бацькаўшчына наша заве цябе на подзвігі! Бі ворага! Бі немца! Ратуй Бацькаўшчыну! Памагай братам сваім знішчаць прышэльцаў! Радзіма кліча сваіх верных сыноў. Адгукніся стрэлам па ворагу!”
Чуў? Я сёння іх сорак штук перапісаў, Ноч сядзеў. Во. Бачыш? На! “Смерць нямецкім захопнікам!” А цяпер дапішу; “I іхнім халуям!”
Цярэшка. Ціш-ш! Вар’ят! Чаго гарланіш? Ачмурэў? Жыць табе надакучыла? Крый бог, хто пачуе...
Валодзька. Хай чуюць! Хай ведаюць, які ў старасты сын! Дагэтуль таіўся, а цяпер не буду! Хай усе ведаюць, што я ненавіджу фашыстаў, што яны - мае заклятыя ворагі!
Цярэшка. Дурненькі! Ціха! Пачакай! Малады ты...
Валодзька (не слухае бацьку). Як мне жыць?.. (На вачах у юнака слёзы. Валодзька стараецца стрымаць сябе, не паказаць сваю слабасць.) Не! Я змыю гэту пляму з нашай сям-’і... Ты зразумеў, бацька? Я заўсёды гатоў!
Цярэшка. Як гэта ты змыеш? Пляму.
Валодзька. Як? А вось так. Абвяжу сябе гранатамі, вазьму яшчэ процітанкавую міну, у абоі загарну. I пайду к фашысцкаму каменданту і гэтаму начальніку паліцыі... Падыду і... ірвану чаку. Мне канец, але і яны падохнуць. Вось як! Не будзе ён хадзіць да Надзейкі! I плямы на нашай сям’і не будзе!
Цярэшка (перапужаўся). Сынок! Сынок! Ты што? Здурэў? Пачакай, пакуль мама прыйдзе.
Валодзька выходзіць з хаты.
Зіна! Галя! Надзея! Затрымайце яго! Не пускайце яго!

Інсцэнізаванае інтэрв’ю.

Гучыць песня Булата Акуджавы з кінафільма '‘Беларускі вакзал”.
2-і чытальнік.
Вы зазналі дым і попел, спусташэнне лютых войнаў,
Хлеб з бядою-лебядою, лёс салдаткі-удавы;
Вы трывожна сустракалі век дваццаты неспакойны,
Не схілялі ў час нашэсцяў непакорнай галавы.
Вам знаёмы кроў і порах, партызанскія сцяжыны,
Помсты жар у сэрцах добрых, дзе б каханню гнёзды віць.
Вы на смерць ішлі без страху, беларускія жанчыны,
У імя Радзімы светлай, міру, шчасця і любві!
Вы умелі быць гразою. Чырванець умелі ружай.
Рассыпаць дабра алмазы. Карчаваць карэнне зла.
Гэта ваша бессмяротнасць увасоблена ў Харужай.
3 вашай мужнасцю Мазанік меч дамоклаў узняла!
Вы - пачатак прыгажосці, вы - жыцця першапрычына...
Я схіляю перад вамі ў знак пашаны галаву!
А. Звонак. Беларускія жанчыны.
2-і вучань. “У вайны не жаночае аблічча...” - гэта кніга пра вайну, кніга народнай памяці. У ёй сабраны і гучаць больш за дзвесце жаночых галасоў. Яны расказваюць, як дзяўчаты, што марылі быць нявестамі, станавіліся салдатамі.

Стол засланы абрусам, Святлана Алексіевіч (хтосьці з вучаніц у яе ролі) дае інтэрв’ю.

Журналіст. Святлана Аляксандраўна, чым адрозніваецца вайна ва ўспрыманні жанчын? Што такое вайна, калі забіваць даводзіцца і жанчыне, прызначэнне якой - дарыць жыццё, а не забіваць?
С. Алексіевіч. Каб знайсці адказ на гэтае пытанне, я некалькі гадоў ішла абгарэлымі кіламетрамі чужога болю і памяці і сёння магу сказаць, што для жанчыны вайна - сучаснае людажэрства. Жанчына і вайна- вялікія антаганісты. I калі жанчына адвяргае вайну, то можна паверыць - вайны не будзе ў чалавечым свеце.
Журналіст. Якая галоўная ідэя Вашага твора?
С. Алексіевіч. Я ўпэўнена, што маральны вопыт пакалення людзей, якое перажыло ўвесь жах вайны, вельмі патрэбны маладым, каб зразумець, на што здольны чалавек у імя высокіх ідэалаў. Працуючы над матэрыялам для кнігі, я пайшла да жанчын-франтавічак з пытаннямі: што адчувалі яны на вайне, як перажывалі страх, боль, страты?
4-ы чытальнік.
Слоў няма, каб цяпер гаварыць, -
Яны анямелі.
Слёз няма, каб наўзрыд праліць, -
Яны скамянелі.
На руінах стаю адна
У суровым маўчанні.
А навокал - вайна, вайна...
Папялішчы ды камні.
Я спытала паўшых байцоў:
- Што рабіць мне, скажыце, героі!?
I, здаецца, шапнулі слаўцо:
"Да зброі! Да зброі!”
- Н. Тарас. Няма слоў, каб цяпер гаварыць.
Журналіст. Вы думалі над пытаннем, што ж прымусіла нашых жанчын пайсці на вайну?
С. Алексіевіч. Ва ўсе часы жанчыны ўставалі на абарону Радзімы побач з мужамі, братамі, сынамі. Гэта нацыянальная рыса нашай жанчыны, у душы якой жыве гераічная Яраслаўна.
Журналіст. Дзякуй, Святлана Аляксандраўна, за інтэрв’ю.
1-ы вучань. Мы раім прачытаць кнігу, каб не быць заспакоенымі і абыякавымі, апаліць сэрца памяццю пра мінулую вайну і зрабіць усё, каб яна ніколі не паўтарылася.
2-і вучань. Калі вы захочаце даведацца больш пра падрыхтоўку да паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, то прачытайце раман “Каласы пад сярпом тваім” У. Караткевіча.

На сцэне сядзіць стары з лірай. Алесь Загорскі і Кастусь Каліноўскі стаяць і насцярожана сочаць адзін за адным.

Алесь (пытае не вельмі ветліва). Ты хто такі?
Кастусь. А табе што?
Алесь. Ну хто? Паляк? Мазур?
Кастусь (адказвае спакойна). Беларус.
Вочы ў Алеся сталі круглыя ад здзіўлення.
Алесь. Што-о? (паўза). Адкуль гэта ты даведаўся? Гэта ж я адкрыў. Гэта я - беларус.
Кастусь. Адзін Гаўрыла ў Полацку (усміхаецца). Тут усе беларусы. А ён адкрыццё зрабіў... Першы... Знайшоўся мне яшчэ - Капернік.
Алесь. Але ж я ведаю толькі траіх, якія адказалі мне так. У астатніх няма імя.
1-ы вядучы. Непасрэдную сувязь такіх рысаў нацыянальнага характару беларусаў, як шчырасць, гасціннасць, дабрыня, годнасць, таленавітасць, з бацькаўшчынай, якая нас узгадавала, падкрэсліваюць паэты ў вершах.
2-і вядучы. Колькі ўзнёслых і прачулых радкоў, напоўненых патрыятычнымі пачуццямі і думамі пра свой край, мову склалі яны!
1-ы вядучы. Кожнае слова - запавет моладзі.

Гучыць песня “Радзіма мая дарагая” (верш А. Бачылы, музыка у. Алоўнікава).

1-ы чытальнік.
Ёсць на свеце такія краіны,
Дзе расце нават хлеб на галлі.
А мне нашы бярозы, каліны,
Нашы краскі ў душу заплылі.
Я прыгожых краёў бачыў многа,
Многа пройдзена дальніх дарог.
А найлепшая тая дарога,
Што вядзе на бацькоўскі парог.
Кажуць, дома вуглы памагаюць,
Дома жыць і рабіць весялей...
Чалавек без бацькоўскага краю,
Як без песні ў гаі салавей.
A. Бялевіч. Бацькоўскі край.
2-і чытальнік.
I гэты край,
Дзе нарадзіўся, рос,
Дзе днее, вечарэе і світае,
Усё -
Ад зор далёкіх і да рос -
Твая Радзіма,
Родная, святая.
Р. Барадулін.
3-і чытальнік.
Я - сірата
Без маёй Беларусі.
Ад роднай мовы,
Ад роднай нацыі
Не адцураюся,
Не адракуся!
П. Панчанка.
4-ы чытальнік.
Не знішчым мы, не страцім, не загубім,
Сваіх азёр, лугоў, сваіх лясоў
I родны край і мову не разлюбім.
B. Гардзей. Мая граматыка.
5-ы чытальнік.
Не сорамна любіць да слёз,
Лічыць твой боль і ўзлёт сваімі
I дзякаваць вялікі лёс,
Што даў спазнаць цябе, Радзіма.

Аглухну - не ад зім і лет,
Аслепну - не ад скрух і плачу, -
Ад прагі чуць твой кожны шэпт
I ўсю тваю бясконцасць бачыць,
Мая Радзіма!..
А. Лойка. Радзіме.
6-ы чытальнік.
Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць - дык жыць для Беларусі,
А без яе - зусім не жыць.
Л. Геніюш. Адзінай мэты не зракуся.
7-ы чытальнік.
Ты, Радзіма, мяне прабач!
Я як-небудзь сябе супакою,
Дзень спаткання - мой радасці плач
Ад таго, што я разам з табою.

Ты святая, на свеце адна,
Што журчыш жыватворнай крыніцай.
Дай мне выплакаць душу да дна,
Дай мне ў ногі табе пакланіцца.
У. Клішэвіч. Ты, Радзіма, мяне прабач!..
8-ы чытальнік.
Мой любы край, не дакарай,
Што славіць зноў бяруся.
Калі і ёсць у свеце рай,
Дык ён - на Беларусі!
С. Законнікаў. Бацькаўшчына.

Гучыць песня “Жураўлі на Палессе ляцяць (верш А. Ставера, музыка I. Лучанка).
7-ы чытальнік.
Любіце травы, дрэвы, рэкі,
Прастор палёў, блакіт нябёс,
Цаніце Працу, Чалавека, -
I Бог вам дасць спагадны лёс.
А каб цанілі вас у свеце, -
“Я лепшых слоў не падбяру”, -
Шануйце дзіва на планеце -
Святую нашу Беларусь,
1 мову Коласа, Купалы
Вы беражыце з роду ў род,
Каб наша воля не прапала,
Каб не загінуў наш народ.
А. Ставер. Размова з нашчадкамі.
8-ы чытальнік.
Мы здалёку ўбачылі свабоду
I яшчэ не вырваліся з пут...
Божа,
Не дабаў майму народу
Пошасці,
Няпраўды
I пакут.
У чужым нялюдскім землятрусе
Хіба нечым мелі мы віну?..
Божа,
Адвядзі ад Беларусі
Здраду,
Вераломства
I вайну.

4-ы чытальнік.
Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсё наўкол ідзе на злом,
Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем I цяплом!
Г. Бураўкін. Малітва.

Настаўнік можа замяніць вершы або дадаць іншыя.


Яшчэ на гэту тэму:

«Зямля бацькоў — зямля святая»     Па сцяжынках спадчыны