сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вольга ШАГОЙКА, музычны кіраўнік дзіцячага сада № 525 г.Мінска. Пралеска жнівень 2010 г.

Пакланіся добрым людзям

Сцэнарый свята

Дзеці ўваходзяць у залу, садзяцца.
Гучыць песня «Спадчына» (верш Я. Купалы, муз. I. Лучанка).

Вядучы (В.). Сёння я атрымала цікавы ліст (чытае яго):
Я прыйду да вас у госці,
мы будзем весела гуляць.
Але спачатку вы мяне
паспрабуйце адгадаць.
Маленькія лапкі, на лапках драпкі,
ціхенька ступае, мышак пужае. (Кот.)

Гучыць музыка, у залу ўваходзіць вучоны Кот і спявае песню «Вучоны кот» (верш А. Пісьмянкова, муз. В. Каваліва), дзеці падпяваюць.
Кот.
Добры дзень таму, хто ў гэтым даму.
Шмат дарог я па свеце прайшоў,
вось і да вас зайшоў.
Колькі тут дзетачак,
прыгожых юных кветачак!
В. Бачыце, дзеткі, які наш Кот ветлівы, як добра ён павітаўся з намі, але мы таксама ведаем добрыя словы і вершы.
Дзеці (расказваюць вершы).

ЧАТЫРЫ ПАЖАДАННІ
Добра, калі ўжо змалку
Сам можаш вітаць людзей,
Раніцай: — Добрага ранку!
I апоўдня: — Добры дзень!
Увечары пры сустрэчы
Знаёмым сказаць: — Добры вечар!
А соннаму сонейку нанач
I ўсім добрым людзям: — Дабранач!
В.Вітка

ПАКЛАНІСЯ ДОБРЫМ ЛЮДЗЯМ
Век дзяліся тым, што маеш, —
Хлебам-соллю, казкай-краскай.
Ну, а ў госці запрашаеш,
Гавары ўсім:
—      Калі ласка!
А з табой як тое будзе,
То за шчодры знак ўсякі
Пакланіся добрым людзям
I скажы ім шчыра:
—      Дзякуй!
У. Паўлаў

Выконваецца песня «Ветлівыя словы» (муз. В. Войціка, верш Т. Кляшторнай).

Кот. Завітаў я сёння да вас, каб расказаць нешта цікавае. Сёння бу­дзем гаварыць пра Дзень беларускага пісьменства. Мы з вамі можам не толькі гаварыць, але і чытаць, і пісаць. Але так было не заўсёды.
Па ўсім свеце я хаджу, людзям радасць нясу. Вось і цяпер у маёй торбачцы ёсць нешта такое, што ўсім патрэбна, паспрабуйце адга­даць.
Без языка, а гаворыць,
не куст, а з лісточкамі,
не кашуля, а сшыта.
(Кніга.)
Кот. Так, добра, гэта сапраўды кніга. (Дастае з торбы кнігу і паказвае яе дзецям.)
Яна — крыніца ведаў,
Яна — рэцэпт ад бедаў,
ад невуцтва, ад ліха —
Скарынаўская кніга.
У.Мазго
Кніга — радасць для кожнага чалавека. Хто чытае яе, становіцца мудрым, разумным, шмат чаго ведае. Вы, пэўна, думаеце, што кнігі былі заўсёды? А між тым быў час, калі ні паперы, ні кніг не было. Людзі размочвалі гліну і пісалі на ёй палачкамі, пісалі на цялячых скурах, на бяросце — бярозавай кары (паказ­вае скруткі, пяро,якім пісалі, малюнкі і выявы старажытных літар).
Спачатку людзі карысталіся малюнкамі, знакамі-сімваламі, пакуль не ведалі літар. Але пісаць малюнкамі і знакамі было вельмі складана. I людзі сталі думаць, як можна не толькі пісаць кнігі, але і друкаваць іх.
I вось на беларускай зямлі знайшоўся адзін разумны і добры чалавек, які сказаў: «Будзе ў беларускага народа свая кніга!» Гэта, дзеткі, быў Францішак Скарына (паказвае партрэт). Яму даводзілася цяжка, бо ліхія людзі казалі: «Навошта беларускім людзям яшчэ і кніга? Няхай будуць цёмнымі і неразумнымі!» Але Скарына дабіўся свайго і надрукаваў кнігу на беларускай мове. А ў той кнізе былі такія словы: «Звяры, што ходзяць у пустыні, маюць ямы свае. Птушкі, што лятаюць у паветры, маюць гнёзды свае. Рыбы, што плаваюць у моры і рэках, чуюць віры свае. Гэтак жа і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормленыя, да таго месца вялікую ла­ску маюць». 3 таго часу прайшло шмат гадоў, але ўдзячныя людзі памятаюць першадрукара Скарыну. I мы будзем помніць яго.
Дзякуючы кнізе людзі ўмеюць чытаць і пісаць, вучаць сваіх дзетак, даведаліся пра тое, як завецца зямля, дзе яны жывуць, і як яны самі завуцца. А вы ведаеце, хто мы і ў якой краіне жывём? (Адказы дзяцей.)
В. Мы вельмі любім сваю Радзіму і ведаем шмат прыгожых беларускіх вершаў.
(Называе аўтара верша і назву, а дзіця выходзіць і расказвае яго.)

БЕЛАРУСЬ - МАЯ РАДЗІМА
Я дзяўчынка-беларуска
3 васільковымі вачыма.
Хоць малая, але знаю:
Беларусь — мая Радзіма.
Леанід Пранчак

ХТО Я?
Узяў мяне одум:
Хто я такі, адкуль родам?
I дазнацца ў мамы мусіў —
Беларус я, з Беларусь
Васіль Вітка

Я-БЕЛАРУС
Я — беларус, і я шчаслівы,
Што маці мову мне дала.
Што, родных песень пералівы
I зблізку чую і здалля.
Ніл Гілевіч

Кот. Дзякуй вам за вершы, а зараз я запрашаю вас адправіцца са мной у падарожжа ў свет беларускай мовы. Вы згодны? (Дзеці адказваюць.) Тады займайце месцы ў нашым вясёлым цягнічку.
Гульня-інсцэніроўка «Паравоз» (мадэль С. і Е. Жэлязновых).

Дзеці садзяцца па крузе на кукішках і кладуць далоні пад падбародак («спяць).

Кот. Спяць усе воўкі?
Дзеці. Спяць, спяць.
Кот. Спяць усе пчолкі?
Дзеці. Спяць, спяць.
Кот. А ўсе дзеці, усе ў свеце?
Дзеці. Спяць, спяць, спяць.
Усе разам.
Толькі паравоз не спіць,
і не спіць, і не спіць.
Ён па рэйках так гудзіць, і гудзіць,
усё гудзіць.
(«Прачынаюцца», робяць рухі рукамі ўперад і назад «рухавік», устаюць на ножкі, ідуць тапатушкамі)
Гульня праводзіцца некалькі разоў, у канцы Кот дастае сваю кнігу і зачытвае назву станцыі, аб'яўляе прыпынак.

1. Станцыя «Складзі слова» (кніга, мова, слова, ліст).

Вядучы дзеліць дзяцей на каманды ў залежнасці ад колькасці слоў (напрыклад, чатыры), пасля агучвае слова для кожнай каманды. Пад музыку дзеці рухаюцца адзін за адным у маленькім коле, кожная каманда ў сваім. Па заканчэнні музыкі дзеці складваюць словы з дадзеных літар і выстрайваюцца злева направа.
Кот. Ну што ж, малайцы, справіліся з гэтым заданнем. Можна працягваць наша падарожжа. Прапаную далей ехаць на аўтобусе.
Размінка «Аўтобус» (мадэль С. і Е. Жэлязновых).
В. Вось мы ў аўтобусе сядзім,
і сядзім, і сядзім,
(Дзеці сядзяць на зэдліках або на падлозе, апусціўшыся на калені. Пляскаюць па чарзе рукамі па нагах у такт музыцы.)
Ды так з вакенца мы глядзім,
усё глядзім.
(Робяць дзвюма рукамі «акенца», глядзяцца ў яго.)
Глядзім уперад і назад —
кожны рад, кожны рад!
Глядзім уперад і назад — кожны рад!
(Глядзяць з-пад далоні-казырка то ў адзін,то ў другі бок.)
Калёсы закружыліся,
вось так вось, вось так вось,
Уперад пакаціліся, вось так вось.
(Робяць рукамі кругавыя рухі збоку ад тулава)
А шчоткі ды па шкле жужжаць:
«Ўжык-жык-жык, ўжык-жык-жык».
Усе кропелькі ўніз ляцяць:
«Ўжык-жык-жык!»
(Хістаюць рукамі, сагнутымі ў локцях, перад тварам)
I мы не проста так сядзім:
«Біп-біп-біп, біп-біп-біп!»
Мы громка-громка ўсе гудзім:
«Біп-біп-біп!»
(«Круцяць руль і бібікаюць.)
Няхай аўтобус наш трасе:
(Хістаюцца, падпрыгваюць на месцы.)
вось так вось, вось так вось.
Ўсё роўна мы даедзем ўсе,
(На музычны пройгрыш дзеці ідуць або бягуць па зале, «круцяць руль») вось так вось!
Кот. Увага! Прыпынак!

2. Станцыя «Песенная».

Дзеці становяцца ўрассыпную і спяваюць.
Выконваецца песня «Літарынка» (верш Р. Барадуліна, муз. В. Раінчыка).
Кот. Вы, напэўна, прытаміліся, сядайце, адпачывайце ды мае загадкі адгадайце!
(Дзеці могуць размясціцца на дыване.)

ЗАГАДКІ
Заліхвацкі вадавоз
воз вады па небе вёз,
гэтак грукацеў вядром,
і мы ўсе пазналі... (гром).

За кругам робіць круг,
садзіцца ён на луг.
Ні рук няма, ні лап,
а спрытна ловіць жаб. (Бусел.)

Яна ў клубочку начуе,
ёсць вушка, ды не чуе,
Зацягне ў вушка нітку—
пашые дзеду світку. (Іголка.)

3 гаспадаром сябруе,
дом вартуе.
Ляжыць пад ганкам,
хвост абаранкам. (Сабака.)

Кот. А цяпер мы з вамі крочым далей, а дакладней ляцім. Тут дапаможа нам цудоўная музыка беларускага кампазітара Яўгена Глебава, заплюшчвайце свае вочкі і слухайце...

Гучыць музычны фрагмент з бале­та Я. Глебава «Маленькі прынц» Адажыа Розы і Маленькага прынца.

Кот. Расплюшчвайце вочкі. Мы з вамі апынуліся на наступнай станцыі.

3. Станцыя «Дзіцячы фальклор».

Кот.
Запрашаю пагуляць,
свае пальчыкі размяць,
пачакайце, не спяшыце,
добра ўсё тут палічыце!
Кот або вядучы праводзяць з дзецьмі пальчыкавыя гульні-лічылкі.
У ТРАМВАІ
(пальчыкавая гульня-лічылка)
Ранкам едуць у трамваі
мядзведзянятка і два заі
(паціраюць далонькі, загінаюць пальцы),
воўк, сабака, бегемот,
вожык, слон, ліса і кот.  
Я пытаюся ў сяброў:
— Колькі ехала звяроў? (Дзесяць.)
МАЯ  ГРАДКА
(лічылка)
Я на дачы маю градку,
Даглядаю сам яе.
Раскажу вам па парадку,
што на ёй цвіце-расце:
мак, часнок, гарох, салата,
па баках — укроп і мята.
КОЛЬКІ  КАТКОЎ?
(лічылка)
У кожным кутку
Ў хаце па катку.
Кожны сядзіць,
на траіх глядзіць.
Колькі ж куткоў
і колькі каткоў? (Чатыры.)
Кот.
Ну, а зараз — забаўлянка,
слухайце ўважліва,
і адказвайце хутчэй
«так» ці «не» разважліва.

Кот зачытвае кожны радок і спыняецца, каб пачуць адказ дзяцей. Дзеці павінны сказаць «так» ці «не».

ЦІ ТАК?
Увадзе жывуць вавёркі,
У дупле жывуць бабры.
Совы — у возеры глыбокім.
А самы — у густым бары.
Пчолы спяць зіму ў бярлозе,
А мядзведзі — у вуллі.
Конь спявае на бярозе,
Вераб'я ў плуг запраглі.
Міхась Пазнякоў
Кот. Ох, якія малайцы, усё вы палічылі, а цяпер хачу, каб вы са мной пагаварылі. Эй, Марынкі і Ягоркі, ведаеце скорагаворкі?
Кот зачытвае скорагаворку, а дзеці разам паўтараюць. Потым выклікае па адным некаторых дзяцей або выходзяць дзеці, якія падрыхтавалі да свята скорагаворкі.
У двары горка, пад горкай — норка.
Ішлі мышы з кірмашу, выйшлі мышы на шашу.
Ліска з лыжкай, мышка з міскай.
Каток нітак клубок закаціў у куток.
За качкай ходзяць качаняты,
а за гускай — гусяняты,
за кароваю — бычок,
а за свінкай — парсючок.
На бярозе рак,
У рачулцы грак,
пад канапай крот,
а ў норцы кот.
В. Хопіць ужо адпачываць, трэба для гасцей сыграць! Што ж, музыкі, выхадзіце, інструменты вы бярыце.
Аркестр «Зайграй жа мне, дударочку» (бел. нар. песня, апр. І.Лучанка).
Кот. Вы спявалі і скакалі, але яшчэ не пагулялі? (Адказы дзяцей.)
Гульня «Кот-музыка» (паводле Л. Хадановіч).
Кот вучыць з дзецьмі лічылку, вызначаюць вядучага — «ката»(на другі раз), першы раз ён сам.
Лічылка
Раз, два, тры, чатыры...
Ката грамаце вучылі:
не чытаць, не пісаць,
а за мышкамі скакаць.
Расхацеў каточак спаць,
выйшаў коцік пагуляць.
Па жаданні прысутных або па лічылцы выбіраюць дзіця, якое будзе выконваць ролю ката-музыкі. ён прычапляе на сябе медальён з выявай ката і становіцца ў цэнтры кола, астатнія дзеці, якія ўтвараюць кола, хорам прагаворваюць словы:
Кот-музыка нам спявае чыста,
Кот-музыка выбярэ саліста.
Дзіця, якое выконвае ролю ката-музыкі, заплюшчыўшы вочы далонькамі, паварочваецца ў рытме слоў вакол сябе. Паем заканчэння слоў дзяцей кот-музыка не расплюшчвае вачэй, а вядучы паказвае ўказальным пальцам на аднаго з дзяцей, якія стаяць у коле. Той, на каго ўказалі, становіцца салістам і спявае пачатак песні:

—  Коця, Коценька, Каток,
Коця, шэранькі лабок
Затым дзеці, якія стаяць у коле,хорам дапяваюць:
—  Хочам мы, каб ты сказаў,
Хто цябе зараз пазваў.
Пасля заканчэння песні кот-музыка называе імя саліста. Калі імя вызначана правільна, саліст становіцца ў цэнтр кола, ён цяпер будзе катом-музыкам, а «кот» займае месца ў коле. Калі саліст вызначаны няправільна, гульня паўтараецца з тым самым катом-музыкам.

Метадычныя парады.Распавядзіце дзецям правілы гульні, зацікаўце іх персанажам — катом-музыкам, які адрознівае ўсе галасы і правільна можа назваць імёны іх уладальнікаў. Затым развучыце песеньку «Кот-музыка», Далучайце дзя­цей да яе выканання без музычнага суправаджэння. Гэты прыём дапаможа развіць не толькі здольнасць у спевах, але і вастрыню ўспрымання мелодыі, ацэнку яе гучання і выканання, тэмбравы слых. Падтрымлівайце поспехі ўдзельнікаў апладысментамі.
В. Дзякуй табе, Коцік, за такую вясёлую гульню, Дзеці, а вам спадабалася наша падарожжа ў свет беларускай мовы? (Адказы дзяцей.)
Кот. I вам дзякуй, ад вас я пачуў такія прыгожыя вершы пра нашу мову і нашу родную Беларусь. I хачу яшчэ нагадаць вам такіх беларускіх пісьменнікаў, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч.,, якія ў сваіх творах так
уславілі беларускую мову. Чытайце, спявайце і размаўляйце па-беларуску! Да пабачэння!

Кот дорыць дзецям кніжкі беларускіх пісьменнікаў.
Гучыць песня «Мой родны кут» (тэкст Я. Коласа, музыка I. Лучанка).
 Свята заканчваецца.

ЛІТАРАТУРА;
Грышкевіч,І. Спадчына маёй краіны. — Мазыр: Содействие, 2008.
Дубініна,Д. Родныя вобразы ў паэтычным слове. — Ч. 2. — Мазыр: Белы Вецер, 2008.
Красіла, А. Праз літаратурную спадчыну — да авалодання роднай мовай. — Мазыр: Белы Вецер, 2003.
Краскоўская, Г. I слова гучала, чароўнае слова. — Мінск: УП «Тэхнапрынт», 2005.
Старжынская, Н.Дубініна,Д. Развіццё беларускамоўных зносін дашкольнікаў. — МІНСК: НМЦэнтр, 2001.
Ходонович, Л. Ребёнок Игра. — Ч. 2. Творчество. — Минск Акад. последиплом. образования, 2002. - С. 42.