сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. Якаўлева “Бібліятэка прапануе” 1. 2005

«...Гдзе ж цяпер Беларусь? ... Гдзе наша мова жывець...»

Літаратурна – музычная кампазіцыя

Вядучы. Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава - пад такімі псеўданімамі друкаваў свае творы вядомы беларускі паэт, празаік і публіцыст, пачынальнік крытычнага рэалізму Францішак-Бенядзікт Казіміравіч Багушэвіч.
Ён нарадзіўся 21 сакавіка 1840 г. у фальварку Свіраны Віленскага павета.           
Вядучая. Вучыўся дома, затым у Віленскай гімназіі, у 1861 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага універсітэта.
Вядучы. Аднак універсітэцкія правілы не задавальнялі Ф.Багушэвіча, ён прыняў удзел у студэнцкіх хваляваннях і быў выключаны з уні­версітэта.
Вядучая. Пачуццё грамадзянскага абавязку абудзілася ў свядомасці паэта вельмі рана: ён пайшоў працаваць у вёску Доцішкі Лідскага павета.
Вядучы. Калі выбухнула паўстанне 1863 г., вясковы настаўнік са стрэльбай у руках накіраваўся ў Аўгустоўскія лясы. Дзесьці пад Сувалкамі ён быў паранены ў нагу пры сутычцы з царскімі войскамі, пасля лячыўся ў сям'і Крушэўскіх.
Вядучая. Рэпрэсіі царскіх улад абмінулі Ф.Багушэвіча: ён дзейнічаў у мясцінах, дзе яго ніхто не ведаў, таму пасля разгрому паўстання царскія ўлады не змаглі сабраць адпаведнага кампраметуючага матэрыялу. Пры садзейнічанні і дапамозе Я.Карловіча, які пазычыў на дарогу грошай, Ф.Багушэвіч падаўся ў горад Нежын.
Вядучы. У 1865 - 1868 гг. вучыўся ў Нежынскім юрыдычным ліцэі.
Вядучая. Працаваў судовым следчым у Краляўцы (Сумская вобл.), Старадубе (Бранская вобл.), Гразаўцы (Валагодская вобл.), Барзне (Чарнігаўскаявобл.), Канатопе (Сумская вобл.).
Вядучы. Ён марыў зрабіць шмат чаго для свайго народа, і яшчэ нічога не было зроблена. I - як ніколі моцна - пачуў у сэрцы голас роднага краю, ведаў, што ў Вільні патрэбны людзі, і ўлады будуць не вельмі перабіраць і корпацца ў мінулым. 3 1884 г. Ф. Багушэвіч - адвакат судовай палаты ў Вільні.
Вядучая. Прафесія адваката была не для такіх сумленных і высакародных людзей, як Багушэвіч. Многія яго кліенты з беднякоў маглі заплаціць яму толькі словамі падзякі. «Усё больш трудна здабываць хлеб на нашым полі дзейнасці, і не ведаю, што будзе ў старасці, якая ўжо не за гарамі», - пісаў Багушэвіч 2(14) снежня 1881 г. Некаторую матэрыяльную дапамогу аказваў яму Я. Карловіч.

Чытаецца ўрывак (можна па ролях ці інсцэніраваць) з артыкула М.Радзіна «Памяці Багушэвіча»

1-шы чытальнік. У маленькай зале пасяджэнняў ...слухалася «сумная справа». Нейкі нікому не вядомы стары абвінавачваўся ў адным з тых злачынстваў, якія, як прынята выражацца, не парушаюць грамадскага парадку, але ста­рому пагражала даволі сур'ёзнае пакаранне.
2-гі чытальнік. «Ваша імя і званне?» - спытаў яго старшыня.
3-ці чытальнік. Стары з цяжкасцю падняўся з лаўкі падсудных. Вочы яго былі поўныя слёз. Старшыня, бачна, усхваляваны, звярнуўся да яго яшчэ раз з тым жа пытаннем, надаўшы свайму голасу адценне спачування. Цяжка судзіць старога, які плача!
4-ты чытальнік. «Я прашу дазволіць... не магу сядзець, дзе звычайна... злодзеі...»
5-ты чытальнік. I стары ў знямозе апусціўся на свае месца - ён не мог вынесці ганьбы.
Усталявалася няёмкасць. Старшыня і члены суда сталі ўзмоцнена гартаць дакументы. 3 лаўкі падсудных раздаваліся няпэўныя, але тужлівыя гукі. Кур'ер каля дзвярэй цёр кулаком вочы...
6-ты чытальнік. «Я маю за гонар прасіць суд дазволіць старому сесці побач са мной, за стол абаронцаў».
7-мы чытальнік. Цудоўныя, задумлівыя вочы Ф.К.Багушэвіча, які вымавіў гэтыя словы, выражалі нетутэйшы смутак.
Старшыня шапнуў штосьці суддзям, тыя чуць прыкметна шавяльнулі вуснамі.
2-гі чытальнік. «На жаль, я не маю права задаволіць ваша хадайніцтва», - сказаў старшы­ня Багушэвічу.
8-мы чытальнік. Франц Казіміравіч падняўся са свайго месца і сам сеў на лаўку падсудных побач з няшчасным...
Маленькі, непрыкметны выпадак, але якая вялікая справа!

Гучыць песня «Спадчына» (верш Я.Купалы, муз. I. Лучанка).

Вядучы. Франц Казіміравіч быў цесна звязаны з грамадскім жыццём свайго народа, знаёміўся з багатымі крыніцамі фальклору, што знайшло адбітак у яго творчасці. Ён клікаў на­род на барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне сілай мастацкага слова.
Вядучая. ...Паэт па складу свайго характару і душы становіцца ...беларускім паэтам, паэтам адзіным такога роду. Беларуская мова як мова багатая, звонкая і дасканалая больш за 200 гадоў сышла са шляху далейшага літаратурнага развіцця і стала толькі ўласнасцю і здабыткам народа. Цяжкую задачу паставіў перад сабой Ф.Багушэвіч, не маючы ні адпаведных узораў, ні дастатковых крыніц. Засталося яму адно: чэрпаць поўнай жменяй з адной крыніцы - народных вуснаў і здабыты матэрыял адпаведна апрацоўваць.
Вядучы. Сваю літаратурную дзейнасць Франц Казіміравіч пачаў яшчэ жывучы на Украіне ў 70-х гадах.

Гучыць песня «Беларусь - мая песня» (сл. М.Брауна, муз. Ю.Семянякі)

Вядучая. У 1891 г. выйшаў яго зборнік «Дуд­ка беларуская». Аб ім польскі журналіст Т.Саподзька пісаў: «Гэта нібы сумнае рэха скаргі якое далятае з далёкага і амаль забытага літоўскага краю. Пагартаем старонкі простай той кніжачкі, можа што-небудзь раскажуць нам новае, можа гукі беларускай жалейкі абудзяць у нашых сэрцах якіясь здаўна некранутыя струны».
Вядучы. У «прадмове» да «Дудкі беларус­кай» Францішак Багушэвіч абгрунтоўвае пра­ва роднай беларускай мовы на развіццё.
1-шы чытальнік. «Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай».
2-гі чытальнік. Наша мова для нас святая, бо яна нам ад бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахвотней гавораць па-французску, як па-свойму.
3-ці чытальнік. Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы на­шай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; а гаворка, язык і ёсць адзежа душы.
4-ты чытальнік. Можа хто спытае: Гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна. Гдзе наша мова жывець...»

Гучыць беларуская народная песня «Ох ты доля, наша долечка».

Вядучы. У 1894 г. выйшаў зборнік твораў Ф.Багушэвіча «Смык беларускі». «Дудку беларускую» і «Смык беларускі» аб'ядноўвае тое, што ў цэнтры іх увагі - селянін-працаўнік, якому заўсёды спадарожнічае голад, бо яго «абдзірае казна, крыўдзіць суд і царская адміністрацыя». У творах паэта перад намі праходзяць карціны праўдзівага сялянскага жыцця.

Мая дудка

1-шы чытальнік.
Хіба ты не знаеш,
Не ведаеш хіба,
Што, як тая рыба
Ды на лёдзе б'ецца,
Так вот я, здаецца,
Сорак гадоў б'юся,
Ніяк не звярнуся,
Ніяк не натраплю
Вадзіцы хоць каплю.
Ды такой вадзіцы,
Ды з такой крыніцы,
Што, як хто нап'ецца,
Дык вольны стаецца.
 Грай, вясёла ж грай
Альбо долю дай!..

2-гі чытальнік.

Бог не роўна дзеле

Чым то дзеіцца на свеце,
Што не роўна дзеле Бог?
Адзін ходзе ў саеце,
У золаце з плеч да ног,
А другому, каб прыкрыцца
Хоць анучай - велькі труд;
Весь, як рэшата свіціцца,
Адны латы, адзін бруд!
3-ці чытальнік.
... Гэты хлеба і не знае,
Толькі мяса ды пірог,
I сабакам выкідае
Усё тое, што не змог,
А той хлеб жуе з мякінкай,
Хлёбча квас ды лебяду,
Разам жывець і есць з свінкай,
3 канем разам п'ець ваду!

Кепска будзе

4-ты чытальнік.
Як я толькі нарадзіўся?
Бацька сказаў: «Кепска будзе!»
Ну дык жа ж не памыліўся:
Здзекавалісь бог і людзі.
А чым кепска? - бо на марцы
Я радзіўся (пост праўдзівы,
Цяжкі месяц гаспадарцы.
Як пражыў хто, - будзе жывы).
Пераеўся хлеб да крышкі,
Бульбы толькі як пасеяць
I прыварку ані лыжкі,
I скаціна - хоць развеяць;
Ні саломкі, ні то сена,
Хоць бы на раз для скаціны;
А тут дроў ані палена,
А тут яшчэ нарадзіны!

Вядучая. У паэзіі Багушэвіча чуецца вера ў творчыя сілы народа, абурэнне на прыгнятальнікаў за тое, што селянін не можа карыстацца тым, што зрабіў сам.

Дурны мужык, як варона

5-ты чытальнік.
Гарэ, сее ўсё лета,
А як прыйдуцца дажынкі,
Няма збожжа ні асмінкі,
А даждаўшы на каляды,
Мужыкі мякінцы рады.
Дык крычыце ж біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
7-мы чытальнік.
Ад Пятра і да Якуба
Ён касой махаў ад рання:
Наклаў стагоў, людзям люба,
У хаце ж сена - анізвання;
 Равець з голаду скаціна,
Хоць кінь, бяжы за вачыма!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!

Вядучы. У вершах Ф. Багушэвіча адчуваецца глыбокі боль за цяжкую сялянскую долю як у часы паншчыны, так і «волі» на словах:

Як праўду шукаюць

8-мы чытальнік.
I што меў, то прадаў, пераеў,
Па судах агалеў, як шэсць разы згарэў;
I ў казе адсядзеў нядзель шэсць.
За няяўку плаціў, можа, тройчы і штраф.
Як на тое ж і праўда схавалася гдзесьць.
А шукаўшы яе, і мне здарыўся траф.

Быў у чысцы

9-ты чытальнік.
Іду і мяркую: ці то цяпер шчасце,
Як паноў не стала, ці то была доля?
А лічу на пальцах: паншчызны дванасце,
А гадоў да трыццаць, як настала воля...
Там быў аканом, камісар і цівун,
 Намеснік, ляснічы, хмістрыня, паны.
I кожны меў права ўзяць за бізун,
I кожны меў права да нашай спіны...
А цяпер?.. Ой, штосьці кепска выходзе,
Цяпер ці не болей настала паноў,
Не надта свабодна ў гэтай свабодзе,
I давай я лічыць паноў новых зноў:
Стараста, соцкі, пісар, старшына,
Пасрэднік, ураднік , асэсар і суд,
З'езд міравы, прысучтва і сход...
Аж паднялася са страху чупрына,
Аж пальцаў не стала на весь гэты шчот.
А пальцамі ж трэба карміць гэты люд!..

Вядучая. Але ў душы селяніна ўжо з'яўляецца свядомасць, ён бачыць несправядлівасць і імкнецца змагацца з ёй.

У астрозе

10-ты чытальнік.
Ураднік жа піша, а як дык смяюся,
Кажу: «Ох, я надта цябе ды баюся!»
Пытаю: «Ці брат твой, ці бацька гніляк,
Што ўзяўся пісаць пратакол шчыра так?..»
_ _ _ _ _ _ _ _ _ _ _ _ _ _ _

А ён дык і тое, што я кажу, піша,
Другі раз спытае, чаго не паслыша.
Мяне ж яшчэ болей ды смеласць бярэ.
А дзядзька мой блізка за гоні арэ;
Я ж біч яго ўзяўшы, ды ззаду зайшоў
Урадніку трэйчы як дам меж вушоў!

Гучыць мелодыя песні «Радзіма мая дарагая» (верш А.Бачылы, муз. У. Алоўнікава).

Вядучы. Шмат праблем уздымае пісьменнік у сваіх празаічных і паэтычных творах, але ў кожным з іх адчуваецца самаадданасць і шчырасць у служэнні сваёй роднай Беларусі, яе народу, любоў да беларускага краю.

Свая зямля

1-шы чытальнік.
...Заслалі мяне за кару
_ _ _ _ _ _ _ _ _ _ _ _

Там зімой дык і сонца няма.
А летам дык жыць не даюць камары;
Хоць бы клапаць зямлі, - толькі пушча сама,
Ды балоты, ды ройсты, мшары...
А пошасць як пойдзе на люд,
Дык мруць, як атруты ўзялі!
Умёр бы то, мусіць, я тут,
Каб не жменька той роднай зямлі.
Як пачне разбіраць і мяне,
Дык шчыпту яе ў вадзе
Глытнеш, дык пот аж ліне,
I хваробу рукой развядзе!
А другім што даваў, дык і не!
Не памог і не шкодзіў нікому,
Бо зямля не па іх, а па мне,
Значы, трэба зямлі мець аж з дому.

Вядучы. Творчасць Багушэвіча па сваёй сутнасці была рэвалюцыйнай, хаця непасрэднага закліку да рэвалюцыі у ёй мы не знаходзім.

Вядучая. 28 красавіка 1900 г. Франца Казіміравіча не стала. Пахаваны ў Жупранах. «...Спачыў незабыўны Ф.Багушэвіч у гэтым айчынным пяску, ашмянскім пяску, а на свежа насыпаным кургане паклалі яму самы просты і самы сапраўдны вянок з літоўска-беларускай яліны... Ушанавалі такім чынам памяць мужа, землеўласніка, спецыяліста і сябра. I толькі які дзесята паўтара асоб з працэсіі праводзілі адзінага ў той час беларускага песняра і паэта. На гэтых сціплых жупранскіх могілках спачыў... вельмі шанаваны Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава, у адной асобе.»

Вядучы. Я. Брыль, калі пабываў на магіле Ф. Багушэвіча, сказаў: «Радасна, дзіўна, што ён - не легенда, не гістарычнае штосьці, а чалавек, які зусім паблізу жыў, і пахаваны тут вось побач з маці і сястрой на звычайных вясковых могілках, дзе на кожным помніку па некалькі пацешных памылак...
I другое пачуццё і здзіўленне, і недаўменне, і пашана да таго, хто больш 100 гадоў таму назад упарта, як парастак паміж плітамі тратуара, пралез паміж дзвюмя стыхіямі - рускай і польскай, насуперак усім, уключаючы сваіх найбліжэйшых, пралез і вырас са сваім і зрэбным, і глыбока па-народнаму, па-хлебнаму свежым беларускім словам, і славы не было, а толькі адчуванне абавязку. Шчасце наша, відаць, у самой апантанасці.»

У заключэнне зноў гучыць песня «Спадчына».


Багушэвіч1
Фотаздымак 1863 г.
Багушэвіч2
Каплічка на Кушлянскай сядзібе
Багушэвіч3
Тытульны ліст паэтычнага зборніка
Багушэвіч4
Тытульны ліст паэтычнага зборніка
Багушэвіч5
Часопіс "Wisla". Вокладка
Багушэвіч6
Тытульны ліст ананімнага выдання "Тралялёначка"
Багушэвіч7
Ф Багушэвіч і яго калега - судовы прыстаў Міхайла Насенка. 1867 г.
Багушэвіч8
Фотаздымак 1898 г.
Багушэвіч9
Некралог (на французскай мове). 1900 г.
Багушэвіч10
Сучасныя выданні
Багушэвіч11
Сучасныя выданні
Ф Багушэвіч партрэт
Францішак Багушэвіч. 1890 -я гады.

Яшчэ на гэту тэму:

Паўтараем, на роднай мове размаўляем     "Дала мне маці гэту мову!"