сцэнарыі святаў на беларускай мове

І. С. КАСЦЮЧКОВА бібліятэкар сярэдняй школы № 31 г. Віцебска. Беларуская мова і літаратура 5/2008

«Над Белай руссю — белы бусел»

Экалагічная гадзіна (VI—VIII класы)

Афармленне: малюнкі дзяцей, фотаздымкі, літаратура па тэме.
Эпіграф:
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусліхі
I мудрыя лясы.
Яўгенія Янішчыц

Ход мерапрыемства

Першы чытальнік.
Над Белай Руссю —
Белы бусел
3 даверам выпрастаў крыло.
А гэта значыць,
Белай Русі
Прасцяг ашчодраны святлом.

Над Белай Руссю —
Белы бусел
Ладуе спраўнае гняздо.
А гэта значыць,
Белай Русі
Жыць нібы поўны песень дом.

Над Белай Руссю —
Белы бусел
Галубіць прагных буслянят.
А гэта значыць,
Белай Русі
Не ведаць чорных бур і страт.

Над Белай Руссю —
Белы бусел
3 бусліхай ў вышыні нябёс.
А гэта значыць,
Белай Русі
Наканаваны шчасны лёс.
Валянцін Лукша.
«Над Белай Руссю — белы бусел...»

Гучаць выбраныя радкі з песні «Белоруссия» (сл. М. Дабранравава, муз, А Пахмутавай): «Белый аист летит, над белесым Полесьем летит... <...> Белый аист летит, всё летит над родными полями, // Землю нашей любви осеняя большими крылами...»
Першы вядучы. Белы бусел. Хто не ведае гэту цудоўную птушку! Нават назва яе пераклікаецца з назвай нашай краіны — Беларусь, Белая Русь.
Другі вядучы. Белы бусел з’яўляецца крылатым сімвалам нашай краіны. Ён жа — афіцыйны сімвал Беларускай рэспубліканскай арніталагічнай арганізацыі.
Першы вядучы. Народнае павер’е сцвярджае, што белы бусел прыносіць у хату ўдачу, дзяцей і нават шчасце: «Не згарыш ніколі, браце, калі бусел ёсць на хаце».
Другі чытальнік.
Няма радзімы без бацькоўскай хаты;
Бусліны клёкат — гэта родны дом;
Ты будзеш жыць шчасліва і багата,
Калі над хатай — буслава гняздо.

А летнім днём блакіт нябёс бясконцы
I воблакі — мелодыя без слоў,
I над зямлёю роднай наша сонца,
I крылле прамяністае буслоў.

Буслы да нас вясною зноўку вернуцца,
Як на зямлі прадзюбнецца трава.
Без чалавечай і буслінай вернасці
Няма ні дабрыні, ні хараства.
Пімен Панчанка. «Буслы, буслы...»

Гучыць урывак з песні «Спадчына» (сл. Янкі Купалы, муз. I. Лучанка), які заканчваецца радкамі: «Аб ёй мне будзіць успамін // На ліпе бусел клёкатам...».
Другі вядучы. Белыя буслы жывуць заўсёды побач з чалавекам. Свае масіўныя гнёзды часцей за ўсё яны будуюць на дахах жылых дамоў і хлявах, на воданапорных вежах або на слупах высакавольтных ліній.
Першы вядучы. Белы бусел — вельмі прыгожая птушка, асабліва ў палёце: выцягнутае, як струна, белае цела з шырокімі, бліскучымі, чорнымі на канцах крыламі, з густа-чырвонымі нагамі і дзюбаю. Не заўважыць гэту птушку нельга. Магчыма, таму пра яе так многа складзена розных легендаў. Вось паслухайце, калі ласка, паданне, чаму ў белых буслоў ззаду пер’е чорнага колеру.
Трэці чытальнік. Паданне называецца «Пакаранне бусла».
Калі Бог зрабіў жабаў, яшчырыцаў і вужоў, то злажыў іх у мяшок і даў яго трымаць бацяну, сказаўшы, каб ён туды не глядзеў.
Бацяна ўзяла цікавасць, і ён расхінуў мя- шок, так усе яшчырыцы, жабы і павыскаквалі. Прыйшоў Гасподзь, да як увідзеў, што бацян павыпушчаў усіх з меху, то ўзяў дубца і зачаў бацяна гасіць па заду. Ад гэтага ў бацяна зад чорны.
Другі вядучы. У беларускай літаратуры таксама вельмі многа твораў пра буслоў. I амаль у кожнага паэта ёсць верш, прысвечаны гэтай птушцы.
Першы вядучы. Паслухайце крыху жартаўлівы верш Максіма Танка «Бусел».

Чацвёрты чытальнік.
Выйшаў бусел пагуляць.
З’еў рапухаў дваццаць пяць.
Дваццаць пяць ці дваццаць шэсць?
Збіўся з ліку і не есць.
На адной прыстаў назе
I на пальцах лік вядзе.
Ды як злічыш? У яго
Восем пальцаў усяго.
Вёў ён лік і так і сяк,
Потым вырашыў, басяк,
Да рапух пайсці спытаць:
— Дваццаць шэсць ці дваццаць пяць?
Толькі штось рапухі ўсе
Пахаваліся ў лазе.
Скуль ім знаць — чаго ізноў
Бусел з клёкатам ішоў.

Другі вядучы. З’яўляюцца буслы ў вясновым небе крыху пазней за гракоў, у канцы сакавіка.
Пяты чытальнік.
Буслоў не ведаю бяздомных,
яны вяртаюцца дамоў,
да родных, да сваіх
гняздоўяў,
да хмельных траў і туманоў.
Як неад’емнае: над грушай
птах белы крылы распасцёр...
Яго святлом
світае ў душах
любві святое пачуццё.
3 нас не адзін спазнае плату
за скарб,
які пад крыллем лёг.
Не аднаму яшчэ заплакаць,
упаўшы на чужы мурог.
А неба роднае падыме
ў каторы раз,
як тых буслоў,
што з вечнай вернасцю Радзіме
ляцяць да траў і туманоў.
Алесь Каско. «Буслоў не ведаю бяздомных...»

Першы вядучы. Бусел — амаль нямая птушка. Ён не спявае, як іншыя, а выкарыстоўвае асаблівы спосаб для выражэння сваіх пачуццяў: закідвае галаву назад і пачынае хутка стукаць дзюбай.
Шосты чытальнік.
Бусел белы — клёкат смелы
Па-над белай стараною.
Ён лунае белай верай
Нада мною і табою.

Можа голасам змяняцца,
Горды клёкат свой скурганіць;
3 ярка-белае прыбрацца
Можа ў шэранькую памяць...

...Па-язычніцку, адкрыта,
Стрэч і зорам і світанку,
Жывіць песняю, як жытам,
Веры белае буслянка!..
Алесь Жамойцін. «Бусел белы — клёкат смелы...»

Другі вядучы. У народзе існуе паданне пра паходжанне бусла.
Сёмы чытальнік. Гэта было тады, калі Бог хадзіў па зямлі. На зямлі развялося такое мноства гадаў, што не стала ад іх жыцця ні людзям, ні жывёле. I парашыў Бог знішчыць іх, патапіўшы ў якойсьці бяздонніцы.
Бог сабраў гадаў у торбу, завязаў яе, узваліў на плечы аднаму чалавеку і загадаў укінуць у паказанае месца. Як толькі чалавек рушыў з месца, то ў торбе ўсё засквірылася, засіпела. I ўзяло чалавека цікаўства, што ён такое нясе.
Чалавек развязаў торбу і аслупянеў ад страху. Гады ж тым часам вылезлі з торбы і распаўзліся ізноў па зямлі. Тады Бог пакараў чалавека за яго празмерную цікаўнасць і загадаў збіраць паўцякаўшых гадаў. Дзеля гэтага ён ператварыў таго чалавека ў бусла. Ходзіць гэты чалавек з накінутай паміж плеч торбай па лугах, палях, балотах ды збірае гадаў, але да гэтай пары ніяк сабраць не можа.
3 прычыны сваёй крэўнасці з чалавекам бусел не адыходзіць далёка ад людскіх сяліб, мала баіцца людзей і прыносіць ім шчасце (з беларускай міфалогіі).
Першы вядучы. Вось якое паданне існуе ва ўкраінскім фальклоры пра тое, чаму менавіта буслы прыносяць дзяцей.
Калі татары напалі на сяло, то многіх жыхароў забілі, а астатніх забралі ў палон. А немаўлят кінулі на папялішчы. Убачылі гэта буслы, узялі дзяцей у дзюбы і падняліся з імі высока ў неба. Далёка разнёсся дзіцячы плач, пачулі яго воіны і кінуліся ратаваць сем’і — дагналі арду і адбілі сваіх родных.
Другі вядучы. А вось што расказвае пра буслоў малдаўскае паданне. Жорсткія янычары асадзілі крэпасць Гарадзешты. Яе абаронцы змагаліся мужна, але сілы пакідалі іх. Закончылася ежа і вада. Ворагі радаваліся, спадзеючыся на хуткую перамогу. Раптам моцны парыў ветру змусіў іх прыгнуць галовы. Гэты вецер паднялі крылы сотні буслоў, якія ляцелі над горадам. У дзюбах яны неслі гронкі вінаграду з роднай зямлі. Так воіны выратаваліся ад голаду і смагі.
Восьмы чытальнік.
Я помню хаціну дзіцячых гадоў,
Падкову на збітым парозе,
Вялікае, з дзедаву шапку, гняздо
Буслоў на высокай бярозе.

Жылі з буслянятамі аж да зімы
Ды лёталі на сенажаці...
Казалі суседзі — шчаслівыя мы;
Я жыў, прадчуваючы шчасце,

Бо бачыў, як бусел імкліва ўзлятаў,
Імчаў на багнішчы, у лозы.
Я бегаў глядзець і не раз пазнаваў
Свайго са старое бярозы.

А ён так паважна, як пан, пахаджаў,
Харч ловячы дзюбай-іголкай,
I я ўсё на Ноя старога злаваў,
Што выпусціў поскудзі столькі.

Я звычкі бусловы пасля адгадаў,
Я зведаў бусловы настроі,
Ён клёкатам часта мне спаць не даваў, Д
ы я не злаваўся на тое.
...................................
А як маё сэрца шчымела ў смузе —
У вырай пачаў ён збірацца,
Стаяў, задумёны, на доўгай назе,
Як флюгер на панскім палацы.

А потым праз зімку яго не было.
Ды зноў па вясновай дарозе,
Здавалася, бусел прыносіў цяпло
I ўборы старэнькай бярозе.
Пятрусь Броўка. «Бусел»

Першы вядучы. Буслы — вельмі клапатлівыя бацькі. Больш за месяц бусел і бусліха на чарзе наседжваюць кладку. А калі вылупіцца малое, то абавязкова адзін з бацькоў дзяжурыць у гняздзе.
Другі вядучы. Калі вельмі горача, дарослая птушка, паўраскрыўшы крылы, абараняе сваіх птушанят ад прамых сонечных промняў. А ў дождж бацькі закрываюць буслянят сваім целам.
Дзевяты чытальнік.
Бусел праводзіў заняткі:
— Слухайце, бусляняткі:
дома пакіньце страх,
смела рабіце ўзмах.
3 кола ўзлятайце стралой,
дзюбу трымайце прамой.
Зробіце круг — сядзьце на луг!
Не забывайце парадку —
мякка рабіце пасадку...
Хто праляціць прыгожа —
першым паснедаць зможа.
Той, хто не слухаў бяседу,
будзе чакаць
да абеду.
Хто ж атрымае двойку —
будзе працягваць
да вечара стойку.
Клёк-клёк!
Ці зразумелі ўрок?
Помніце, Кляка і Клёка,
восень ужо недалёка!
Круцяць малыя насамі:
«Ведаем гэта самі.
Ды хоць разок яшчэ,
тата,
з намі палётай
над хатай.
Нам ад твайго крыла
смеласці больш
і святла...»
Мікола Чарняўскі. «Урок»

Першы вядучы. Але ж не заўсёды могуць абараніць буслы сваіх дзяцей ад чалавека. 3 развіццём навукі, новых тэхналогій, на жаль, пакутуе прырода.
Другі вядучы. На гэту тэму асабліва шмат вершаў напісана беларускімі паэтамі.
Дзесяты чытальнік.
Узняўшы неба сіні шал,
Хістаючы аблокаў крыгі,
Бусліхі белая душа
Трывожна развінае крылы.

Ад гнёздаў цёплых немаўлят,
Што ўпершыню вітаюць сонца,
Яна адводзіць золь і град, —
А як ад іх адвесці стронцый?

Дзе ёй набрацца столькі крыл
На ўсе калыскі і на гнёзды,
Каб цэлы свет сабой закрыць
Ад жахаў атамнай пагрозы?..

Яна, ахоўніца жыцця,
Цяпер да кожнага парога
Нясе, як некалі дзіця,
Сваё пяро перасцярогі.
Люба Тарасюк. «Бусліха»

Адзінаццаты чытальнік.
Дні сплылі шумлівай чарадою,
I як быццам ліха не было.
На балотцах за смугой густою
Бусляняты сталі на крыло.

I ляцяць у шэрае міжхмар’е,
I ляцяць мае трывогі ўслед.
На зялёным, дзе жыву, паўшар’і
Колькі слёз было і колькі бед!

I не так ужо сплылі далёка
Тыя дні, калі пякла туга.
На балотцах — невясёлы клёкат.
У лагчынах — сіняя смуга.

Дзесьці блізка паміж дрэў пахілых
Дагараюць дымныя лаўжы,
I на свежаўзрыхленых магілах
Ацякаюць цэзіем крыжы.

Хто мне слова суцяшэння скажа?
Далеч зноў грымотамі гудзе.
I, глядзіш, у стомленым пейзажы
Буслянят ужо няма нідзе.
Віктар Гардзей. «Пейзаж з буслянятамі»

Дванаццаты чытальнік.
— Ад чаго ты самотны, бусел,
у гняздзе над знямелай вёскай?
— Я сумую па Белай Русі
дачарнобыльскай, чыстаросай.

— Ад чаго пачарнеў ты, бусел,
у палескім бары атрутным?
— Ад жалобы па Белай Русі,
зганьбаванай і шматпакутнай.

— Ад чаго пасівеў ты, бусел,
і чаму не ляціш у вырай?
— Лепш памерці на Белай Русі,
чым чужыну назваць Радзімай.
Эдуард Акулін. «— Ад чаго ты самотны, бусел?..»

Першы вядучы. Але не толькі ад экалагічных катастроф гінуць птушкі. Многа знішчаецца іх падчас войнаў.
Трынаццаты чытальнік.
Буслы шукаюць на пагорку хату,
А там — варонкі, попел і вада,
На золку не клякочуць бусляняты,
Што не паспелі вылецець з гнязда.

Ляцяць буслы ад вёскі і да вёскі,
Мінаюць гарадкі і гарады,
Дзе і дасюль не змоўклі адгалоскі
Яшчэ не адбалелае бяды.

Няма на ўзгорку студні каля хаты
I ліпы на развілку трох дарог.
Бядуе бусел, быццам вінаваты,
Што цёплую буслянку не збярог.

Ляцяць кругамі бусел і бусліха:
Гудуць адны пустыя каміны,
Раса з вярбы сцякае ціха-ціха,
I жаляцца хатынскія званы.
Сяргей Грахоўскі. «Буслы»

Чатырнаццаты чытальнік.
Ад пажару
аблокі,
як сцены,
крышыліся.
Я стаяў нерухома
на чорным дзядзінцы...
Прыляталі буслы —
і бяссільна кружыліся
над маім трохгадовым,
Пякельным дзяцінствам.
Прыляталі буслы...
Я — нібы ў ліхаманцы —
падаў,
зноў падымаўся
і зноў падаў вобзем...
Хто сказаў, хто сказаў:
«Калі бусел на хаце,
значыць —
хату
ніякае гора
не возьме?»

Тут -
вайна сорак першага,
страшнага года; я —
апошні ў сям’і
і адзіны мужчына...
Хто сказаў,
што мінае
бусліны край гора?
Бацька мёртвы...
Трываць немагчыма...

I раней,
і пасля,
колькі помню я выраяў,
вырай той —
самы жудасны вырай...
............................
I цяпер,
калі моўчкі стаю
на дарозе,
нада мной
белы бусел
нястомна лунае...
Ці не бацьку майго
ува мне,
у дарослым,
ён жадае пазнаць,
ён убачыць жадае?
Мікола Федзюковіч. «Балада пра буслоў»

Гучыць урывак з песні «Світанак» (сл. У. Някляева, муз. I. Лучанка), які заканчваецца радкамі: «Там кружыцца бусел над роднаю хатай, // Чакае матуля мая».
Другі вядучы. У пачатку жніўня ў буслоў пачынаюцца зборы да адлёту. Выраі з сотні белых буслоў пралятаюць над Беларуссю, Украінай, Балканамі, яны накіроўваюцца ў Паўднёвую Афрыку.
Першы вядучы. «Паломнікамі ў Меку» называюць іх на Бліжнім Усходзе, бо пралятаюць птушкі над мусульманскімі святынямі.
Пятнаццаты чытальнік.
Павіс бусліны клёкат над палямі,
Кругі, кругі — бясконцыя кругі.
Глядзяць у свет бяздумнымі вачамі,
Нібы паны, надзьмутыя стагі.

На павуцінках ціха грае восень.
Напяты струны нерваў і душы...
За небасхіл у сонечную просінь
Са смуткам лета крочыць у цішы.
Алег Салтук. «Павіс бусліны клёкат над палямі...»

Другі вядучы. На жаль, не ўсе птушкі могуць падняцца ў неба. Нямала буслоў гіне ў час уборкі зерня, трапляючы пад колы камбайнаў. Многіх калечаць драпежнікі. Часам небяспеку ўяўляюць для іх людзі.
Шаснаццаты чытальнік.
Буслы ўзняліся з поймы у дарогу.
Хвіліна, дзве — над лесам шнур растаў.
А ён нат не крануўся — доўга-доўга
На парыжэлай купіне стаяў.

Глядзеў услед...
А змрокам, адзінокі,
На ліпу сеў каля гнязда свайго,
I цішыню разрэзаў дзікі клёкат,
Не клёкат — крык надтрэснуты яго.

Ён зваў братоў.
Яму б — пад крылы вецер
I ў дальні шлях, за імі ўслед, паплыць...
Відаць, страшней, страшней за ўсё на
свеце
Пакінутым усімі быць.
Міхась Рудкоўскі. «Пакінуты бусел»

Першы вядучы. А ці ўсе ведаюць, што ў белага бусла ёсць брат — чорны бусел? У чорнага бусла шмат агульнага з белым: звычкі, «манеры», асаблівасці палёту, бацькоўская клапатлівасць. Але многае і розніць іх.
Другі вядучы. Па-першае, знешні выгляд: пер’е амаль цалкам чорнае, адлівае металічным, фіялетавым, зялёным, карычневым і медным адценнем. Белыя толькі грудка і жывот — як быццам надзеты белы фрак. Пра характар і манеры гэтай птушкі вельмі добра напісаў у сваім вершы «Чорны бусел» Віктар Гардзей.
Семнаццаты чытальнік.
Чорны бусел, а інакш — бацян,
Любіць глуш і векавыя нетры.
Да гнязда праз багну і бур’ян
Шлёпае наўпрост за кіламетры.

Ах, манішка! Беленькі паркаль.
Чорны фрак і боты-скараходы.
Гэткі франт балотны, ды, на жаль,
Бегаць па гасцях не мае моды.

Бачыш дуб на востраве стары?
Там гняздо — бухматая збудова —
3 рознага ламачча, а ўнутры
Выслана падсцілкаю пуховай.

Прыйдзе чэрвень — не бярэ і сон.
Дзеткі, знацца, з добрым апетытам.
Сцеражыся, жаба і трытон:
Бацяняты толькі ікнуць сыта.

Часам смешна: ломячы лазу,
Велікан, адзіны ў сваім родзе,
Ловіць трапяткую страказу
Ці маляўку на падсохлым бродзе.

Дзесьці белы бусел-клекатун
Водзіць карагоды чарадою.
Гэты ж, чорны, скончаны маўчун —
Не азвецца нават раніцою.

I тады, калі ляціць на Ніл,
Не лякае цішыню балота,
Ды яму куток адвечны міл,
I яго не мучыць адзінота.

3 выраю вярнуўшыся, дзівак
Перш за ўсё дзе-небудзь у зацішку
Дзюбаю абгладзіць чорны фрак
I пачысціць белую манішку.

Першы вядучы. У беларускім фальклоры таксама ёсць паданні пра паходжанне чорных буслоў. Паводле аднаго з іх Валянцін Лукша напісаў верш «Чорныя буслы». Паслухайце з яго ўрывак.
Васемнаццаты чытальнік.
...Шмат на нашай зямельцы
Вячыстых лясоў.
Шмат было тут заўсёды
Белакрылых буслоў.
Калі пара бусліная
Каля жытла
Бесклапотна
Ў суседстве спрадвечным
Жыла,
Людзі верылі шчыра:
Абыдуць напасці,
Бо нібыта буслы
Ім прыносілі шчасце.
Менавіта таму,
Хоць сцвярджаць не бяруся,
Любы край наш
Назваўся здаўна
Белай Руссю.

Ды аднойчы панадзіўся
Ў ціхую вёску
Нейкі злыдзень калматы —
Вандроўнік-зайздроснік.
На людзей шмат наклікаў
Ён гора
I бед,
Шчасце ўсё захацеў ён
Прысвоіць сабе.
Палавіў ён буслоў.
I буслы з году
Ў год
Шчасце ў дзюбах насілі
У хату яго.
Ды зайздросніка прага
Душыла заўзята —
Ўсё,
Здавалася,
Шчасця яму малавата.
Не даваў ён буслам
Адпачыць ні на хвілю —
Ні ў буслянцы паклёкаць,
Вольна выпрастаць крылы.
Ледзь не ўсім ужо шчасцем
Злыдзень той заўладарыў,
Ды з’явіліся дзеткі
У буслінае пары.
Клёкат радасны ўзвіўся
Вясёлкавым ранкам
3 першым сонечным промнем
Над шчаснай буслянкай.
Падрасталі-раслі
Што ні дзень бусляняты,
Але гора сачыла
3 зайздросніцкай хаты.
Бо выглядваў зайздроснік
У акно
Зноў і зноў:
— Мне ніякай карысці
Ад гэтых буслоў!..
Як да справы вярнуць
Гэтых дурняў цыбатых?
Вінаваты,
Напэўна,
Ва ўсім
Бусляняты?

Думаў думу зайздроснік
Тры дні
I тры ночы.
Да азяблай буслянкі
Уранку
Пакрочыў.
Птушанят павыкідваў
3 буслянкі зайздроснік —
Бусляняты
Больш есці ў буслоў
Не папросяць!
Задаволены,
Прэч ад буслянкі пайшоў —
Больш не будзе
Дарэмных турбот у буслоў!

Прыляцелі буслы —
Нема ўсхліпвае
Вецер, —
Нежывыя ляжаць
Іх маленькія дзеці.

I не думаў забойца
Пра помсту за згубу,
Ды прынеслі вуголле
Буслы ў сваіх дзюбах.
Шуганула чырвонае полымя
Ў неба —
Так зайздросніку й трэба!
Так нелюдзю й трэба!

I заўважылі людзі,
Што з дымнага пекла
Узляцелі буслы —
Неба
Крылле рассекла.
I заўважылі людзі
У небе прасторным:
Стала крылле ад гора
Не белым,
А чорным.

У спрадвечную пушчу
Ляцела далей
Пара чорных буслоў
Ад бяды,
Ад людзей...

Кажуць,
Птахі з людзьмі
Жыць бы ў дружбе маглі,
Каб не стала
Нядобрых людзей
На зямлі.

Другі вядучы. Чорны бусел занесены ў Чырвоную кнігу. У Бярэзінскім запаведніку налічваецца каля 20 пар чорных буслоў, якія штогод прылятаюць у свае гнёзды.
Першы вядучы. У адным гняздзе чорны бусел можа гнездавацца аж да 14 год запар.
Дзевятнаццаты чытальнік.
Стань ля Прыпяці,
Любуйся,
Прыхаваўшыся ў лазе.
Чорны бусел,
Чорны бусел
На адной стаіць назе.

Я люблю буслоў і белых,
Дык скажы: чаму, чаго
Вінавата і нясмела
Пазіраю на яго?

Ну, вядома, гэта рэдкасць,
Ну, вядома, гэта госць...
Успаміны колюць едка:
Іх звяла людская злосць.

Пра сініц пісаў і чаек
I пра салаўіны свіст.
Гэты бусел незвычайны,
Як ад продкаў нашых ліст.

Што са мною нарабілі
Вы, таемныя паслы:
3 песні —
Чорныя рабіны,
3 казкі —
Чорныя буслы?
Пімен Панчанка. «Чорны бусел»

Другі вядучы. Нам жа трэба клапаціцца аб прыродзе, каб нашы птушкі не засталіся толькі ў вершах, малюнках і фотаздымках.
Дваццаты чытальнік.
А буслы белы гонар маюць...
У гняздо не кладзіце хлеба.
Птушкі гэтыя не паміраюць.
Іх сабе забірае неба.
Эдуард Акулін. «А буслы белы гонар маюць...»

Гучыць песня «Аист на крыше» (сл. А. ІІапярэчнага, муз. Д. Тухманава).

Яшчэ на гэту тэму:

Шчаслівы выпадак     Благаслаўляем вас лясы