сцэнарыі святаў на беларускай мове

Людміла НЯХАЙ, музычны кіраўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, яслі-сад № 8 г.Беразіно Мінскай вобласці. "Пралеска" Лістапад 2012 г.

Каляда-калядзіца

Сцэнарый фальклорнага свята ў старэйшай групе

Вядучы (В.)-
Сёння ў вашай хаце свята, і гасцей у вас багата.
Усіх на свята запрашаем і сардэчна вас вітаем —
І дарослых і дзяцей, і шаноўных усіх гасцей!
Чуеце званочкі? Гэта едзе да вас Каляда! Сустракайце!
Усе апладыруюць. Заходзяць каляднікі.

1-шы каляднік.
Прыйшла Каляда да вашага двара!
Дзверы адчыняйце —
Каляду сустракайце!
2-гі каляднік.
Вакол свету мы ішлі і да вас зайшлі!
У багатую хату, у прыгожую святліцу.
3-ці каляднік.
Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!

Народная песня «Добры вечар, святы вечар!».


Каляднікі (разам).
Мы да вас ідзём, Каляду вядзём!
3-ці каляднік.
Дазвольце ў госці зайсці ды на лавачку сесці.
На лавачку сесці ды песенькі праспяваць!
1-шы каляднік.
Ці шырокія сцены, каб нам патанцаваць?
2-гі каляднік.

Ці добрая гаспадынька, каб нас пачаставаць?
Гаспадыня. Хата наша шырокая і вялікая, а частаваць вас пакуль няма за што.
Спачатку павесяліце нас, тады будзе відаць, за што вас частаваць!

Народная песня «Добры вечар вам!».

В. Мы людзі простыя, з далёкага краю.
Людцы ўсе сталыя з-пад самага раю! Ідзём вакол свету, аж да пана Лета. I к вам зайшлі — шчодру прыняслі!
Каляднікі хадзілі па хатах, спявалі калядныя песні і жадалі шчасця і дабрабыту гаспадарам. Пасля спеваў гаспадары адорвалі каляднікаў — давалі хлеб, сала, каўбасу, розныя ласункі і прысмакі.
1-е дзіця.
Мы віншуем вас са святам, жадаем шчасця вам багата!
2-е дзіця.
Каб было тут у вас вольна, весела і раздольна!
3-е дзіця.
Каб добрыя былі каровы, а вы былі здаровы!
4-е дзіця.
Каб вяліся ў вас свінні, цялушкі і розныя птушкі!
5-е дзіця.
Каб капуста ўрадзіла ўсім людзям на дзіва!
6-е дзіця.
Шчодрага вам лета, духмянага хлеба!
В. Мы к Лету ідзём, Казу вядзём, радасць людзям нясём!
Яшчэ з даўніх часоў лічылася, што каза сімвалізуе дабрабыт і багаты ўраджай. Яна павінна зрабіць новы год шчаслівым і ўраджайным.
3-ці каляднік. Каза наша вучоная, прайшла ўсе навукі і ведае розныя штукі. Ну-ка, Козачка, расхадзіся, развесяліся, добрым людзям пакланіся!

Народная песня «Калядная»
(апрацоўка Л. Захлеўнага).

Каза.
Я, Каза калядная, прыгожая ды ладная.
Я і гора, і бяду вакол рога абвяду!
Дзе Каза ходзіць, там жыта родзіць!
Дзе Каза рогам, там жыта стогам!
Дзе Каза бывае, туды шчасце завітае.
А дзе не бывае, таго яно мінае! (Танцуе.)
1-шы каляднік. Го-го-го, Каза, го-го-го, шэрая!
Дзе ты хадзіла? Дзе ты блудзіла?
Каза.
А я хадзіла, а я блудзіла
па цёмных лясах, па шырокіх лугах.
А ў ляску, ляску на белым сняжку я стамілася, павалілася! (Падае.)
В. Ой, Каза ўпала, ссохла, прапала! Бачна, даўно ўжо не ела, што так аслабела!
1-шы каляднік.
Гаспадар, ідзі, каўбасу нясі, сем кускоў сала, каб Каза ўстала!
2-гі каляднік.
Паўмеркі жыта, каб Каза была сыта!
3-ці каляднік.
А хто такі харошы, хай насыпле грошай!
Каза ўстае.

В. Хіба ж ты забылася, Каза, чаго ад цябе людзі чакаюць? Ты павінна зрабіць будучы год шчаслівым і ўраджайным!
Каза. Добра, калі так! Дам трошкі жыта для дабрабыту!
Святкуем Калядкі — лавіце зярняткі!
Лавіце рукой, каб у вас быў добры настрой.
Нікога не хвалюйце, усім цяпло даруйце!
(Танцуе.)

Мядзведзь. У-у-уІ А мне
гасцінцаў таксама хочацца!
В. I табе гасцінцаў захацелася? Спачатку паслужы, што ўмееш рабіць — пакажы!
Паводле старажытных уяўленняў, мядзведзь сімвалізуе сілу і здароўе.
Зараз ён пазабавіць вас, ён паслухмяны ў нас!
1-е дзіця. Пакажы, Міхай, як гаспадынька цеста месіць.
2-е дзіця. Як мужыкі сена косяць.
3-е дзіця. Як дзяўчаты перад люстэркам прыхарошваюцца.
4-е дзіця. Пакажы, Міша, як мужык на кірмаш ідзе.
5-е дзіця. А як мужык з кірмашу дамоў вяртаецца.
6-е дзіця. А як дзеці спяваюць.
Мядзведзь выконвае просьбы дзяцей.

В. Нам весела калядаваць, а вось дзеткі нашы зараз праспяваюць.

Народная песня «Чаму ж мне не пець?».


Цыганка.
Я цыганка маладая, я цыганка непрастая.
Я ўмею варажыць, а магу й прываражыць!
Пакажы, спадар, ручку — пакладзі грошай кучку.
Пагадаю вам на ўраджай. Цягні каласок.
Калі выцягнеш доўгі і поўны — ураджай будзе шыкоўны!
А калі саломка будзе тонка, то ў кішэні будзе звонка!
А вось гэтай пані пагадаю на каханне.

Наладжваюцца гульні «Мы табе завяжам вочкі», «Ці быць нам у згодзе ў гэтым годзе?», «Падушачка».

Каляда.
Музыка, зайграй хутчэй, праспяваем весялей!
1-е дзіця.

Сумных сёння тут няма: цешаць гульні розныя,
Цешыць нас усіх зіма — снежная, марозная!

Песня «Зіма навагодняя»
(верш і музыка Я. Жабко).

В. Дзякуй за пачастункі, а мы пойдзем.далей калядаваць, добрых людзей са святам вітаць!
1-шы каляднік.
Шчасця ды долі, а гора ніколі!
2-гі каляднік.
Моцна кахайце, на гэтым бывайце!
3-цікаляднік.
Нас не забывайце, праз год зноў чакайце!
Каляднікі (разам). Дзякуй гэтаму дому, пойдзем к другому! Усяго вам добрага! Да пабачэння!

Гучыць песня «Бывайце здаровы!».

Дадатак

Калядачкі
Сл. і муз. Я. Жабко
Ноты песні Калядачкі сл. і муз. Я. Жабко
Едуць, едуць да вас
Калядачкi!
Будзе весела усiм,
Ладкi-ладачкi.
Будзе весела усiм,
Ладкi-ладачкi.

У-ух! Ух! Ух!
Ладкi-ладачкi.

Каубасой, пiрагом,
Пачастуйце нас!
А то рожкамi каза
Забадае вас!
А то рожкамi каза
Забадае вас!

У-ух! Ух! Ух!
Забадае вас!

Пагасцiлi у вас
Калядачкi.
Стала весела усiм,
Ладкi-ладачкi.
Стала весела усiм,
Ладкi-ладачкi.

У-ух! Ух! Ух!
Ладкi-ладачкi.

За напоунены мех
Дзякуй сто разоу.
З калядою усе хутчэй
Едзем мы дамоу.
З калядою усе хутчэй
Едзем мы дамоу.

У-ух! Ух! Ух!
Едзем мы дамоу.


Яшчэ на гэту тэму:

"Добры вечар, шчодры вечар!.."     Калядная казка