сцэнарыі святаў на беларускай мове

С. В. МАТЭЙКА, настаўніца першай катэгорыі, СШ № 4 г. Жодзіна. Пачатковая школа 5. 2013

Беларуская іншаземка

Сцэнарый мерапрыемства

Мэта: пашыраць веды дзяцей пра бульбу.
Задачы: дапамагчы вучням зразумець, чаму людзям патрэбна гэтая расліна і як клапоцяцца пра яе; выхоўваць у дзяцей цікавасць да раслін.

Ход мерапрыемства

Вядучая. Добры дзень, дзеці! Колькі вас сёння да мяне завітала ў госці! А я затрымалася крыху. На агародзе была. А цяпер падрыхтавалася і прыйшла да вас.
Выцірала ж я пот,
даглядала агарод:
і фасольку-спавітушку,
і пятрушку, і чарнушку,
рэпку, рэдзьку, буракі,
мак, салату, агуркі,
часначок, цыбулю, боб,
гарбузы і памідоры.
У мяне работы горы.
А хто сам градкі даглядае,
Той загадкі адгадае.

Загадкі

  1. Кіну з мак, а вырасце з кулак. (Бурак.)
  2. Сто пасцелей на адным кіёчку ляжаць. (Капуста.)
  3. Зялёныя парасяткі навязаны да градкі. (Агуркі.)
  4. Чырвоная дзявіца сядзіць у цямніцы, а каса на вярніцы. (Морква.)
  5. Завітала ў хату пані ў чырвоным сарафане, як пачалі распранаць, сталі слёзы праліваць. (Цыбуля.)
  6. Тоўсты качан пералез праз паркан. (Гарбуз.)
Ну вось вы і пазнаёміліся з маім агародам. А сёння да нас прыйшла госця. А хто ж яна? Вы даведаецеся, калі адгадаеце маю загадку.
Славен край наш беларускі ёй здаўна.
Частка розных страў яна.
I зімой, і летнім часам
На яе мы вельмі ласы. (Бульба.)

Уваходзіць гаспадыня Бульбачка.

Бульбачка. Добры дзень! Я вельмі рада, што прыйшла да вас у госці. А цяпер скажыце, якія яшчэ загадкі пра мяне вы ведаеце.

Загадкі пра бульбу дзеці рыхтуюць загадзя.
  1. Гародніна-беларусачка —
    Пекная паненачка:
    Зялёная хустачка,
    Шэрая сукеначка.
  2. Зялёныя і густыя
    На градцы выраслі кусты...
    Падкапаў іх нам Андрэйка,
    А там цэлая сямейка.
  3. Пад зялёным кустом Сядзіць клубком.
Вядучая. Вось якія вы, дзеці, малайцы! На сённяшнім свяце ты, Бульбачка, будзеш гаспадынькай.

А ці любіце вы бульбу есці?
Хай той запляскае ў ладкі,
хто любіць з бульбы аладкі.
А за ім па парадку, хто любіць зразы і бабку,
Хто клёцкі, бульбяную кашу, салянікі,
А потым, хто любіць дранікі!
Усе мы ў ахвоту ядзім апетытныя дранікі.

А зараз мы даведаемся, што яшчэ можна рабіць з бульбы.
Бульбачка.
Бульбу вараць, пякуць, фаршыруюць,
Бульбу ўсе ў нас шануюць.
Ёй заўжды гасцей частуюць,
Стравы розныя з яе гатуюць.
Вядучая. Больш за ўсё любяць бульбу ў нас на Беларусі. Ды і расце яна тут вельмі добра. Таму і называюць бульбу “гароднінай-беларусачкай”, а нас з вамі — "бульбашамі”.
А ці ведаеце вы, адкуль узялася бульба? Не? Тады слухайце ўважліва.

Паданне

1-шы вучань. Жыла ў адной вёсцы жанчына. Была яна вельмі бедная. Не было нават чаго есці. Побач з ёй жыў багацей. Пайшла жанчына да яго. Папрасіла, каб чаго-небудзь паесці даў, а то дзеці галодныя плачуць. Але багацей выгнаў яе і не даў нават крошкі хлеба. Вярнулася жанчына дадому ні з чым. А дзеці плачуць, просяць есці. Пайшла яна на поле, назбірала каменьчыкаў, памыла іх, кінула ў кацёл, заліла вадой і паставіла на агонь — так меркавала дзяцей супакоіць. Заплаканыя і галодныя дзеці, убачыўшы, што маці нешта варыць, супакоіліся і пазасыналі.
У гэты час ішоў па вёсцы жабрак. Зайшоў ён да багацея і папрасіўся пагрэцца. Але той выгнаў яго ды яшчэ і сабак спусціў. Прыйшоў жабрак да гэтай жанчыны. Яна пусціла яго і дазволіла пераначаваць.
2-гі вучань. Тады жабрак папрасіў што-небудзь паесці. А жанчына і кажа, што дала б яна паесці, але і сама, і дзеці галодныя сядзяць.
— Дык ты ж варыш нешта ў катле, — заўважыў жабрак.
— Гэта каменьчыкі, каб дзяцей супакоіць, — адказала змардаваная жанчына.
Так і леглі ўсе галодныя спаць. А раніцай жабрак падзякаваў жанчыне і сказаў на развітанне, каб яна дзяцей накарміла тымі каменьчыкамі, што ляжаць у катле, і сама паела, а астатнія каменьчыкі параскідала па полі, з цягам часу зноў сабрала іх і прыгатавала ежу. I пайшоў жабрак.
Жанчына дастала з катла каменьчыкі, памкнулася адзін з іх разламаць, а ён — у сярэдзіне жоўты. Паспрабавала — вельмі смачна. Накарміла яна дзяцей, сама наелася. Астатнія каменьчыкі панесла на поле і пачала іх там раскідаць. Убачыў гэта сусед, смяецца з яе ды і кажа:
— Што гэта ты робіш? На полі і так камення многа, а ты яшчэ кідаеш.
Жанчына і расказала пра тое, што ёй сказаў жабрак.
Багацей пазайздросціў і пачаў на сваё поле цягаць камяні, ды выбіраў самыя вялікія. А камяні і пачалі расці. Спужаўся багацей ды і сам акамянеў.

Вядучая. Вось такая легенда пра тое, як з’явілася ў нас бульба.
А зараз я прывяду вам гістарычныя звесткі, як трапіла бульба да нас на Беларусь...
Было гэта ў даўнія часы, амаль 500 гадоў таму. У 1492 г. іспанскі мараплаўца Хрыстафор Калумб са сваёй камандай адправіўся ў падарожжа. Семдзесят дзён знаходзіліся мараплаўцы ў моры... Раптам з мачты раздаўся крык: “Зямля! Бачу зямлю!”
Ці ведаеце вы, што гэта была за зямля? (Адказы дзяцей.) Так, гэта была Амерыка.
Мараплаўцы ўбачылі, што людзі на гэтай зямлі пакланяюцца адной з раслін — бульбе. Ёй у ахвяру прыносілі ягня, кроўю якога акраплялі бульбу. Еўрапейцы накапалі клубняў і прывезлі іх у сваю краіну.
У Англіі абяцалі выдаваць залатыя медалі тым, хто будзе вырошчваць бульбу.
У Францыі вырашылі вырошчваць бульбу пры двары і не даваць сялянам. А калі сяляне пазайздросцяць і стануць красці бульбу, то рабіць выгляд, што не заўважылі. Так і адбылося. За некалькі гадоў большая частка Францыі была засаджана бульбай.
А рускі цар Пётр I прывёз бульбу з Іспаніі ў Расію і загадаў сялянам яе вырошчваць. Але яны не хацелі садзіць гэтую расліну, бо лічылі яе “чортавым яблыкам”. Лекары меркавалі, што бульба — разносчык праказы і прычына памутнення розуму. I пачаліся сапраўдныя "бульбяныя бунты”, якія былі жорстка задушаны. Толькі Ў апошняй чвэрці XVIII стагоддзя, пры Кацярыне II, пачалося распаўсюджванне бульбы ў Расійскай імперыі.
А на Беларусі бульба расце паўсюль. Яе завезлі з Заходняй Еўропы ў канцы XVII — пачатку XVIII стагоддзя. Рускія салдаты ў час Паўночнай вайны, якая праходзіла і па нашай тэрыторыі, пакаштавалі “земляныя яблыкі”. Цяпер бульба справядліва лічыцца гаспадыняй нашых палеткаў.
Дзеці, а вы ведаеце ўмовы вырошчвання багатага ўраджаю бульбы? Давайце іх успомнім.
Усе разам складаюць алгарытм вырошчвання бульбы.
Восенню вывозяць ўгнаенне на поле і зямлю пераворваюць.
Вясною садзяць бульбу.
Летам таксама хапае работы. Бульбяныя рады трэба некалькі разоў абагнаць (прысыпаць зямлёй), каб больш завязалася клубянькоў на карэньчыках (ад такой апрацоўкі ўраджай будзе лепшым). Калі абганяюць бульбяныя кусты, знішчаецца пустазелле — першы вораг бульбы... Другі яе вораг — каларадскі жук. Калі своечасова не апрацаваць расліну, то яго лічынкі з’ядуць бульбоўнік.
Вядучая. Дзеці, а вы бачылі квіценне бульбы? Якога колеру яе кветкі? (Зорачкі белага, ружовага, ліловага колеру.)
Бульба адцвітае, і пад яе зялёным кустом з’яўляюцца маладыя клубні. Мінае яшчэ некалькі тыдняў — і ў канцы лета бульбу пачынаюць капаць.
Дзеці, а ці ведаеце вы, што сапраўдны плод у бульбы — гэта ягадкі, якія з’яўляюцца на кустах у канцы лета. А бульбінкі — гэта карэнне. Але мы не ядзім ягадкі, бо яны не смачныя, а ядзім бульбінкі, якія выраслі ў зямлі.
Мы ведаем, якая цяжкая праца — вырасціць бульбу. Вы, напэўна, чулі і запомнілі прыказкі і прымаўкі аб працы. Давайце іх узгадаем.
  1. Праца нікога не ганьбіць.
  2. Маленькая лянота да вялікай дарасце.
  3. Гультайства горш за хваробу.
  4. Што аднаму цяжка, тое гуртам лёгка.
  5. Рана не ўстанеш — многа не зробіш.
  6. Лепей трошкі зрабіць, чым многа нагаварыць.
  7. Не адкладвай на заўтра тое, што можна зрабіць сёння.
Вядучая. Малайцы! Вы так шмат ведаеце прыказак аб працы. А ці ўмееце вы садзіць і капаць бульбу? (Адказы дзяцей.) Тады зараз пагуляем у гульню “Пасадзі і збяры бульбу".
Гуляюць дзве каманды па 5 чалавек. Дзеці па чарзе садзяць і збіраюць бульбу. Адзін садзіць — другі збірае. Выйграе каманда, якая першая справіцца з заданнем.

Вядучая. А зараз мы арганізуем яшчэ адну гульню. Яна называецца “Назаві страву”.
Дзеці становяцца ў круг і перадаюць адно аднаму мячык. Вядучы лічыць:
Раз, два, тры,
Страву назаві!
У каго апынуўся мячык, той называе страву, якую можна прыгатаваць з бульбы, ці стравы, у якія ўваходзіць бульба.

Вядучая. Вось мы казалі, што чалавеку трэба шмат працаваць, каб вырасціць бульбу. А чым жа яна аддзячвае чалавеку за яго працу?
Дзеці. Яна корміць чалавека.
Вядучая. У ваенныя гады бульбу звалі другім хлебам. Яна выратоўвала ад галоднай смерці. Так называюць яе ў нас, на Беларусі, і зараз.
3 кветак бульбы робяць настой. Калі баліць галава, можна папіць гэтага настою — і боль сціхне.
Калі апёк руку, трэба хутка разрэзаць бульбіну і прыкласці яе да абпаленага месца.
У бульбе ёсць вітамін С, які падтрымлівае жыццядзейнасць нашага арганізма.
Вядучая. А зараз мы з гаспадыняй Бульбачкай наладзім гульню. Станавіцеся ўсе ў кружок і вазьміцеся за рукі. Паўтарайце за мной тое, што я буду гаварыць.

Дзеці. А мы бульбу пасадзілі. (2 разы)
Бульбачка. А я невялічка, топ-топ.
Дзеці. А мы бульбу палівалі. (2 разы)
Бульбачка. А я невялічка, топ-топ.
Дзеці. Аўжо бульба прымаецца. (2 разы)
Бульбачка. А я невялічка, топ-топ.
Дзеці. А ўжо бульба расце, расце. (2 разы)
Бульбачка. А я невялічка, топ-топ.
Дзеці. А ўжо бульба цвіце, цвіце. (2 разы)
Бульбачка. А я невялічка, топ-топ.
Дзеці. А ўжо бульбу пара капаць. (2 разы)
Бульбачка. А я невялічка, топ-топ.

Вядучая. Ой, і павесяліліся мы. Загулялася я з вамі і забыла, што бульба на стале стыне. Сядайце ўсе за сталы, будзем частавацца бульбачкай.

Усе прысутныя частуюцца бульбай у мундзірах.

Вядучая. Дзеці, а вы ведаеце, што калі мы абіраем бульбу, то з лупінамі зразаем шмат карысных рэчываў? Таму бульбу карысна варыць у мундзірах. Яна вельмі смачная, асабліва з малаком.
Вось, мае дарагія, як шмат цікавага даведаліся мы сёння пра звычайную бульбачку.

Яшчэ на гэту тэму:

Апусцела поле, нівы адцвілі     Эх, бульба-бульбачка