сцэнарыі святаў на беларускай мове

Валянціна МІХАЙЛАВА, метадыст, Марыя КЛЮЕВА, выхавацель, Марына ЗЕЛЯНКЕВІЧ, музычны кіраўнік. Пралеска 1993г.

Люблю наш край, старонку гэту

Канспект заняткаў для дзяцей старэйшай групы

Тэма: "Дзяржаўная сімволіка адметныя рысы беларускага народа".
Праграмны змест: замацаваць веды аб дзяржаўных сімвалах, іх гісторыі, выхоўваць пачуццё нацыянальнай годнасці, павагі да сваёй гісторыі, культуры, традыцый. Замацоўваць веды дзяцей аб тым, як народ ствараў прыгажосць свайго адзення, аб геаметрычным арнаменце, яго элементах, прынцыпах пабудовы. Выхоўваць пачуццё эстэтычнага густу.
Папярэдняя работа: знаёмства з дзяржаўнай сімволікай, з гісторыяй яе ўзнікнення, з глобусам, картай Беларусі, з дзяржаўнымі сцягамі іншых краін, разглядванне прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, нацыянальнага арнаменту, альбома "Беларускае народнае адзенне", кнігі М. П. Жабінскай "Складзі ўзор сам"; наведванне музея этнаграфіі і фальклору.
Абсталяванне: 2 глобусы, лялька ў нацыянальным адзенні, дзяржаўны сцяг, герб, выява мужнага князя з параненай галавой, штампы з элементамі геаметрычнага арнаменту, таніраваная папера ў форме прамавугольнікаў, гуаш, сурвэткі, касета з запісам беларускіх песень у выкананні Данчыка (Багдана Андрусішына).
Сувязь з іншымі заняткамі. Музычныя заняткі: развучванне беларускай народнай песню “Ой, рэчанька, рэчанька...”, лірычнага танца з вяночкамі, беларускіх народных рухомых гульняў з музычным суправаджэннем "Кубачак", "А мы проса сеялі...".
Аплікацыя і маляванне: упрыгожванне элементамі геаметрычнага арнаменту з саломкі, каляровай паперы, а таксама маляванне пэндзлямі, штампамі посцілак, ручнікоў, кашуль, сукенак, сурвэтак.
Мастацкая літаратура: завучванне на памяць верша С. Панізніка "Над світальным возерам", чытанне кнігі "Пра Герб і Сцяг" В. Вячоркі.

Ход заняткаў

Выхавацель. Дзеці, у свеце шмат народаў, і кожны народ жыве ў сваёй краіне. У ЗША жывуць амерыканцы, у Кітаі — кітайцы. А мы з вамі хто?
Дзеці. Беларусы.
Выхавацель. У якой краіне мы жывём?
Дзеці. У Рэспубліцы Беларусь.
Выхавацель. А ці можа хто з вас паказаць на глобусе, дзе знаходзіцца наша краіна? Цяжка вам гэта зрабіць? Я паспрабую дапамагчы. (Уносіць глобус, дзе краіны адзначаны сцягамі. Дзеці знаходзяць свой сцяг.) А ці бачыце вы аднолькавыя сцягі?
Дзеці. Не, усе розныя.
Выхавацель. Так, аднолькавых няма, кожная краіна, кожны народ мае свае сімвалы, свае знакі — герб і сцяг. Як называецца наш герб?
Дзеці. Пагоня.
Выхавацель. Выяву каго вы бачыце на нашым гербе?
Дзеці. Выяву рыцара.
Выхавацель. А што азначаў кліч рыцара "Пагоня!"?
Дзеці. Гэты кліч азначаў, што на нашу беларускую зямлю напалі ворагі і ўсе мужчыны павінны стаць на яе абарону.
Выхавацель.
Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

Так пісаў пра нашу старабеларускую Пагоню паэт Максім Багдановіч. Гербы і сцягі людзі прыдумалі даўно. Ёсць легенда пра тое, як узнік наш сцяг. Хто з вас нагадае яе? (Дзіця расказвае легенду пра мужнага князя, якога шанаваў народ і баяліся ворагі. Калі ж нападалі чужынцы, смела ішоў у бой. Аднойчы ў сечы чужы рыцар мячом рассек яму лоб. Верныя сябры вынеслі князя з поля бітвы і перавязалі рану белым палатном. Без свайго князя беларускія рыцары пачалі адступаць, і тады паранены князь падняўся, зняў павязку з ілба і разгарнуў яе над галавой, быццам сцяг. Рыцары зноў пайшлі ў бой і перамаглі. 3 таго часу разгорнутая белая павязка з чырвонай паласой пасярэдзіне стала знакам мужнасці — сцягам.)
Выхавацель. Дзякуй, ты зрабіў вандроўку ў далёкую гісторыю, нагадаў, што мы, беларусы, старажытны народ. Якія колеры спалучае наш герб і сцяг?
1-е дзіця. Белы і чырвоны.
Выхавацель. А што азначаюць
гэтыя колеры?
2-е дзіця. Беларусы здаўна любяць белы колер, можа, таму мы і называемся беларусамі. Белы — гэта значыць, чысты, а чырвоны — колер мужнасці і адвагі.
Выхавацель. Кожны народ шануе свой сцяг. Для нас, беларусаў, найдаражэйшы бел-чырвона-белы сцяг. 3 ім продкі абаранялі Бацькаўшчыну ў далёкую мінуўшчыну, а сёння наш сцяг прадстаўляе Беларусь у свеце, ён упрыгожвае вуліцы і плошчы ў вялікія святы, ён лунаў у небе далёкай Нарвегіі на Алімпійскіх гульнях. Як вы думаеце, чаму спартсмен, калі перамагае, пры магчымасці ўздымае сцяг сваёй краіны?
3-е дзіця. Каб усе бачылі, з якой ён краіны.
Выхавацель. Дзіўна тое, што кожны народ адрозніваецца ад іншых моваю, звычаямі, сваімі танцамі, гульнямі, нацыянальным адзеннем. Вось і мы з вамі сёння ў нацыянальных касцюмах. Нагадайце мне, што вы сёння апранулі?
Дзеці. Спадніцы, фартушкі, кашулі, шнуроўкі, паясы.
Выхавацель. Паглядзіце, у чым сёння да нас з’явілася Алеся. Як называецца верхняе адзенне, якое яна дэманструе?
Дзеці. Світа, світка.
Выхавацель. Алеся сёння апранула і спаднічку не зусім звычайную, а з запахам, на завязках. Як такая спаднічка называлася даўней на Беларусі?
Дзеці. Андарак.
Выхавацель. Чым упрыгожана кашуля Алесі?
Дзеці. Вышыўкай, чырвонымі і чорнымі крыжыкамі, ромбамі.
Выхавацель. Якія яшчэ вы ведаеце элементы беларускага геаметрычнага арнаменту?
Дзеці. Квадраты, прамавугольнікі, трохвугольнікі, ромбы, крыжыкі, васьмівугольная зорачка, ломаная лінія, лінейны арнамент з прамых палосак.
Выхавацель. Дзеці, а чаго нестае ў нацыянальным касцюме Алесі?
Дзеці. Скіндачкі, галаўнога ўбору.
Выхавацель. Давайце намалюем скіндачкі для нашых лялек і Алесі.
(Гучаць беларускія песні ў выкананні Данчыка, дзеці малююць. Пасля заканчэння работы выбіраюць самую прыгожую скіндачку і апранаюць Алесі.)
Вы добра папрацавалі, надышоў час пагуляць, павесяліцца.
(Беларускія народныя гульні "А мы проса сеялі", "Кубачак". Танец з вяночкамі, які танцуюць дзяўчынкі, суправаджаецца выкананнем дзецьмі і дарослымі песні "Ой, рэчанька, рэчанька...".)

Дадатак

Гульня "А мы проса сеялі". 36. "Крынічка". Мн., Беларусь. 1989. С. 42.
Лірычны танец з вяночкамі, які танцуе група дзяўчынак (танец суправаджаецца выкананнем песні).
Словы песні "Ой, рэчанька, рэчанька...”

Ой, рэчанька, рэчанька,
Заспявала дзеванька.
Ай, люлі, люлі, люлі,
Заспявала дзеванька.

А таму, што малада,
Вішняй расцвіла ў садах.
Ай, люлі, люлі, люлі,
Вішняй расцвіла ў садах.

А таму, што ўсюды май,
Адказаў ёй рэхам гай.
Ой, люлі, люлі, люлі,
Адказаў ёй рэхам гай.

А таму, што русы косы,
Буйна высыпалі росы.
Ай, люлі, люлі, люлі,
Буйна высыпалі росы.

А таму, што вочы сіні,
Пакахаў яе хлапчына.
Ай, люлі, люлі, люлі,
Пакахаў яе хлапчына.

Ой, рэчанька, рэчанька,
Заспявала дзеванька.
Ай, люлі, люлі, люлі,
Заспявала дзеванька.

У кожным куплеце два апошнія радочкі паўтараюцца два разы.

Яшчэ на гэту тэму:

Падарожжа ў свет прыроды     Дарагая мая беларусь