сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. С. ЛЯЛЁКІНА, выхавальніца групы прадоўжанага дня СШ № 2
В. Я. МАТЫСЮК, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі. г. Пружаны. Пачатковая школа 1995/7

Дзень нараджэння - цудоўнае свята.

Сцэнарый ранішніка

Зала прыбрана пад сялянскую хату. Вісяць ручнікі, засцелены саматканыя посцілкі, на падлозе — саматканыя палавікі.

Вядучая. Добры дзень, хлопчыкі і дзяўчынкі! Добры дзень, дарагія госці! Сёння мы з вамі сустрэліся ў клубе „Крынічка", каб павіншаваць з днём нараджэння тых дзяцей, хто нарадзіўся вясной (восенню, летам, зімой).
Вясёлыя песні звіняць у пакоі,
I кожны з гасцей у цудоўным настроі.
3 сябрамі святкую свой дзень нараджэння,
Ад розных ласункаў яны ў захапленні.

Стук у дзверы, уваходзіць Буслік.
Буслік. Добры дзень, хлопчыкі і дзяўчаткі!
Дзеці. Добры дзень!
Буслік.
Буслік я, усім знаёмы
3 калыханкі, вам вядомай.
Вядучая. Добры дзень, уваходзь, калі ласка. Сёння ў клубе ў нас свята-казка.
Дзяўчынка.
Імяніннікаў нашых
Мы сёння віншуем,
Спяваць будзем з імі і патанцуем.
Буслік.
А дзе імяніннікі, як іх пазнаць?
У кошыку ім падарункі ляжаць.
Вядучая.
Ціха, дзеткі, памаўчыце,
Бусліку нічога не кажыце.
Ану, Буслік-чарадзей,
Адшукай імяніннікаў сярод дзяцей.
Буслік (бярэ люстэрка).
Ты, люстэрка, мне дапамажы,
Імяніннікаў пакажы.
Хлопчыкі і дзяўчынкі!
Хутчэй у карагод!
Люстэрка падкажа,
Каму з вас сем год.

Удзельнікі водзяць карагод „Люстэрка".

У каго, у каго Сёння імяніны?
У Сяргейкі, у Надзейкі Ці то у Яніны?
Прыпеў:
Зараз, зараз Люстэрка нам скажа.
Зараз, зараз Нам яно пакажа!
У каго,у каго Сёння імяніны?
У Міхалкі, у Таццянкі Ці то у Ірыны?
Прыпеў.
У каго,у каго Сёння імяніны?
У Алёны, Мікалая Ці то ў Васіліны?
Прыпеў.

Імяніннікі выходзяць у круг.
Вядучая.
От жа, Буслік, малайчына!
Цудадзей дый годзе!
Імяніннікаў знайшоў
Люстрам ў карагодзе.

Дзеці садзяць імяніннікаў на кажух.
Вядучая:
3 днём нараджэння віншуем,
На кажух саджаем.
Да добрай долі рыхтуем,
Здароўя і шчасця жадаем.

Буслік бярэ міску з вадой і насыпае аўса.
У вадзіцу аўса насыплем,
Тварыкі ясныя памыем,
Каб былі чыстыя, як гэта вада,
Шчодрыя, як матухна-зямля.
Вясёлыя, як жвавы ручаёк.
Прыгожыя, здаровыя,
Як малады дубок.
Звяртаецца да імяніннікаў.
Тут авёс і вада —
Няхай вас абыдзе бяда!
Будзьце ўсе здаровыя,
Прыгожыя, вясёлыя.
Вядучая. Дзякуй табе, Буслік, за пажаданні.
Звяртаецца да імяніннікаў.
На галоўкі вяночкі вам надзяваем,
Жыцця доўгага жадаем,
Каб хлопчыкі, як дубкі, моцнымі раслі,
А дзяўчаткі, як каліна ды вішня, цвілі,
Каб шчодрымі былі усім надзіва
I багатымі, як жытнёвая ніва,
Каб зіхацелі радасцю вочкі,
Як кветкі роднай Беларусі — васілёчкі.

Дзеці надзяваюць на імяніннікаў вяночкі з дубовага лісця, запальваюць свечку, абыходзяць з ёй вакол імяніннікаў, прыгаворваючы:
Дзяўчынка.
Свечка, гары, душу весялі,
Ліха адганяй, дзіця аберагай.
Хлопчык.
Расці, дзіцятка не хварэй.
Хваробу, агеньчык, гані ад дзвярэй.
Дзяўчынка.
Агеньчык пагасне,
А ты будзеш жыць,
Татулю, матулю,
Сяброў весяліць.
Дабро і спагаду
Нясі ад душы,
Дзьмухні мацней
Ды свячу патушы.
Імяніннікі гасяць свечку.

Вядучая. Дзеткі, ці спадабаліся вам нашы віншаванні?
Дзеці. Спадабаліся, вельмі спадабаліся!
Стуку дзверы. Уваходзіць Дзед-Барадзед.
Дзед-Барадзед. Добры дзень, мае харошыя! Ах, якія вы прыгожыя! Вы не ведаеце, хто я? Зараз, зараз. Я вам спяю песеньку, і вы адразу мяне пазнаеце.
Гучыць песенька Дзеда-Барадзеда.
(Муз. Леаніда Захлеўнага, сл. Артура Вольскага.)

Дзед-Барадзед: Так, так! Я той самы Дзед-Барадзед, які ўсюды бывае, усё ведае, усім дапамагае. Дык вось, гуляю я гэта сабе па лесе, а тут сарока як застракоча: „Вам, паважаны барадзед, тэлеграма, тэлеграма.” Гляджу — сапраўды тэлеграма: “Запрашаем на Дзень нараджэння. Удзельнікі клуба „Крынічка". Ну, вось я і тут.
Імяніннік. Дзякуй, Дзед-Барадзед, што знайшоў час да нас завітаць.
Дзед-Барадзед. Ведаю, што ўсе вы разумныя, кемлівыя. А ці адгадаеце вы дзедавы загадкі?

Прыйшла яна і спаць усіх паклала,
Накрыла лёгкім сінім пакрывалам.
(Ноч.)

Расцілі, збіралі, тапталі, ткалі
I на стол заслалі.
(Абрус.)

Залацісты ды вусаты,
ЁН прыйшоў да нас на свята,
У кішэнях сто дзяцей,
Кожны з іх для вас расце.
(Колас.)

Мы на полі яе бралі,
Потым з Поляй перабралі,
Амаль ночку шынкавалі,
Ды ўсё ў бочку трамбавалі,
Было ў бочцы ранкам пуста,
Зараз там ляжыць... (капуста).
Яно слізкае ў руках,
Асаблівы мае пах.
Пакуль Міла кофту мыла,
Змыліўся кавалак... (мыла).

Ох і малайцы! Усё ведаеце. Недарма ў школу ходзіце.
Вядучая. Дзед-Барадзед, а не стаміўся ты часам, мабыць, здалёк ішоў?
Дзед-Барадзед. Стаміўся? Ды я яшчэ ого-го які малады і спрытны. I спець, і станцаваць магу.
Вядучая. Ну дык і патанцуем з дзеткамі.
Удзельнікі танцуюць танец "Саўка ды Грышка"

Вядучая. Дзеткі! А хто вершы ведае? Давайце пачытаем.

Камар

Ох і цяжкі
Камарыны лёс!
У яго ж
Такі даўжэзны нос!
У аўторак
Пралятаў камар
Праз наш надворак.
Зачапіўся носам ён за плот
I зваліўся прама ў агарод.
Патаптаў там
Шчаўе і цыбулю,
Добра,хоць не бачыла
Бабуля!
А інакш
Тады б ужо нямала
Ад бабулі камару папала!

Певень у капелюшы

На базары певень быў,
Модны капялюш набыў,
Набакір яго надзеў
I ў люстэрка паглядзеў.
Збоку падышоў гусак,
Глянуў гэтак, глянуў так,
У бакі раскінуў крылы
I загагатаў штосілы:
— Гэй вы, гусі з гусянятамі,
Індыкі з індычанятамі
I сабакі са шчанятамі,
Ўсе хутчэй сюды ідзіце
I на пеўня паглядзіце:
Парагочам ад душы —
Певень у капелюшы!

Вожык-ягаднік

Па сцяжынцы тупаў вожык,
Нёс сунічак поўны кошык.
Замарыўся, успацеў,
Адпачыць на пень прысеў.
Зайчанятак не пужае,
А ласкава запрашае:
— Вы частуйцеся, сябры,
Шмат сунічак у бары!
Паглядзеў наш добры вожык:
Стаў пустым ягоны кошык.
На палянку, да крынічкі,
Зноў пайшоў збіраць сунічкі.
Вядучая. Давайце пагуляем трошкі.

Наладжваюцца гульні "Пастух і статак", "Вожык і мышы."

Буслік.
Надышоў мой час вас адарыць.
У кошыку кожнаму падарунак ляжыць.
Буслік раздае імяніннікам падарункі.
Дзед-Барадзед. А вось і мае падарункі. Яны цудоўныя. Адгадайце, якія:
Белае поле, чорнае насенне,
Хто яго сее, той і разумее,
(Кніга.)

Дорыць кнігі імяніннікам.
Імяніннікі: Дзякуй вам, Буслік і дзядуля, за падарункі. Запрашаем пачаставацца імянінным пірагом.

Яшчэ на гэту тэму:

Дзень нараджэння - цудоўнае свята     На нашы імяніны вас шчыра запрашаем