сцэнарыі святаў на беларускай мове

Сцэнарый святочнага калядавання

Дзеючыя асобы і персанажы:

Звяздар са звяздою
Дзед-пачынальнік
Каза
Конь
Жораў
Мядзведзь
Цыган
Афіцэр
Маладзіца
Лекар
Механоша
Музыкі


Падышоўшы да хаты, адзін з удзельнікаў стукае ў дзверы. Атрымаўшы дазвол ён заходзіць і гаворыць.
–Дзень добры у хату!
Пачуўшы адказ, кажа далей.
-Іду ад пана нашага. Ідучы пытаю, што сказаці маю свайму пану Тоду, што носіць бароду, шыроку, як лапату, сіву і касмату. Ці шырокі лавы, каб нам паляжаці? Ці добра гаспадыня, каб нас частаваці?
Гаспадыня. Адкуль вы?
Госць: Мы людзі простыя, з далёкага краю, хлопцы ўсе сталыя, з-пад самага раю.
Г-ня: Адкуль ідзеця?
Госць: ідзём кругом света, ад пана Лета. Мы к лету ідзём, казу вядзём і радасць нясём.
Гаспадыня: Дык просім у хату.

Першым заходзіць Дзед пачынальнік, які вядзе за сабой “казу”, потым цыган з канём, маладзіца з афіцэрам,музыкі, механоша і ўся світа.

Дзед: Добры вечар пане гаспадар! Ці вольна паспяваці дай павесяліці?
Гаспадар: Вольна, спявайце!

Усе спяваюць “Добры вечар вам”. У час прадстаўлення жораў ходзіць па хаце і стараецца дзеўбануць каго-небудзь з прысутных.

Дзед:
Паехала каляда з канца ў канец,
Каляда, калядзіца ж мая!
Зайшла каляда к Андрэю на двор.
-Пан Андрэй, чым даруеш Каляду,
Каляду, Калядзіцу ж маю.

Спяваюць песню “Добры вечар таму…”

Пасля песні дзед некалькі разоў стукае кіем у падлогу. Музыкі пачынаюць іграць песню “Го-го-го каза” Каза пачынае пераступаць з нагі на нагу пад рытм. Калі песня заканчваецца каза прыкідваецца мёртвай, затым устае. Дзед бярэ казу за шыю, падводзіць да гаспадароў і кажа:
Дзед. Ну-ка, каза! Стань расхадзіся, пану хазяіну памаліся! Пані-хазяйцы памаліся, каб ласкава была, унесла каўбасу і кусок сала, каб каза весялей стала!
Гаспадар. Дзе вы гэту казу дасталі?
Дзед. На кірмашы ад старога купіў. Семсот грошай заплаціў.
Гаспадар. А дзе сам так вывучыўся?
Дзед. Па ўсім свеце ходзячы, торбу хлеба носячы, між людзей бываючы, дзівы дзіўныя ведаючы, розныя кнігі чытаючы, уверх нагамі іх трымаючы.

Пасля выступлення казы, дзед звяртаецца да маладзіцы і афіцэра са словамі.
Дзед. Ну пагуляйце нам вы!

Музыкі пачынаюць іграць “Барыню”. Закончыўшы танец маладзіца і афіцэр адыходзяць у бок.
На сярэдзіну хаты выходзіць цыган з канём. Цыган стукае два, тры разы аб падлогу, і кань галопам рухаецца па крузе.

Цыган. А, ну хазяін, ці няма памяняць на коней? Мае сівыя як бяжыць – зямля дрыжыць, а паваліцца ляжыць!
Конь валіцца на падлогу, і потым галопам рухаецца па крузе. Цыган пачынае прыставаць да гаспадара.
Цыган. Памажы падняць! Ну, дык будзем ляжаць! Я цыган багаты, у мяне ў адным кармане вош на аркане, а ў другім блаха на цапу!
Госць. Лекара, дзе лекар?
Выходзіць лекар, абыходзіць не спяшаючыся, кабылу, затым адчыняе свой чамадан, бярэ ў руку трубку ці цыбуліну накшталт слыхавога апарата. Потым прыставіўшы яе да галавы кабылы быццам уважліва слухае. Затым дастае бутылку з нейкай вадкасцю і нібыта налівае ёй у рот. Кабыла падымаецца, але потым зноў валіцца. Цыган некаторы час ганяецца за лекарам.
Цыган. Ашуканец, ашуканец,лавіце яго! Падыходзіць да кабылы,тармосіць яе, кабыла устае. Цыган падводзіць яе да гаспадара.
Цыган. За ету чэсць давай, хазяін, карбаванцаў шэсць і тры кускі сала, што б наша кабыла не прыстала!
Цыган з кабылай атрымаўшы падарунак адыходзяць у бок.
Выходзяць важак з мядзведзем.


Важак. Кланяюся нізка усім, і Міша таксама кланяецца (ківае галавой). Ну-ка Міша, пакажы нам як бабы хлеб месяць.(паказвае). Ну-ка Міша пакажы чэснай публіцы, як мужык Янка п’яны з кірмашу дамоў вяртаецца. Мядзведзь паказвае. Так, так, Міхаіл, весялей, весялей – мужык Янка добрых дзве кварты выпіў і таму ног пад сабой не чуе.(мядзведзь паказвае як ходзіць зусім п’яны чалавек).
Ну, Міша, за старанне трымай мядовы пернік. Пернікі любіш?(дае пернік).
Ну-ка , Мішанька, паскач харашэнька – ета табе не пчолак драць…(выконвае танец мядзведзь)
Ну, Міша, апускайцеся на ніз! Падзякуй усім гаспадарам ды пойдзем далей.
Дзед:
Ой там на гары пеўнічак пяе
Добры вечар!
Пеўнічак пяе, Васілька ўстае(імя сына гаспадара)
Васілька ўстае, да стаенні ідзе
Да стаенні ідзе, коніка вядзе.

Спяваюць усе песню “А ў полі полі”

Дзед:
Ой ішла каляда калядуючы праз сяло,
Зайшла ж яна да пана Сцяпана пад акно,
Ой пан Сцяпан , харошыя дочкі ў цябе!

Спяваюць песню “У лузе каліна вясну скрасіла”
Дзед:
(да гаспадара) А ну барджэй, не баў гасцей!
Механошу – копу грошы
Падхватнічкам – па цукерачцы,
Па цукерачцы, кілбасу на талерачцы.
Пачынальніку – чырвон злоты,
Ад кошачкі – сала троошачкі,
Ад кароўкі – чвэрць палоўкі,
Ад коніка – бочкі солі,
Ад авечкі – рэшата грэчкі
Ад свінні – шрот саланінні.

Атрымаўшы пачастункі ўсе крычаць,
Які гэта піражок – каб гэтакі каласок,
Аз таго каласочка – жыта бочка!
А за гэты кусок сала, каб свіння дзверы выстаўляла.

Пакідаючы хату усе спяваюць. “ Будзь ваша здароў”

Песні

Го-го-го каза

Го-го-го каза,
Го-го-го шэра,
Дзе ты бывала?
У шчырым бару
Ягадкі брала.
Ох ты козанька,
Не гаспадыня
Сваіх дзетачак
Не пакарміла,
Не пагадавала
Па шчыраму бору
Не парассыпала
Купіла сярпок,
Нажала снапок,
Свае дзетачкі пагадавала.
Па шчыраму бору
парассыпала.
Не ідзі козанька,
Да ва то сяло,
Ва Жыровічы,
Бо ў тым сяле
Усе людзі стральцы,
Мелі казу убіць,
Шкуру аблупіць,
Шкуру абадраць,
Грошы пабраць.
На печы жыта
Цапамі біта
Гаспадар ідзе
Рэшата нясе
Рэшата аўса,
Наверх каўбаса,
Тры кускі сала,
Што б каза устала.

Добры вечар вам!

Добры вечар вам!
Чэсным гаспадам!
Мы не самі йдзем,
Мы казу вядзем
казе паскакаць
а нам пагуляць.

Добры вечар таму, хто ў етам даму.
Святы вечар (пасля кожнага радка)
А ў етам даму сам пан гаспадар
За сталом сядзіць, тры кубкі дзяржыць
У першым кубачку зеляно віно
У другім кубачку – кудрава піва,
У трэцім кубачку – мядок саладок.
Зеляно віно – для гаспадара,
Кудрава піва – для жаны яго,
Сладок мядок – для яго дачок
Мы гаспадара не зневажаем
Да з Новым годам паздраўляем!

У лузе каліна вясну спрасіла.

У лузе каліна вясну спрасіла,
Добры вечар вясну спрасіла(пасля кожнага радка)
Няма найкрашай як наша Зоська.
Ўвайшла у сені – сені заззялі.
Увайшла у хату – хлопцы стаялі,
Хлопцы стаялі – шапкі здымалі,
Шапкі здымалі – у яе пыталі.
Ці ты папоўна, ці ты каралеўна?
Я не папоўна, не каралеўна,
Іванава дачка , як паненачка.

Будзь ваша здароў,
Як рыжык бароў!



Яшчэ на гэту тэму:

Ой, Каляда, ой, Каляда!     Каляда-калядзіца