сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена КАЗЛОЎСКАЯ, педагог сацыяльны. Пралеска 09/2012

«Казку—ты, казку—я...»

Канспект пасяджэння клуба для бацькоў «Мы і нашы дзеці»

Праграмны змест: пашырыць веды бацькоў аб творчасці Якуба Коласа; развіваць эстэтычныя пачуцці; выхоўваць павагу і любоў да сваёй краіны, да сваёй нацыянальнасці.
Абсталяванне: выстава твораў Якуба Коласа; каляровыя стужкі; рэчы да касцюмаў казачных герояў Бабы, Жабы, Жыцейка, Анучніка; люстэрка, падзеленае на часткі; папяровыя ланцужкі; чароўная скарбонка з рэчамі: чаравікі, жаба, зярнятка, торба.
Папярэдняя праца: спіс казак для бацькоў, эмблемы і назва камандаў.
У конкурсе прымаюць удзел бацькі. Арганізуецца 4 каманды. Загадзя бацькам даецца спіс казак, якія яны павінны прачытаць. Гульня пачынаецца з конкурсу «Візітная картка», дзе каманды прадстаўляюць свае назвы і эмблемы.
Вядучы (В.). Паважаныя бацькі! Наша пасяджэнне прысвечана 130-й гадавіне з дня нараджэння славутага земляка Якуба Коласа. Гэта вядомы беларускі паэт, казачнік. Сённяшняя гульня пакажа, хто з вас лепшы знаўца казак Якуба Коласа.
Як цудоўна, мамачкі!
Як цудоўна, татачкі!
Што на белым свеце ёсць
Небыліцы-казачкі —
Добрыя, чароўныя!
Калі ўсе іх прачытаць,
То мудрэйшым можна стаць.
Казку - ты,
Казку — я —
Пачынаецца гульня!
I КОНКУРС -«Інтэлект-лато»
В. Кожная казка мае свой пачатак, сваю прыказку. Сапраўдны казачнік можа па пачатку яе назваць. Паспрабуйце гэта зрабіць і вы. Я буду зачытваць прыказкі, а вы на картках пазначайце назвы адпаведных казак.
Кожная каманда атрымлівае картку для працы.
Прапануюцца пачаткі казак:

1. Жылі-былі дзед і баба. Хораша жылі яны між сабою. За ўсё сваё жыццё яны не толькі ні разу не пабіліся, але і не пасварыліся нават. («Баба і чорт».)
2. Даўно, даўно гэта было, не за памяць нашых дзядоў. («Варона і зязюля».)
3. У цеснай, крэпкай турме аднаго вялікага горада сядзеў бедны засуджаны. Нягодныя людзі закавалі яго ў ланцугі і кінулі ў турму. («Песня і птушкі».)
4. Было ў бацькі тры сыны: два разумныя, а трэці, самы меншы, дурань. («Дурань».)
Пасля выканання задання каманды здаюць карткі журы, якое і падводзіць вынікі конкурсу.
В. Ну вось, прыказка ёсць, а далей казка будзе: «I пайшлі чатыры багатыры ў чатыры бакі, куды вочы глядзяць. А глядзелі яны ў кожнага на сваю казачную краіну, якая знаходзіЛася за трыдзевяць зямель».

Запрашаюцца капітаны каманд. Яны выбіраюць колер сцежкі, па якой будуць ісці.

В. Сцежкі кожнага з вас прывядуць да сваёй казкі, дзе вы сустрэнецеся з казачнымі героямі і павінны будзеце ім дапамагчы. За кожную такую дапамогу капітан атрымае кавалачак казачнага люстэрка. Сабраўшы іх разам, яго каманда набывае права ўдзельнічаць у апошнім конкурсе нашага спаборніцтва.
Ішоў бай па сцяне,
Нёс сямёра лапцей,
I сабе, і жонцы,
I дзіцёнку па лапцёнку.
Ці баіць, ці не?

Капітаны становяцца на свае сцежкі.
II КОНКУРС «Знаёмства»
Па чарзе капітаны сустракаюцца з казачнымі героямі, пазнаюць іх і прапаноўваюць сваю дапамогу.
Казачны герой белай сцяжынкі.
На якія толькі хітрыкі не кідаўся я, каб звесці дзеда з бабаю, нічога не памагло. Спрабаваў кідаць у гаршчок з капустаю вуголле і сажу. А дзед і вухам не вядзе: выкіне з капусты вуголле, есць ды бабу хваліць, што яна добрая гаспадыня. Дзеда ўначы завёў у бабіну расаду і вытаптаў яе дзедавымі нагамі. А вось, думаю, пачастуе баба дзеда чапялою. Не! Не атрымалася... (Плача.)
В. Што гэта за казка? Як завуць героя? Ці можна яму дапамагчы?
(Казка «Баба і чорт», Чорт.)
В. А вось яшчэ адна цудоўная казка Якуба Коласа.
Казачны герой чырвонай сцяжынкі. А колькі ў нас ворагаў! Хто толькі не крыўдзіць нас, бедных. Крыўдзяць нас людзі, крыўдзяць звяры, нават птушкі-драпежнікі — каршуны, совы, пугачы — і тыя нас ушчуваюць. Ніхто не баіцца нас, ну ніхтосенькі!.. Пойдзем, хіба, ды ў ваду кінемся. (Плача.)
(Казка «Зайчыкі», Зайчык.)
Казачны герой сіняй сцяжынкі.
Страшна загневаўся я. Вось залезу ў сваю норку, выставіўшы доўгія вусы і шырокія клешчы, і не зварухнуся. Скарэй памру, а не вылезу. Нават гаварыць ні з кім не жадаю.
(Казка «Цяжкая доля», Рак.)
Казачны герой жоўтай сцяжынкі. Пакуль жыў-быў бацька, усе мы жылі разам. Бацька заступаўся, калі браты пачыналі мяне крыўдзіць. Жыў я і вялікага гора не знаў. Але памёр бацька, падзяліліся старэйшыя браты, а мяне выгналі з хаты. Вось пастаю я тут, паплачу, пагляджу апошні раз на свой двор і пайду куды вочы глядзяць. (Плача.)
(Казка «Дурань», Дурань.)
В. Вось паглядзіце, якія цудоўныя казкі ў творчасці Якуба Коласа. А ў каго з вас у дамашняй бібліятэцы ёсць гэтыя казкі? (Адказы дзяцей.)
Сцяжынкі прывялі нас у «Чарадзейную палату». Тут кожны капітан павінен падабраць сабе касцюм таго персанажа, хто зможа дапамагчы яго казачнаму герою.
III КОНКУРС -«Чарадзейная палата»
Капітаны падыходзяць да стала, дзе ляжаць розныя рэчы, і выбіраюць патрэбныя элементы касцюмаў. Затым апранаюць іх і расказваюць, чаму менавіта гэты касцюм спатрэбіўся. Удзельніку, які правільна падабраў касцюм, уручаецца яшчэ адзін кавалачак люстэрка.
Белая сцяжынка — касцюм Бабы,
чырвоная сцяжынка — касцюм Жабы,
сіняя сцяжынка — касцюм Жыцейка (Зярнятка),
жоўтая сцяжынка — касцюм Анучніка.

В. Малайцы, капітаны! Цяпер можна і да Лесуна ў госці адправіцца.
Лясун. Добры дзень! Вельмі рады вітаць вас у сваім лесе! Чуў, што вы дапамагаеце казачным героям. Гэтая справа вельмі адказная і цяжкая. А зможаце вы з ёй справіцца, толькі калі добра ведаеце казкі. А калі не — то тут са мной і застанецеся, будзем разам валацуг ганяць.
Кожнаму з вас я дам папяровы ланцужок, на якім напісаны словы з вашых казак. Аднак вось бяда: ланцужкі ад старасці парваліся і словы на іх пераблыталіся. Але я ўпэўнены, што кожны з вас зможа скласці з гэтых слоў выказванне і адказаць, каму яно належыць.
IV КОНКУРС «Казачны ланцужок»
Ланцужок, на якім напісаны словы, разразаецца на некалькі кавалкаў, з якіх бацькі і складаюць выказванне.
Белая сцяжынка. Усё куплю, што хочаш, звядзі толькі. (Чорт, казка «Баба і чорт».)
Чырвоная сцяжынка. Ці ж можна нам жыць на свеце? (Зайчык, казка «Зайчыкі».)
Сіняя сцяжынка. Рачэ, рачэ! Чаго ты так угневаўся? (Плотачка, казка «Цяжкая доля».)
Жоўтая сцяжынка. Чалавек я цёмны, няграматны. Які я кароль?! (Дурань, казка «Дурань».)
Лясун. Бачу, што казкі вы добра ведаеце (раздае пераможцам конкурсу кавалкі люстэрка). А зараз раскрыю вам адзін сакрэт: вас чакае Баба Яга.
Баба Яга. Фу-фу, чалавечым духам пахне. А-а-а, гэта вы. Вельмі хачу, каб вы мяне павесялілі. Тэлевізар у мяне зламаўся. Хачу на вас паглядзець, ці добрыя вы артысты. А заданне такое: пакажыце мне ўрывачкі з казак, ды каб у іх яшчэ і пытанні былі, а мы разам на іх адказваць будзем.
V КОНКУРС «Запытанка»
Каманда паказвае падрыхтаваны ўрывак з казкі і задае пытанне.
Астатнія каманды пішуць адказы на паперках і здаюць іх журы. За ўдзел у конкурсе Баба Яга раздае камандам кавалачкі люстэрка.

В. Вось мы і дабраліся да «Чароўнай скарбонкі». У ёй знаходзяцца рэчы, неабходныя для таго, каб казкі вашы закончыліся добра.
VI КОНКУРС «Чароўная скарбонка»
Вядучы адчыняе скарбонку, у якой знаходзіцца шмат розных рэчаў, і прапануе камандам знайсці патрэбную для іх казку. Каманды павінны не толькі выбраць рэч, але і расказаць пра тое, як яна дапамагла казачнаму герою. За правільныя адказы вядучы ўручае кавалкі чароўнага люстэрка.
Белая сцяжынкачаравікі.
Чырвоная сцяжынкажаба.
Сіняя сцяжынказярнятка.
Жоўтая сцяжынкаторба.

В. Кожная каманда сабрала па некалькі кавалачкаў казачнага люстэрка. Калі вы складзяце іх, то зможаце прачытаць мудрую народную прыказку.
VII КОНКУРС «Казачнае люстэрка»
Па сігнале каманды пачынаюць складаць свае люстэркі. (Люстэркам можа быць разрэзаны. на кавалкі ліст каляровага кардону, на якім запісана прыказка.) Калі фраза будзе складзена, каманда хорам прачытвае яе. Перамагае каманда, якая з заданнем справіцца першай.
На люстэрку кожнай каманды напісана:
да чаго не дойдзеш, тое ў кніжцы знойдзеш.
В. Паважаныя госці! Карыстаючыся выпадкам, хачу заклікаць вас часцей звяртацца да вытокаў нацыянальнай культуры, традыцый нашага народа, часцей знаёміцца з жыццём і творчасцю тых, хто ўсё зрабіў для таго, каб нам «беларусамі звацца». Ва ўсім свеце нас ведаюць як працавітых, добразычлівых, сумленных, гасцінных людзей. Часцей размаўляйце на роднай мове, вучыце сваіх дзетак размаўляць на мове продкаў, бо без мовы няма і нацыі. Наш выдатны пясняр Якуб Колас шмат зрабіў для сваіх нашчадкаў, і, каб захаваць гэты вялікі скарб, патрэбна яго шанаваць, вывучаць гісторыю і культуру свайго народа і роднага краю.

Яшчэ на гэту тэму:

Казачны карагод