сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена МАСКЕВІЧ, кіраўнік драматычнага гуртка Дома дзіцячай і юнацкай творчасці г. Стоўбцы. Пралеска 2000 г.

Ой, Вясна вясёлая

Дзеючыя асобы: Васіліна, дзед, Аленка, Міхаська, дзеці, Вясна, Зіма.

У двары вясковай хаты развешаны посцілкі, ручнікі, настольнікі, сурвэткі.

Васіліна. Дзякуй богу, сонейка ўжо добра свеціць, але яшчэ не грэе. Няма яшчэ сапраўднай вясны і, мабыць, рана я пачала ў хаце прыбіраць ды ўсё прасушваць. Вось, нават рукі змерзлі, хоць рукавіцы надзявай.
Дзед. Добры дзень, Васіліна, Бог табе ў дапамогу.
Васіліна. Добры дзень, дзеду, дзякуй за добрыя словы.
Дзед (звяртае ўвагу на вырабы). Якая прыгажосць! Наткалі, відаць, за зіму са старой Аленай!
Васіліна. Ды ўжо ж, наткалі. А што гэта вы так цёпла апрануты, вясну палохаеце, зіму падтрымліваеце?
Дзед. Ой, яшчэ холадна, суседачка. Ды калі гаварыць аб вясне, то па старому звычаю вясну пазваць трэба. Раней заўсёды так рабілі. Моладзь збіралася ды ішла на сухі прыгорак вяснянкі спяваць, вясну-красну заклікаць:
Ой, вясна ты, вёсенка, дзе падзелася,
Нам зіма халодная ўжо і прыелася.

Гукалі вясну не толькі на Беларусі, але і на рускіх ды ўкраінскіх землях. А вёсенка прыслухоўвалася і прыходзіла ў наш край. Вось так даўней было.
Васіліна. Цікава вы, дзеду, расказалі. Дзякуй вам. Пайду дзяцей клікну, паспрабуем і мы вясну-красну пазваць, зімку халодную прагнаць. А «птушак» я з самага ранку напякла — дзяцей хацела парадаваць. Міхаська, Аленка, хадзіце хутчэй сюды, нешта цікавае вам скажу!

З’яўляюцца Міхаська і Аленка.

Васіліна. Дзеткі, бяжыце, клічце сваіх сяброў, будзем вясну гукаць.

У двары з’яўляюцца дзеці рознага ўзросту.

1-е дзіця. Дзякуй вам, цётка Васіліна і вам, дзеду, за тое, што запрасілі нас вясну гукаць, зімку праганяць.
2-е дзіця. Нам выхавальнікі аб гэтым расказвалі. Называецца гэты абрад «Гуканне вясны» або «Саракі».
3-е дзіця. А мы і словы ведаем.
Дазвольце нам, старыя людзі,
Вясну-красну гукаці,
Сцюдзёну зімку замыкаці,
Сцюдзёну зімку ў каморачку,
А цёплае лецечка ды і на вулачку.

Аленка.
Благаславіце нас вясну гукаці.
Васіліна і дзед (благаслаўляюць). Калі ласка! Гукайце. Вясну-красну прыклікайце!
Міхаська.
Благаславі, Божа, вясну заклікаці,
Зімачку халодную забываці!

Дзеці спяваюць.

1-е дзіця.
Ой, вясна ты, вёсенка, дзе падзелася?
Нам зіма халодная ды прыелася.

2-е дзіця.
Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецечка прынясіце!

3-е дзіця.
Ці скора ты, жаданы час,
Вясны-красны ідзеш да нас?
Сагрэй ты нас, цяплом абвей,
Ідзі вясна, ідзі хутчэй!

Аленка.
А ў лесе лісіца брэша,
Мядзведзь рыкае, вясну гукае.

Міхаська.
Вол бушуе — вясну чуе,
Карова раве — вясну заве.

Васіліна. Малайцы, дзеткі, шмат чаго вы ведаеце аб гэтым абрадзе.
Дзед. Выхавальнікам вашым дзякуй, што вучаць дзяцей старым беларускім звычаям ды абрадам. А цяпер, давайце, дзеткі, пагукаем вясну вунь з таго сухога прыгорка.
Усе ідуць за Дзедам.
Усе разам (спяваюць).
Прыйдзі, прыйдзі, вясна!
Прынясі нам цёпыя дзянёчкі,
Чыстыя дажджочкі!
Прыйдзі, прыйдзі, вясна,
Прыйдзі, прыйдзі, красна!
К нам у шаночак!
Прынясі нам збожжа,
Прынясі нам красак,
Каб нам звіць вяночак!


1-е дзіця.
Дай нам жыта, ды пшаніцы,

2-е дзіця.
У агародзе сенажаць,

3-е дзіця.
Роўны грады,

Аленка.
Поўны грады,

Міхаська.
Восенню шмат коп нажаць!

Усе разам (спяваюць).
Вясна наша вясёлая — гу!
Развесяліла зямлю, ваду — гу!
Зямлю, ваду, мяне маладу — гу!
Ой, вясна вясёлая — гу!
Нарасла трава зялёная — гу!

Дзед. Ой, як добра пагукалі вясну, аж, здаецца, пацяплела.
Васіліна. Сапраўды пацяплела. Дзеці, а хто гэта да нас набліжаецца ў прыгожым, яркім адзенні?
Дзед. Ды гэта ж Вясна! Вясна ідзе!
Вясна.
Еду, еду на плужочку,
Еду, еду на баронцы,
На залатым еду канёчку,
Я на вашай, на старонцы!

Дзеці.
А мы вароты адчыняем,
Цябе, Вёсенка, сустракаем!

Вясна (вітаецца з усімі).
Доўга да вас ехала, спяшалася,
Па дарозе Зімку бачыла, прывіталася,
Аб жыцці-быцці распыталася.

1-е дзіця.
Ой, Вясна-красна, што ты нам прынясла?
Вясна.
А дам я вам жменю ячменю,
Жыта — карыта, мерку пшаніцы!
Вадзіцы з крыніцы.
(Сыпле зерне, пырскае вадой.)

2-е дзіця.
Вясна-красна, што яшчэ прынясла?
Вясна.
Маладзенькім — па плужочку,
А старэнькім — па кіёчку.
Маладзіцам-цёткам хаты прыбіраці,
Ды красёнцы даткаці.
Дзеткам добрым пагуляці!

Васіліна. Дзякуй, Вясна-красна, за тое, што не абмінула наш край!
Дзед. Дзякуй за пажаданні добрыя, за падарункі харошыя!

Нечакана для ўсіх з’яўляецца дзяўчына ў белай, прыгожай вопратцы, з блішчастай каронай на белых валасах — Зіма.

Зіма. Рана, ой, рана прыйшла Вясна. Я, Зіма, не збіраюся ўступаць трон малодшай сястрыцы Вясне. Па дарозе сюды я чула масленічную песню (спявае):
У нас сёння Масленка,
Прыляцела ластаўка,
Перайка кідала,
Вясну зазывала!

А я не перайка буду кідаць, а чысты, крыштальны, халодны снег буду сеяць. (Раскідвае «снег».)
Птушак гаманлівых, ранніх веснікаў сястрыцы Вясны, разганю, есці не дам, а іхняга галоўнага, што ў чырвоных ботах ходзіць, зусім не пушчу ў край свой прыгожы ды халодны. Сакавік будзе мой, бо гэты месяц заўсёды быў прадметам спрэчак паміж мной і сястрыцай. Ну, а зараз, падзьму мацней, накідаю снегу, ды пайду адпачну.

Кружыцца, дзьме, сее «снег», усе хаваюцца, закрываючы сабой Вясну. Зіма, кружачыся, выходзіць.

Васіліна. Што цяпер нам рабіць, як пакінуць Вясну-красну, як Зіму адправіць на адпачынак?
Дзед. Не сумуйце, я ведаю, што трэба зрабіць. Нам трэба адамкнуць вясну, замкнуць зіму.
Аленка. Як гэта зрабіць, дзеду?
Дзед. А вось у чым справа, мае вы дзеткі. Мы ж яшчэ не праспявалі вяснянку-зварот да пчолкі. Паўтарайце за мной.

(Спяваюць усе разам.)
Ты, пчолачка ярая,
Пчолачка ярая!
Ты вылеці з-за мора,
Ты вынесі ключыкі,
Ключыкі залатыя.
Ты замкні зімачку,
Зімачку сцюдзёную.
Адамкні лецейка,
Лецейка цёплае.

Міхаська. Пацяплела і снег растаў.
Дзед. Спалохалася Зіма ды ўцякла ў далёкі, халодны край.
Вясна. Дзякуй вам, людзі добрыя, за тое, што мяне чакалі, добра прымалі.
Каб вы ніколі не хварэлі,
Хай нясуць вас увысь вясны арэлі!

1-ы хлопчык. На жыта высокае,
2-я дзяўчынка. На ночы цёплыя,
3-і хлопчык. На дажджы ўраджайныя,
Аленка. На леты добрыя,
Міхаська. На дружбу чыстую,
Дзед. На долю шчаслівую.
Васіліна. Узляціце, вясны арэлі!
Вясна.
Бывайце, людзі добрыя, бывайце,
Шчыра вясною працуйце,
Ды лецейка краснае чакайце!

Вясна адыходзіць.

Васіліна. Дзеці і вы, дзеду, пойдзем зараз частавацца «жаваранкамі» з цеста, што я навыпякала для вас з самага ранку.

Усе выходзяць.


ПРЫЙШЛА ВЯСНА

Словы і музыка Яніны Жабко

На палях стаў снег сінець,
Неба Сонейкам квітнець.
Прыйшла вясна,
Вясна-красна!
Прыйшла вясна,
Вясна-красна!

На бярозку пад акном
Прыляцелі шпак з граком.
Прыйшла вясна,
Вясна-красна!
Прыйшла вясна,
Вясна красна!

Ручайкі бягуць, звіняць,
Як люстэркі, зіхацяць.
Прыйшла вясна,
Вясна-красна!
Прыйшла вясна,
Вясна-красна!

Ой, вясна, вясна, вясна,
Ты нам радасць прынясла.
Прыйшла вясна,
Вясна-красна!
Прыйшла вясна,
Вясна-красна!


Яшчэ на гэту тэму:

Вясна-красна, завітай да нас!     Гуканне вясны