сцэнарыі святаў на беларускай мове

Святлана РАЙБЭ музычны кіраўнік вышэйшай катэгорыі, яслі-сад № 14, г.Смаргонь Гродзенскай вобласці. Пралеска 06/2011

Радзіма шчаслівых дзяцей

Сцэнарый свята, прысвечанага Міжнароднаму дню абароны дзяцей

(Дзеці заходзяць у залу пад песню «Усе мы родам з дзяцінства» (у вык. А. Ярмоленкі), чытаюць вершы.)
1. Так на свеце ўжо вядзецца,
Што дзяцінства нам даецца,
У жыцці даецца раз —
Гэта самы светлы час.
2. Каб спыніць на свеце войны,
Стаў бы кожны дзень спакойны.
Гэта лепшая з надзей,
I дарослых, і дзяцей.
3. Хай жа стане
Планета людзей
Цудоўнай планетай
Шчаслівых дзяцей!
А. Грачанікаў

Песня «Прывітальная» (беларуская народная).

Вядучы (В.). Паважаныя дзеці, дарослыя! Сёння, у першы дзень лета, мы адзначаем свята, прысвечанае Міжнароднаму дню абароны дзяцей. А як вы мяркуеце, чаму трэба абараняць дзяцей? (Адказы дзяцей.)
Дзіця. Я думаю, што дарослыя павінны абараняць дзяцей, таму што яны не могуць самастойна жыць. Дарослыя павінны аб іх клапаціцца: карміць, адзяваць, вучыць, лячыць, любіць...
В. Давайце ўсе разам падумаем, ад каго ці чаго трэба аберагаць дзяцей? (Адказы дзяцей.)
Дзіця. Ад голаду, холаду, хвароб, розных здарэнняў, дрэнных людзей.
В. Малайцы, дзеці! Усё вы правільна сказалі, яшчэ хачу дадаць, што дарослыя, вашы родныя, а таксама выхавальнікі ў адказе за ваша жыццё, здароўе і лёс.

Аркестр «А у вас, же у нас»- (муз. С. Галкінай).

В. Усе мы любім свой край, сваю зямлю: вербы, бярозы, раку, крыніцы, сцежкі і пралескі. I кожнае дзіця мае права жыць на ёй шчасліва і без клопату!
(Дзеці чытаюць вершы.)
1. Залацістыя прасторы,
Незлічона ясных зор,
Рэкі ціхія, азёры,
Гаманлівы шумны бор.
П.Броўка
2. Ты нас ласкай атуліла,
I я ў шчасці гавару,
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь!

Танец з ручнікамі (на выбар музычнага кіраўніка).

В. А ці ведаеце вы аб птушках, раслінах і дрэвах, што растуць у Беларусі? Давайце праверым.
Стракаты, крылаты,
Руплівец лясны,
Лекар заўзяты
У хворай сасны.
(Дзяцел.)
І сто гадоў я малады,
Маё насенне — жалуды,
(Дуб.)
Урадзіўся ён высокі,
Шаўкавісты, сінявокі,
Апранае нас здавён.
Здагадайцеся, хто ён?
(Лён.)

В. Каб вырасціць лён, трэба шмат прыкласці працы, а як ён вырасце, з яго робяць прыгожыя ручнікі, сурвэткі, кашулі. Вось дзяўчынкі зараз нам пакажуць, як гэта робіцца.

Карагод «Пасеялі дзеўкі лён» (апр. А. Рашчынскага).

Хлопчык.
Як музыкі заіграюць,
Ногі самі рвуцца ў пляс!
Ай да туры-растатуры,
Беларускай мы натуры!

Танец -«Беларуская полька».

В.
Тата, мама і браты,
Сястра, бабуля, дзед
I шмат радні
Зрабілі ўсё,
Каб меў радзіму ты!
Яе высокі гонар не урані.
Д. Бічэль
Я — беларус, я ганаруся,
Што маю гэтае імя:
Аб добрай славе Беларусі
У свеце знаюць нездарма!
Н. Гілевіч

Песня -«Мне ўсяго шэсць годзікаў» (муз. В. Сярых).

Усе.
Беларусам нарадзіўся,
Беларусам буду жыць,
Беларускую зямельку
Буду шчыра я любіць!
А. Мілюць

В. Хай жа ва ўсіх дзяцей на свеце будзе шчаслівае і светлае дзяцінства, якое яны правядуць на сваёй любімай Радзіме!