сцэнарыі святаў на беларускай мове

«Расці, ялінка, расці!»

Інсцэніраваная казка

Мэты: выхоўваць беражлівыя адносіны да жывой прыроды, навакольнага асяроддзя; развіваць у дзяцей пачуццё прыгажосці; выклікаць душэўны водгук аб пачутым, убачаным.
Абсталяванне: экран, мікрафон, слайды, аўдыязапісы, штучныя дрэвы, муляжы, плакат: «Беражыце лес! Лес — наша багацце!» і інш.

Авансцэна. 3 левага боку стаіць стол, свеціць настольная лямпа з абажурам. За сталом сядзяць бабуля з унукам і ўнучкай.
Дзяўчынка. Бабуля, раскажы казку!
Хлопчык. Раскажы, раскажы!
Бабуля. Казку кажаце, а якую?
Хлопчык. Новую, цікавую!
Дзяўчынка. Якую ніколі не чулі!
Бабуля. Добра. Раскажу я казку пра адну дзівосную палянку ў лесе.
Адкрываецца занавес. На экране — лес улетку. На сцэне — макеты дуба-волата, елкі, трох бярозак, пасярод сцэны маленькая штучная ялінка. Гучыць ціхая музыка. Спяваюсь птушкі. Шчоўкае салавей.
Бабуля. Усе лічаць, што дрэвы — маўклівыя сведкі ўсіх падзей. Але дрэвы, як і людзі, могуць сумаваць, адчуваць пяшчоту, ласку, боль.
На сцэне ярка загараецца святло. Выбягаюць два шэранькія зайкі з доўгімі вушкамі, падскокваюць і спяваюць.
Зайцы (разам).
Бегаў зайка шэранькі ля ракі,
Бегаў зайка шэранькі ля ракі,
А за ім пагналіся два ваўкі,
А за ім пагналіся два ваўкі.

Заяц 1. На гэтай палянцы мы нікога і нічога не баімся!
Заяц 2. Нас ногі самі сюды нясуць!
Зайкі пакідаюць лес. Спяваюць птушкі. На палянку выходзіць ляснік.
Ляснік. Прывітанне табе, лес! Ты мой стары, добры сябар. Колькі ж гадоў прайшло, а ты шуміш, звініш птушынымі галасамі. Прывітанне табе, зямля- матухна! (Кланяецца нізка. Падыходзіць да дуба.) Ну, волат! Ці ж моцна ты трымаешся за зямлю?
Дуб (коратка). Так, так!
Ляснік падыходзіць да высокай елкі. Дакранаецца да галін.
Ляснік. Хоць ты і старая, але яшчэ малайчынка, прыгожая! (Заўважае маленькую ялінку.) А ты чыя ж такая будзеш?
Елка (з гонарам). Гэта мая прыгажунька!
Ляснік (да ялінкі). Расці хутчэй, радуй вока чалавека! Ну, бывайце! Я дапей пайду.
Выходзіць дзяўчынка ў беларускім адзенні.
Дзяўчынка. Ой, якая прыгажосць! Зоська, Ганулька, Марылька! Хутчэй сюды!
Выходзяць дзяўчаты, таксама апранутыя ў беларускае адзенне.
Дзяўчынка 2. Колькі ж тут суніц!
Дзяўчынка 3. А якія буйныя!
Дзяўчынка 4. Якія ж духмяныя, саподкія! Дзяўчынка 2. Якая прыгожая ялінка! Яна падобна на блакітную спаднічку.
Дзяўчынка 3. А давайце карагод паводзім!
Гучыць музыка. Дзяўчаткі ідуць карагодам вакол ялінкі і спяваюць: «Ой рана на Івана...».
Выходзіць з мальбертам мастак.

Дзяўчаткі (ад нечаканасці). Ой!
Дзяўчаты пакідаюць лес.
Мастак малюе. Спяваюць птушкі.
Выходзіць на паляну паэт. На ім белая кашуля, сам рослы, прыгожы. Ён вітаецца з мастаком.

Паэт. Дзень добры!
Мастак. Добры дзень!
Паэт. Як тут лёгка дыхаецца! Тут добра вершы складаць, добра марыць, добрыя думкі прыходзяць ў галаву. (Чытае верш.)
Мая радзімая старонка,
Мне сэрцу мілая заўжды.
Тут улетку птушкі пяюць звонка,
I рэкі чыстыя вады.
Тут і дубы, і раскошныя клёны,
Што ад ветру лістотай шумяць.
Карагоды бярозак вясёлых
На ўзгорку здалёку відаць.

I лясы з таямнічаю казкай
Шчодра сыплюць суніцы ў кош,
Запрашаюць: «Прыходзь, калі ласка!
Заўтра будзе таксама ня горш».

Мастак і паэт пакідаюць лес. Спяваюць птушкі. Занавес.
Бабуля. Увосень паляна рабілася залатою.
Гучыць музыка. Адкрываецца занавес. На экране — лес увосень. На сцэне — дуб, прыбраны ў бурае лісце, у бяроз — жоўтая лістота. Выходзіць на паляну грыбнік з кошыкам.
Грыбнік 1. Янка! Янка! Грыбная мясціна!
Выбягае з кошыкам другі грыбнік.
Грыбнік 2. А вось баравік, вось другі! Глянь які! (Паказвае вялікі баравік.)
Грыбнік 1. У мяне ўжо поўны кош!
Грыбнік 2. I ў мяне таксама.
Грыбнік 1. Ты толькі паглядзі, якая залатая паляна!
Ходзяць па паляне.
Грыбнік 2. Пойдзем дахаты. Раскажам пра гэту цудоўную паляну.
Хлопчыкі-грыбнікі пакідаюць лес. Гучыць ціхая, павольная музыка. Занавес.
Бабуля. На змену восені якая пара года прыходзіць?
Дзеці (хорам). Зіма.
Бабуля. Падзьмуў вецер, пасыпаўся снег. Стала холадна.
Гучыць адпаведная зіме музыка. Адкрываецца занавес. На экране — зімовы лес. На сцэне — дуб, бярозкі без лістоты. Толькі елка і ялінка стаяць зялёныя. Вакол іх на зямлі снег (мелкі пенапласт).
Бабуля. Спяць спакойна дрэвы. Толькі елка не спіць.
Елка (да ялінкі). Табе не холадна, дачушка? Ты ўся дрыжыш.
Ялінка. Не, матуля, не холадна. Гэта я цягнуся ўгару. Хачу хутчэй падрасці!
Бабуля. Неяк задрамала елка, і здаецца ёй нейкі незвычайны, трывожны шум.
Выходзяць на паляну двое мужчын з тапарамі.
Чалавек 1. Паглядзі, якая красуня! Гэта тое, што мне патрэбна.
Чалавек 2. Можа, не чапаць, шкада, яна ж яшчэ зусім маленькая. Хай лепш расце.
Чалавек 1. Другая вырасце!
Узмах тапара. Па лесе разнеслася: «А-а-а!» Мужчыны хуценька пакідаюць лес, ад ялінкі застаўся пянёк. Гучыць трывожная музыка.
Елка. Дачушка! Прыгажунька мая! Што мне рабіць? Як мне жыць цяпер?
Бабуля. Цякуць, цякуць смалістыя слёзы па ствале елкі. Яна адразу пастарэла, парыжэла. Прачнуліся дрэвы, не пазнаюць сваёй паляны.
Дрэвы (хорам). Дзе наша прыгажунька?
Дуб (павольна і моцна). Хто зрабіў благое?
Елка. Ча-ла-век!
Рэха па лесе: «Век-век-век!»
Дрэвы (хорам). А за што?
Дуб (мудра). За прыгажосць!
Занавес. Гучыць трывожная музыка.
Дзяўчынка (да бабулі). А чаму такі кароткі век у прыгажосці?
Хлопчык. I праўда, чаму?
Бабуля. Але гэта, дзеткі, быў сон. Цяжкі сон. Ёлка прачнулася. Спяць спакойна дрэвы.
Адкрываецца занавес. Ялінка на месцы пянька, але крыху вышэйшая.
Бабуля. А ялінка-прыгажунька за ночку падрасла.
Дзеці. Якая цікавая казка!
Бабуля. Падабалася? (Да гледачоў.) А вам?
Выходзяць усе ўдзельнікі казкі і кланяюцца.


Яшчэ на гэту тэму:

У "Чамучак" Новы год     Наша ёлка - цуд і казка