сцэнарыі святаў на беларускай мове

Таццяна АНАРОВІЧ, выкладчык беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі Лідскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа.

"Адзіная мая..."

Літаратурна-музычная кампазіцыя

Мэты:

Выхаваць у навучэнцаў светлае пачуццё любові і павагі да жанчыны-маці, а ў маці — усведамленне сваёй вялікай місіі, пачуцця гонару, што яна Маці.

Акцэнтаваць увагу навучэнак на тым, што яны — будучыя маці, таму ужо цяпер трэба зрабіць любоў да сваёй маці дзейснай.

Паказаць выхаваўчае значэнне мастацкай літаратуры, твораў вуснай народнай творчасці, музыкі, творчай работы навучэнцаў па дадзенай тэме.

Задачы:

Правільна арганізаваць дзейнасць навучэнцаў, якая ўзбагаціць іх станоўчым вопытам, стане фактарам фарміравання маральных паводзін, удасканаленнем этычных поглядаў і перакананняў.

Для дасягнення мэты выкарыстаць пошукавы метад, гутарку, выразнае чытанне, інсцэніраванне, творчыя работы навучэнцаў, выставу кніг па тэме.

Выявіць ролю вуснай народнай творчасці, мастацкай літаратуры, узаемаадносін у сям’і ў выхаванні любові да маці, павагі да жанчыны.

Тлумачальная запіска


Літаратурна-музычная кампазіцыя "Адзіная мая..." прысвечана Дню маці.
Мерапрыемства накіравана на выхаванне павагі і любові да маці, паколькі чалавечае ў чалавеку пачынаецца з бескарыслівай і шчодрай любові маці да свайго дзіцяці.
У сцэнарыі раскрыты шляхі, формы і метады выхавання.
Для напісання сцэнарыя выкарыстаны наступны матэрыял: творы мастац¬кай літаратуры, вуснай народнай творчасці, творы В.Віткі, В.А.Сухамлінскага, выказванні вядомых людзей, выстава кніг, творчыя работы навучэнцаў, музычныя творы.
Разнастайныя віды дзейнасці (выразнае чытанне, мастацкае апавяданне, інтэрв’ю з маці, зачытванне вытрымак з сачыненняў навучэнцаў, іх асабістыя выказванні, міні-канцэрт, музычныя застаўкі, уручэнне кветак) дапамагаюць зрабіць мерапрыемства цікавым, хвалюючым.дасягнуць пастаўленых мэт.
Маці прысвячае сябе дзецям, і дзеці павінны адказваць ёй любоўю, увагай, клопатам. Гэта — агульначалавечая норма, а задача выкладчыка — вучыць сваіх навучэнцаў прытрымлівацца яе.
Гэты матэрыял можна выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы святочнага віншавання жанчын 8 Сакавіка, як пазакласнае мерапрыемства, на уроках, пры падрыхтоўцы выхаваўчых гадзін у пачатковай школе.

Абсталяванне

Зала ўпрыгожана па-святочнаму. На сцэне плакат з назвай мерапрыемства "Адзіная мая...", партрэт жанчыны-маці, малюнкі навучэнцаў "Хай заўсёды будзе Мама",выстава кніг, грамзапіс песень пра маці, сачыненні навучэнцаў па тэме.

Выказванні:

Без маці няма ні паэта, ні героя.
М.Горкі.
Дзеці свету, беражыце маці!
Р.Гамзатаў.
Мы будзем вечна ўслаўляць тую жанчыну, чыё імя Маці...
М.Джаліль.

У госці запрошаны маці навучэнцаў.
(3-за сцэны. гучаць словы)

Мама... Якое слова можа з ім параўнацца?
Мама... У гэтым слове ласка і пачуццё.
Бачыш, сынок маленькі сонейку ўсміхаецца,
Ты яму, любая мама, сонца дала і жыццё.
В.Шымук "Маці".

Гучыць музыка А. Газманава "Мама".

Выкладчык:
— Вашай увазе прапануецца літаратурна-музычная кампазіцыя "Адзіная мая...",прысвечаная Дню маці.

(На сцэну выходзяць 6 чытачоў)

1 чытач. Мама, мамачка, матуля... — наймілагучнейшыя, найдаражэйшыя словы на свеце. Што можа быць больш свяшчэнным, чым імя маці? Для любога з нас: дзіцяці, падлетка, юнака, пасівелага дарослага — маці — самы родны, самы дарагі чалавек на зямлі, які даў нам жыццё.
2 чытач. Таму вельмі правільна і справядліва,што ў Беларусі, як і ў многіх краінах свету,з 1996 года дзень 14 кастрычніка зацверджаны як Дзень маці.
3 чытач. Дзень маці супадае з вялікім народным і царкоўным святам Пакроваў. Як тлумачыць праваслаўная царква, Пакровы — пакрывала Божай Маці, якая абараніла людзей ад бяды...
4 чытач. I нашы маці гатовы на самыя неверагодныя ахвяры дзеля шчасця сваіх дзяцей. Маці не проста любіць сваё дзіця,слабае і дужае, прыгожае і непрыгожае, спакойнае і крыклівае, маці разумее яго ў шчасці і горы, у смутку і радасці, калі жыццё жорстка абыходзіцца з ім.
5 чытач.
Так, як маці, на свеце ніхто не ўмее
За дзяцей хвалявацца і перажываць.
Так,як маці, ніхто не ўмее на свеце
Немаўлят сваіх песціць, калыханку спяваць.
Так,як маці, ніхто цябе не разумее,
Яна словам суцешыць заўсёды ў бядзе.
Ад матуліных слоў цэлы свет харашэе,
Не, ніхто не заменіць, матуля, цябе.
Я.Крупенька "Мама".
6 чытач.
Маці — працаўніца, маці — карміліца.
Маці — заступніца.
У цяжкія хвіліны сагравае промнямі сваёй любові, свеціць, калі цёмна,грэе,калі холадна, аддае апошні кавалак,калі голадна, закрывае грудзьмі, калі насцігае смяротная небяспека.
(Сыходзіць са сцэны. Гучыць верш С. Басуматравай "Мама".)
Ці хмары збяруцца.ці вецер падуе,
Ці крыўда сустрэне на сцежках жыцця
— Хто гэтак,як маці, цябе пашкадуе?
Дарослая, ты і цяпер ёй дзіця.
У дарогу збірала — нібы адрывала
Ад сэрца крывінку, дзяўчынку сваю.
А як вінаватых яна б пакарала
За кожную горкую слёзку тваю.
...Тут зоркі на хвалях, тут вёсел усплёскі.
Тут побач з табою сябры давідна,
I ты ўсё радзей прыязджаеш дадому.
А маці старэе. А маці — адна.

Выкладчык: — Ад разлукі сум, ад разлукі баліць сэрца маці.
У народзе гавораць:
"Што больш мяккае, чым пух?— сэрца маці",
"Што больш цвёрдае, чым камень? — сэрца маці",
"Што больш за ўсё спагадлівае?— сэрца маці".
Нездарма існуе пра яго павучальная легенда:
(Украінская легенда "Сэрца маці" ў апрацоўцы Т.І.Лнаровіч. Расказвае навучэнец.)

Гучыць мелодыя песні "Мацярынская памяць",муз. А.Фельдмана. Легенда "Сэрца маці".
Быў у маці адзін сын. Ажаніўся ён з дзяўчынай неапісальнай прыгажосці і прывёў яе жыць у родную хату. Не палюбіла нявестка свекрыві 1 кажа мужу: "Няхай твая маці не заходзіць у пакой, няхай жыве ў сенях!".
Стала жыць маці ў сенях і баялася паказацца нявестцы на вочы.
Але і гэтага маладой жонцы здалося мала. Кажа яна мужу: "Каб і духам тваёй маці не пахла ў хаце! Няхай жыве яна ў хляве!"
Стала жыць маці ў хляве. Толькі ноччу выходзіла са свайго сховішча.
Аднойчы нявестка-прыгажуня адпачывала пад яблыняй і ўбачыла, што маці выйшла з хлява. Разгневалася жонка і прыбегла да мужа: "Калі хочаш,каб я з табою жыла, забі сваю маці, вымі з грудзей сэрца і прынясі мне".
Не падумаў сын, зачаравала яго прыгажосць жонкі. Прыйшоў ён да маці і кажа: "Пойдзем,мама,пакупаемся ў рэчцы".
"Пойдзем,сынок,калі трэба," — адказала маці.
Ідуць яны камяністым берагам. Зачапілася маці за камень, пахіснулася. Раззлаваўся сын: "Што ты, маці, спатыкаешся? Чаму пад ногі не глядзіш? Ідзі хутчэй, а то і да вечара мы так не дойдзем!"
Прыйшлі, распрануліся, пакупаліся...
Сын забіў маці, выняў з грудзей яе сэрца, паклаў на кляновы лісток, нясе. Трапечацца маленькае сэрца маці.
Зачапіўся сын за камень, упаў, пабіў калена. Упала на востры камень і гарачае сэрца маці, акрывавілася, затрапятала і прашаптала: "Сыночак мой родненькі, дзіцятка маё, ці не балюча ты ўпаў?"...
Заплакаў сын, схапіў гарачае сэрца, вярнуўся да ракі, уклаў сэрца ў разрэзаныя грудзі,абліў гарачымі слязьмі. Зразумеў ён, што ніхто ніколі не любіў яго так моцна, аддана і шчыра. Як родная маці.
I такой моцнай была любоў маці да сына, вельмі глыбокім было жаданне сэрца маці бачыць сына радасным і бесклапотным, што аджыло сэрца, загаілася рана, а маці ўстала і прыціснула галаву сына да грудзей,прамовіла: "Нічога, сынку, нічога.
Не мог пасля гэтага сын вярнуцца да сваёй жонкі-прыгажуні, ненавіснай яму яна стала.
Не вярнулася дамоў і маці. Пайшлі яны ўдваіх палямі, лугамі, выйшлі на шырокі прастор і сталі высокімі курганамі.

Выкладчык: — Чаму перад расказваннем легенды былі прыведзены ў прыклад вышэйназваныя прымаўкі? Як яны тлумачаць паводзіны сына і адносіны маці да яго?
(Праца з прысутнымі.)

Выкладчык: — Гэта легенда. Але сэрцу маці прысвячаюць свае творы многія пісьменнікі і паэты. Напрыклад, К.Кірэенка прысвячае гэтай тэме верш "Сказ пра матуліна сэрца".

(Чытанне верша на фоне музыкі Ю.Чычкова "Матчын вальс".)
У гарачае сэрца, у сэрца матулі
Білі бомбы варожыя і варожыя кулі,
I палілі.і ранілі матуліна сэрца,
Каб змаглася матуля, скарылася смерці.
Але ўсё маці вынесла,усё сцярпела
— За сынкоў сваіх мілых, за іх дужасць і смеласць,
За дарогі іх светлыя ў добрую славу,
За вяртанне іх,любых, на родную лаву.
Перад сэрцам матуліным, перад марай матулі
Спарахнелі варожыя бомбы і кулі,
Нібы ветрам. развеяла, лютую зграю,
Тую сілу варожую, што гразілася краю.
Плыве сонца ў блакіце, усім свеціць зіхотна,
I сыны абнімаюць матулю пяшчотна.
Не збаіцца ніхто самай лютае смерці,
Пакуль кліча ў жыццё нас матуліна сэрца.

Выкладчык: — Самаахвяраванне, самазабыццё — менавіта гэтыя словы дакладней за ўсё характарызуюць матчыну любоў. Любоў маці да дзяцей абсалютна бескарыслівая. Забываюць, а часам здраджваюць сябры, пакідаюць каханыя, асуджаюць таварышы па службе, суседзі, і толькі маці заўсёды з намі.любіць і разумее нас.
А ці заўсёды мы разумеем гэта?Паслухайце, калі ласка, прытчу пра сыноўскую любоў і адкажыце на пытанне: "Чаму, як вы думаеце, стары сказаў, што быў у матуль толькі адзін сын?".

Прытча:
Тры жанчыны бралі ваду ў калодзежы. Да іх падышлі сыны. Адзін пацалаваў сваю маці і пабег,напяваючы,далей. Другі спытаў: "Ты не стамілася.мама?" — і пачаў даганяць таварыша. Трэці моўчкі ўзяў вёдры і панёс іх у дом. — Скажы, мудрэц, — спыталі маці, — чый сын самы лепшы? — О, жанчыны, тут быў толькі адзін сын, — адказаў стары.

(Работа з залай.)

Выкладчык: — Давайце на хвіліну ўявім сабе, што калі б аднойчы ваша маці прачнулася і сказала вам: "Я вельмі, вельмі люблю цябе, сынок, дачушка! Больш за ўсіх на свеце!" I не стала б нічога рабіць для вас. Яна ж сказала пра сваю любоў да вас. Хіба гэтага мала?А хіба не так некаторыя з нас адказваюць на любоў маці? Лягчэй сказаць,чым зрабіць — гэта вядома ўсім. Вы — будучыя маці. А для таго каб было не толькі сказана, але і зроблена, кожнаму дзіцяці патрэбна выхаванне. Жыццё паказвае, што адказнасць за выхаванне ляжыць у сям’і звычайна на маці. А як вы думаеце? Як у вашай сям’і?

(Работа з залай.)

Выкладчык: — Так,ва ўсе часы роля маці ў выхаванні дзяцей была галоўнай і бясспрэчнай. Маці — гэта галоўны выхавацель. Менавіта з яе пачынаецца выхаванне пачуццяў. I кожная маці выхоўвае па-свойму, але жадае агульнага, аднаго — шчасця для свайго дзіцяці. Вашай увазе прапануюцца дзве сітуацыі выхавання дзіцяці як для будучых маці. Пасля адкажыце на пытанне: Як паступілі б вы? Чаму?

Прагная маці

(расказвае навучэнка.)

Калі хлопчык быў маленькі, людзі гаварылі:
— У гэтага дзіцяці прагная маці: яна ніколі не дасць яму нават цукеркі, не падзяліўшы яе напалову.
Калі хлопчык вырас, людзі гаварылі:
— У гэтага хлопца шчаслівая маці: ён ніколі не з’есць кавалка, не падзяліўшыся з ёю напалову.
В. Асеева.

Злая маці і добрая цётка

У Дашанькі былі маці і цётка. Яны абедзве любілі сваю дзяўчынку, але выхоўвалі яе па-рознаму.
Маці прымушала Дашаньку рана ўставаць.прыбіраць пакой,вучыць урокі. Яна вучыла сваю дачку мыць і вышываць, любіць працу і не баяцца ніякай работы...
А цётка нічога не прымушала рабіць: яна сама рашала за Дашаньку задачкі.на цэлы дзень адпускала дзяўчынку ў лес з сяброўкамі.
— У мяне злая маці і добрая цётка,— гаварыла сяброўкам Дашанька.
Але прайшлі гады, прайшло з імі дзяцінства. Вырасла Дашанька, паступіла на работу. Не нахваляцца на яе людзі — залатыя рукі ў Дашанькі: за што ні возьмецца, хутчэй за ўсіх зробіць...
— Хто ж гэта навучыў цябе так працаваць? — спытаюць, бывала, жанчыны. Засумуе Дашанька, апусціць галаву.
— Вучыла мяне мая маці.дзякуй ёй. А пра цётку Дашанька нічога не скажа...
В.Асеева.

Дыскусія

Пытанне: Як паступілі б вы ў дадзеных сітуацыях,?
(Работа з залай.)

Выкладчык: — Не з’яўляюцца выключэннем з нашага жыцця і кур’ёзныя выпадкі адносін бацькоў і дзяцей. Уявіце сабе: маладому.выпешчанаму эгаісту ці эгаістцы прыспічыла жаніцца ці выходзіць замуж. I вось вам арыфметыка: эгаізм + маладосць = цяжар сямейнага жыцця маладых кладзецца на плечы бацькоў, а часцей за ўсё — на плечы маці.

Сцэнка "I такое бывае..."

(Надвячорак. У пакоі за сталом сядзяць маладыя муж і жонка. Яны чакаюць маці жонкі, каб тая прыгатавала вячэру. Малады муж чытае газеты.)
Маладая жонка: Ой, калі ўжо яна прыйдзе.
Малады муж: Люда, глянь, у газеце напісана, што заўтра святкуецца Дзень маці.
Маладая жонка: I што з таго?
Малады муж: Як што? Можа, павіншаваць маці трэба?
Маладая жонка: Павіншуй, калі трэба.
(Раздаецца званок у дзверы. Заходзіць суседка.)
Суседка: Добры дзень!
Маладыя: Добры дзень!
Суседка: А дзе ж ваша мама?
Маладая жонка: Дзе? Дзе? Яшчэ з работы няма. Мы яе ўжо даўно чакаем!
Суседка: А я да яе па справе прыйшла. А вы чым займаецеся? Пэўна, вячэру гатуеце?
Малады муж: Не, мы цешчу чакаем. Ды вось яна сёння вельмі затрымліваецца.
Суседка: А хто ж вячэру гатаваць будзе?
Маладая жонка: Мама, вядома.
Суседка: Так. Вячэру мама гатуе, а хто ж у хаце прыбірае, бялізну мые?
Маладая жонка: Хм, каб я яму яшчэ і шкарпэткі мыла! Мама мые!
Суседка: Чыя мама?
Маладая жонка: Як чыя? Мая. Яна ж у нас жыве!
Суседка: Дзеткі,то ці ж мама жыве ў вас? Вы ж ў яе жывяце! Далі Бог, вось які свет пайшоў. Ах, якое жыццё настала!
(Да залы.)
Бедная маці, як яна цешылася, аддаючы сваю адзіную дачушку замуж, якое вяселле закаціла, у даўгі паўлазіла. I цяпер з сіл выбіваецца, каб толькі дагадзіць "дзеткам". А маладым гэта ўсё так падабаецца, што каторы год не злазяць з матчынай шыі.
(Званок. Суседка адчыняе дзверы. Уваходзіць маці, нагружаная сумкамі, стомленая.)
Маці: Добры дзень, суседачка!
Суседка;Добры дзень, Ганначка, добры дзень!
Маці: Вось бягу, спяшаюся, не магу ўсюды паспець, каб управіцца і на рабоце, і дома. Я ж ведаю, што дзеткі мае, галодныя сядзяць, мяне чакаюць. А я ж пакуль у адзін магазін пабегла, у другі, то і час прайшоў.
(Да суседкі.)
Сядзь, суседачка, пасядзі, я зараз.
(Да "дзяцей".)
Зараз, "дзеткі", зараз, вячэру згатую, паясце.
Дачка: Толькі хутчэй, мама!,
Зяць (устае з-за стала, падыходзіць да маці): Паважаная цешча! Віншуем Вас з Днём маці! Жадаем Вам моцнага здароўя, каб вы яшчэ доўга мелі сілу нам есці варыць і працаваць на рабоце, тады, вядома, і грашыма дапаможаце!
Маці:Дзякуй, дзеткі! Бачыш, суседачка, які ў мяне зяць, як мяне паважае!
Зяць:Ну,а цяпер,цешча,паспяшайся, калі ласка, з вячэрай. Мы ўжо і так даўно чакаем, есці хочацца. На галодны страўнік і тэлевізар не глядзіцца.
(Маці гатуе вячэру і падае на стол.)
Маці: Смачна есці, дзетачкі!
(Да суседкі.)
Ну вось, цяпер пойдзем, суседачка, у другі пакой,пагаворым. (Маці і суседка выходзяць. Маладыя паелі. Зяці пацягнуўся за сталом, пазяхнуў.)
Малады муж (да жонкі): Ну, даражэнькая, цяпер і адпачыць можна. Што там па тэлевізары паказваюць?
Маладая жонка: Ды тут перадачы ўсе пра заўтрашні Дзень маці.
Малады муж: Уключай тэлевізар!

Выкладчык: — Падобныя "ідыліі" ні ў якую статыстыку не ўваходзяць, але ж яны — сумны вынік выхавання і жыцця. Мы спадзяёмся, што такая сцэна паслужыць для кожнага з вас добрым урокам,бо з боку лепш відаць усе недахопы. Як вы думаеце, дзе была дапушчана памылка ў выхаванні?
(Работа з залай.)
Як вы уяўляеце свае адносіны з бацькамі, калі будзеце мець сваю сям’ю?
Выкладчык: — У нас у зале прысутнічаюць мамы нашых навучэнцаў.
Інтэрв’ю з маці:
Якія адносіны ў вас з дачкой ці сынам?
Выкладчык зачытвае вытрымкі з сачыненняў навучэнцаў пра маці, звяртаецца да выставы малюнкаў
Навучэнка: А цяпер менавіта для вас, паважаныя матулі,прагучыць наш невялікі канцэрт.
(Канцэрт 5-6 нумароў.)
(На сцэну выходзяць 3 чытачы.)

1 чытач.
Самыя добрыя вочы — маміны.
Самыя дбайныя рукі — маміны.
Самае чуйнае сэрца — маміна.
Самая шчырая песня — маміна.
Самая светлая радасць — маміна.
М.Пазнякоў "Матуля".
2 чытач.
Дзякуй,Мама,за чуйнае сэрца
Якім ты мяне надзяліла.
Свет шырокі наўкруг —
Дзякуй,Мама, за крылы.
3 чытач.
Дзякуй,за шчырасць, Мама,
Якой адпусціла нямала,
I за роднае слова,
Што пайшло на аснову
Працы маёй найпершай.
Дзякуй,Мама.
Н.Загорская "Дзякуй, Мама."

(Уручэнне кветак матулям. Гучыць музыка В.Мігулі "Пагавары са мною, мама".)
Гучыць: верш у апрацоўцы выкладчыка Т.ІАнаровіч.
Прабачце,мілыя матулі
Маладых сваіх дачок:
Што вас да сэрца рэдка тулім,
Што не сціраем слёз са шчок,
Што з вамі гутарым не часта,
Што мы ўсё некуды бяжым,
Сяброўкі клічуць нас на танцы,
То над урокамі дрыжым:
Што лёгкі хлеб у нас надзённы,
Што свята — рэдкі госць пад час,
Што ўсё так шэра і будзённа...
Але ж мы любім.любім Вас!

Выставу кніг па тэме праводзіць бібліятэкар.

Выкладчык: — Заканчэннем нашага мерапрыемства не заканчваецца Дзень маці. Ён будзе існаваць да той пары,пакуль існуе на зямлі гэтае ганаровае слова "Мама",а гэта —вечна!

 


Яшчэ на гэту тэму:

«Не, ніхто не заменіць, матуля, цябе...»     «Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль»