сцэнарыі святаў на беларускай мове

Галіна ЦІТКОВА, настаўніца музыкі I катэгорыі гімназіі № 11 г.Мінска. Пралеска 4/2010

Вясна, пусці хутчэй траву шаўковую

Сцэнарый сумеснага свята для бацькоў і дзяцей

Зала ўпрыгожана па-вясноваму.
Гучаць спевы птушак, чуваць кукаванне зязюлі. У залу ўваходзяць 4 гурты дзяцей («Кветкі», «Вяснянкі». «Птушкі», «Звяры»), накіроўваюцца на свае ўзгоркі.
Дзяўчына і хлопец абвяшчаюць аб надыходзе Вясны.


Дзяўчынка. На нашай белай зямлі вясною звіняць капяжы, вятры галёкаюць. Над нашай ціхмянай і добрай зямлёю чуваць галасы продкаў. У песнях нашых і замовах!
Хлопчык. У снежную непагадзь гукнём Вясну, як некалі дзяды нашы гукалі!
Гурты з усіх узгоркаў звяртаюцца да ўдзельнікаў чатыры разы:
— Ці трэба нам Вясна-красна?
— Трэба, трэба!
Вяснянкі.
Вясна наша вясёлая — гу!..
Развесяліла зямлю, ваду-гу!..
Птушкі.
Ой! Вясна,
Вясна вясёлая — у-у-у!
Нарасла трава зялёная — у-у-у!
Кветкі.
Ды ўзвесяліла ўсе горачкі, даліначкі.
Вяснянкі.
Дзе парабачкі — там дзевачкі — гу-у-у!
Птушкі.
Ідуць парабачкі страляючы.
Звяры.
А дзеВачкі — спяваючы - гу-у-у!
Вяснянкі.
Блаславі, Божа, на ўзгорачку сесці,
Вясну загукаці!
Птушкі.
Блаславі, Божа, зіму замыкаці,
Вясну заклікаці!
Кветкі.
Дай, Божачка, на жытачка род,
На статачак плод,
Людзям на здароўе!
Усе гурты.
Блаславі, Божа,
Вясну-красну пеці! Гу-у-у-у-у!

Гурты перагукваюцца: першы — трэці, другі — чацвёрты.

Вяснянкі. Благаславіце, старыя людзі.
Птушкі. Ай, Вясну-красну загукаць.
Кветкі. Лютую зіму замыкаць. Звяры. Вясну-красну — на вулачку!
Усе гурты. Лютую зіму — у каморачку!
Хлопчык. А ўжо на Саракі сорак выраяў птушак ляцяць да Беларусі. Звонка абвяшчае свята Жаваранак.

Кожны гурт стварае кола, раскідваючы хрэст-нахрэст ручнікі і падкідваючы ўгору спечаных жаўрукоў, спявае «Жавароначкі, прыляціце!». 3'яўляецца Жаваранак.

Вяснянка. Ой ты, Жавароначак, ранняя птушачка, чаго так рана з выраю вылятаеш?
Жаваранак.
А там пры даліне —
Ляжаць крыгі,
А там пры дарозе —
Снягі і марозы.
А я тыя крыгі крыламі разаб'ю,
А я тыя марозы нагамі растапчу.
Вяснянка.
Вясна, Вясна,
прынясі нам збожжа,
Прынясі нам красак,
каб звіць вяночак!

Гурты ствараюць адно вялікае кола вакол Вясны, спяваюць песню «Ой, Вясна».

Хлопчык. А потым агорне свет пяшчотай Вербная нядзеля!

Вясна і гурты спяваюць песню «Падай, Юр'ю». Гучыць урачысты голас трубы (запіс). З'яўляецца Юр'я. Вясна падае яму ключы.

Вясна.
Юря, вазьмі ключы залатыя,
Адамкні зямлю сырусеньку,
Пусці расу мядовую
на траву шаўковую,
На ўраджай, на ўсякі цвет,
На Белую Русь і на ўвесь свет!
Хлопчык. Слаўны наш Юр'я- Ярыла, дзе ж ты бываў?
Юр'я.
Я па полі хадзіў —
людзям жыта расіў,
Я па бору хадзіў —
людзям пчолы садзіў,
Я па хатах хадзіў —
людзям шчасце насіў!

Юр'я ўзнімае ўверх залатыя ключы. Вясна і Юр'я, адмыкаючы ключамі, абыходзяць кожны гурт. Гурты ўзнімаюць свае атрыбуты, ствараючы 2 колы: Вялізную Птушку, Вялізнае Сонейка, Вялікага Коніка, Пук Кветак.

Дзяўчынка. I выпадае блакітная раса на травы, як мара. Нясе жыватворную сілу Юр'я-Ярыла, каб дзеці і кветкі сусвету ўсміхаліся, каб зерне наша рупныя ўсходы дало.
Гучаць велічныя гукі трубы (запіс).
Вясна.
Ой, выйду, выйду я на вуліцу,
Да й гляну,
гляну ў чыстае поле!
А ў чыстым полі агонь гарыць!
Птушка.
Наш Юр'я агонь расклаў
Ды ўсіх да агню пазваў!
Юр'я.
Хадзіце ж, людцы, хадзіце ж,
мілыя, да агню!
Дзякуй Богу, Вясна прыйшла!

Вясна ўзмахвае вянком. Гурты ствараюць два колы. Юр'я ў сярэдзіну кола збірае Птушку, Коніка, Пук Кветак, Сонейка. Вясна вядзе ланцужок. Усе радуюцца і весяляцца.

Яшчэ на гэту тэму:

Гуканне вясны     Вясёлы ладзім карагод - вясну гукаем ля варот