сцэнарыі святаў на беларускай мове

Г. К. Майсейчык, настаўніца Фаніпальскай гімназіі Дзяржынскага раёна. Беларуская мова і літаратура Жнівень 2005 г.

"Добры вечар, шчодры вечар!.."

Гасцёўня, прысвечаная святкаванню Каляд (V—VII класы)

Мэты: шырэй пазнаёміць з даўнімі беларускімі традыцыямі, асаблівасцямі калядавання, папулярызаваць нацыянальную культуру; развіваць уменне трымаць сябе перад аўдыторыяй; выхоўваць павагу і любоў да народнай спадчыны, мовы беларусаў.

Настаўнік. "Ехала Каляда ў чырвоным вазочку, у чырвоным вазочку на сівым канёчку..."
Каляды — беларускае народнае свята, традыцыя, якую мы павінны шанаваць, ведаць, каб маглі перадаць іншым. Сёння мы і прысвячаем свае свята Калядам. Адкуль пайшло гэта свята і што яно сабой уяўляе, раскажуць і пакажуць нам вучні.
Першы вядучы. Каляды (ад лац. саlепdае ’календы’ — назва першага дня кожнага месяца ў рымлян) — народнае зімовае свята, якое адзначалася з 24 снежня па 6 студзеня. Характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці).

Другі   вядучы.
Паехала Каляда з канца ў канец!
На Каляды калядуйце!
Піць і есці не шкадуйце!
Шчадруйце, шаноўныя!
Жывіце год да ста так!
Хай едзе ў вашы двары
прыбытак і дастатак!
Першы  вядучы.
Добры вечар, шчодры вечар!
Добрым людзям на здароўе!
Другі   вядучы.
У калядны шчодры вечар
Ўсім вам шчасця і здароўя.
Першы  вядучы.
Вітаем вас, шаноўныя, на нашым свяце!
Шчыра запрашаем з намі калядаваці!

З’яўляецца калядны гурт і спявае:
Прыйшла Каляда калядуючы,
А за ёю дзеўкі шчадруючы...
А калядныя бліны ладныя,
А пшанічныя вельмі пышныя.

Першы  калядоўшчык.
Добры вечар, шчодры вечар!
Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!
А.людзей тут цераз край,
Хоць ты лыжкай мяшай.
Другі   калядоўшчык.
А ці рады вы нам?
Калі вы нам рады,
Мы вам да парады,
I, як кажуць нашы людзі,
Хай вам даспадобы будуць жарты, песні,
Бо без песні жыць няёмка, Хоць ты трэсні.
Трэці  калядоўшчык.
А без скрыпкі і дуды
Ходзяць ногі не туды,
А яшчэ у прывітанне
Пажадаць мы вам хацелі...
Чацвёрты калядоўшчык.
Каб ад нашага спаткання
Крышку вы памаладзелі,
Каб не ведалі вы злосці,
Каб жылі у весялосці,
Вушы каб у вас не вялі,
Каб вы добра ўсе гулялі.
Разам.
Ўсім ад краю і да краю
Шчасця і дабра жадаем.
Першы вядучы. А дзе ж самі гаспадары нашай гасцёўні?
Другі  вядучы. А вось і гаспадары.

Гучыць песня ў выкананні калядоўшчыкаў.
На новае лета хай родзіцца жыта.
Шчодры вечар, багаты вечар!
Жыта, пшаніца, усякая пашніца.
Жадаем табе, слаўны гаспадару,
Шва варыці, сынкаў жаніці,
Пасаг збіраці, дочак выдаваці.

Першы калядоўшчык. А мы веда­ем, што ў пана гаспадара дачушка ёсць, а прыгажунечка!.. Нібы каліна красная.
Другі калядоўшчык. Выйдзі, Зосечка, павярніся, нам, калядоўшчыкам, пакланіся.

Гучыць песня ў выкананні калядоўшчыкаў.
А ў лузе, лузе каліна красна.
Святы вечар добрым людзям!*
Ой, ясней-красней Зосечка ў таты.
На двор хадзіла — ўвесь двор скрасіла.
У сені ўвайшла — сені заззялі.
У хату ўвайшла — паны стаялі.
Паны стаялі, шапкі здымалі.
Шапкі здымалі, у яе пыталі:
Ці ты князёўна, ці каралеўна?
Я не князёўна, не каралеўна,
Таткава дачка красна панначка.
Мамчына дачка, як ягадачка.
Мы ж цябе, красну, не зважаем
I з калядою мы паздраўляем!
___________
* Паўтараецца пасля кожнага радка.

Трэці калядоўшчык. Табе, Зосечка-прыгажунечка, песня спета, песня спета, ды насупраць лета, каб вялікая расла, ды замуж пайшла, бацьку-матку вяселлем страсла...

Калядны гурт становіцца паўкругам.
Чацвёрты  калядоўшчык.
А ты, каза, не ляніся!
Туды-сюды павярніся,
Ножкамі пастукачы,
Рожкамі паляскачы.
Паскачы для народа,
Каб урадзіла жыта
Ў новым годзе многа.
А вы, людцы добрыя, не сядзіце,
Казу-весялушку ў карагод вазьміце.
Хто з казою патанцуе,
Таму ў новым годзе пашанцуе.

Каза г ўвесь гурт ідуць у натоўп, заводзяць карагод. Спяваецца песня.
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Дзе рожкі падзела?
- На соль праела.
- Лезь, каза, на печ,
Пакажы чапец.
- Лезь, каза, на кут,
Пакажы хамут.
Каза валіцца і ляжыць як мёртвая.

Першы  калядоўшчык.
Што ж гэта стала,
Мая каза упала, ссохла, прапала.
Другі  калядоўшчык.
Ты, каза-казіха,
Устань, развесяліся.
Ты расхадзіся.
Гаспадар ідзе,
Рэшата нясе,
Рэшата аўса,
Паверх каўбаса,
Тры кускі сала,
Каб каза устала.
Трэці калядоўшчык. Не хоча каза ўставаць — трэба лякарства ёй даць: нацерці бок кійком, падняць батагом. Каза мая вучоная — кіем хрышчоная, прайшла ўсе навукі, ведае розныя штукі. А ну, закладай рогі ды падбірай ногі!
Каза падымаецца і ідзе да гурта.

Першы вядучы. На Каляды варожаць. Варажба — гэта заўсёды таемнасць, надзея, спадзяванне. У кожнай вёсцы варажылі па-рознаму. Цягнулі з-пад ручніка саломінку. Калі доўгая, добрая будзе саломінка — на ўраджай. Калі кароткая — добрая будзе бульба. I мы за­раз паварожым.

Гульня "Яшчар"

Дзеці становяцца ў круг, узяўшыся за рукі, водзяць карагод. Адзін хлопчык (Яшчар) садзіцца пасярод круга. Усе ходзяць вакол яго і спяваюць:
Сядзіць, сядзіць Яшчар.
Гэй, нам, гэй!*
У залатым крэсле,
У лясковым кусце.
Яшчар гарох точыць,
Жаніціся хочыць.
__________
* Паўтараецца пасля кожнага радка.
Д з я ў ч а т ы:
Яшчар-панок, аддай вянок.
Я ручкі, ножкі мазаліла,
Свайго вяночка не знасіла.
Яшчар аддае вянок дзяўчыне, якая спадабалася. Можна выбраць іншага хлопчыка Яшчарам, і гульня працягваецца.

К а з а. Хто хоча пакаштаваць аладкі? Калі ласка! А патрэбна для гэтага ўсяго толькі адгадаць загадку! (Загадвае загадкі.)  
  1. Сіта — не  сіта,  рукамі не  віта, пража — не пража. Хто знае, той скажа. (Павуцінне.)
  2. Без рук, без ног, а на дрэва ўзлез. (Хмель.)
  3. Круглы, тоўсты, абкручаны мільёнамі абручыкаў. (Клубок нітак.)
  4. Сам драўляны, а галава жалезная. (Малаток.)
  5. Які гасцінец нельга прапанаваць у падарунак? (Дарогу.)

Хто адгадаў загадкі, той атрымаў аладкі.
Калядны гурт завяршае свята.

Першы  калядоўшчык.
3 песняй шчыраю калядуем мы
У святую ноч пад шатром зімы.
Другі  калядоўшчык.
Мы прыйшлі да вас пажадаць дабра
Ад усёй душы, як сваім сябрам.
Трэці   калядоўшчык.
Няхай збудзецца, што жадаецца,
Што задумана — прыдбаецца.
Чацвёрты  калядоўшчык.
Каб прынёс год новы вам
Дабрабыт і плен,
Многа радасці, светлых дзён.
Каза.
Дзякуем вам за добры прыём,
Цераз лета і восень зноў к вам прыдзём.
Разам. Усяго вам добрага. Да сустрэчы!



Яшчэ на гэту тэму:

Ніжнечарніхоўскія калядкі     Калядныя вячоркі