сцэнарыі святаў на беларускай мове

Г. М. ДЗЯТЛАВА, бібліятэкар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. I. Леніна. Пачатковая школа 5/2007

Падарожжа па гарадах Беларусі

Завочная экскурсія

Вядучы.
Зямля з блакітнымі вачамі,
Раздолле рэчак і лугоў!
Тут называюць Васількамі —
На Беларусі — хлапчукоў.
Звіняць крыніцы, як цымбалы,
Сцяжынкі свецяцца ў лясах.
Палі, узгоркі, перавалы —
Прасторны шлях, далёкі шлях!

Паглядзіце на карту Беларусі і вы ўбачыце, як многа на тэрыторыі краіны гарадоў. Вялікія і не вельмі, старадаўнія і параўнальна маладыя, розныя па знешняму выгляду і характару, яны з’яўляюцца сведкамі гістарычнага развіцця беларускага краю і яго жыхароў.
Вучань.
Яны даспадобы мне, хай і старыя,
Не толькі ў гучанні іх
добры змест.
Як многа гавораць мне
назвы такія —
Мінск, Пінск, Брэст.
Калі паразважыш,
няцяжка дазнацца,
Бо сведчаць на ўсю
неабсяжную шыр,
Што продкі любілі
спакойную працу —
Шклоў, Клецк, Мір.

Вядучы. 3 глыбіні стагоддзяў дайшлі да нас звесткі аб Мінску, Віцебску, Мсціславе. Гісторыю краіны захоўваюць у сабе Мазыр, Нясвіж, Полацк, Брэст... Шмат чаго бачылі гарады ў сваім жыцці, пакутавалі ад хвароб, стыхій, войнаў, якія знішчалі і спусташалі іх. Аднак яны не скараліся і праз пэўны час, як птушка Фенікс, адраджаліся з попелу, аднаўляліся і станавіліся яшчэ прыгажэйшымі.
Лёс кожнага горада — гэта лёс шматлікіх пакаленняў людзей, тых, хто ратнымі і працоўнымі подзвігамі піша гісторыю сваіх гарадоў. Полацк І Нясвіж, Пінск і Мсціслаў, Тураў і Віцебск непарыўна звязаны з імёнамі Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Пятра Мсціслаўца, Сымона Буднага...
Усяго на тэрыторыі Беларусі 101 горад. Іх узрост вызначаецца па першаму ўпамінанню ў летапісах. Самым старым лічыцца Полацк, які ўзгадваецца ў летапісах пад 862 годам.
(Разглядваюцца малюнкі з выявамі старажытных гарадоў, гербоў.)
Заснаваны крывічамі на правым беразе ракі Палаты, Полацк з’яўляўся эканамічным і культурным цэнтрам аднаго з буйнейшых княстваў.
За сваю шматвяковую гісторыю горад нямала пабачыў і перажыў. Ён сведка чароўных легенд і незабыўных падзей. Калісьці тут звінелі мячы, лілася кроў людская, папалі пажары. Адсюль гналі палачане рыцараў-тэўтонцаў, тут была спынена татарская арда, рассеяна армія Напалеона, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны ля сцен горада знайшлі сваю пагібель тысячы гітлераўскіх салдат.
Вучаніца. У Полацку жылі і працавалі славутыя беларусы — Ефрасіння Полацкая, Сімяон Будны, тут нарадзіўся Францыск Скарына — першадрукар і асветнік.
Вучань. Белакаменны Сафійскі сабор — рукатворны помнік народнаму таленту і ўменню. Пабудаваны ён у сярэдзіне XI стагоддзя. У храме захоўвалася вялікая колькасць культурных каштоўнасцей, узораў народнай творчасці. Пазней там адкрылася бібліятэка, школа, дзе пісалі і перапісвалі кнігі, працавалі іканапісцы і майстры прыкладной творчасці.
Вучаніца. Да найбольш старажытных гарадоў Беларусі належыць і Тураў, першае ўпамінанне аб якім адносіцца да 980 года. Паводле падання, князь Рагвалод з мэтай аб’яднання ўсіх крывіцкіх і дрыгавіцкіх земляў пад уладай Полацка рушыў у паход на Палессе. Уверх па Прыпяці ён выслаў дружыну, якую ўзначальваў Тур. Пакарыўшы дрыгавіцкія і яцвяжскія землі, Тур заклаў на Прыпяці горад і назваў сваім імем.
Вучань. Першае ўпамінанне аб Мінску датуецца 1067 годам, калі адбылася крывавая бітва на Нямізе паміж полацкім і кіеўскім князямі, апісаная летапісцам на старонках “Аповесці мінулых гадоў”. 3 таго часу і пачалася гісторыя Менеска, ці Менска. Сваю назву горад мог атрымаць ад ракі Менкі, на якой узнік калісьці. Ёсць і іншая версія: некалі заезджыя купцы спыняліся на берегах Свіслачы і Нямігі і мянялі свае тавары на тутэйшыя. Адсюль і назва.
Вучаніца. Цікавыя паданні звязаны з горадам Магілёвам. Адно з іх сведчыць, што жыў калісьці ў той мясцовасці разбойнік Машэка, якога ў народзе звалі Львом. Калі ён загінуў, на магіле насыпалі курган, які атрымаў назву “Магіла Льва”. У 1267 годзе на гэтым месцы быў заснаваны горад, названы Магілёвам.
Вучань. Паводле іншага падання, горад быў заснаваны рускім князем:
Жил-был Могий —
русский князь.
Сам не низкий, не высокий,
Спать ложился лишь на бязь.
Он, однажды покумекав,
Решил город заложить
И, селение объехав,
Молвил твердо: “Граду быть!”
Так и стали помаленьку,
Потихоньку строить град.
Там, где речка Дубровенка...
Вот такой был раньше город,
В коем мы сейчас живем.
Он еше довольно молод,
Могилев его зовем.

Вядучы. Сведкамі сівой гісторыі з’яўляюцца і гарады Віцебск (974), Брэст (1019), Орша (1067), Пінск (1097), Навагрудак (Х ст.), Гродна (1127)... Аднак на жыватворнай беларускай зямлі нараджаюцца ўсё новыя і новыя гарады.
Вучаніца. Недалёка ад сталіцы нашай краіны ўзнік горад Жодзіна. Там жывуць аўтамабілебудаўнікі. Яны выпускаюць самыя вялікія грузавікі — БелАЗы.
Вучань. Да маладых гарадоў адносіцца і Светлагорск — горад энергетыкаў і хімікаў. Заснаваны ён на рацэ Бярэзіне побач з буйнейшай электрастанцыяй. Там пабудаваны буйны хімічны завод, на якім выпускаюць незвычайную тканіну — корд. Яна выкарыстоўваецца для вытворчасці аўтамабільных і трактарных шын.
Вучаніца. На левым беразе Заходняй Дзвіны побач са старажытным Полацкам вырас горад Наваполацк. Менавіта тут пабудаваны вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі завод па перапрацоўцы нафты.
Вучань. Багата наша краіна на калійныя солі. Здаецца, зусім нядаўна сталі здабываць шахцёры падземныя багацці, а хімікі — перапрацоўваць солі ў мінеральныя тукі, а побач з радовішчам ужо ўзнік прыгожы горад Салігорск.
Вядучы. Малайцы! Добрыя падрыхтавалі паведамленні. А зараз правядзём некалькі конкурсаў.

I. Геаграфія з біялогіяй

— Горад Слонім ёсць на Шчары.
Ды чамусьці не сланы
Топчуць ля яго абшары,
А ласі і кабаны.
Мой таварыш —
Самы добры! —
Побліз Кобрына жыве.
Там вужакі, а не кобры
Выгінаюцца ў траве.

Узгадайце назвы беларускіх гарадоў, у склад якіх уваходзяць назвы жывёл і раслін. (Магілёў, Бяроза, Ваўкавыск, Дуброўна, Баранавічы, Воўкавічы, Слонім, Лепель, Ельск, Кобрын.)
Скажыце, у назвы якіх гарадоў уваходзяць імёны людзей. (Ліда, Клімавічы, Маларыта, Барысаў, Васілевічы, Давыд-Гарадок, Любань, Петрыкаў і г. д.)

II. Я ведаю свой горад

Назавіце як мага больш назваў вуліц горада, дзе вы жывяце. (Ленінская, Кастрычніцкая, Савецкая і да т. п.)

III. Рэкорды нашага горада

• Які будынак у нашым горадзе самы высокі?
• Якую назву носіць самая доўгая па працягласці.вуліца?
• Якія вуліцы горада самыя старыя?
• Якая плошча раней за іншыя з’явілася ў нашым горадзе?
• Ці ёсць у горадзе музеі? Калі ёсць, назавіце іх.
• Назавіце колькасць жыхароў, што пражываюць у нашым горадзе.
• Якія вучэбныя ўстановы ёсць у горадзе?
• Назавіце самыя распаўсюджаныя сярод гараджан прафесіі.

IV. Анкета “Самы лепшы горад на зямлі”

Адкажыце на пытанні анкеты:
1. Ці лічыш ты свой горад прыгожым?
2. Які куток свайго горада ты любіш больш за ўсё?
3. Што табе не падабаецца ў тваім горадзе і што ты хацеў(па) бы(б) змяніць у ім?
4. У якім горадзе нашай краіны ты хацеў(ла) бы(б) пабываць і чаму?
5. Якія кнігі пра свой горад ты чытаў?
6. Ці ведаеш ты прозвішчы людзей, што праславілі горад?
7. Што ты можаш зрабіць, каб твой горад стаў прыгажэйшым?
8. Якім ты ўяўляеш свой горад праз 20 гадоў?
Вядучы. На жаль, сёння падарожжа па гарадах нашай краіны заканчваецца. Наступным разам мы згадаем іншыя гарады Беларусі.
Праз лугі-разлогі,
Паміж рэчак звонкіх,
Праляглі дарогі
Роднае старонкі.

Па адной дарозе
Пад Барысаў пойдзеш —
На рацэ Бярозе
Запаведнік знойдзеш.

Там, у сінім змроку,
Ёсць ласі, куніцы,
Там на кожным кроку —
Смачныя суніцы.

Над ракою ціхай
Ніцых лозаў шаты.
Там бабёр з бабрыхай
Збудавалі хату...

Кліча вецер свежы
Да другой дарогі.
Вабяць з даляў вежы,
Вабіць замак строгі.

Па шляху заходнім,
Там, дзе пушчаў гоман,
Мы ідзём да Гродні,
Дзе лагодны Нёман.

...Кожны кут радзімы —
Гэта быль і казка.
Кліча край любімы:
— Дзеці, калі ласка!