сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. Я. Пушкарова. Бібліятэка прапануе Люты. 2006

Мама – матуля чароўнае слова...

Літаратурна-музычная кампазіцыя да Дня маці

Гучыць запіс песні «Маміны рукі» (група “Сябры”).

Бібліятэкар. Дарагія сябры! Загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2006 год аб’яўлены Годам Маці. Менавіта гэтаму святу і прысвечана наша сённяшняя літаратурна-музычная праграма.
1-я вядучая. Мама... Матуля... Маці... Самыя дарагія на свеце словы. А які невычэрпны сэнс гэтага адзінага слова - МАМА! Слова, зразумелага, бадай, на ўсіх мовах свету. У ім пяшчотная ласка, боль, любоў і надзея.
Свеціць, як сонца, ад самай калыскі
Вобраз любімы, родны і блізкі.
Маміна імя - самае лепшае.
Мама! Матуля! - чароўнае слова
Песняй ласкавай гучыць на ўсіх мовах!

2-я вядучая. Мама сагрэла цябе сваім сэрцам. Яна адкрыла для цябе дзівосны свет шчасця і таямніц. Бяссонымі начамі яна студзіла абпаленыя гарачкай твае вусны, калыханкай і ласкавым словам люляла, песціла цябе, суровым поглядам гартавала тваю душу. Не шкадуючы сваіх сіл, сілу давала табе. Бо яна - МАЦІ!
1-я вядучая. Кожная сынава драпіна была ёй нясцерпным болем, няўдачы дзяцей станавіліся яе пакутай і горам. Ніхто так цябе не шкадуе і не любіць, як мама. Ніхто так горка не тужыць па табе ў адзіноце, як маці. Ніхто так не ўмее чакаць, як яна. Ніхто, як маці, не радуецца нават самым маленькім радасцям дзяцей сваіх.
2-я вядучая. I адразу прыгадваецца старадаўняя прытча пра юнака, які па загаду няўмольнай і хцівай каханкі прынёс ёй у ахвяру матчына сэрца. Ён бег з ім у руках, моцна выцяўся аб камень і застагнаў. «Ой, табе ж баліць, сынок! Ідзі цішэй, дзіцятка!» - адазвалася матчына сэрца...
Вось так. Матчына сэрца заўсёды ў трывозе аб дзецях.
Кнігаўка неспакойная - маці,
Яна будзе лятаць у трывозе
I кружыць над зямлёй рызыкоўна,
Каб ад нас адвесці бяду...
Сымон Блатун

1-шы чытальнік. Верш “Маці” Н. Гілевіча.
Я ўзыходжу на двор,
Я кажу ёй: «Са святам!»
I цалую знаёмыя родныя вусны,
I бяру пад руку,
I іду з ёй у хату,
Дзе ад прыпечка б’е
Дух гарачы капусны.

Я гляджу ў яе вочы,
Што свецяцца шчасцем,
Гладжу рукі сухія,
Прапахлыя зеллем,
I хілюся да сэрца...
А трэба б упасці
Перад ёю - нядужай, сівой -
На калені...

Вочы маці!
У доўгія зімнія ночы
Вы над намі
Вясёлымі зоркамі ззялі,
Вы ў нясцерпнай дрымоце
Зліпаліся, вочы,
Але ж усміхаліся нам,
Забаўлялі...

Рукі маці!
Вы ў працы не зналі прынукі,
Вы насілі штогод
Мазалі, як бабіны,
Вы аж нылі ўвечары,
Мілыя рукі,
Спавіваючы нас
Перад сном галубіным.

Сэрца маці!
Наш боль быў тваім,
Не іначай.
Сорам наш
Ты насіла вялізарным горам,
Кропля ж кожная
Радасці светлай дзіцячай
Напаўняла цябе,
Разлівалася морам...

А цяпер ёй -
Адно б на сынка наглядзецца...
Жаль, і горыч, і боль
Мне душу працінае:
Як жа позна,
Як позна - любімыя дзеці -
Мы няўдзячнасць сваю
Разумець пачынаем...

2-гі чытальнік. Р. Барадулін. “ Планета матуль”.
Ты прахукваеш у шыбіне свае акенца ў зімовы свет. А на плечы табе цёплай аблачынкай апускаецца апранашка, сагрэтая матчынымі плячыма.
Снег на шчацэ растане, і зашчыміць прытухлым болем трывога. Адчуеш адразу, як пачынае цяплець у цябе пад нагамі зямля, адтуль, з малых гадоў, з малечых слядоў.
I першы мароз запахне матчыным дыханнем, халодным малаком і самым смачным у свеце, бо.часцей яго не хапала, хлебам пасля вайны...
Праталкі першыя, першыя прысмалкі на санным следзе - сляды вясны.
Гэта матчыны вочы першыя выглядзелі здалёку вясну. На сакавіцкія кветкі зірнеш і сорамам зойдзешся. Некалі не прынёс іх маці, забыўся прынесці, вырашыўшы, што гэта здасца занадта сантыментальным учынкам, не мужчынскім. Адно забыўшыся, пакуль жывая маці, ты ўсё роўна дзіця горкае і дужа безабароннае...
Лета на аграблях дасушвае на вятрах падвялае сена, на матчыных аграблях.
I навальніца летняя гразіцца зусім не грозна, не злосна, яна спагадліва дакарае, як маці. Пазней дойдзе да цябе сэнс прымаўкі: граза ў лес не йдзець...
Восень у матчыных даланях трымае важкія пахі з гароду і саду. Кожнаму каліўцу кланялася маці не адзін раз, з кожным яблыкам гаварыла, горам і радасцю дзялілася.
Незабытна пахне варыва з маладых прыпасаў. Новая навіна на старое чэрава - усміхаецца прыгавор разам з маці... Увесь год усяго жывога і зялёнага пачаты і завершаны матчынымі клопатамі, матчыным стараннем.
I год жыцця нашага ад вясны да зазімка ці да глухой зімы - ён матчын, ён нам дадзены матуляй.
Памяць нашая пра сябе малых і веданне сябе саміх - ад маці. Пакуль жыве маці, жыве нашая памяць жывая.
Толькі маці і зямля, яны ж абедзве жанчыны, разумеюць сэнс жыцця, нас, дзяцей сваіх.
Экзюперы назваў зямлю нашу планетай людзей.
Я назваў бы - планетай Матуль.

3-ці чытальнік. Верш “Мама” С. Басуматравай.

Не знаюць стомы маміны далоні.
Усё навокал цягнецца да іх
- Бутоны сарамлівыя півоні,
- Запэцканыя тварыкі малых.

Учора дзеткі плакалі: «На рукі».
А сёння ўжо нявесты, жаніхі.
У іх цяпер складаныя навукі,
У іх цяпер далёкія шляхі.

Зямля і дрэвы, дрэва і галіны
- Ёсць рэчы недзялімыя ў жыцця.
- Мы кожнай клеткай адчуваць павінны
- Жывую сувязь - маці і дзіця.

Няхай часцей шчымлівая трывога
Кранае сэрца востра, як ігла,
Што вось яшчэ адна твая дарога
На твары мамы зморшчынкай лягла.

Апошні свой аддасць кавалак хлеба,
Жыццё аддасць, каб толькі мы жылі...
Два сонцы ёсць.
Адно нам свеціць з неба.
Другое - мама - грэе на зямлі.

Гучыць мелодыя.
За сцэнай.


1-я вядучая. Калі нам бывае вельмі балюча, з глыбіні душы вырываецца енк: «Мама!». I, здаецца, адразу стала лягчэй. Так было ў маленстве, так будзе заўжды. Бо маці - пачатак усіх пачаткаў, апора і надзея, будучае народа, падтрымка ў горы і ў радасці.
Самыя дбайныя ў свеце рукі - матчыны.
Самыя ласкавыя словы ў свеце - матчыны.
Самая пяшчотная ў свеце песня - матчына.
Самае любячае ў свеце сэрца - матчына.
Самыя горкія ў свеце слёзы - матчыны.
Самая чорная ў свеце скруха - матчына.
Самая вялікая ў свеце трывога - матчына.
Самае цяжкае абвінавачванне ў свеце - матчына.

4-ты чытальнік. Верш “Мама” С. Грахоўскага.

Калі пушок прабіўся над губою
I ў сны прыйшло дзявочае імя,
Я ні аб чым не раіўся з табою,
Матуля адзінокая мая.

Мне сорамна здавалася часамі
Сярод хлапцоў - цыбатых забіяк
- Назваць цябе, як у маленстве, ма-ма,
Таму часцей не называў ніяк.

А вечарамі, слова не сказаўшы,
Ішоў каля чужых варот
I пазіраў, як у акенцы нашым
Мігаў у лямпе да світання кнот.

Не спала ты асеннімі начамі,
Хоць падала ад зморы галава,
Глядзела ў змрок вільготнымі вачамі,
Прывычная да гора удава.

Ты прала кужаль, ты капала гліну,
А ў час жніва зусім не чула ног
Ды гаварыла ласкава пра сына:
«Хай падрасце, няхай паспіць сынок...»

I зноў сама збіралася па дровы,
А ў валасах гусцела сівізна
-«Хоць бы сказаў ён ласкавае слова,
Хоць бы, як колісь, мамаю назваў».

...Прайшлі гады. Мы пасівелі самі,
I, мабыць, крыўдна мне не аднаму,
Што гэтае святое слова МАМА
Цяпер сказаць ужо няма каму.

Гучыць мелодыя.
За сцэнай.


2-я вядучая. Няхай пасівеюць сыны і дочкі - для мацярок яны заўсёды - дзеці. Любыя, балесныя, кволыя, самыя лепшыя і дарагія, яны - матчын гонар, матчына шчасце.
1-я вядучая. Пакуль у нас ёсць маці, мы ў любым узросце застаёмся маладымі. Таму ой як трэба берагчы, шанаваць і любіць сваіх мацярок, толькі радасць і кветкі прыносіць ім.
5-ты чытальнік. Верш «Ля ложка хворай маці” Я. Янішчьщ:

Ты ляжаш не на ложку, а ў жытнёвым полі.
Мама!
Так мне рукі твае не балелі ніколі.
То пасланы ў пакоі не ходнікі - саматканыя сцежкі-дарогі.
Мама!
Так ніколі твае не балелі мне ногі.
Я прыйшла, як заўжды, цішынёю тваёю сагрэцца.
Мама!
Так ніколі тваё не шчымела мне сэрца.
I ружовіцца дзень.
I жыты ўжо чакаюць за хатай,
А табой за паўвека так многа жытоў перажата!..
Ты на ложку ляжыш,
А здаецца, што ў сонечным полі.
Мама!
Так ніколі твая не балела мне доля.
Ты на ложку ляжыш.
I прыціхла за хатай дуброва.
Мама!
Так ніколі, як сёння, тваё не балела мне слова.

Гучыць мелодыя.
2-я вядучая.
Не знаю,
Ці ёсць жыццё
На нейкіх зорках.
Я знаў толькі адну зорку -
Пяцікрылую далонь маці,
На якой выраслі
Мы, наш хлеб, нашы песні,
Святло якой
Вечна струменіць.
М. Танк

1-я вядучая. Нізкі паклон вам, матулі ўсёй Зямлі!
2-я вядучая. Мір і спакой вашаму дому, нашы родныя матулі!

Зноў гучыць песня «Маміны рукі» групы «Сябры».


Яшчэ на гэту тэму:

«Не, ніхто не заменіць, матуля, цябе...»     Маё сэрцайка – для маці