сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. А. АНІКЕЕВА, настаўніца СШ № 36 г. Магілёва, выхавацель-метадыст. Пачатковая школа Кастрычнік 1992 г.

Ехала Каляда ў чырвоным вазочку...

Сцэнарый свята

У пакоі, дзе адбудзецца свята, стаяць хаткі (іх можна намаляваць на паперы), сцены ўпрыгожваюць плакаты з тэкстамі:

Прыйшлі калядкі — бліны ды аладкі;
Студзень году пачатак, а зіме палавіна;
Сонца на лета, а зіма на мароз.

Вядучы(да дзяцей):
Ці ведаеце вы, для чаго мы з вамі тут сабраліся? Так, каб развітацца са старым годам і сустрэць Новы. Цяпер толькі навагодняя ноч збірае ўсіх за святочным сталом, а даўней беларусы адзначалі надыход Новага года цэлы тыдзень, які зваўся КАЛЯДНЫМ.
На Каляды ў кожнай хаце рабілі куццю (кашу з круп) і неслі на кут. Нездарма ў гэтыя дні куцця лічылася галоўнай стравай! Елі яе не толькі дзеці і дарослыя: сяляне давалі крыху кашы курам, каб тыя лепш несліся; падышоўшы да акна, гаспадар прапаноўваў лыжку куцці і Дзеду Марозу. (Даўней верылі, што пасля пачастунку стары не будзе вясной губіць пасевы). Адкупіўшыся ад холаду, не забываліся нашы продкі ўшаноўваць сонейка: у яго гонар пякліся круглыя, жоўценькія, гарачыя блінцы ды аладкі.
Каляды лічыліся спрыяльным часам для варажбы. Людзі ўважліва ўглядаліся ў неба: калі зорак многа, то ў наступным годзе будзе шмат грыбоў.
Вечарамі ў сялянскіх хатах сустракалі калядоўшчыкаў — вясёлых хлопцаў і дзяўчат, апранутых хто казой, хто мядзведзем, хто цыганом... Госці танцавалі, спявалі песні, жадалі гаспадарам шчасця ў надыходзячым годзе.

Давайце ж свой край павітаем
I дружна яму пажадаем
Светлае долі, спеўнае мовы,
Каб жылося і вялося
Ды ўсё добрае збылося.

(Уваход калядоўшчыкаў з трашчоткамі, са скрыпкай, дудачкамі, лыжкамі.)

Калядоўшчыкі (гуртам):
Напяклі бліны-аладкі,
Сустракаем мы калядкі,
Ой, калядачкі, на двор,
А каўбасачкі — на стол.

Дзеці ідуць да калядоўшчыкаў і, прытупваючы, спяваюць:
Добры вечар, добры вечар!
Вы прыехалі дарэчы.
Станем дружна ў карагод
Ды сустрэнем Новы год.

Патанцуем, паспяваем,
Ля ялінкі прыгадаем,
Дзе і як гуляюць,
Свята адзначаюць.

У індусаў — каляровы
Змей у небе папяровы.
Ён над джунглямі лунае,
Першым свята сустракае.

У галандцаў параходы
Покліч шлюць прыветны году.
Ўсмак тут піражкі ядуць,
Шмат да свята іх пякуць.

У Гвінеі зноў і зноў
Вуліцай вядуць сланоў.
I танцуюць, і спяваюць,
Гэтак Новы год вітаюць.

А як трапім да балгараў,
Не крыўдуй, прашу, таварыш.
Сябра б’юць сучком кізілу,
Каб заўсёды меў ён сілу.

Посуд вобзем хінуць шведы,
Каб міналі хату беды.
Больш асколкаў ля дзвярэй —
Будзе год шчаслівей.

Дзеці ў беларускай вопратцы:
1. У маёй старонцы мілай
Каляду спяваюць,
Каб шумелі збожжам нівы,
Спадару жадаюць.

2. Пякуць бліны-аладкі,
Каб сонца ззяла ярка.

3. Хвала ў Каляды плясуну,
Бо ён разбудзіць нам вясну.

(Гучыць беларуская народная мелодыя, дзеці займаюць месцы ў хатках, «збудаваных» з фанеры, кардону, аздобленых папяровай «разьбой». Калядоўшчыкі абходзяць круг і пачынаюць калядаваць.)

Калядоўшчык:
Добры вечар таму,
Хто ў гэтым даму.
Нам не хочацца чакаць,
Загадайце калядаваць.
Вядучы:
Добры вечар, гаспадару.
Вынесі каўбасак пару!
Гэй, пахадзі каля печкі,
Пашукай там перапечкі!

(Выходзіць Гаспадыня, выносіць пачастункі, Механоша забірае іх.)

Гаспадыня (звяртаецца да Казы):
Бегла белая казачка,
Бегла берагам козытка,
Рожкі казытунчыкі,
Ножкі тупатунчыкі,
Хвосцік-недаросцік за-мя-тун-чык
Калядоўшчыкі:
Гэй-га, каза,
Гой-га, шэра!
Ну-ка, казачка, павярніся,
Усім нам пакажыся.

(Каза ідзе па крузе, падскокваючы, робіць выгляд, што хоча пабадаць дзяцей.)

Калядоўшчыкі:
Дзе рожкі дзела?
Каза:
На соль праела..
Калядоўшчыкі:
Лезь, каза, на лея,
Пакажы чапец.
(Каза дастае чапец, прымервае яго.)
Калядоўшчыкі:
Лезь, каза, на куш,
Пакажы хамут.
(Каза ўскоквае на стол, прасоўвае галаву ў хамут.)
Калядоўшчыкі:
Лезь, каза, на пол,
Пакажы хахол.
(Каза хапае сябе за хахол і скача. Потым ідзе па крузе.)
Каза:
Дзе хаза ходзіць, там жыта родзіць,
Дзе хаза рогам, там жыта стогам,
Дзе каза нагой, там жыта капой,
Дзе каза хвастом, там жыта кустом.

Гаспадыня (пляскае ў ладкі):
Вось дык каза! Прадайце ж вы яе мне!
Гандляр:
А што заплаціш?
Гаспадыня:
Аддай мне казу так!
Гандляр:
Дай хоць пятак!

(Гаспадыня дае грошы, бярэ Казу, але тая ўпіраецца, не ідзе, брыкаецца. Гандляр сцябае яе лазовым прутком, а Каза —брык! — і ляжыць «мёртвая». Падбягае Доктар, пырскае на яе «жывой вадой», Каза «ажывае», скача, а потым ідзе да дзяцей.)

Каза (пытаецца ў гасцей):
А вы паваражыць хацелі б? Ну, давайце паварожым на саломінках! Цягніце!

(Каза прапануе дзецям выбраць сваю саломінку з ліку тых, што яна трымае ў руцэ. Саломінкі маюць розную даўжыню, але гледачам здаюцца аднолькавымі.)

Каза: Ну, хто доўгую выцягнуў? Хто кароткую?
(Дзеці адказваюць.)

Каза (гарэзліва):
Хто выцягнуў самую доўгую саломінку, той будзе вучыцца ў новым годзе на «пяць», а той, хто самую кароткую — на ... «чатыры».
(Дзеці ядуць салодкую саломку, а калядоўшчыкі падыходзяць да другой хаткі.)

Калядоўшчыкі:
Добры вечар, добры вечар,
Адкажы нам, чалавеча,
Ці ісці, ці сесці,
Ці каўбаску з’есці?

Добры вечар, гаспадару,
Вынесь сала, не скупіся,
Каб твой ячмень урадзіўся,
Каб нажалі сто коп жыта,
Каб сям’я была ўся сыта,
Каб скацінка вадзілася,
Каб пшаніца радзілася,
(Выходзіць Гаспадыня.)

Калядоўшчыкі:Добры вечар, ці рады вы нам?
Гаспадыня:Мо то і рады, ды хто вы такія?
Калядоўшчыкі:
Мы люд не просты, з далёкага краю,
Людцы ўсе сталыя, з-пад самага раю.
Гаспадыня: Адкуль ідзяце?
Калядоўшчыкі:
Ідзём ад пана года,
Што носіць бараду,
Шыроку, як лапату,
Сіву і калмату.
Мы к лету ідзём,
Мядзведзя вядзём.
Ці шырокія сцены,
Каб нам патанцаваць?
Ці добра гаспадыня,
Каб нас пачаставаць?
Дзеці:
Гаспадыня добрая і нават шчодрая.
Гаспадыня:
Дых за што ж вас частаваць?
Трэба ж, браткі, паскакаць!
Мядзведзь:
Сёння ў доме вашым
Мы для вас паскачам.
(Мядзведзь танцуе, а калядоўшчыкі хлопаюць, падыгрываюць яму. Мядзведзь махае лапай — кліча да сябе дзяцей, якія далучаюцца да калядоўшчыкаў. Выконваецца беларускі танец, дзеці сядаюць на свае месцы.)

Калядоўшчыкі (звяртаюцца да Гаспадыні):
Скарэй дарыце, нас не марыце:
Кароткі світкі, памерзлі лыткі;
Кароткія кажушкі — павылазяць душкі.
(Гаспадыня выносіць сала, абаранкі, арэхі, аддае калядоўшчыкам.)

Гаспадыня:
Частуйцеся, калі ласка!
Вядучы:
Ішлі калядоўшчыкі, калядуючы,
Добры люд віншуючы.
Ад іх белы конь адбіўся, стаміўся,
Спатыкнуўся ды тут апынуўся.
(Вядучы вядзе каня да трэцяе «хаткі».)

Конь:
Вас павіншую,
Аўса сабе накалядую.
Зычу для добрых людзей
Добрых надзей і падзей.
Каб мне скакалася,
А вам плённа працавалася.
Мне падковак новых,
А вам дзетак здаровых.
Мне новае сядзельца,
А вам сала тры пудзельцы.

Гаспадыня:
Дзякуй табе, белы конь,
Частуйся, калі ласка!
(Гаспадыня насыпае ў торбу аўса.)
Гандляр:
Добры конь, слаўны конь,
Забяру яго з сабой.
У яго грыва белая,
Яго постаць смелая.
Ці ж падкаваны Ён? (Аглядае каня.)
Гандляр:
Адной падковы няма!
Гэй, кузнец-маладзец,
Раскаваўся жарабец!
(Да Гандляра падыходзіць Цыган з цвікамі і малатком.)

Цыган:
Вось цвік, вось падкова,
Раз, два...
(Схіляецца, пачынае біць малатком. Конь узбрыквае і б’е нагой Цыгана, той падае.)

Калядоўшчыкі:
І гатова!
(Доктар «жывой вадой» ажыўляе Цыгана, які хуценька ўстае на ногі, бярэ каня за аброць, ласкава пагладжвае.)

Цыган (звяртаецца да Каня):
Гэй, мой конік,
Гэй, мой сівы,
Галавою страсяні,
Капытамі зазвіні,
I далёка, мілы мой,
Паімчымся мы з табой!
(Калядоўшчыкі ўваходзяць у «вазок», Гандляр бярэ лейцы, усе з песняй «Бывайце здаровы» «едуць».)

Вядучы (да калядоўшчыкаў):
Вялікі вам дзякуй, калядоўшчыкі!
Мы вам жадаем...
Дзеці (хорам):
...Каб шчасліва жылі,
Заўжды вясёлыя былі,
Кожны год калядавалі,
Людзей добрых віншавалі!

(Усе развітваюцца. Калядоўшчыкі «ад’язджаюць».)



Яшчэ на гэту тэму:

"Ішла Каляда, калядуючы..."     Ніжнечарніхоўскія калядкі