сцэнарыі святаў на беларускай мове

Падрыхтавала В. У. КОЦІК. Беларуская мова і літаратура 2014/12

Вячоркі ў Забалаці

Сцэнарый мерапрыемства

Мэта: увасобіць на сцэне традыцыйны народны абрад вячорак; паказаць адметнасць яго бытавання ў нашай мясцовасці; раскрыць багацце і каларыт беларускага фальклору (песні, прыпеўкі, танцы, загадкі, прыкметы); выхоўваць любоў і павагу да роднага слова, да нацыянальнай спадчыны.

Ход мерапрыемства

Сцэна прыбрана пад інтэр’ер вясковай хаты. Направа ад гледачоў — стол, каля стала — лавы, зэдлікі, налева (у кутку) — стылізаваная печ.
Зала ўпрыгожана ў нацыянальным стылі: ручнікі з беларускім арнаментам, вышыўкай, саматканымі посцілкамі.
На сцэне гаспадар пляце венік. Гаспадыня б’е масла, а дачка Васілінка прыносіць сподачкі і кубкі, расстаўляе на стол. Маці з дачкой спяваюць песню “Чаму ж нам не пець...”.
У гэты момант вядучыя, у якіх у руках хлеб і соль, звяртаюцца да гасцей.


Вядучы.
Добры вечар усім вам,
Дарагія госці,
Дзякуем, што к нам вы
Прыбылі ў госці.
Вядучая.
Рады мы ўбачыць
Вас у нашай хаце.
Нашым караваем
Вас пачаставаці.
Вядучы.
Па звычаях народных
Усім гасцям — паклон наш.
3 добрым словам і з любоўю
Вас вітаем хлебам-соллю!

Вядучая кладзе хлеб з соллю на стол.
Вядучая.
А свае «Вячоркі»
Паказаць вам рады.
Рады мы паслухаць
Вашае парады.
Вядучы.
Рады мы заўсёды
3 вамі парадніцца.
У шчаслівай долі
Жыць і весяліцца.

Вядучая. Вячоркі... Вечарушкі... Пасядзелкі... Пасядушкі... Супрадкі... Папрадкі... Зборкі...
Па-рознаму называлі вячоркі. Збіраліся на вячоркі некалі і ў нашай Забалаці. Для чаго? Што людзей прыцягвала да вячорак?
Вядучы. Гэта традыцыйная форма калектыўнай жаночай працы і правядзення вольнага часу ў доўгія асеннія і зімовыя вечары. 3 глыбокай даўнасці прыйшоў да нас гэты народны звычай. Як ні цяжка было жыць у тыя далёкія часы, а усе ж засталася ў народа любоў да песень, танцаў, гульняў, жартаў.
Вядучая. Звычайна на вячоркі збіраліся ў хаце з прасторным пакоем. Сустракалі гасцей гаспадыня-весялуха, гаспадар-жартаўнік, якія самі вельмі любілі спяваць, расказаць якую-небудзь небыліцу, успомніць пра сваю маладосць, пра свае горычы і радасці. Жартаўнікі прыдумлялі розныя гульні.
Вядучы. На вячорках вяліся розныя размовы. Марылі, безумоўна, аб лепшым жыцці, думалі і абмяркоўвалі, дзе і як можна зарабіць, каб дапамагчы сваім бацькам.
Марылі яшчэ і аб тым, каб навучыцца трохі грамаце, бо пісьменных людзей у нашай вёсцы амаль не было. Марылі аб зямлі, аб волі, аб лепшым жыцці. Свае мары выказвалі ў песнях.
Вядучая. Паступова вячоркі як форма грамадскага бытавання спынілі сваё існаванне. На жаль, яны сёння адраджаюцца толькі на фальклорных святах і канцэртах.
Будзем спадзявацца, што асноўныя элементы гэтага рытуалу зоймуць пачэснае месца ў сучасным жыцці.

Лявоніха (да Лявона). Вось жа выбраў час. Зараз дзяўчаты на вячоркі да нас збірацца пачнуць, а ты тут сметнік развёў.
Лявон. Эх, жонка! Гуляць — гуляй, а справе ганьбы не давай. А я гляджу, чаго ты сёння як падмеценая.
Лявоніха. Хаця з сярэдзіны хаты ссунься.

Васілінка падмятае падлогу ад парога.
Уваходзіць бабуля Алена.

Бабуля Алена. Унучачка, што ж ты гэта робіш? Ад парога хату не мятуць.
Васілінка. А ці так ужо важна, як месці. Галоўнае ж, каб чыста было.
Бабуля Алена. Яно-то так. Але ж хіба табе мама не казала? Калі ты не ведаеш, ну дык паслухай, што я табе скажу. Парог, як і печ, — месца ў хаце незвычайнае. 3 ім звязана мноства народных звычаяў, абрадаў і прыкмет. Парог лічыўся ў народзе месцам, дзе жывуць душы продкаў, якія могуць уплываць на людзей, на іх здароўе, заможнасць, узаемаадносіны з іншымі людзьмі. 3 гэтым вераваннем звязаны розныя звычаі, якія дайшлі да нас з часоў сівой даўніны. Найбольш вядомы з іх — рытуальнае сядзенне перад парогам напярэдадні паездкі, падарожжа. Абавязкова трэба было маўчаць. Гэта сімвалізавала далучэнне да свету продкаў-нябожчыкаў. Вядомая прыкмета, якая забараняе вітацца праз парог. Бо гэта можа прывесці да спрэчкі, непаразумення паміж людзьмі. А ці ведаеш ты, ўнучачка, чаму на вяселлі малады ўносіць на руках у сваю хату жонку?
Васілінка. Не, не ведаю.
Бабуля Алена. Пераступаючы з ёю парог, ён тым самым аберагае маладую ад адмоўных да яе адносін продкаў. А вось якія яшчэ існуюць звязаныя з парогам прыкметы. Чалавека, які ўваходзіць у хату, чакае непрыемнасць, калі ён спатыкнецца аб парог. А вось садзіцца на парог або станавіцца на яго народная этыка не дазваляе. Асабліва асцерагаюцца гэтага хлопцы і дзяўчаты, інакш іх чакае адзінота. Забаранялася садзіцца на парог і цяжарным жанчынам, бо дзіця народзіцца з дрэннай памяццю. Яшчэ адзін паэтычны звычай. Калі нявеста абыходзіла з паклонам усіх, развітваючыся з бацькоўскім домам, яна кланялася да зямлі парогу і прасіла прабачэння. Як бачыш, дзетка, парог займаў значнае месца ў жыцці нашых продкаў.
Васілінка. Дзякую, бабуля, за цікавыя звесткі. Цяпер буду падмятаць толькі да парога. Праходзь, бабуля, госцем будзеш. Сёння ж у нас свята.

Гучыць песня «Гуляць дык гуляць».

Лявон (звяртаецца да Васілінкі). Гэта ты ўжо, Васілінка, вячоркі прыдумала?
Васілінка. Не сварыся, татка. У нас будзе так весела!

У гэты час чуецца стук, крокі, смех.
Уваходзяць дзяўчаты.


Дзяўчаты. Добры вечар у хату!
Лявон. Добрым людзям добры вечар!
Першая дзяўчына. Прыйшлі мы да вас папрасіцца на вячоркі.
Лявоніха. Заходзьце, заходзьце, гасцям мы заўсёды рады!
Другая дзяўчына. I праўду ў народзе кажуць: «Добра ў той дом зайсці, дзе рады вам гаспадары ».
Лявоніха. Будзьце як дома. Сядайце, калі ласка!
Дзяўчаты садзяцца па чарзе, прымаўляючы:
1. Сядзем радком, пагаворым разком.
2. За добрай размовай і справа хутчэй робіцца.
3. Якая справа, такое і слова.
4. Нічога само не робіцца.
5. Не так лёгка зрабіць, як сказаць.
6. Сёння зробім, заўтра знойдзем.
7. Але якія вячоркі без песень!


Лявоніха. А давайце заспяваем, тады і працаваць будзе лягчэй, весялей. А якую песню?
Першая дзяўчына. Давайце заспяваем «Мае вочы чорныя, чорныя».

Дзяўчаты спяваюць.

Васілінка. А мне вельмі падабаецца песня «Цячэ вада ў ярок».

Дзяўчаты зноў спяваюць.

Лявон. Вельмі прыгожа спявалі. Малайцы! Дзякуем!
Алеся (пасля невялікай паўзы). А хочаце, я вам раскажу цікавую гісторыю, як лён дзяўчыну выратаваў? (Усе згаджаюцца.)
У адным сяле жыла прыгожая дзяўчына, і хацела яна выйсці замуж за багатага, але ніхто не сватаўся да беднай. I вось аднойчы да гэтай дзяўчыны прыехаў багаты малады пан на вараных конях. Ён быў прыгожа апрануты: увесь у золаце. I гаворыць: «Што, спадабаўся я табе, Алеся?» Дзяўчына пачырванела і кіўнула галавой. I насыпаў ёй госць, як здалося, золата поўны куфар, а дзяўчына не бачыла, што гэта не золата, а вуголле. Тады яны селі на коней і паехалі да яго ў палац. Коні ляцелі, як бы ў іх сядзела нячыстая сіла. I толькі цяпер дзяўчына ўбачыла пад сурдутам у маладога пана хвост. I здагадалася яна, што гэта не пан, а чорт. (Дзве-тры дзяўчынкі войкнулі.)
Тады выскачыла яна з карэты і схавалася ў лёне. А чорт і кажа: «Лён, лён, аддай дзяўчыну». А лён падумаў, падумаў, стала шкада яму гэтай дзяўчыны, ён і гаворыць, што аддасць яе пасля таго, як раскажа пра ўсё сваё жыццё. I стаў лён расказваць, як яго рвалі і састаўлялі ў кучкі. Потым — як вазілі яго на ток і абівалі, як яго пасля часалі і мялі, як з яго кужалю пралі ніткі, як ткалі, як палотны адбельвалі, як вопратку з палотнаў шылі, а цяпер носяць яе мужыкі бедныя.
I пакуль лён расказваў сваю гісторыю, ужо заспявалі трэція пеўні — і чорт знік. Пасля таго выпадку дзяўчына больш не шукала багатага пана, каб выйсці замуж. Вось як было.

Усе з палёгкаю ўздыхнулі.

Наталька. А паслухайце, дзяўчаткі, я раскажу, што ў Зарачанах было, бабуля мне расказвала. Хочаце ці не? (Усе згаджаюцца.)
Хадзілі дзеці гуляць на горку, а малая дзяўчынка ўвесь час адна гуляе. I вось пытаюць у яе людзі:
— 3 кім ты гуляеш?
А яна і адказвае:
— 3 дзедам. У яго сівая бародка, ён гуляе са мною, кветкі збірае, цукеркі мне дае...
I вось аднаго разу прыйшла гэтая дзяўчынка дадому і кажа маці:
— Апрані мяне чыста, бо я памру.
Маці ў слёзы. А праз некалькі дзён і праўда гэтага дзіцяці не стала.
Дык вось людзі кажуць, што гэта не дзядок быў, а чорт.

Чуецца зноў стук. Уваходзяць хлопцы.

Хлопцы. Добры вечар!
Лявон. Добры вечар, хлопцы!
Пятрок. Ці прымеце на вячоркі?
Лявоніха. Прымем, калі пацешыце дасціпным словам, жартам, заспяваеце ці зайграеце што-небудзь.
Адась. Гэта мы можам.

Хлопцы спяваюць і інсцэніруюць песню «Як павёў мяне Цімох».

Лявон. Ай ды хлопцы, ай ды малайцы! А ці ездзілі вы, Міхась і Пятрок, у Ліду?
Хлопцы. Так, ездзілі.
Лявон. А пра заказ мой не забыліся?
Міхась. Прывезлі, а як жа! Вось ён. (Дастае беларускі каляндар, гартае.)
Пятрок. А цікавы, браце! Пра што тут толькі няма! I пра гаспадарку, і пра надвор’е, а вершы і байкі якія цікавыя... Так спраўна да слаўна напісаны!
Лявон. То пачытай, Міхась, што ты там прыгледзеў.

Міхась чытае байку «Закаханы дзед».

Лявон. Складная байка. Дурных дзядоў, сапраўды, хапае на свеце. Пашукайце яшчэ чаго такога цікавага.
Пятрок. А вось якія цікавыя жарты тут напісаны!

Пятрок зачытвае жарты.

Лявон. Вось пацешылі, госцейкі, дык пацешылі. Праходзьце, сядайце.
Лявоніха. Праходзьце, даражэнькія.
Бабуля Алена. Ну, як вы тут, мае дзеткі, не сумуеце? Зіма цяпер, холадна, няхутка буслікі цёплую вясну на сваіх крылах прынясуць. А ці ведаеце вы, чаму бусел жаб і вужоў збірае? (Усе артысты жадаюць паслухаць.) Ну дык слухайце.
Калі Бог зрабіў жабаў, яшчарыц і вужоў, то злажыў іх у мяшок і даў яго трымаць бацяну, сказаўшы, каб ён туды не глядзеў. Бацяна ўзяла цікавасць, і ён расхінуў мяшок, каб паглядзець, што там ёсць. Калі гэта ён расхіліў мяшок, так усе яшчарыцы, жабы і павыскаквалі. Прыйшоў Гасподзь і ўбачыў, што бацян павыпушчаў усіх з мяха, то ўзяў дубца і пачаў яго хвастаць. Ад гэтага ў бацяна хвост і чорны. I сказаў яму Гасподзь: усё жыццё хадзіць табе па балоце і збіраць тых жаб, што павыпускаў. Вось як было.

Усе дзеці загаманілі са здзіўленнем.

Андрэй. Дзяўчаткі, а давайце ногі выпрастаем. Музыканцік, зайграй нам што-небудзь вясёлае.

Выконваецца танец «Кракавяк».

Васілёк. А хочаце паслухаць анекдот, які мне сёння мой бацька расказаў? (Усе зноў зацікавіліся.) Ну дык слухайце! Школьны інспектар, едучы праз вёску, запытаў хлопчыка, дзе дарога ў школу. Той дарогу паказаў. На другі дзень інспектар у школе спытаў у яго, выклікаўшы да карты, якая дарога вядзе ў Варшаву. Хлопец доўга пазіраў на карту, нарэшце сказаў:
— Вы не ведаеце дарогі ў школу, а хочаце, каб я ведаў дарогу ў Варшаву. (Усе дзеці смяюцца.)
Адась (пасля невялікай паўзы). Я таксама анекдот раскажу.
Аднойчы прыйшоў Стасік са школы раней тэрміну.
— Што зноў учыніў? — пытаецца маці.
— Настаўніца сама вінавата. Яна сказала: «Паводзьце сябе як дома». Я так і паводзіў сябе. I яна адправіла мяне дамоў. (Чуецца смех.)
Пятрок (працягвае). Настаўнік пытае ў вучня, які правінаваціўся:
— Ты чаму прыйшоў у школу адзін? Я ж казаў табе без бацькоў не прыходзіць.
— Я не маленькі, — адказаў вучань, — і без бацькоў дарогу ведаю. (Усе смяюцца.)
Адась. Васілінка, а давай заспяваем нашу...
Васілінка. Давай.

Спяваюць беларускую народную жартоўную песню «Ой, калі ж памрэш ты!».

Лявоніха. Ой, дзяўчаткі, паглядзіце, Несцерка ідзе, давайце яго паклічам да нас!

Дзяўчаты выбягаюць, пад рукі прыводзяць Несцерку. У хату ўваходзіць Несцерка з мяшком.

Несцерка. Дзе свята, там і я. Добры вечар усім вам.
Лявоніха. Шаноўны госць у нас. Несцерка зазірнуў на агеньчык. Сядайце.
Несцерка. Ат, у нагах праўды няма!
Лявоніха. Раскажы, Несцерка, дзе хадзіў, што на свеце бачыў?
Васілінка. Раскажы, раскажы, Несцерка!
Несцерка. Дзе я толькі не быў, чаго я толькі не бачыў! Смешныя гісторыі знаходзяцца ў гэтым мяху. Я яго зараз развяжу і вас павесялю. Раскажу такое, што памрэце ад смеху. Гэта мне расказваў мой дзядуля. Слухайце гісторыю пра суддзю і селяніна. (Несцерка апавядае мясцовую гісторыю.)
А цяпер паслухайце жарты «Разумны хлопец», «Пад старасць адгукнецца», «Цікавая», «Кульгавая». (Несцерка апавядае.)
Лявоніха. Дзякую, Несцерка. Вось насмяшыў, дык насмяшыў. Ну якія ж вячоркі без танцаў.

Чуецца зноў стук. Уваходзяць хлопцы і дзяўчаты.

Усе разам. Добры вечар усім вам.
Лявоніха. Добры вечар, госцейкі! А куды сабраліся, куды ідзяце?
Дзяўчына. Ідзём мы ў Курчоўцы, але пачулі смех і жарты ды рашылі зайсці да вас на хвілінку.
Лявон. Дарагія госцейкі, я чуў, што вы надта добра скачаце нашы беларускія танцы. Ці так гэта?
Хлопец. Не ведаю, ці так яно будзе, але ўпэўніцца можаце. Я запрашаю на нашу беларускую «Польку-весялуху».

Дзяўчаты спяваюць песню «Полька-весялуха», астатнія танцуюць.

Лявон. Малайцы! Ногі ў вас ходзяць спраўна.
Несцерка. У мяшку маім загадкі. А загадкі з роднае хаткі, паспрабуйце адгадаць. А хто хутчэй і правільна адгадае, той прыз атрымае.
1. Ішоў, ішоў, дзве дарогі знайшоў і ў абедзве пайшоў. (Штаны.)
2. На што каню хамут кладуць? (На шыю.)
3. Без чаго чалавек не можа жыць? (Без імя.)
4. Без калёс, а едзе. (Лодка.)
5. Хто з барадой родзіцца? (Казёл.)
6. Дзе мароз улетку водзіцца? (На глобусе.)

Несцерка. Ой, якія вы ўсе разумныя і кемлівыя!
Дзяўчына. Дзякую на добрым слове, але нам пара ў дарогу.
Лявоніха. Прыміце нашы пачастункі на дарожку.
Госці. Дзякуем гэтаму дому, пойдзем к другому. (Выходзяць.)
Васілінка. А цяпер давайце пагуляем. Запрашаю вас на гульні, каб павесяліцца. Тут і спрыт ваш, ваша лоўкасць вельмі прыгадзіцца.

Ладзяцца гульня «Яшчар», гульня з крэсламі і інш.

Васілінка. Матуля, гляньце ў акно. Здаецца, Дзед-барадзед да нас ідзе.
Лявоніха. Я думала, што ўсе ўжо госці да нас прыйшлі. Відаць, памылілася. Бяжыце, дзеткі, сустракайце.
Дзед-барадзед. Добры вечар, людцы добрыя! (Спявае.)

Я хаджу па белым свеце
I гляджу, як вы жывеце.
Калі трэба — памагу,
Бо я ўсё рабіць магу.

Хто я? Дзед-барадзед.
Абышоў белы свет,
А цяпер у гэты час
Завітаў да вас.

Я хаджу па белым свеце —
Ваш найлепшы сябар, дзеці,
I вядома нават мне,
Што вы бачыце ўва сне.

Бачу я, весела тут у вас. А вы ўмееце адгадваць загадкі?
Усе разам. Умеем.
Дзед-барадзед. А хочаце, я загадаю загадкі? (Усе згаджаюцца.)
Тады ўважліва слухайце: па саломе ідзе — не шастае, па вадзе ідзе — не плюхае. (Сонца і цень.)

Усе дзеці даюць розныя адказы: правільныя і памылковыя. Адгадаць даецца мажлівасць і гледачам.

Дзед-барадзед (працягвае). А паслухайце тады яшчэ адну: пакуль бацька нарадзіўся, сын па свеце нахадзіўся. (Агонь і дым.)

Зноў усе прысутныя спрабуюць адгадаць загадку.

Несцерка. А вось мая загадка: вырас лес белы ўвесь: ні зайсці ў яго, ні ўехаць. (Малюнкі марозу на вокнах, ці ласіцы.) I яшчэ загадаю адну: білі мяне, білі, калацілі, ва ўсе чыны ўзводзілі, з каралём на трон пасадзілі. (Лён.)

Юныя акцёры і гледачы прапануюць адгадкі.

Дзед-барадзед. А маёй загадкі, напэўна, ніхто не адгадае (звяртаецца толькі да гледачоў). Праверым, наколькі вы тут разумныя і кемлівыя. Што не мае даўжыні, глыбіні, шырыні, вышыні, а мераць яго можна? (Час.)
Ну, малайцы, умееце адгадваць загадкі.
Лявон. Ой, якія ўсе разумныя ды здатныя! Прыміце з беларускім паклонам пернікі смачныя, мятныя, з павідлам і з макам.

Лявоніха і Васілінка частуюць гасцей пернікамі.

Лявоніха.
Ешце, калі ласка, госці дарагія!
Пакаштуйце пернікі:
Смачныя якія.
Мы не ленаваліся,
Іх зрабілі самі,
Будзем тыя пернікі
Есці разам з вамі.

Несцерка. Шаноўныя госці, ці не надакучылі вам гаспадары? Ды і гаспадар, як кажуць, госцю гадзі ды і сябе глядзі.
Пятрок. Праўда, пара нам і чэсць знаць! Пэўна, ужо каля апоўначы.
Міхась. Так, так, час рухацца дамоў.
Несцерка. Збіраймася, даражэнькія, дахаты. Дзякуем гаспадарам, дзякуем усім за вячоркі.
Васілінка. Вось і скончылася наша вечарына. Надышоў развітання час.
Лявоніха. Ад шчырага сэрца, сябры дарагія, мы зноў запрашаем у госці да нас.
Лявон. Да сустрэчы, сябры! Бывайце здаровы!

Усе выконваюць песню «Бывайце здаровы».

Яшчэ на гэту тэму:

Вячоркі ў Паўлінкі     Вячоркі