сцэнарыі святаў на беларускай мове

Зінаіда ВЯРБОЎСКАЯ, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Скепнянскага дзіцячага сада - сярэдняй школы Жлобінскага раёна. "Роднае слова" Снежань 2012 г.

"Святы Мікола ў госці запрашае, увесь род збірае..."

Сцэнарый зімовага свята

Дзейныя асобы: Вецер, Першы анёл, Другі анёл, Трэці анёл, святы Мікола, Маці, Бацька, Хлопчык, Дзяўчынка, Кум, Кума, Суседка, госці.
Заслона закрытая. На авансцэне: дэкарацыі вясковай вуліцы, вечар, на небе - зоркі. Выходзяць анёлы.

1-ы анёл.
Ноч раскрыла чорны крылы,
Зямлю цемраю накрыла.
2-і
анёл.  
Снег засыпаў усе дарогі,
I лясы, і пералогі.
3-і анёл.  
Ані следу не відаці,
Ні сцяжыначкі да хаты.
1-ы анёл.
Як жа Мікалай святы
Сцежку знойдзе да дзятвы?
Вецер (выбягае з мятлой).
Не турбуйцеся, служкі Божыя!
Вецер рады вам і дапаможа.
Гляньце, вось мятлу я маю,
Усе шляхі паразмятаю,
Дзверы ўсе паадчыняю
Я святому Мікалаю.
Размятае шляхі.
2-і анёл.   Дзякуй табе, Ветрык-брацік!
Добра ўмееш размятаці.
Можа шчэ б ты дапамог,
Каб свяціць нам месяц змог?
У цёмну ноч язда трывожна,
Заблудзіцца лёгка можна...
Вецер.     Добра! Я пад неба рыну,
Шэру світу з яго скіну.
Выйдзе месячык з-за хмар,
Ясны выцягне ліхтар,
I ўсе шляхі заззяюць
прасвятому Мікалаю!
Размятае снег, выходзіць. На небе з’яўляецца месяц.

3-і анёл.  
Гляньце, месяц у небе свеціць!
1-ы анёл.
Ужо чакаюць у хаце дзеці
Прасвятога Мікалая.
2-і анёл.  
Мы насустрач яму йдзём.
3-і анёл.  
У кожну хату завядзём.

Адкрываецца заслона.На сцэне сялянская хата. У хаце засланы абрусам стол, лавы, печ, На покуці абраз святога Мікалая. Бацька, маці, дзеці. Тата ставіць на стол гладышы з квасам, расстаўляе гліняныя кубкі. Дзеці гуляюць на лаве.
Маці (завіхаецца ля печы, дастае аладкі). Ану, Кацярынка, падай мне ручнік. Будзем выкладваць на яго аладкі. Бяры, дапамагай. Бо святы Мікалай усё бачыць, чуе. Як убачыць, што не дапамагаеш, то не будзе вам падарункаў.
Хлопчык. Мама, мама, а хто ён - святы Мікалай?
Маці. Ой, дзеткі, гэта ж доўгая гісторыя, а ў мяне няма часу апавядаць. Ідзіце да таты, папрасіце расказаць. Ён лепш ведае.
Дзяўчынка (звяртаецца да бацькі). Раскажы нам, татка.
Хлопчык. Раскажы!
Бацька. Жонка, а ці клікала ты на вечар кумоў ды суседзяў?
Маці. Так! Прыйдуць. Казалі, што прыйдуць.
Дзеці (падыходзяць да бацькі бліжэй, разам). Раскажы нам, татка! Раскажы!
Бацька. Слухайце. Вось, сядайце побач... (садзяцца на лаву). Было гэта, дзеткі, дужа даўно. Гадоў дзесьці 500 таму. Жыў у адным краі епіскап Мікалай. Добры і спагадлівы чалавек. Ён дапамагаў тым людзям, якіх напаткала гора, а дапамагаў так, каб яго пры гэтым не бачылі. Напрыклад у адной жанчыны памёр муж. Стала ўдаве вельмі цяжка жыць. Бо яна адна гадавала малых дзяцей і даглядала хворых бацькоў. Аднойчы прачнулася раніцай, стала ложак засцілаць, а пад падушкай знаходзіць грошы. Вельмі здзівілася жанчына. Памалілася, шчыра падзякавала за дабро, а сама падумала, што гэта дапамога святога Мікалая. I з той пары ёй стала жыць лягчэй, бо святы Мікалай дапамог ёй ад шчырага сэрца. Так яна і дзетак паставіла на ногі, і бацькі ачунялі. I шмат яшчэ было такіх выпадкаў. Дасць Бог і да нас прыйдзе святы Мікалай.
Маці. Прыйдзе.Чаму ж не прыйдзе? Нашы дзеткі кемлівыя, паслухмяныя, добрыя памочнікі па гаспадарцы.
Заходзіць кум.
Кум. Слава Богу!
Маці. Слава навекі!
Бацька. А вось ужо і кум прыйшоў, а ты, жонка, усё яшчэ ля печы завіхаешся.
Кум. Такая завіруха на вуліцы, дык я падумаў: пайду раней, пакуль не сцямнела. (Звяртаецца да дзяцей.) А вы тут як, як вучоба ў школе? А ты, хлопча, што, і далей штукарыш? Іду я вось ціхенька праз ваш двор, гляджу, а за хлявом штосьці чорнае, страшнае. Стаіць і рычыць. Я нават спужаўся, але вырашыў даведацца, што гэта такое і да чаго. Яшчэ трохі прайшоў наперад, а яно адразу знікла. Ды толькі голас чую: "У гэтай хаце жыве хлопчык, / А завуць яго Пятро. / Да навукі ён не дужы, / А да шкоды о-го-го!" На каго б той голас так казаў, не ведаеш?
Маці (звяртаецца да хлопчыка). Скажы, Петрык, дзе ты нашкодзіў? Чаго маўчыш? Ці не ты гэта часам у цёткі Матруны акно разбіў? Прызнавайся.
Хлопчык. Я... Толькі ж я не хацеў. Гэта я ў катка снежку кінуў... (плача).
Заходзяць суседка, кума. Вітаюцца, ставяць на стол мікольскія посныя стравы.

Суседка. А што ж гэта за гам у хаце? Ты чаго плачаш, Петрык? Відаць, штосьці ўтварыў?
Кума. Ды ён жа такі добры хлопец, не мог ён нешта дрэннае зрабіць. А калі ўжо што і выйшла, то не са зла, не з ахвоты. Праўда?
Хлопчык. Так!
Кума. Бачыце, і ён больш не будзе. Не будзеш?
Хлопчык. Не, не буду! (Кума частуе малога гасцінцамі.)
Бацька. Сядайце ў нашай хаце, прашу вас. Будзем хутка святога Мікалая сустракаць.
Стуку дзверы. Заходзяць госці, родзічы. Вітаюцца, прыносяць мікольскія стравы, ставяць на стол, частуюць дзяцей, вядуць гаворку.
Госці (па чарзе). Добры дзень у хату, даражэнькія! Са святам Міколы!
Бацька. Добры дзень, добры дзень, праходзьце, сядайце. Як дабраліся?
1-ы госць. Ды дзякуй Богу. Добры, харошы сёння мароз, аж зрывае нос.
2-і госць. Нездарма ў народзе кажуць: "Варвара замосціць, Сава засцеле, а Міколка марозам прыгвоздзіць".
3-і госць. Мікола - другі пасля Бога заступнік ад усіх бед і няшчасцяў. Кажуць - усім багам па сапагам, а Міколу болей, бо ходзіць болей.
4-ы госць. Падышоў Міколаў дзень, вось і зіма падышла.
5-ы госць. А цётка Малання казала: "Правезлі зіму на санках да Міколы, будзе адліга".
6-ы госць. Кажуць, што калі перад Міколам іней, то аўсы добрыя будуць.
7-ы госць. А калі на Міколаў дзень след замятае, дарога стаяць не будзе.
8-ы госць. Яно і добра, што замятае, бо, як кажуць, калі зімовы Мікола са снегам, то вясновы з травой. А снегу нам Мікола многа насыпаў, добра будзе Каляды святкаваць.
Кума. То б не зашкодзіла і заспяваць. Бо нешта дужа ціха ў хаце.
Госці заводзяць карагод, спяваюць.
Госці (разам).
Ходзіць Мікалаю
Ад хаты да хаты,
Гасцінцамі хоча
Усіх абдараваці.
Слаўныя анёлы
Яму памагаюць,
Дзверы ды вакенцы
Спраўна адчыняюць.
Ночка таямніча.
Ночка нібы з казкай
Кожны год прыходзіць
I заўжды з загадкай.
Толькі раз на год
Гэта ноч бывае,
Калі Мікалай Дары пасылае.

Стук у дзверы.

Маці. Мабыць, святы Мікалай! Пайду дзверы адчыню.
Заходзіць святы Мікалай з анёламі.
Святы Мікалай. Слава Ісусу Хрысту!
Усе (разам). Слава на векі вякоў!
Святы Мікалай. Ішоў я палямі і лясамі, снягамі і перамётамі і да вашай вёскі прыйшоў. Казалі мне добрыя людзі, што ў гэтай хаце жывуць паслухмяныя, харошыя дзеткі. Я хачу іх убачыць. А ну, дзеткі, пакажыце, што ўмееце, што ведаеце?
Дзеці падыходзяць да святога Мікалая.
Дзяўчынка.

Я скажу ўсё, што знаю,
Прасвятому Мікалаю:
Хоць яшчэ мы малаваты,
Паважаем маму і тату.
Роднае шануем слова,
Прадзедаву родну мову.
Кніжкі родныя чытаем,
Песні родныя спяваем.
I з малітвай, той, што маці
Нас вучыла ў роднай хаце,
Мы звяртаемся да Бога
Па апеку й дапамогу.

Дзеці чытаюць вершы, загадваюць загадкі, анёлы даюць ім падарункі.

Святы Мікалай.
Вучыцеся дзеткі, хай розум не спіць, Дарогу ў навуку ўсім трэба любіць. (Частуе дзяцей.) Святы Мікалай (звяртаецца да ўсіх).
А яшчэ я пажадаю
Усім прысутным у гэтай зале:
Дарослым усім і дзецям -
Хай Гасподзь вам сонцам свеціць,
Захінае мой пакроў,
Ласка Божая - любоў!
Каб вы з чыстаю душою,
Божай праўдаю святою,
У сэрцы з Божым хараством
Сустракалі і Раство! (Пасыпае святочны стол арэхамі.)
А цяпер я паспяшаю,
Шмат дзятвы мяне чакае.
Выходзіць.

Маці. Святы Мікалай і нашу хатку не абышоў, гасцінцамі нас пачаставаў.
Бацька. Вельмі прыемна, што да нас на Міколу сабраўся ўвесь наш вялікі род. Давайце ж па звычаю нашых продкаў запалім свечкі.
Удзельнікі свята выносяць пяць свечак, запальваюць.


1-ы госць.
Пяць свечак звычайна мы палім у Раство,
Найперш - за святое душы хараство.
За нашыя сем’і, за добрыя дзеі,
За светлыя, чыстыя мроі-надзеі.
2-і госць.
Другая - заўсёды для ўсіх напамін
Пра тых, хто ад нас адышоў на спачын.
Каб светлым быў рай ім і памяць не тлела,
У сэрцах іх блізкіх навекі гарэла.
3-госць.
А трэцяя - міру жаданаму шлях
Няхай асвятляе на ўсіх рубяжах.
Каб войны і скрухі на нашай Зямлі
Ніколі больш месца сабе не знайшлі.
4-госць.
Чацвёртая свечка - пасланніца тым,
Каму невыносна балюча ў жыцці.
Няхай Бог падорыць збавенне і сілу,
Каб вытрымаць боль ім цярпення хапіла.
5-ы госць.
Пяць свечак...     
Апошнюю я запалю
За родную нашу матулю-зямлю.
За росквіт яе, за імклівы ўзлёт.
Каб шчасце спазнаў дарагі мой народ!
Наталля Хлебус.

Свечкі ставяць у цэнтр святочнага стала.
Бацька. Калі ласка, запрашаем да мікольскага стала. Частуйцеся, калі ласка! I няхай вашы душы напаўняюцца дабром і спагадай да бліжняга, а ў сэрцы кожнага жыве Вера, Надзея і Любоў!
Гучыць музыка. Заслона.

Спіс літаратуры

Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Гомельская вобласць. - Мінск, 1989.
Васілевіч, У. А. Беларускі народны каляндар / У. А. Васілевіч. - Мінск : Ураджай, 1993.
Коваль, У. I. Беларускія народныя святы і звычаі / У I. Коваль, В. С. Новак. - Гомель, 1993.
Лозка, А. Беларускі народны каляндар / А. Лозка. -Мінск: Полымя, 1993.
Новак, В. С. Сцэнізацыя фальклорных свят і абрадаў / В. С. Новак, I. Ф. Штэйнер. - Мазыр : Белы вецер, 1999.