сцэнарыі святаў на беларускай мове

Валянціна СТАТКЕВІЧ, выхавальнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, Галіна ЕЎСІЕВІЧ, кіраўнік фізічнага выхавання Санаторныя дзіцячыя яслі-сад № 539 Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Пралеска Студзень 2012 г.

Вясёлая Масленіца

Фальклорна-спартыўнае свята

Паўлінка разгадвае крыжаванку. Дзед чытае газету каля яе.

Паўлінка. Па гарызанталі «вясёлае народнае свята». Першая літара «М». Што гэта за свята? (Задумваецца.) Дзядуля, ты не ведаеш?
Дзед. Паглядзі, унучка, можа падыдзе Масленіца?
Паўлінка. Зараз. Ой, як добра, дзядуля, ты адгадаў! А што гэта за свята з такой смачнай назваю?
Дзед. Гэта не толькі смачнае свята, але і вясёлае. Калі я быў малады, дык мы яго так добра і весела адзначалі! Гэта народнае свята праводзінаў зімы. У нас казалі: Зіма з вясною сустракаюцца, Пра здароўе адна адну пытаюцца.
Паўлінка. А чаму такая назва?
Дзед. Круглы і гарачы блін - сімвал веснавога сонца. А якія смачныя блінцы былі: з маслам, смятанаю, мёдам! А пра Масленіцу яшчэ і такое спявалі:

Мы на горцы пабывалі,
Масленіцу сустракалі,
Ай-люлі, пабывалі,
Масленіцу сустракалі,
Ай-люлі, сустракалі,
Сырам гару набівалі,
Маслам гару палівалі.

Гучыць музыка. У залу ўбягае страката апранутая Масленіца на трох конях (іх ролю выконваюць дзеці, абвешаныя стужкамі са званочкамі).
Масленіца. О-го-го! Хто тут мяне клікаў?
Дзед. Мы клікалі! Добры дзень, Масленіца дарагая, наша госця залатая, на саначках размалёваных, на канях вараных. Павітаемся з ёю, дзеці.
Дзеці вітаюцца, пляскаюць у далоні.

Масленіца. Добры дзень, дзеці! Даўно ўжо ніхто мяне не клікаў. Зараз я вам раскажу пра гэтае свята. Шмат гадоў таму ў канцы зімы рабілі чучала Масленіцы, апраналі на яго адзенне дзяўчыны і размаўлялі з ім, як з жывой істотай. Чучала называлі пані Масленіцай, спадарыняй Масленіцай. Казалі ёй такія словы: «Душа ты мая, Масленіца, цукровыя вусны, салодкая твая мова! Прыязджай да нас у госці на шырокі двор з горкі пакатацца, у блінах паваляцца, сэрцам павесяліцца». Потым ставілі на віднае месца і весяліліся.
Паўлінка. А як весяліліся?
Масленіца. Пелі розныя песні, гойдаліся на арэлях, спаборнічалі паміж сабой у сіле, лоўкасці. Мужчыны качалі на вуліцы калоду, каб летам рос добры лён. I, вядома, частаваліся смачнымі блінамі з мёдам, маслам і рознымі іншымі прысмакамі. Я думаю, што і зараз атрымаюцца цікавыя спаборніцтвы, вось як многа прыйшло дзяцей на мае свята!
Дзед. Ну, тады пачнем. Давайце, дзеці, станавіцеся у карагод, праспяваем вясеннюю песеньку «Мы сядзелі ля вакна» (В. Вітлін).

Спяваюць дзеці групы «Чамучкі».
Дзед. А зараз, каб дзеці сталі хуткімі, спрытнымі, дужымі, трэба «паесці» блінцоў.

Праводзіцца беларуская народная гульня «Блін гарыць!» (У.М. Краж, В.В. Трубчык «Беларускія народныя гульні», Мінск, 1993).
Гуляюць дзеці групы «Фантазёры.


Дзед. Раней быў такі цікавы звычай: унукі і ўнучкі запрагалі коней, саджалі сваю бабулю ў санкі і везлі частавацца блінамі. Давайце зараз пагуляем у такую гульню-эстафету «Хто хутчэй адвязе бабулю на бліны?».

Праводзяць гульню дзеці групы «Фантазёры».

Масленіца. Малайчыны, рабяты! А яшчэ якія гульні дзядуляў і бабуляў вы ведаеце?
Дзед. Дзеці ведаюць гульню «Гарлачык».
Праводзіцца гульня «Гарлачык» дзецьмі групы «Фантазёры» (У.М. Краж, В.В. Трубчык «Беларускія народныя гульні», Мінск, 1993).

Масленіца. Дзеці! На мае свята ўсе любяць катацца на арэлях. Лічыцца, чым вышэй узлятаюць арэлі, тым больш доўгі будзе лён. Давайце і мы пакатаемся!

Наладжваецца гульня «Арэлі» (дзеці групы «Чамучкі»).
Дзед. На Масленіцу гулялі і дарослыя, і дзеці. Паглядзім, хто ў нас самы лоўкі з дарослых!
Праводзіцца беларуская народная гульня «Дзядуля-ражок». (У.М. Краж, ВВ. Трубчык «Беларускія народныя гульні», Мінск, 1993.)
Арганізоўваецца конкурс для дарослых «Намалюй сонейка» (трэба з заплюшчанымі вачыма намаляваць сонца).
У гэты час дзецям раздаюцца сонейкі, зробленыя ў групе раней.

Дзед. Дзеці, давайце падтрымаем дарослых, папляскаем у далоні і паразглядаем малюнкі, намаляваныя дарослымі.
Масленіца. Дзеці, ад мяне ў вас у руках запаліліся сонейкі, і яны нагадалі мне пра апошні дзень масленічнага тыдня, які называюць «дараваны тыдзень». Людзі просяць адно ў аднаго даравання за нанесеныя крыўды. Гэта вельмі добры старадаўні звычай, трэба пра яго памятаць. Давайце і мы абдымемся і папросім адно аднаго дараваць крыўды, не крыўдзіцца.
Дзед. А калі я быў малы, пасля Масленіцы будзілі мядзведзя. Лічылася, як толькі мядзведзь прачнецца, дык і вясна пачнецца.

Праводзіцца гульня «У мядзведзя ў бары» (дзеці групы «Чамучкі»).
Масленіца. Ну, калі ўжо і мядзведзь прачнуўся, пара мне развітвацца з вамі да наступнага года. А на развітанне хачу вас пачаставаць сваімі блінамі.
Дзед. А пахне як! Блінцамі! 3 маслам! Я бы ўплятаў бліны ды галавой матляў! Дзіва што! Кажуць жа, што на мазаны блін і кот па-іншаму глядзіць! А нашы дзеці песню «Бліны» (у апрацоўцы А. Абрамскага) ведаюць і зараз праспяваюць.

Дзеці спяваюць песню і перадаюць яе змест  у руках.
Масленіца прапануе ўсім дзецям прайсці ў групу частавацца блінамі.


Яшчэ на гэту тэму:

«У нас сягоння Масленіца!..»     Вітаем цябе, масленіца!