сцэнарыі святаў на беларускай мове

Раіса Васільеўна ШУТАВА. Настаўніца пачатковых класаў СШ №33 г. Магілёва. Пачатковая школа 12/2001

Калядныя вячоркі

Сцэнарый калядных вячорак

Набліжаюцца Каляды — свята, якое ў гадавым крузе старажытнай абраднасці беларусаў адзначаецца першым. Нашы продкі верылі, што з дапамогай магічных дзеянняў у гэтыя дні можна паскорыць надыход цяпла, хутчэй абудзіць зямлю-карміцельку, уздзейнічаць на будучыню. Калядны карнавал пачыналі звездары, якія насілі зорку- "сонца” — сімвал свята. Калядоўшчыкі, пераапранутыя ў казу, мядзведзя, жорава, кабылу, хадзілі па хатах, спявалі калядкі, наладжвалі варажбу, шматлікія гульні. Калядавалі больш за тыдзень.
Самыя цікавыя святочныя забавы адбываліся звычайна ў час вячорак. Людзі збіраліся ў вялікай хаце - і распачыналася дзейства з дасціпнымі жартамі, песнямі, танцамі, нават тэатралізаванымі прадстаўленнямі. На вячорках, дарэчы, “ажывалі” і героі старажытнага беларускага лялечнага тэатра — батлейкі.
Калядныя традыцыі не варта забываць і сёння. Хай нашы дзеці дакрануцца да прыгажосці старажытных народных звычаяў. Хай адчуюць сябе беларусамі.



(Клас убраны, нібы святочная сялянская хата. Па баках — драўляныя лаўкі або крэслы, састаўленыя ў рад і засцеленыя ручнікамі. На сярэдзіну залы выбягае дзяўчынка Аленка ў народным касцюме.)
Аленка (гарэзліва, весела).
Калядачкі далёка,
Каўбасачкі высока.
Калядачкі прыблізіліся,
Каўбасачкі наблізіліся.
Я дзевачка маленька,
Ў мяне сукеначка рабенька,
Башмачкі карковенькія,
Будзьце са святам здаровенькія!

(Выходзяць гаспадар і гаспадыня хаты. Аленка бяжыць прэч.)
Гаспадыня. Аленка, куды ж ты пабегла? Госці ў хаце! (Да гасцей.) Вечар добры, госці паважаныя! (Кланяецца.) Сабраліся мы на вячоркі сёння, каб песні спяваць, у гульні гуляць, танцаваць і жартаваць. 3 даўніх часоў ладзілі вячоркі продкі нашы, будзем жа і мы вучыцца ў іх дасціпнасці і ўменню весяліцца. Гаспадар.
I, як кажуць нашы людзі,
Хай ўсім даспадобы будуць
Жарты, песні, гучны смех,
Сумаваць сягоння — грэх!
Бо без песень Хоць ты трэсні.
Без гармоні і дуды —
Ходзяць ногі не туды!

(Чуецца смех, гоман. Заходзяць госці — дзеці ў народных касцюмах. Яны спяваюць частушкі і акампаніруюць сабе на бубне, трашчотках, лыжках, качалках.)
Госці.
На вячоркі мы ідзём,
Дарагія дзевачкі.
Гарманіст у нас прыгожы,
Грае нам прыпевачкі.

Мы прыпеўкі вам спяваем,
Каб смяяліся ўвесь час.
Калі мы вам даспадобы,
Запрашайце ў госці нас.

Будзем рады мы сябрам,
Ўсіх адорым ласкай,
Няхай сонца свеціць вам,
Нібы ў добрай казцы.

Ці я ў мамкі не дачка,
Ці я не дачушка?
Хоць малая я расточкам,
Але ж весялушка.

Мы прыпеўкі вам прапелі,
Моцна есці захацелі.
Пачастуй нас, гаспадыня, —
Заўжды будзе поўнай скрыня.

Гаспадар
Праходзьце, госцейкі вясёлыя,
Сядайце за лавы дубовыя.
Частуйцеся, чым Бог паслаў,
Дзякую ўсім, хто да нас завітаў.

(Госці рассаджваюцца, частуюцца.)
Гаспадыня. Пакаштуйце, госцейкі, блінцы мае. Вось пшанічныя, вось жытнія, вось ячныя, вось грэцкія. А вось і мачанне для блінцоў — верашчака з салам, мясам, з каўбасой. Гэтыя стравы і продкі нашы гатавалі для каляднай вячэры. А якія былі паляндвіцы, халадцы, ведары, тушонікі!
(Гучыць мелодыя беларускай полькі. Убягае Аленка, разам з ёю некалькі дзяўчат і хлопцаў.)
Аленка.
Мае ногі тупацяць
I на месцы не стаяць!
Гайда полечку-трасуху
Танцаваць!

(Дзеці танцуюць полечку.)
Гаспадыня. Што ж гэта мы ўсё спяваем ды скачам, а нічога смешнага не расказваем? Ці бачыў хто Несцерку нашага? Ён на жарты мастак! А вось і ён — лёгкі на ўспамін.
Несцерка. Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!
Гаспадар. Добры вечар, Несцерка! Рады мы бачыць цябе. Без тваіх дасціпных жартаў і вячоркі не вячоркі.
Несцерка. Дзякуй на добрым слове. Сапраўды, люблю я жартаваць. Але ж, можа, хто з нашых гасцей смешныя гісторыі, анекдоты ведае?
Дзяўчынка-госця. Лекар пытаецца ў свайго пацыента: “Вы спіце з адкрытым ротам?”. Хворы адказвае: “Праўду казаўшы, я яшчэ не бачыў, як я сплю, але з гэтай ночы буду прыглядацца”.
Хлопчык-госць. Сястра пытаецца ў брата: “Колькі чалавек у тваім класе?”. — “Трыццаць адзін разам з настаўніцай”, — адказвае той. “Значыць, без настаўніцы будзе трыццаць?” — “Не, без настаўніцы ў класе нікога не будзе”.
Дзяўчынка-госця. Настаўнік пытаецца ў вучняў: “Які гэта час: я кашляю, ты кашляеш, ён кашляе, мы кашляем?” — “Зімовы!” — даносіцца голас з апошняй парты.
(Выходзяць два хлопчыкі.)
1-ы хлопчык. А мы вам не толькі раскажам, але і пакажам анекдот, які я чуў ад свайго дзеда. (Хлопчыкі інсцэніруюць анекдот.)
Адзін пан пытаецца ў свайго фурмана, ці паедзе той з ім у вялікую дарогу.
— 3 вамі, пане, усюды, — адказвае фурман.
— Як гэта ўсюды? Нават у пекла?
— Нават у пекла!
— Але падумай, у пекле надта ж горача.
— Нічога, пане, — кажа фурман, — я сваю службу ведаю. Высажду пана ў пекле, а сам, як заўсёды, буду чакаць перад брамай.

Несцерка (падыходзіць да хлопчыка, які сядзіць воддаль). А ты што сумуеш, Алесь? Нічога смешнага нам не расказваеш? Можа, ты дзе быў, дзіва-дзіўнае сустракаў? Ці што смешнае бачыў?
Алесь. Бачыў.
Несцерка. А карову, якая люльку курыць, бачыў?
Алесь. Бачыў.
Несцерка. А бачыў авечку, што несла яечкі?
Алесь. Бачыў.
Несцерка. Бачыў камара, што поле араў?
Алесь. Не.
Несцерка. Тады ідзі да мяне!
(Несцерка завязвае Алесю вочы. Пачынаецца гульня “Сляпак”. Вакол “слепака’’ дзеці водзяць карагод і спяваюць. Калі словы песні заканчваюцца, “сляпак” павінен навобмацак пазнаць гульцоў і назваць іх імёны.)
Дзеці (спяваюць).
Наша слепа бабулечка па вошчупу ходзіць.
Пытаемся ў бабулі: “А хто цябе водзіць?
Ідзі, ідзі, бабулечка, — усе цябе просім,
Разам з табой, бабулечка, карагод паводзім”.

(Гульню можна паўтарыць некалькі разоў з рознымі вядучымі.)
Аленка. Любыя сястрычкі, браточкі! Што ж за вячоркі без шчадроўкі?
Несцерка. А і сапраўды! Давайце, госцейкі, шчадроўку заспяваем.
На новае лета
Радзі, Божа, жыта.
Шчодры вячор,
Багаты вячор!

Жыта, пшаніцу,
Усяку пашніцу.
Шчодры вячор,
Багаты вячор!

Дай табе, Божа,
Пане гаспадару.
Шчодры вячор,
Багаты вячор!

Піва варыці,
Сынкоў жаніці.
Шчодры вячор,
Багаты вячор!

Залезь на баляску
I дастань каўбаску.
Шчодры вячор,
Багаты вячор!

Стань на драбінку
I дастань саланінку.
Шчодры вячор,
Багаты вячор!

Кошычак маку
Да таго прысмаку.
Шчодры вячор,
Багаты вячор!

Аленка. А цяпер можна зноў пагуляць! Я скажу лічылку і выберу дзяўчынку.
(3 дапамогай лічылкі Аленка выбірае вядучага — гэта “мак”Дзеці становяцца вакол “маку”, ходзяць карагодам і спяваюць.)
Дзеці.
— А на гары мак, мак,
На даліне так, так.
А вы мае маковачкі,
Залатыя галовачкі.
Ці пасеялі мак?
— Пасеялі.
— А на гары мак, мак,
На даліне так, так.
А вы мае маковачкі,
Залатыя галовачкі.
Ці ўзышоў мак?

(Далей запеўка паўтараецца з пытаннямі: ці расцвіў мак? Ці паспеў мак? “Мак” па чарзе адказвае: “Пасеялі. Узышоў. Расцвіў. Паспеў”. Пасля таго як “мак” скажа, што ён паспеў, дзеці падбягаюць да яго і тармосяць.)
Гаспадыня (частуе гасцей піражкамі). Добры мак паспеў. Вось вам, госцейкі, піражкі не з такам, а з макам.
(Гучыць цыганская мелодыя. Уваходзяць дзеці, пераапранутыя ў цыгана, цыганку і каня.)
Цыганка (б’е ў бубен). Раманэ! Раманэ!
Цыган. Добры вечар.
Конь (скача). І-га-га!
Цыганка (да гаспадара). Адкажы мне, чалавеча: ці ісці, ці сесці, ці каўбаску з’есці?
Гаспадар. Хто вы і адкуль?
Цыган. Раманэ! Раманэ!
Цыганка. Ідзём мы ад пана года, што носіць бараду шырокую, сівую, калматую.
Гаспадар. Куды ідзяце, рамчнэ?
Цыган. Ой, вір-вір! Бай-бай! На кірмаш!
Гаспадар. Каго ведзяце, раманэ?
Цыган (гладзіць каня). Каня-прыгажуна.
Гаспадар. Колькі каштуе?
Цыган. Семсот залатовак. Ану, конь, паскачы, як валожынскі бугай!
(Конь скача, цыганы прытанцоўваюць каля яго і б’юць у бубен. Раптам конь падае.)
Цыганка (спалохана). Што ж рабіць? Што ж рабіць? Трэба нам каня ажывіць. (Пырскае на каня вадой.)
Цыган. Чаму не хоча конь уставаць? Цыганка. Трэба яго пачаставаць. (Гаспадыня дае пачастунак для каня. Конь устае.)
Цыганка. Дзякую, што каня нашага ажывілі. Давайце я вам за гэта паваражу. Вось саломінкі. Хто выцягне вялікую — будзе вучыцца на адны пяцёркі. А хто выцягне маленькую — у таго і чацвёркі будуць трапляцца. (Прапануе кожнаму цягнуць саломінку.)
Цыган. А зараз трэба і нам папрасіць пачастунку. Дайце пышку — занясу Мішку.
Конь (раптам загаварыў). Дайце шкварку, занясу Міхалку. І-га-га! (Скача.)
(Усе частуюць цыгана, цыганку, каня. Цыганскі танец.)
Гаспадыня.
Хопіць нам ужо, сябры,
Жартаваць, смяяцца.
Хутка ранак на двары —
Час і развітацца.
Цыган.
Трэба й нам ужо ў дарогу,
Усім дзякуй за падмогу.
Вы так дружна рагаталі,
Нас так хораша віталі!
Аленка.
Хоць шкада, а ўсё ж бывайце,
Толькі нас не забывайце
Несцерка.
Дружна жывіце,
Хутка расціце,
Край свой любіце!
Гаспадар.
Не таму любіце,
Што за ўсё цяплейшы,
А таму любіце,
Што за ўсё раднейшы!
Госці (разам).
Здаровы бывайце,
Праз год нас чакайце.
Аленка (выбягае наперад).
3 калядою ўсіх ды з вясёлаю!
3 зімачкаю яснаю,
3 доляю шчаснаю!


Яшчэ на гэту тэму:

Добры вечар, шчодры вечар...     Каляда-калядзіца