сцэнарыі святаў на беларускай мове

Сцэнарый з сайту u-roki.blogspot.com

Дзень ведаў

Сцэнарый школьнага свята

1 вяд.
О, час канікулаў вясёлых,
о, хуткатлумны лета час,
бывай, бывай.
Дзень добры, школа!
Ці ты пазнала сёння нас?
2 вяд.
Мы ўсе за лета загарэлі,
і трохі нават падраслі,
штодня марожанае елі
і дзе мы толькі не былі:
і забаўлялі нас арэлі,
і выпрабоўвалі палі.
1 вяд.
Нас сонца раненька будзіла,
з сабою дзень працоўны браў,
нам у сваёй старонцы мілай
хапае ўсім цікавых спраў.
2 вяд.
Пара канікулаў вясёлых
прайшла імкліва,
і цяпер
сябры сышліся,
зноўку, школа,
вітаем родная цябе!

1 вяд. Добры дзень, паважаныя настаўнікі, бацькі, вучні, госці. Вось і перагарнула лета сваю апошнюю старонку, а разам з ёй скончыліся і вясёлыя канікулы з гульнямі, падарожжамі, цікавымі сустрэчамі.
2 вяд. І сёння, у гэты першы вераснёўскі дзень мы ўсе сабраліся тут з нагоды цудоўнага свята Дня Ведаў.

1 вяд.
Заціх у лузе звон пчаліны,
замоўк у лесе шум птушыны –
мінула летняя пара.
2 вяд.
І першым ранкам вераснёвым
спяшаецца з настроем новым
у Краіну Ведаў дзетвара.
1 вяд.
Настрой ва ўсіх цудоўны гэткі:
у руках дзяцей жывыя кветкі,
усмешак промні ў вачах.
2 вяд.
Сышліся класныя сямейкі
на ўрачыстую лінейку,
званочак весела гучыць.
1 вяд.
Краіна ведаў, адчыняйся,
ніколі, шчасце, не канчайся –
вучыцца шчасце і вучыць.

2 вяд. Кожны год школьная сям’я папаўняецца новымі вучнямі – шасцігодкамі, якія з сённяшняга дня пачнуць цікавае падарожжа па Краіне Ведаў.
1 вяд. Запрашаем на свята першага званка самых маленькіх вучняў нашай школы. (пад музыку выходзяць шасцігодкі).
2 вяд. Першыя парады ў новым навучальным годзе дае дырэктар школы.
1 вяд. Ох, і хваляваліся нашыя шасцігодкі, збіраючыся ў школу…
2 вяд. Форму некалькі разоў прымяралі, перад люстэркам красаваліся, падручнікі з сшыткамі складвалі ў ранец, марылі аб выдатных адзнаках…
Так, так, сапраўды, я ведаю…
Раз суседскую дзяўчынку
Я сустрэў на школьным рынку.
З мамай хмурая стаяла,
Коскі тузала, маўчала.
Мама ж, стомленая досыць,
Ёй выказвала ў журбе:
- дзе цябе, дачушка, носіць?!
Зачакалася цябе.
Форму, глянь, ужо купіла.
На мяне ж ты – як забыла…
І азвалася дзяўчынка,
Банты – пырх! – як матылькі:
- Я хадзіла, мам, па рынку,
Абышла ўсе латкі…
Што за рынак?
Дзе іх дзеці?
Дзе ў чаргу за імі стаць?
Ёсць і кніжкі, і партфелі,
А пяцёрак не відаць.

1 вяд. А вось мы зараз і праверым, ці гатовы вы да вучобы, ці сапраўднымі будуць вашы пяцёркі?
2 вяд. Прачытайце, калі ласка, што тут напісана (на лістах напісаны словы: мама, школа, Радзіма і інш.).
- Чытаць вы ўмееце, а лічбы ці ведаеце? Вось, напрыклад, якія гэта лічбы? Якая з іх самая лепшая, а якая самая горшая?
- Малайцы. А зараз паглядзім якія вы кемлівыя. Адгадайце загадку:
На паліцах уздоўж сцен
Стаяць, чакаюць нас яны.
Хто з імі размаўляе,
Той многа-многа знае. (кніга)

1 вяд. А можа вы яшчэ і вершы чытаць умееце?
2 вяд. Вельмі добра. А зараз усе давайце вырашым: ці прымаем мы шасцігодак у сваю дружную школьную сям’ю?
1 вяд. Віншуем вас – з гэтага часу вы вучні … школы.
2 вяд.
Цішыня на ўроку.
Дзеці з самай раніцы
Ловяць пільным зрокам
Кожны рух настаўніцы.
Вырастуць не хісткімі,
А пакуль схіляюцца
Над сваімі сшыткамі,
У літары ўглядаюцца.
1 вяд.
Быццам сачыненне
Пішуць першакласнікі –
Будучыя геніі,
Будучыя класікі.
Мякка льецца голас
Першай іх настаўніцы.
З вокнаў роднай школы
Свет вялікі ўбачыцца.

2 вяд. Першыя словы віншавання гучаць з вуснаў першай настаўніцы.
1 вяд. А зараз вас віншуюць бацькі, для якіх таксама з сённяшняга дня пачынаецца школьнае жыццё.
2 вяд. А зараз слова для віншавання прадстаўляецца гасцям.
1 вяд. Са словамі наказу для самых маленькіх вучняў нашай школы звяртаюцца будучыя выпускнікі:

1. Дарагія нашы маленькія сябры! Ад імя вучняў-старшакласнікаў я віншую вас з пачаткам вучобы ў школе. Няхай школа стане для вас другім домам, хай вучоба прыносіць вам задавальненне, хай у вашых сшытках будуць толькі добрыя і выдатныя адзнакі.
2. Ёсць дарог заўсёды шмат
Ад парогаў нашых хат.
І ў цябе дарога ёсць,
Ты на ёй ужо не госць.
Кожнай раніцы на золку
Пабяжыш па ёй у школку.

2 вяд.
Звіні, званок!
І абвяшчай пачатак года,
Будзь святам ты для нас,
Для школьнага народа.
1 вяд. Увага! Слухаем першы школьны званок новага навучальнага года.
2 вяд. Яго даюць вучань 11 класа і вучаніца падрыхтоўчага класа …
1 вяд. Вось і адкрыта яшчэ адна старонка нашай школьнай біяграфіі. Пачата дарога ў Краіну Ведаў.
2 вяд.
У жыцці кожнага з нас бывае свой першы, свой памятны клас.
І першы залівісты школьны званок,
І першы ўрок.
1 вяд. Мы запрашаем усіх на першы ўрок у гэтым навучальным годзе.
2 вяд. Першымі ў школу запрашаюцца самыя маленькія школьнікі-вучні падрыхтоўчага класа.


Яшчэ на гэту тэму:

Загадкі і вершы на Дзень ведаў     Свята першага званка