сцэнарыі святаў на беларускай мове

БУНЕВІЧ Валянціна Канстанцінаўна "Выхаванне і дадатковая адукацыя". Снежань 2013 г.

Каляды ў нашым сяле

Фальклорна-этнаграфічны праект

У доме, дзе не гуляюць, не жартуюць, не спяваюць песень, мір дзіцяці эмацыянальна і духоўна збеднены. Педагогі Пагорскай базавай школы Івацэвіцкага раёна добра разумеюць гэта, таму імкнуцца далучаць сваіх выхаванцаў да работы па даследаванні мясцовага фальклору, збіранні звестак аб народных абрадах і традыцыях. Настаўніца матэматыкі Валянціна Канстанцінаўна БУНЕВІЧ расказвае пра рэалізацыю праекта, прысвечанага святкаванню Калядаў.


Мэта праекта: паглыбленне ўяўленняў школьнікаў пра жыццё нашых продкаў, іх багатую фальклорна-этнаграфічную спадчыну.

Задачы: выхоўваць у вучняў любоў да сваёй зямлі; фарміраваць уяўленні аб каляндарна-абрадавай культуры беларускага народа зімовага перыяду; актывізаваць веды пра фальклор і яго жанры; развіваць творчыя здольнасці дзяцей.

Удзельнікі праекта: вучні I—IX класаў.

Падрыхтоўчая работа: знаёмства з каляндарна-абрадавай культурай зімовага цыкла; падбор відэа- і аўдыяматэрыялаў; сцэнаграфія і рэжысура свята; афармленне школьнага памяшкання; стварэнне знешняга аблічча дзеючых асоб тэатралізаванага прадстаўлення.

Праект рэалізоўваўся ў некалькі этапаў:



У школе адбылася калядная вечарына "Ішла Каза калядуючы". Была створана імправізаваная сялянская хата, гаспадарамі якой выступілі настаўнікі. Гледачамі з’яўляліся вучні, іх бацькі і іншыя жыхары вёскі.
Непасрэдныя удзельнікі свята — калядоўшчыкі — былі падзелены на чатыры групы. Кожная мела свой сцэнарый, які трымаўся ў сакрэце ад іншых. Ва ўсіх пастаноўках дзейнічалі традыцыйныя калядныя героі — Каза, Мядзведзь, Цыган, Каляда, Механоша і інш. Па заканчэнні свята ўсе калядоўшчыкі атрымалі шчодрыя падарункі, падрыхтаваныя бацькамі.

Прапануем чытачам далучыцца да каляднай вечарыны, адчуць хараство народнага абраду, жартаўлівую іскрыстасць святочнага дзеяння.


ІШЛА КАЗА КАЛЯДУЮЧЫ

Сцэнарная распрацоўка каляднай вечарыны

Гучыць фанаграма песні "Каляда" ў выкананні ансамбля "Іван Купала". Адбываецца інсцэніроўка песні.
Затым выходзяць двое вядучых.

Вядучы. Каляды — гэта народны абрад, закліканы садзейнічаць добраму ўраджаю ў новым годзе.
Вядучая. На Каляды ладзіліся тры вячэры-куцці: напярэдадні Божага Нараджэння, Новага года і Вадохрышча.
Вядучы. У гэты час варажылі на будучага мужа ці жонку, на багацце і здароўе.
Вядучая. Цэнтральнай падзеяй свята было калядаванне. Калядоўшчыкі апраналіся ў касцюмы казы, ваўка, мядзведзя, цыгана, чорта. Лічылася, што ка­за здольная ўзмацніць урадлівасць зямлі.
Вядучы. Меркавалася, што пажаданні калядоўшчыкаў здзейсняцца, калі гаспадары іх шчодра адораць. А таму ў мяшок Механошы складвалі кавалкі пірага, сала, каўбасы, нават грошы. Каля­доўшчыкі хадзілі з зоркай — сімвалам адраджэння, святла і дабра.

Вядучая.
Сёння ў нашай хаце свята!
I гасцей як тут багата!
Вас на свята запрашаем
I сардэчна ўсіх вітаем!
Вядучы.
I, як кажуць нашы людзі,
Хай вам даспадобы будуць
Жарты, песні, танцы, смех
I усмешак цэлы мех!
Вядучая.
Шанаванне добрым людзям,
Хай вам радасці прыбудзе!
Хлопцы, дзеўкі, мамы, таты,
Запрашаем вас на свята!

Зноў гучыць мелодыя песні "Каляда", выходзяць Каза, Зорканоша, Механоша.

Каза. Добры дзень таму, хто ў гэтым даму! Сёння мы адзначаем Кал яды. Гэта свята вельмі любілі яшчэ нашы дзяды і прадзеды. Вось і мы зараз пакалядуем. Але спачатку Каляду паклічам. Калі я стукну ў бубен, крычыце як мага мацней:
Каляда- калядзіца,
Прыходзь павесяліцца!
Каза стукае ў бубен, дзеці крычаць.

Каза. Ну як, Каляда, ці можна з такімі дзецьмі калядаваць?
Голас Каляды.
Чую, слаўныя рабяткі!
Пачынайцеся, Калядкі!
Механоша. Паважаныя гледачы, а вы з чым прыйшлі на Каляды? Я не бачу, пакажыце! Не бачу, не бачу! Вышэй! Здаецца, мая торба застанецца пустой! (Бацькі паказваюць свае пачастункі.) Вось зараз усё добра!
Пад музыку усе персанажы ідуць па зале і збіраюць у гасцей пачастункі.
Усе персанажы (разам).
Ішла Каляда па ляду, па ляду,
Рассыпала каляду, каляду, каляду.
Каза (б’е ў бубен і кажа разам з дзецьмі).
Каляда-калядзіца,
Прыходзь павесяліцца!
Механоша.
Вы, рабяткі, не зяхайце,
Калядзіцу сабірайце!
Механоша. О, як добра пакалядавалі! Дзякуй гэтаму дому, пойдзем к другому!

Гучыць музыка. Персанажы ідуць па зале ў бок імправізаванай хаты. Раптам з-пад елкі выскаквае Воўк. Усе палохаюцца.
Воўк. О, якая смачная вячэра да мяне завітала! 3 каго пачаць?
Каза. Пачакай трошкі, Воўча. Лепей адкажы нам, а чаго ў цябе лапы крывыя.
Воўк.
Лапы крывыя —
Жар заграбаць.
Каза.
А чаго ў цябе, Воўча,
Хвост бухматы?
Воўк.
Хвост бухматы —
Печ вымятаць.
Каза.
А чаго ў цябе, Воўча,
Язык шырокі?
Воўк.
Язык шырокі —
Пірагі садзіць.
Каза.
А чаго ў цябе, Воўча,
Зубы крывыя?
Воўк.
Зубы крывыя —
Цябе з’есці.
Воўк кідаецца на Казу пасля кожнага свайго адказу. Пасля апошніх слоў Воўк гоніцца за Казой. Каза валіцца на падлогу, нібыта памірае. Воўк уцякае. З’яўляецца Цыганка.

Цыганка. Што здарылася, дзеткі? Хіба ж наша Каза памерла? Трэба хутка яе ажывіць, а інакш сонейка да нас не завітае, вясна-красна не пачнецца, ураджаю добрага не будзе. Дзеці, ці згодныя вы нам дапамагчы?
Дзеці. Так!
Цыганка. Тады паўтарайце за намі наступныя замовы!
Зорканоша.
Ты, стара казіца,
Устань ды расхадзіся.
Механоша.
Устань ды расхадзіся,
Ды развесяліся.
Зорканоша.
Вось рэшата жыта,
Каб каза была сыта.
Механоша.
А замест аўса
Наверх каўбаса!
Зорканоша.
I тры шматы сала,
Каб каза устала.
3 апошнімі словамі Каза ўстае, усе персанажы танцуюць пад музыку.

Каза.
Ой, замарылася каза!
Ой, трэба адпачыць!
Голас Каляды.
Не, Козачка, пачакай
Ды ад нас не ўцякай!
Хіба ты забылася, чаго ад цябе дзеці чакаюць? Ты павінна патанцаваць і зрабіць новы год шчаслівым, ураджайным, цёплым, вясёлым. А мы табе праспяваем!
Каза.
Добра. Калі так —
Дам трошкі жыта
Для дабрабыту.
Рассыпае жыта па зале.
Дзеці спяваюць пад бубен, Каза танцуе.


Го-го-го, каза, Го-го-го, шэра.
Дзе каза ходзе, Там жыта родзе.
Го-го-го, каза, Го-го-го, шэра.
Дзе каза рогам, Там жыта стогам.
Го-го-го, каза, Го-го-го, шэра.
Дзе каза хвастом, Там жыта кустом.
Го-го-го, каза, Го-го-го, шэра.
Дзе каза нагой, Там жыта капой.
Го-го-го, каза, Го-го-го, шэра.
Дзе каза бывае, Там шчасце вітае.
Го-го-го, каза, Го-го-го, шэра.

Каза (рассыпаежыта).
Святкуем Калядкі —
Лавіце зярняткі!
Лавіце рукой,
Каб добры быў настрой!
Каб моцна грэла сонца —
Кіну ў аконца.
Майце ўсяго даволі,
Абяды ніколі.
Нікога не хвалюйце,
Усім цяпло даруйце.
Зорканоша. Дзякуй, Козачка, ад усіх нас! А зараз пойдзем калядаваць далей.
Персанажы ідуць у бок хаты пад музыку.

У хаце
Гаспадыня падмятае падлогу і спявае народную песню "Чаму ж мне не пець...".
Уваходзіць гаспадар -

Гаспадар. Жонка!
Гаспадыня. Ой!
Гаспадар. Жонка, а жонка! Нешта ў нашай хаце сёння дужа горача?
Гаспадыня. Дык я ж тры дні ў печы паліла, пякла, варыла, смажыла, хачу калядоўшчыкаў шчыра пачаставаць, свята весела адсвяткаваць. Ой, стамілася я з усім гэтым! (Да гледачоў.) Жывём мы з мужам небагата: ёсць у нас пяць авечак, кароўка і бычок, чатыры свінкі, парсючок, куры, гусі, качаняты і адзін певень чубаты.
Гаспадар. Вось я саломы прынёс, гатуй, жонка, абрус. (Кладзе салому на стол.)
Гаспадыня (засцілае стол абрусам і ставіць розныя стравы). Я бліноў напякла, кашы наварыла, вушкі з грыбамі, кісялёк. Сядай за стол! (Садзяцца за стол.)
Гаспадар (выцягвае з-пад абруса саломінку). О, які добры ўраджай будзе ў нас сёлета! Жонка, паглядзі, якую я доўгую саломіну выцягнуў.
Гаспадыня (нясе першую лыжку да акна).
Мароз, мароз,
Хадзі куццю есці!
Улетку не бывай,
Па межах не хадзі,
Яры не губі.
Стары, а стары! Ці бачыш ты мяне?
Гаспадар. Не, не бачу.
Гаспадыня. А каб ты сапраўды не бачыў за стагамі, за вазамі, за снапамі свету!
Гаспадар. А ты, жонка, ці бачыш мяне?
Гаспадыня. Не, не бачу.
Гаспадар. Каб жа ты не бачыла за агуркамі, за гарбузамі, за капустай, за буракамі белага свету!
Гаспадыня. Каб твае словы ды праўдаю сталі! Ой, нешта лыжка упала. Мусіць, госцейкі да нас ідуць.

I група калядоўшчыкаў стукае ў дзверы, ува­ходзіць, спявае песню "На новае лета ".

На новае лета
Хай родзіцца жыта!
Шчодры вечар,
Багаты вечар!

Жыта, пшаніца,
Усякая пашніца.
Шчодры вечар,
Багаты вечар!

Жадаем табе,
Слаўны гаспадару..
Шчодры вечар,
Багаты вечар!

Піва варыць,
Сыноў жаніць.
Шчодры вечар,
Багаты вечар!

Пасаг збіраць,
Дачок выдаваць.
Шчодры вечар,
Багаты вечар!

Залезь на баляску
I дастань каўбаску.
Шчодры вечар,
Багаты вечар!

Стань на драбінку,
Дастань саланінку.
Шчодры вечар,
Багаты вечар!

1-шы калядоўшчык. Вечар добры, людзі добрыя!
Гаспадар і гаспадыня (разам). Добры вечар, добры вечар!
2-гі калядоўшчык. Ці дома гаспадар?
Гаспадар. Дома, дома, каўбасу з печы дастае.
3-ці калядоўшчык. А ці дома гаспадыня?
Гаспадыня. Дома, дома, сталы прыбірае.
4-ты калядоўшчык.
Добры вечар таму,
Хто ў гэтым даму.
Нам не хочацца чакаць —
Загадайце заспяваць.
Гаспадар і гаспадыня (разам). Спявайце, любыя, спявайце, даражэнькія!
Калядоўшчыкі спяваюць песню "Пайшла Каляда калядуючы".
Гаспадар. Дзякуй вам за песню.
5-ты калядоўшчык.
Мы віншуем вас са святам,
Шчасця вам, ўсяго багата!
6-ты калядоўшчык.
Каб была у вас пшаніца,
Як прыгожая дзявіца.
7-мы калядоўшчык.
Каб добрыя былі каровы,
А вы былі здаровы.
8-мы калядоўшчык.
Каб вяліся ў вас цялушкі,
Кураняты, свінні, птушкі.
9-ты калядоўшчык.
Каб козы мэкалі,
А бараны бэкалі.
10-ты калядоўшчык.
Каб капуста ўрадзіла
Ўсім людзям на дзіва.
11 -ты калядоўшчык.
Шчодрага вам лета,
Багатага хлеба!
Калядоўшчыкі (разам).
Сто год жывіце, дзетак расціце.
Мы вам спявалі, шчасця жадалі.
Добры вечар, шчодры вечар!
Дайце каляды!
Атрымліваюць пачастункі, выходзяць.

II група калядоўшчыкаў стукае ў дзверы і ўваходзіць у хату з песняй "Добры вечар таму, хто ў гэтым даму".

Добры вечар таму,
Хто ў гэтым даму.
Добры вечар!
А ў гэтым даму
Сам пан гаспадар.
Добры вечар!
За сталом сядзіць,
Тры кубачкі дзяржыць.
Добры вечар!
У першым кубачку —
Зялёна віно.
Добры вечар!
У другім кубачку —
Кудрава піва.
Добры вечар!
У трэцім кубачку —
Салодак мядок.
Добры вечар!
Зялёна віно —
Для гаспадара.
Добры вечар!
Кудрава піва —
Для жаны яго.
Добры вечар!
Салодак мядок —
Для дзетак яго.
Добры вечар!
Мы гаспадара не зневажаем.
Добры вечар!
3 новым годам паздраўляем!
Добры вечар!

Гаспадар і гаспадыня (разам). Дзякуем, дзякуем!
1 -шы калядоўшчык.
На тваім двары ўсе агні гараць!
2-гі калядоўшчык.
Усе агні гараць ды сталы стаяць.
3-ці калядоўшчык.
Усе сталы стаяць пазасціланыя.
4-ты калядоўшчык.
Усе хлябы ляжаць павыпяканыя.
Калядоўшчыкі (разам). Добры вечар вам! Ці рады вы нам?
Гаспадар і гаспадыня (разам). Мы рады, ды вы хто такія?
5-ты калядоўшчык. Мы людзі простыя, з далёкага краю.
Гаспадыня. Адкуль ідзяце?
6-ты калядоўшчык. Ідзём мы ад пана Года, што носіць бараду шыроку, як лапата, сіву ды калмату.
7-мы калядоўшчык. Мы да лета ідзём ды шчасце нясём.
8-мы калядоўшчык. Ці шырокія сцены, каб нам пагасцяваць? Ці добрая гаспадыня, каб нас пачаставаць?
Гаспадыня. Гаспадыня добрая і вельмі шчодрая, але за што вас частаваць? 3 чым вы прыйшлі, калядоўшчыкі?
9-ты калядоўшчык.
Гаспадынька як малінка,
Будзь ласкавая, будзь гасцінная.
10-ты калядоўшчык.
Запалі свечачку,
Пайдзі ў клетачку,
Набяры мядочку
Цэлую бочку,
А будзе мала —
Набяры сала.
Гаспадыня. Добра калядавалі — атрымайце пачастункі. (Частуе калядоўшчыкаў.)
11-ты калядоўшчык.
Мы з хаты выходзім —
Бяду выводзім..
Хай уцячэ хутчэй
Ад людскіх вачэй,
I ў гэтым дому
Не шкодзіць нікому!

III група калядоўшчыкаў (вучні малодшых класаў) стукае ў дзверы, ўваходзіць у хату.
1 -шы калядоўшчык. Ідзе Каляда — весяліцца грамада.
2-гі калядоўшчык. Коляды-калядкі, бліны і аладкі.
3-ці калядоўшчык. Добры вечар таму, Хто ў гэтым даму!
Калядоўшчыкі (разам). Шчодры, шчодры, вечар добры!
5-ты калядоўшчык. Дайце каўбасу, занясу Міхасю.
6-ты калядоўшчык.
Дайце пышку, занясу Рыжку.
7-мы калядоўшчык. Дайце скварку, занясу Янку.
8-мы калядоўшчык.
Ішла Каляда калядуючы,
Па ўсім свеце шчадруючы.
9-ты калядоўшчык.
Адкрывайце сундучкі,
Падавайце пятачкі.
Гаспадыня. Не, даражэнькія калядоўшчыкі, вы спачатку нам паспявайце.
Гаспадар. Калі добра паспяваеце, тады і добры пачастунак атрымаеце.
10-ты калядоўшчык. Маленькія мы яшчэ, не навучыліся спяваць калядныя песні.
Гаспадыня. Ну, тады паслухайце казку, што дзед вам раскажа. Гэта казка не простая, а павучальная, слухайце ўважліва.
Гаспадар. Жылі сабе дзед ды баба з унучкаю. I былі ў іх сабака Жучка, сямёра авец і бык-палавец. Сядзяць яны за сталом, вячэраюць. Праходзіць міма воўк галодны. Падышоў да ваконца і кажа:
Дзед, дай я табе з бабаю каляду праспяваю!
Узрадваўся дзед і кажа:
Спявай, воўча.
Воўк і заспяваў.
Дзеці спяваюць песню ваўка.

Уву-у-у-у, Калядзіца!
Падыду пад гару,
На той гары —
Хатка саламяна.
Уву-у-у-у, Калядзіца!
А ў гэтай хатцы —
Дзед жыве ды бабка.
Хатка саламяна.
Уву-у-у-у, Калядзіца!
Унучка, Жучка, мышка,
Сямёра авец
I бык-палавец...
Уву-у-у-у, Калядзіца!

Гаспадыня. Баба кажа:
— Дзедка! Хораша воўк спяваў! Аддадзім яму авечку.
Гаспадар. Аддалі яму авечку, воўк — за гару дый з’еў аўцу. На другі, на трэці дзень прыходзіў воўк, спяваў сваю песню. I так ён прыходзіў, пакуль дзед не аддаў усіх авечак, Жучку і быка-палаўца. Сядзяць дзед з бабаю на пячы і думаюць, што яны дадуць ваўку, калі ён зноў прыйдзе. А воўк тут як тут:
- Дзед, а дзед. Давай заспяваю табе з бабаю
каляду.
- Няма чаго мне даць табе за каляду.
А воўк зноў:
- Дзед, давай заспяваю табе з бабаю каляду.
Дзед і згадзіўся. Праспяваў воўк сваю песню і чакае пачастунку.
Гаспадыня. Баба і гаворыць:
- Аддай мяне ваўку. Нельга калядоўшчыка без пачастунку пакідаць.
Гаспадар. Заплакаў дзед, але ж бабу аддаў ваўку. Схапіў драпежнік яе ды павалок у лес. Пасадзіў на пянёк і кажа:
- Сядзі, бабка, а я пайду паклічу іншых ваўкоў, бо мне аднаму цябе не з’есці.
А бабка, як пайшоў воўк, пачала спяваць...
Гаспадыня. Пя-нёк, пя-нёк, рас-ці ў вяр-шок. Пя-нёк, пя-нёк, рас-ці ў вяр-шок.
Гаспадар. Пянёк і стаў расці. Прыбеглі ваўкі, а бабку дастаць не могуць. Так галодныя і збеглі ў лес. А бабка зноў спявае...
Гаспадыня. Пя-нёк, пя-нёк, стань ма-лы, пя­нёк. Пя-нёк, пя-нёк, стань ма-лы, пя-нёк.
Гаспадар. I пянёк зноў стаў маленькі, як і быў. Бабка злезла з пянька і пайшла дарогу шукаць. Ішла-ішла, бачыць хатку, зробленую з аладак ды маслам памазаную. А жыве ў хаце мужычок, які мае вялікі статак коз ды кароў. Прапанаваў ён бабцы дапамагчы яму жывёлу даглядаць, а за тое нарабіць сабе сыроў і масла, колькі знесці здолее.
Гаспадыня. Засталася бабка, дапамагла мужычку і сабе нарабіла шмат усяго, ажно ледзь валачэ. Прыйшла дадому. А там дзед кашу варыць на вадзе, без масла. Як убачыў ён бабку, так узрадаваўся, што жывая яна засталася ды яшчэ са здабыткам вярнулася. 3 той пары жывуць дзед з бабай, кашу з маслам ядуць ды малаком запіваюць.
Гаспадар. А вось і навука гэтай казкі: дзед з бабкай аддалі на Каляды ўсё, што мелі. Затое на Масленіцу спаўна самі елі. Запомніце, дзеці, гэтую народную мудрасць.
Гаспадары частуюць калядоўшчыкаў.
11-ты калядоўшчык. Дзякуй, гаспадары, за пачастункі і навуку!

IV група калядоўшчыкаў стукаеў дзверы, ўваходзіць у хату.
1 -шы калядоўшчык.
Мы хадзілі, гулялі, калядавалі,
Прыйшлі, прыгулялі к гаспадарчаму сталу,
Гаспадар наш бацюхна,
Частуй гасцей.
2-гі калядоўшчык.
3 клеці рашатом,
3 печы пірагом,
Падай каўбасу —
У зубах панясу.
Гаспадар.
Але за што вас частаваць?
Трэба песню заспяваць.
Калядоўшчыкі спяваюць народную песню "Неба і зямля". Затым калядоўчшыкі абступаюць гаспадыню і адзін перед адным просяць пачастункі.
3-ці калядоўшчык. А ў цябе, цётухна, каўбаса ч смачна!
4-ты калядоўшчык. Дай, цётухна, каўбасу, бо я хату разнясу.
5-ты калядоўшчык. Дай, цётухна, пірог, я пай­ду за парог.
6-ты калядоўшчык. Вазьмі нажа вострага, адрэж сала тоўстага.
Гаспадыня. Не, не дам нічога! Мала спявалі, мала скакалі.
7-мы калядоўшчык. Можна і паскакаць!
Ну-ка, рэзні, гарманіст, залатыя пальчыкі!
Каб у скок пусціліся дзевачкі і мальчыкі!
Калядоўшчыкі танцуюць "Польку".
Гаспадыня. Вось дык танцоры, вось дык малайцы! Пасядзіце ў нас, пачастуйцеся. Усё ў нас ёсць: і квас, і каўбаса. Сядайце за стол, частуйцеся.

Стук у дзверы. Уваходзяць цыганка, цыган і мядзведзь.
Цыган.
Добры вечар, гаспадару!
Вынесіце нам каўбас пару.
Пахадзіце ля печкі,
Пашукайце перапечкі.
Гаспадар. А чым ты нас, цыган, парадуеш?
Цыган. Я цыган багаты, у мяне ў адным кармане вош на аркане, а ў другім — блыха на ланцугу.
Гаспадар. Ну, гэта не цікава.
Цыган. Таксама ў мяне мядзведзь ёсць. Зараз ён пацешыць вас, ён паслухмяны.
Выходзіць з мядзведзем на сярэдзіну.
Цыган. Кланяюся нізка ўсім, і Мішка таксама кланяецца. (Мядзведзь ківае галавой.) Ану, Міша, пакажы нам, як бабы хлеб месяць? Як дзяўчаты перад люстэркам упрыгожваюцца? Як мужык Янка з кірмашу дамоў вяртаецца? А цяпер, Міша, паскачы.
(Мядзведзь выконвае ўсе каманды, затым скача пад музыку.)
Гаспадар дае пачастункі. Цыган і мядзведзь выходзяць.

Гаспадар. А я вось каляндар знайшоў, дзе змешчаны загадкі.
Хто на Калядкі адгадае загадкі,
Таму маладзіца дасць каўбасіцы.
Без голасу вые, а без рук абрус сцеле. (Мяцеліца)
Сярод двара стаіць капа.
Спераду вілы, ззаду мятла.
(Карова)
Тапілі яго, сушылі,
Дубасілі ды рвалі,
Круцілі ды ткалі
Ды на стол паслалі.
(Лён)
Ляцяць птушкі без крыл, а садзяцца без ног. (Сняжынкі)
Гаспадыня. А мы нешта зусім на прыпеўкі забыліся.

Дзяўчаты па чарзе спяваюць прыпеўкі.

На Калядах заспяваем,
Дарагія дзевачкі!
Гарманіст у нас прыгожы —
Грае нам прыпевачкі.

Ці я ў мамкі не дачка,
Ці я не дачушка?
Хоць малая я расточкам,
Але ж весялушка.

А ў кругу не размінуцца,
Танцы каруселяцца.
I прыпеўкі не здаюцца —
Самасеем сеюцца.

На тары стаіць бяроза,
Дробны ліст угору ўе.
Што за жонка у Лявона —
Разгуляцца не дае.

Ой, бяда, бяда, бяда —
Хлопцаў з’ела машкара!
Толькі тыя засталіся,
Што парфумам паліліся.

1-шы калядоўшчык. Засядзеліся мы ў вас, дарагія гаспадары! Ужо і першыя пеўні хутка пачнуць спяваць.
2-гі калядоўшчык. Жадаем, каб доўгія гады жылі, каб здаровыя былі і пра нас не забываліся.
3-ці калядоўшчык. Каб вяліся свінні і авечкі, а вы жылі, як чалавечкі.
4-ты калядоўшчык. Каб да лета дачакаліся, а зімою з Калядою сустракаліся.
Калядоўшчыкі (разам).
Моцна кахайце,
На гэтым бывайце!

Спяваюць песню "Будзь ваша здароў".

Будзь ваша здароў,
Як рыжык з бароў.
Гэй, Каляда-калядзіца! (2 разы)
Май торбу грошай,
Жыві ў раскошы.
Гэй, Каляда-калядзіца! (2 разы)
Май усяго даволі,
А бяды ніколі.
Гэй, Каляда-калядзіца! (2 разы)
Бывай жа здароў
Ды з сваёй жаной!
Гэй, Каляда-калядзіца! (2 разы)
Ды з усёй сям’ёй
Ды з дзетачкамі.
Гэй, Каляда-калядзіца! (2 разы)

Калядоўшчыкі атрымліваюць пачастункі. Свята завяршаецца.

ЛІТАРАТУРА

    • Аляхновіч, А. М. Беларускі дзіцячы фальклор /А. В. Аляхновіч, М. В. Рахчэеў. — Мінск: Беларусь, 1993. — 270 с.
    • Марціновіч, Л. С. Сцяжынка/ Л. С. Марціновіч, Т. У. Юрэвіч. — Мінск: Нар. асвета, 1994. — 319 с.
    • Вольскі, А. В. Заранка: кн. для дадатковага чытання ў 1 –м кл./А. В. Вольскі. —Мінск; Нар. асвета, 1988. - 168 с.


    Яшчэ на гэту тэму:

    "Ішла Каляда, калядуючы..."     "Ішла Каляда, калядуючы..."