сцэнарыі святаў на беларускай мове

К. М. ЛЯШКЕВІЧ, настаўніца Астрамечаўскай школы Брэсцкага раёна. Пачатковая школа Кастрычнік 1995 г.

Жыла-была яліначка

Сцэнарый навагодняга ранішніка

Гучыць вальс. Вакол ёлкі танцуюць сняжынкі. Да іх далучаюцца дзеці і госці.

Настаўнік.
Што за дзіва на двары?
Што там робіцца, сябры?
Снег навокал, дзень марозны,
А ранеты на бярозе.
Ну і жарты у зімы!
Нібы ў казцы сёння мы.
Як вы думаеце, пра якія ранеты гаворыцца ў вершы?

(Дзеці адказваюць. Чуецца стук у дзверы.)

Дзеці. Ой, нехта стукае ў дзверы!
(Уваходзіць паштальён.)

Паштальён. Дзеці, вам тэлеграма. Хто ўмее яе прачытаць?
Вучань. "Дарагія дзеці! Рыхтуйце вершы, танцы, загадкі, прыпеўкі. Я хутка буду ў вас. Дзед Мароз".

(Крадучыся, віляючы хвастом, уваходзіць ліса. За ёй скача заяц.)

Ліса. А ранішніка сёння не будзе. Дзед Мароз заблудзіў.
Заяц. Будзе, будзе! Я сустрэў яго і вывеў на дарогу. Яны са Снягуркай ужо блізка.
Ліса. Можна мне пабыць на вашым свяце?
Заяц. I мне?
Настаўнік. Можна, калі павесяліце нас, пакуль прыйдуць Дзед Мароз і Снягурка.
(Ліса і заяц выконваюць вясёлы танец.)

Настаўнік. Ну вось, чую ўжо, як рыпяць іх саначкі.
Запаліся, ёлка, рознымі агнямі,
Будзеш весяліцца ты сягоння з намі.
Засвяціся ярка колерам вясёлкі,
Хай паскачуць дзеці ля зялёнай ёлкі.
(Ёлка запальваецца. У тое ж імгненне ўваходзяць Дзед Мароз і Снягурка, вязуць на саначках мех з падарункамі.)

Дзед Мароз.
Сустракайце! Дзед Мароз
Падарункі вам прывёз.
Снягурка.
У вопратцы белай,
Шырокай і доўгай,
3 вялікай пушыстай
Сівой барадой
Прыйшоў к нам здалёку
Дзядуля-Мароз,
Завеі і холад
3 сабою прынёс.
Дзед Мароз.
3 Новым годам!
3 Новым годам!
Я сардэчна, ад душы
Вам жадаю, малышы,
Каб бадзёрымі былі вы,
Каб разумнымі раслі вы,
Каб прынёс вам Новы год
Многа радасных прыгод
I здароўя ў вашы хаты.
Каб былі здаровы самі,
Каб былі здаровы мамы,
Каб былі здаровы таты!

А ведаеце, чаму нас так доўга не было? Гэта ж, дзеткі мае, заходзілі мы ў суседнюю вёску. Раздалі падарункі, паслухалі, як дзеці спяваюць, і пайшлі. Ішлі, ішлі ды заблудзілі... Дзякуй зайчыку, паказаў дарогу. О-о-ох, і стаміўся я! Дазвольце мне, калі ласка, сесці, крышку адпачыць, а вы паспявайце, патанцуйце.
Снягурка. Адпачні, дзядуля, а мы паспяваем.

(Карагод "Жыла-была яліначка ".)
Жыла-была яліначка,
У хвойнічку расла,
Зімой і летам стройнаю,
Зялёнаю была.

Мяцеліца ёй песеньку
Спявала: "Баю-бай!",
Сняжком яе атульвала —
Глядзі не замярзай!

Пужлівы зайка шэранькі
Вакол яе скакаў,
Падчас і воўк, сярдзіты звер,
Трушком тут прабягаў.

Сняжок у лесе сцішаным
Пад полазам рыпіць
I конік жвавы сівенькі
Спяшаецца, бяжыць.

Імчацца лёгка саначкі,
А ў санках мужычок
Вязе для нас яліначку,
Паклаўшы на бачок.

Прыгожая, прыбраная,
Яна да нас прыйшла
I многа дарагіх гасцей
На свята прывяла.

Дзед Мароз. А ці любіце вы, дзеці, адгадваць загадкі?
Заўсёды, летам і зімой,
Мае іголачкі са мной.
Галінак у мяне багата,
Зімой прыходжу к вам на свята. (Елка.)
Снягурка.
Без рук, а малюе, без зубоў, а кусае. (Мароз.)
Дзед Мароз.
Ні вачэй, ні вушэй, а сляпога водзіць. (Палка.)
Снягурка.
Як пара настала,
Бабуля Арына
Ўсю зямлю заслала
Белаю пярынай. (Снег.)
Дзед Мароз. Ну, усё, адпачыў я, цяпер магу разам з вамі паскакаць. Паглядзім, хто ведае лепшую прыпеўку!

(Дзеці скачуць з дзедам Марозам і спяваюць прыпеўкі.)
Часта маці мне казала,
Каб я з песняю уставала:
"Вырасцеш маўклівая —
Будзеш нешчаслівая".

Ой ты, Пеця-галава,
Колькі будзе двойчы два?
Ён і гэтак, ён і так —
Не адкажа аніяк.

А у Брэсце на базары
Хлопцы прадаюцца.
За капейку сорак штук,
I то задаюцца.

(Прыбягае Баба Яга.)

Баба Яга. Што за шум? Што за гвалт? Хто не дае мне слаць у цёплым дупле на імшанай пярыне?
Дзед Мароз. А хто ж гэта спіць на Новы год? На Новы год усе танцуюць, гуляюць і весяляцца.
Баба Яга. А, Новы год! Ну, гэта іншая справа. Павесялюся і я з вамі.
(Баба Яга танцуе ці спявае.)

Снягурка. А зараз, дзеці, падумайце і адкажыце: чаго б вы хацелі пажадаць сваім бацькам, брацікам і сястрычкам у новым годзе?
(Дзеці па чарзе выказваюць свае пажаданні.)

Дзед Мароз. А цяпер —усе зноў у карагод. Паскачам вакол яліначкі.

(Усе становяцца ў карагод і спяваюць "Яліначку".)
Ў лесе яліначцы
Холадна зімой.
3 лесу яліначку
Мы ўзялі дамоў.

Наша яліначка
Свеціцца-гарыць:
"Дожджык" на галіначках,
Яркія шары.

Цацкі прывабныя
Ззяюць угары
I шакаладныя
Рыбкі і звяры.

Мы пад яліначкай
Сталі ў карагод.
Весела, весела
Стрэнем Новы год.

(Ранішнік завяршаецца гульнямі каля ёлкі.)



Яшчэ на гэту тэму:

Гэй, сняжыначкі, ляціце!     Навагодняе прадстаўленне