сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. А. БУРКЕВІЧ, настаўніца вышэйшай катэгорыі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Беларуская мова і літаратура 1/2014

Рыцарскі турнір

Выхаваўчае мерапрыемства (VII—IX класы)

Мэты: замацоўваць асновы ведаў аб правілах культуры маўлення, нормах этыкету; садзейнічаць фарміраванню ўніверсальных кампетэнцый і агульнакультурных навыкаў; развіваць пазнавальную актыўнасць вучняў, іх эрудыцыю, кемлівасць, хуткасць пры адказах на пытанні і пры выкананні заданняў; выхоўваць культуру паводзін у школе, дома, у грамадскіх месцах.

Ход мерапрыемства

Першы вядучы (зачытвае загад аб пачатку турніру).

ЗАГАД
Аддаючы даніну ўдзячнасці дзядам і бацькам нашым,
Услаўляючы доблесць і дабрачыннасць
Характару мужаскага,
А таксама дзеля справядлівасці
Лічыць чацвёртую суботу лютага
Днём шанавання
Моцнай паловы роду чалавечага.
I ў гонар таго добрага пачыну
Вяхой знамянальнай дзень той пазначыць.
I таму ў дзень гэты належыць у весялосці
Перад светлым абліччам цудоўнай паловы чалавецтва
На выпрабаванне іх блаславіць
I для гэтага з усёй сур'ёзнасцю патрабаваць:
• сыноўняга шанавання маці,
• рыцарскіх адносін да жанчын, дам і паненак.

Гучыць сярэднявечная музыка.
Калісьці, вельмі даўно, жылі рыцары. Любімай іх забавай былі турніры. Толькі ў турнірным баі можна было прадэманстраваць публіцы, і ў першую чаргу жанчынам і дзяўчатам, сваю смеласць і спрытнасць, уменне валодаць зброяй, ездзіць верхам на кані.
Рыцарам называюць чалавека, які гатовы на подзвіг, умее трымаць слова, у любы момант прыйдзе на дапамогу.
Сёння мы вырашылі ўзнагародзіць званнем Рыцара самага дастойнага.
Запрашаем прэтэндэнтаў прыняць удзел у паядынку, паказаць сваю адвагу, спрыт, даказаць, што яны сапраўдныя мужчыны. Мы спадзяёмся, што складаныя выпрабаванні не спужаюць будучых рыцараў.
Запрашаюцца ўдзельнікі турніру (5 вучняў), якім даюцца «даспехі» (бэйджы) белага, жоўтага, зялёнага, сіняга і чырвонага колераў.
Ацэньваць вашы рыцарскія якасці будзе Рада Рыцарскага Ордэна.
Другі вядучы. Але перад тым як пачаць турнір, вам неабходна выканаць рытуал: прыняць прысягу.
Паўтарайце за мною тэкст прысягі:

Рыхтуючыся ўзняць меч гумару і ведаў,
Мы абяцаем:
не прымяняць недазволеныя прыёмы, шкадаваць свайго праціўніка як самога сябе.
Але калі мы парушым гэтую клятву, то няхай пакарае нас суровая, але справядлівая рука
Рады Рыцарскага Ордэна.
Абяцаем! Абяцаем! Абяцаем!

I тур. Фехтаванне

Першы вядучы. Мы пачынаем! Першае наша выпрабаванне — фехтаванне.
Але наносіць удары праціўніку вы будзеце... словамі. Вам неабходна скласці як мага больш слоў з літар, якія ёсць у слове «высакароднасць», таму што менавіта гэта якасць павінна быць у кожнага рыцара. На заданне адводзіцца дзве хвіліны.
Пераможцаў вызначыць наша журы па колькасці напісаных вамі слоў.
Прыкладныя адказы: род, родны, роднасць, народ, высока, карона, кара, корань, рок, дар, сарока, сок, каса, рысь, рынак, сода, адоранасць, даць, выць...

Другі вядучы. А пакуль нашы прэтэндэнты пішуць, мы пазнаёмімся з гледачамі, што прыйшлі падтрымаць удзельнікаў. Давайце ўспомнім прыказкі пра сяброўства, працу, годнасць. Толькі абавязкова трэба падняць руку. Я пачынаю, а вы працягваеце.
Прыказкі
1. Жыццё пражыць... не поле перайсці.
2. Гультай за работу... мазоль за руку.
3. Лес сякуць... трэскі ляцяць.
4. Любіш ездзіць... любі і санкі вазіць.
5. Лепш сто сяброў... чым сто рублёў.
6. Не плюй у крыніцу... прыйдзеш па вадзіцу.
7. Пад ляжачы камень... вада не бяжыць (не цячэ).
8. Слова не верабей... вылеціць — не зловіш.
9. Салдат спіць... служба ідзе.
10. Адна галава добра... а дзве лепш.
11. Чаго не хочаш самому... не рабі другому.
12. Чым багаты... тым і рады.
13. Чым у лес далей... тым гусцей.
14. Хто рана ўстае... таму Бог дае.
Узнагароджваюцца тыя гледачы, хто даў больш за ўсё правільных адказаў.
Журы аб’яўляе вынікі першага тура.

II тур. Вершнікі

Першы вядучы. Наступнае выпрабаванне — гэта праверка «сілы духу» і магчымасцей лёгкіх. Задача рыцара: надзімаць шарык, пакуль ён не лопне. Хто з гэтым заданнем справіцца хутчэй, атрымлівае 3 балы. Пачынаем!
Журы аб’яўляе вынікі другога тура.

III тур. Гістарычны

Другі вядучы. А цяпер дамо адпачыць нашым рыцарам. Зоймемся інтэлектуальнай працай. Веды — вось што ў першую чаргу патрэбна сучаснаму рыцару. I таму наступны тур — гістарычны. Я буду задаваць вам пытанні. Права адказу даецца таму, хто першы падыме руку.

1. Як называлася эпоха, у якую з'явіліся рыцары? (Сярэднявечча, X—XII стагоддзі.)
2. Як называлася жыллё рыцара? (Замак.)
3. Якое асноўнае спаборніцтва праходзіць на рыцарскім турніры? (Скачкі.)
4. Што неабходна рыцару для турніру? (Конь.)
5. Апроч каня, што павінен мець рыцар, які з'явіўся на турнір? (Даспехі.)
6. Што адносілася да абарончага ўзбраення рыцара? (Даспехі, шчыт, кальчуга, накаленнікі, наплечнікі, жалезныя рукавіцы, нагруднік, шлем.)
7. Чаму кап'ё і шчыт непадзельныя, але вечныя ворагі? (Кап'ё прызначана для нападу, а шчыт — для абароны ад яго.)
8. Адкуль пайшоў звычай здымаць шляпу перад уваходам у памяшканне, пры сустрэчы са знаёмым? (Каб паказаць, што чалавек прыйшоў з мірам, раней падымалі забрала, адкрываючы твар, дэманстравалі такім чынам свой давер.)
9. Што азначае звычай здымаць пальчатку пры сустрэчы, каб павітацца? (Гэтым самым хацелі паказаць, што рукі чыстыя, як і думкі, у руках няма зброі.)
10. Як называецца супольнасць рыцараў? (Ордэн.)
11. Назавіце вядомых вам рыцараў. (Рычард Ільвінае Сэрца, Кароль Артур, Дон Кіхот, Айвенга, рыцарскі род Грушэцкіх, Аляксандр Солтан, Мікалай Радзівіл, Жыгімонт Караль Радзівіл.)

IV тур. Верхавая язда

Першы вядучы. Рыцар, перш за ўсё, гэта прафесійны воін. Самае галоўнае, што павінен мець рыцар, — гэта конь і зброя. Таму наш наступны тур — верхавая язда. Неабходна асядлаць свайго «каня» і праскакаць на ім. Пажадана коней не таптаць, не душыць, каб яны не спусцілі дух раней часу. Вядучы выводзіць «коней» (шарыкі).
Журы аб’яўляе вынікі трэцяга і чацвёртага тураў.

V тур. Знаўца дзявочых сэрцаў

Другі вядучы. А цяпер вам неабходна адказаць вось на якія пытанні:

1. Чым раней карысталася жанчына, калі ёй было душна? (Веерам.)
2. Колькі кветак павінна быць у букеце? (Няцотная колькасць ці адна.)
3. Ці можна дарыць дзяўчыне кветкі ў паперы, у цэлафане? (Паперу трэба зняць.)
4. Вы дорыце букет кветак. У якой руцэ вы яго трымаеце? Чаму? (У левай, каб ён не перашкаджаў павітацца.)
5. Як называюцца песні, якія спявалі закаханыя мужчыны пад вокнамі сваёй дамы? (Серэнады, рамансы.)
6. Чаму мужчына раней быў павінен ісці перад сваёй жанчынай па лесвіцы і спускацца перад ёю? (Правіла ісці перад сваёй дамай узнікла ў той час, калі не было электрычнасці, і мужчына нёс наперадзе свечку і асвятляў даме дарогу.)
7. Калі вы прасоўваеце нітку ў іголку, што павінна быць нерухомым: іголка ці нітка? (Іголка.)
8. Што такое меліраванне? (Афарбоўка асобных пасмаў валасоў.)
9. Як называецца невялікая сумачка, у якой дзяўчаты захоўваюць рэчы, што неабходны, каб зрабіць макіяж? (Касметычка.)
10. Ці трэба змываць фарбу з валасоў пасля фарбавання? (Так.)
Журы аб’яўляе вынікі пятага тура.

VI тур. Творчы

Першы вядучы. У часы Сярэднявечча асаблівая ўвага надавалася мастацтву служэння даме. Рыцары ўмелі складаць вершы ў гонар жанчын. Па Еўропе хадзілі паэты-спевакі. Іх гераічныя і лірычныя песні праслаўлялі рыцарскія доблесці: мужнасць, сілу, вернасць абавязку, адвагу, шчодрасць, велікадушнасць.
I вам сёння належыць паказаць нашым паненкам сваё ўменне вершавання, ці складання вершаў. Вам прапаноўваецца рыфма, і праз некаторы час мы будзем рады выслухаць вашы творы ў стылі Сярэднявечча.
Рыфмы: бой — герой; сіла — маліла.
Пакуль рыцары складаюць вершы, мы прапануем вам паслухаць выступленне нашых музыкаў.
Другі вядучы.А цяпер нашы рыцары прачытаюць свае творы, а журы ацэніць і падвядзе вынікі нашага турніру.

Узоры выканання
Іду на страшны бой,
У веры мая сіла.
У Бога ты маліла.
Каб жыў я, твой герой.
Ты ў Бога аддана маліла,
Каб даў Ён мне, рыцару, сілы
Ісці на смяротны свой бой.
Я твой, дама сэрца, герой.
У гэты час гучыць сярэднявечная музыка.

Першы вядучы. Вось і скончыўся рыцарскі турнір. Рада Рыцарскага Ордэна ўжо падвяла вынікі. Засталося толькі ўзнагародзіць нашых рыцараў.
Намінацыі:
1. Рыцар «Адважнае сэрца».
2. Рыцар «Інтэлектуал».
3. Рыцар «Майстар вершаванага радка».
4. Рыцар «Дамскі ўгоднік».
5. Галоўны Рыцар, які сумясціў у сабе і адвагу, і інтэлект, і сілу духу, і творчыя здольнасці, змог скарыць сэрцы дам ды паненак.
У гэты час гучыць сярэднявечная музыка.