сцэнарыі святаў на беларускай мове

Таццяна ХАДАРОНАК, кіраўнік фізічнага выхавання першай катэгорыі, яслі-сад № 15 «Рабінка» г.Жодзіна Мінскай вобласці. Пралеска 03/2016

Дзед талаш i яго суседзі

Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: удасканальваць навыкі бегу; развіваць хуткасць, спрытнасць, каардынацыю рухаў; замацоўваць правілы знаёмых беларускіх гульняў; практыкаваць дзяцей у выказваннях на роднай мове; праз народныя гульні прывіваць павагу да нацыянальнай культуры; выхоўваць добразычлівыя адносіны паміж выхаванцамі ў сумеснай гульнявой дзейнасці.
Матэрыял і абсталяванне: елка, эстафетная палачка, рознакаляровыя ленты — хвасты мышак, шапкі-маскі лісак, пачастункі ад вавёркі па колькасці дзяцей, касцюм дзеда Талаша, музычны цэнтр, аўдыязапісы марша, «Беларускай полькі» ў выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля «Сябры» і песні «Бульба» ў выкананні А. Жыгалковіча.
Папярэдняя работа: знаёмства выхаванцаў з беларускімі народнымі гульнямі.

Ход мерапрыемства

Пад гукі марша дзеці з выхавальнікам заходзяць у фізкультурную залу, дзе ўсталяваная елка, якая сімвалізуе казачны лес.
Выхавальнік (В.). Дзеці, сёння мы з вамі адправімся ў госці да дзеда Талаша. Жыве ён у чароўным казачным лесе і вельмі жадае з намі пазнаёміцца, а таксама расказаць пра сваіх суседзяў. Становімся ў адну калону і накіроўваемся ў падарожжа.
Пад аўдыязапіс «Беларускай полькі» ў выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля «Сябры» дзеці па крузе выконваюць розныя віды хадзьбы: на насках, на пятках, на знешнім баку ступні, з высокім падыманнем каленяў, прыстаўным крокам у бакі. Потым — бег: з захлёстам галёнкі, на насках, з падыманнем прамых ног наперад; на завяршэнне — звычайная хадзьба.
В. Бачыце, наколькі спрытна і хутка мы дабраліся да патрэбнага месца. Дзе ж дзед Талаш? Чаму не сустракае нас?
3-за елкі выходзіць кіраўнік фізічнага выхавання ў касцюме дзеда Талаша.
Дзед Талаш. Здзівіліся, чаму адразу вас не сустрэў? Прыбіраўся я і надта хваляваўся напярэдадні сустрэчы. Вельмі прыемна бачыць вас, дарагія дзеткі! Мяне завуць дзед Талаш. А як завуць кожнага з вас?

Гульня «Мяне завуць...»

Дзеці па крузе перадаюць адзін аднаму эстафетную палачку і кожны называе сваё імя.
Дзед Талаш. Вось і пазнаёміліся. Якія ў вас цудоўныя імёны. Надышоў час пачаставаць шаноўных гасцей. Але чым?
В. Дзеці, давайце дапаможам дзеду Талашу. 3 чаго галоўным чынам беларусы гатуюць нацыянальныя стравы?
Дзеці. 3 бульбы.
Дзед Талаш. I то праўда, бульба ў мяне заўсёды назапашана. Зараз буду частаваць.
Пад аўдыязапіс песні «Бульба» ў выкананні А. Жыгалковіча дзеці і дзед Талаш выконваюць комплекс агульнаразвіццёвых практыкаванняў.
В. Дзед Талаш, дзякуй за такі арыгінальны пачастунак. А яшчэ ты павінен пазнаёміць нас з жыхарамі свайго лесу, тваімі суседзямі.
Дзед Талаш.
Лес чароўны мой, вялікі.
Адным словам не сказаць.
Мы да ёлачкі падыдзем,
Каб загадкі адгадаць.
Хто загадку адгадае,
Той са мною пагуляе.

Дзед Талаш чытае загадкі. Пасля кожнай адгадкі ладзяцца гульні.
Дзед Талаш.
Пад хвоямі,
Пад смолкамі,
Па лясных дарожках
Бяжыць
Клубок з іголкамі
На кароткіх ножках. (Вожык.)
Т. Дзям’янава

Гульня «Вожык і мышы»

Дзеці становяцца ў круг (мышы), вожык — у яго сярэдзіну. Па камандзе мышы крочаць направа, а вожык — налева.
Мышы.
Бяжыць вожык — тупу-туп,
Увесь калючы, востры зуб!
Вожык-вожык, ты куды?
Ад якой бяжыш бяды?

Пасля гэтых слоў мышы спыняюцца.
Вожык.
Навакол пануе ціш.
Вожык чуе ў лісці мыш!

Мышы.
Бяжы-бяжы, вожык,
Не шкадуй ты ножак,
Раз, два, тры — хвасты лаві!

Мышы ўцякаюць, вожык даганяе і імкнецца злавіць іх за ленты-хвасты.
Дзед Талаш. Далей буду загадваць загадкі з беларускага фальклору, адгадайце чарговую.
Улетку — шэранькі,
Узімку — беленькі.
Доўгія вушкі мае,
Хуценька ў лес збягае. (Заяц.)

Гульня «Заінька бялюсенькі»

Дзеці становяцца ў круг і бяруцца за рукі, такім чынам ствараючы пастку. У сярэдзіну круга становіцца некалькі зайцоў. Пастка рухаецца па крузе, дзеці прагаворваюць радкі з беларускага фальклору, а зайцы скачуць.
Дзеці.
Заінька бялюсенькі,
Заінька шарусенькі,
Ты бяжы ў дзірачку
I нясі быліначку.
Раз, два, тры!

Пасля гэтых слоў дзеці прысядаюць і ўстаюць, падымаючы рукі, каб не выпусціць зайцоў з пасткі. А зайцы імкнуцца праскочыць праз дзірачкі пасткі. Той, у каго гэта атрымаецца, у пастку не вяртаецца.
Дзед Талаш.
Крадзе нясушак, яйкі
I гоніцца за зайкам.
Вось дык хітрая краса,
Быццам полымя... (ліса).

Гульня «Ліскі»

3 дапамогай лічылкі выбіраецца вядучы — ліс.
В.
Эны, бэны, фіны, лёк,
Сам Пятровіч бліны пёк.
Пёк, пёк, не дапёк,
Схапіў шапку ды ўцёк.
Я. Колас

Дзеці становяцца ў круг і кладуць каля сябе маскі лісак. Ліс па выбару падыходзіць да дзіцяці, паміж імі адбываецца дыялог.
Ліс. Дзе быў?
Дзіця. У лесе.
Ліс. Каго злавіў?
Дзіця. Ліску.
Ліс. Аддай ліску маю.
Дзіця. За так не аддаю.
Ліс. А за што — скажы сам.
Дзіця. Як абгоніш, дык аддам.
Ліс і дзіця бягуць да ёлкі і назад. Той, хто вернецца хутчэй, забірае маску ліскі. Затым зноў гучыць лічылка, каб вызначыць ліса. Спаборніцтва працягваецца.
Дзед Талаш.
Можа з’есці цэлы полк
Злы, галодны, шэры... (воўк).

Гульня «Воўк»

Выхавальнік чытае верш В. Віткі, пасля кожнага радка дзеці выконваюць пазначаныя дзеянні.
Раз, два, тры, чатыры,
(Пляскаюць у далоні.)
Зайчык вушкі натапырыў.
(Паказваюць на вушкі.)
Ідзе з лесу воўк, воўк,
(Адрываючы ногі ад падлогі, імітуюць хадзьбу воўка.)
Ён зубамі шчоўк, шчоўк.
(Склаўшы далоні. паказваюць клацанне воўчай пашчы.)
Ты ж, ваўчына, пачакай!
(Пагражаюць пальцам адной рукі.)
Як схаваемся, шукай!
(Прысядаюць, прыкрываюць далонямі твар і не варушацца.)

Воўк ходзіць і назірае. Тых, хто своечасова не закрые твар або заварушыцца, забірае да сябе.
Дзед Талаш. Паслухайце, дзеці, апошнюю загадку з беларускага фальклору.
Невялікая, рыжаватая,
3 доўгім хвастом калматым,
На дрэве скача і жыве,
Упарта шышачкі грызе.
(Вавёрка.)

Малайцы, цудоўна ўсё ведаеце. Спрытна гулялі вы разам са мной і маімі ляснымі суседзямі. За гэта вавёрка прыгатавала для вас пачастункі. Але я аддам іх тады, калі вы пералічыце ўсіх жывёл, якіх сёння сустрэлі ў лесе.
Выхавальнік з дзецьмі ладзяць пальчыкавую гульню: дакранаюцца па чарзе да кожнага свайго пальца, лічаць і прамаўляюць.
Раз — па лесе мы гулялі.
Два — там зайку сустракалі.
Тры — за ім ліса ганялася.
Чатыры — мыш хавалася.
Пяць — услед каціўся вожык.
Шэсць — у бярлозе мішка спаў.
Сем — воўк за зайцам паляваў.
Восем — на дрэве прыгала вавёрка,
Нездарма мы тут гулялі,
Дружна ўсіх жывёл назвалі.

Пасля завяршэння гульні размінаюць усе пальцы.
Дзед Талаш. I сапраўды цудоўныя дзеці! Вымушаны аддаць вам пачастункі ад вавёркі. Вельмі прыемна было з вамі гуляць. Да новых сустрэч у чароўным лесе!

ЛІТАРАТУРА:

1. Дубініна, Д.М. Родная прырода ў вуснай народнай творчасці: дапам. для педагогаў устаноў дашк. адукацыі / Д.М. Дубініна, А.А. Страха, Д.У. Дубінін. — Мазыр: Белы Вецер, 2014.
2. Клышка, А.К. Тысяча арэшкаў: загадкі для дзяцей і дарослых / А.К. Клышка. — Мінск: Нар. асвета, 2012.
3. Старжынская, Н.С. Заняткі па развіццю маўлення і маўленчых зносін у дзіцячым садзе: дапам. для педагогаў устаноў дашк. адукацыі з бел. мовай навучання / Н.С. Старжынская, Д.М. Дубініна. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2008.