сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. П. Кузьміч, Паланецкі ДС — СШ Баранавіцкага р-на. Пачатковая школа Красавік 2012 г.

Як Вясна-красна прыйшла!

Урок у I класе школ з беларускай мовай навучання

Мэта: знаёміць з жыватворнай сілай вясны, вучыць бачыць прыгажосць прыроды ў гэту пару года; пашыраць веды пра першых птушак і кветкі, прывіваць гуманныя адносіны да іх; фарміраваць навык павольнага чытання па складах і цэлымі словамі; садзейнічаць развіццю вуснага маўлення, узбагачаць слоўнікавы запас; выхоўваць любоў, павагу, беражлівыя адносіны да наваколля.
Абсталяванне: сшытак 3 для пазакласнага чытання ў I класе "Як вясна прыйшла" (Мінск : Пачатковая школа, 2010), аўдыёзапісы, лісткі самаацэнкі, малюнак сонейка, папяровыя кветкі з літарамі слоў "вясна" і "красна", крыжаванка, малюнкі вучняў на тэму вясны, каляровыя алоўкі.

Ход урока

1.  Арганізацыйны момант.
Настаўнік. Дзеці! Я гляджу на вас, і мне здаецца, што ў вас сёння цудоўны настрой. Вы ззяеце, як веснавое сонейка, а вашы ручкі нібы яго праменьчыкі. Працягніце іх адзін аднаму, падарыце сваім сябрам цеплыню, святло і радасць гэтага дня.

2.  Паведамленне тэмы ўрока.
Настаўнік.
Чараўніца да нас завітала —
Усё ажыло, заспявала (У. Карызна).
Хто ж да нас завітаў, дзеці?
На партах — папяровыя кветкі з літарамі ў сярэдзіне. Першая група школьнікаў выкладае слова "вясна", другая — "красна". Настаўнік замацоўвае кветкі на дошцы.
Вучні (разам).
Вясна-красна, залатая каса!
Прыходзь да нас з цяплом, зялёным лістком!
Заклічку дзеці паўтараюць некалькі разоў.

3.  Прагнастычная самаацэнка.
Настаўнік.
Перад вамі ляжаць лісткі самаацэнкі. У пачатку і канцы ўрока вы пастараецеся самі сябе ацаніць. Для гэтага запоўніце графы:
ЧЫТАЦЬ (ацаніце, як вы ўмееце чытаць);
ВЯСНА (што вы ведаеце пра вясну);
ЗАГАДКІ (як вы ўмееце адгадваць загадкі);
НАСТРОЙ (які ў вас настрой у гэты момант).
Вучні робяць паметкі.

4. Моўная размінка.
Клас паўтарае чыстагаворкі за настаўнікам.
Ну-ну-ну — вітаем вясну.
Со-со-со — сонейка ўзышло.
Ло-ло-ло — на вуліцы святло.
 Ім-ім-ім — цёпла стала ўсім.

5.  Работа над новым матэрыялам. Гучыць запіс спеваў птушак.
Настаўнік.  Якая ж вясна без птушак?
Пра вясну прыгожую,
Пра далёкія краіны,
Пра зялёныя расліны,
Пра высокія аблокі,
Пра нялёгкі шлях далёкі.
А яшчэ яны спявалі,
Як іх дзеці сустракалі
Новымі, шыкоўнымі,
Утульнымі шпакоўнямі.
Пяюць птушкі й дзеці з імі —
Усім добра на Радзімё.
Л. Ліпай.
Дзеці разгортваюць сшыткі для пазакласнага чытання на с. 6. Настаўнік чытае загадкі пад запісы спеваў адпаведных птушак. Затым педагог дае першакласнікам кароткія звесткі пра тую ці іншую птушку, а вучні чытаюць вершы на памяць.
Жаўрукі — найпершыя пасланцы вясны. На Беларусь яны вяртаюцца з выраю ў сярэдзіне сакавіка. Сонца яшчэ не паспела растапіць снег. Раніцою і ўвечары кусаецца мароз. А жаўрукі пяюць ужо, вітаюць прыход вясны (У. Ягоўдзік).

Жаваранак прыляцеў
Чуйце, чуйце, прыляцеў
Жаваранак, дзеці!
Чуйце — звоніць яго спеў.
А пра што на свеце?
Ён пра шчасце нам спявае —
Што вярнуўся ў родны край,
Дзе ўсё зноўку ажывае:
Поле, рэчка, луг і гай.
Ён пяе аб ясных далях,
Дзе зайграў вясны струмень.
Пра цяпло-святло праталін
Нам пяе ў вясновы дзень.
К. Кірэенка.
Вярнуліся з выраю шпакі. Пра шпакоў гавораць: "На крылах вясну прынеслі". Першымі прылятаюць самцы. Знойдуць сабе шпакоўню і пачынаюць пець. Песняй сваёй папярэджваюць, што тэрыторыя занята. Дарэчы, шпакі ў выбары месца для гнязда непераборлівыя. Яны выводзяць птушанят у дуплах дрэў, пад стрэхамі хат, у норах берагавых ластавак.

Шпак
3 выраю сягоння
Прыляцеў к нам шпак.
Сеў ён на шпакоўню
I спявае так:
"Выбягайце, дзеткі,
Сустракаць вясну!
Гляньце, як прырода
Ажыла ад сну.
Хутка ўжо на лузе
Кветкі расцвітуць,
А над імі пчолкі
Звонка загудуць.
Я сюды спяшаўся,
Хоць і сыпаў снег.
Дзякуй вам за домік,
Што зрабілі мне!"
Я. Хварастова.

Вяртаецца ў родныя мясціны белы бусел, для якога Беларусь — самы мілы і любы куточак на зямлі. Вучоныя сцвярджаюць, што беларуская групоўка буслоў — адна з буйнейшых у свеце. Сваё гняздо гэтая прыгожая птушка робіць часам на страсе хаты ці старым дрэве ў вясковым двары. Людзі вельмі даражаць сяброўствам з бусламі, чакаюць, калі гэтыя птушкі паселяцца на страсе іх хаты, берагуць іх спакой. Лічыцца, што буслы прыносяць шчасце.

Бусел
Ён вярнуўся здалёк,
Бусел белакрылы,
У свой родны куток,
У куточак мілы —
Да гнязда, дзе ён рос
На страсе хаціны.
Каля белых бяроз,
На зямлі белых рос
Буслава айчына.
А забыць айчыну
Проста немагчыма.
В. Жуковіч.

У самым канцы красавіка вяртаецца дамоў вандроўніца зязюля. Зязюля ніколі не выседжвае сваіх птушанят. Свае яйкі яна падкідвае ў гнёзды іншым птушкам, і тыя выседжваюць і гадуюць яе дзетак.
Пэўна, вы вясною чулі,
Як на дрэве, на суку
Кліча на ўвесь лес зязюля:
— Ку-ку! Ку-ку!
3 верша "Зязюля" В. Віткі.

6. Фізкультхвілінка.
Вясна па лесе хадзіла,
Раз, два, тры
(вучні ідуць на месцы)!
I мядзведзя разбудзіла,
Раз, два, тры (ідуць на месцы)!
Прачнуўся мядзведзь,
Пацягнуўся мядзведзь
(пацягваюцца ў адзін, другі бок),
Палез прэч з бярлогі,
Каб размяць свае ногі
(прысядаюць некалькі разоў, рукі наперад).
Сюды-туды пахадзіў,
Галавою пакруціў
(круцяць галавой управа-ўлева),
Пачаў лапамі махаць,
(разводзяць рукі, махаюць),
А затым пачаў скакаць
(скачуць, рукі на пояс).
Паскакаў, пахадзіў,
Галавою пакруціў.
Пачаў пляскаць у ладкі,
Раз, два, тры
(пляскаюць у ладкі)!
На тым скончыў зарадку,
Раз, два, тры
(садзяцца за парты)!

7. Гутарка пра вясновыя месяцы.
Настаўнік. Дзеці, якія прыкметы вясны вы заўважылі? Раскажыце пра свае назіранні. (Адказы вучняў.)
Ярчэй свеціць сонейка, даўжэй цягнецца дзень, гучней спяваюць птушкі, радасней звініць ручай... Прыйшла вясна! Хто скажа, які месяц яе пачынае?
Першаклдснікі ланцужком чытаюць верш В. Жуковіча "Сакавік" на с. 5 сшытка.
Настаўнік. Сакавік — месяц абуджэння зямлі ад зімовага сну. Называецца месяц так таму, што ў гэты час прачынаюцца дрэвы, іх ствалы наліваюцца сокам.
У сакавіку ноч і дзень зраўноўваюцца. Потым дні робяцца даўжэйшымі за ноч. У поўдзень добра прыгравае сонца і, падаючы з дахаў, звоняць вясёлыя капяжы. Чарнеюць раннія праталіны. На вярбе з’яўляюцца першыя "коцікі".
Пачынаюць ладзіць гнёзды гракі, на галінцы свішча шпак, над полем звініць жаўранак. Але ў сакавіку можа нечакана і зіма вярнуцца, і маразы ціскануць.
"Сакавік цяплом усіх прывячае" — паведамляе адно народнае мудраслоўе, а другое нібы знарок яму пярэчыць: "У сакавіку ззаду зіма і спераду яшчэ не лета". І хаця са стрэх у сакавіку капае, але "за нос мароз яшчэ моцна цапае". Ды гэта нядоўга, бо на змену сакавіку ідзе другі месяц.

На зыходзе сакавік.
Снег з зямлі апошні знік,
Ручаі імкнуцца да ракі.
Прыляцелі к нам шпакі,
Прыляцелі жаўрукі.
Ажылі вакол палі.
У якім месяцы гэта бывае?
Вучні ланцужком чытаюць верш А. Мінкіна "Красавік" на с. 5 сшытка.
Настаўнік. Красавік — месяц абуджэння зялёнай травы, першых кветак.
Бярозы і клёны шчодра пояць нас сокам. Абуджаюцца расліны, на дрэвах і кустах пачынаюць набрыняць пупышкі.
Для сялян вясна — пара, поўная клопатаў: аруць, сеюць і садзяць на калгасных палетках і дома, на сваіх сотках. Вяскоўцы памятаюць запавет дзядоў-прадзедаў: "Хто вясной ножкай коп, той зімой лыжкай хоп".
У праталінах з’яўляецца першая траўка. Прарастае насенне аднагадовых раслін і зацвітаюць ранаквітнеючыя: падбел, блакітныя пралескі, медуніца — і становіцца красавік рознакаляровым! Менавіта з-за багацця кветак і красак атрымаў ён такое прыгожае імя.
За красавіком ідзе апошні месяц вясны. Якую назву ён мае?
Дзеці ланцужком чытаюць верш А. Дзеружынскага "Май" на с. 5 сшытка.
Настаўнік. Май — месяц непаўторнага водару вясны, радасці і пяшчоты, лясных казак і зялёнага гоману. Май — само замілаванне. Цвіце, квітнее, спявае ўсё навокал, радуе людзей, звяроў і птушак.

Май урачысты, май пераможны —
Самы квяцісты, самы прыгожы.
Жыта кусціцца, промні іскрацца,
Рэчка бруіцца, птушкі гняздзяцца.
На ліпах шпакоўні радуюць вока.
Зямля перапоўнена сонцам і сокам.
3 верша Ю. Свіркі "Май".

8. Інсцэніроўка п’есы-казкі Г. Аўласенкі "Павук і мухі".
Настаўнік. Заварушыліся, ажылі насякомыя і павукі. На лясной палянцы з’яўляецца Павук.
Павук (незадаволена).
Я спляту свае карункі,
Быццам мухам падарункі.
(Пляце павуціну, аглядае яе.)
Ай ды я! Ай ды зух!
Налаўлю я хутка мух
Для сябе і для гасцей,
Каб заходзілі часцей.
(Крычыць.)
Гэй вы, мухі, ягамосці,
Да мяне ляціце ў госці
Па карункі-падарункі!
З’яўляюцца мухі. Яны не набліжаюцца да павуціны, а лятаюць здалёк.
Мухі (разам).
Вось табе наш адказ,
Жу-жу-жу!
Не падманеш ты нас,
Жу-жу-жу!
Ботвае, Павук, карункі,
Жу-жу-жу!
Пасткі, а не падарункі,
Жу-жу-жу!
Павук (незадаволена).
Я вам справу кажу,
А вы мне: жу-жу-жу!
Хопіць, мухі, жартаваць —
Лепей будзем сябраваць!
Не жадаеце карункаў,
Дык заместа подарункаў
Запрашаю на абед!
Пачастую вас як след
Мёдам з сушкамі
Ды з ватрушкамі!
Мухі (разам).
Вось табе наш адказ,
Жу-жу-жу!
Не падманеш ты нас,
Жу-жу-жу!
Тыабеднам недасі,
Жу-жу-жу!
Ты нас сам, Павук, з’ясі,
Жу-жу-жу!
Павук (злосна).
Я вас, мухі, так люблю!
Я вас, мухі, так лаўлю!
I чым больш я вас лаўлю,
Тым мацней я вас люблю.
Не магу я жыць без вас:
Мне вячэраць хутка час,
Я ж яшчэ і не абедаў,
Толькі раніцай паснедаў
Спадарыкам Камарыкам.
Павук кідаецца да мух, але тыя спрытна ўхіляюцца, лятаюць вакол Павука, дражняць яго.
Мухі (разам).
Вось табе наш адказ,
Жу-жу-жу!
Не злавіць табе нас,
Жу-жу-жу!
Не старайся дарма,
Жу-жу-жу!
Крыльцаў у цябе няма,
Жу-жу-жу!
Мухі разлятаюцца ва ўсе бакі.

9. Аналіз верша.
Настаўнік звяртае ўвагу вучняў на выстаўку іх малюнкаў, ухваляе іх работы, адзначае разнастайнасць адлюстравання вясны.
Настаўнік. А вось як паспрабаваў намаляваць вясну паэт Паўлюк Прануза.
Вучань.
Я вясну малюю,
Фарбаў не шкадую.
Колерам зялёным —
Дрэвы і палеткі,
Колерам чырвоным —
Сонейка і кветкі.
Колерам блакітным —
Неба, ручаіну.
А якую фарбу
Воблачку пакіну?
Я вясну малюю,
Але сам бядую.
Як падаць мне песні
Жаўранкаў у высі?
Як падаць мне пахі
Траў, што разрасліся?
Як намаляваць мне,
Што спявае вецер?
Можа, у вас ёсць фарбы?
Дайце мне іх, дзеці!

Гутарка па пытаннях: якімі колерамі малюецца ў вершы вясна? Як вы лічыце, ці могуць песні і пахі вясны мець колер? Аб чым можа спяваць вясновы вецер? Якія гісторыі ён можа нам расказаць?

10. Знаёмства з першай веснавой кветкай.
Настаўнік. Птушкі прыляцелі, мурашкі павылазілі са шчылін, з’явіліся першыя кветкі. Пра якую кветку ідзе размова?
3-пад снегу выйшла, расцвіла,
I так, што аж зіма ўцякла (М. Пазнякоў).

Інсцэніроўкаказкі В. Лукшы "Пралеска"
Настаўнік.
Сівая Зіма разам з Ветрам і Сцюжай
Над краем снягамі халоднымі кружыць.
Зіма. Уладу сваю хоць на дзень працягну,
Яшчэ хоць на дзень затрымаю Вясну!
Усіх памарожу, хай ведаюць гэта
Гарэзныя, ветлыя веснія кветкі!
Настаўнік.
Стаіліся кветкі ў стылай зямлі —
У спрэчку з Зімой уступіць не маглі,
Бо помнілі лютай зладзейкі пагрозы,
Што кветкі ўсе як адну памарозіць.
Ды толькі адна не здалася...
Дзеці (разам). Пралеска...
Настаўнік.
I снег прадзяўбла
на азяблым узлеску.
I хоць лютавала віхура над ёй,
Яна не скарылася сцюжы ліхой.
Спявала пралеска...
Пралеска.  
Хай згінуць марозы!
Зімы не палохаюць болей
пагрозы!
Настаўнік.
Убачыла Сонейка смелую
краску...
Сонейка.
Прымі мае промні з надзеяй і ласкай!
Настаўнік.
Цяпер кожны год на азяблым узлеску
Вясной распускаецца першай...
Дзеці (разам).
Пралеска.

Вучні чытаюць верш М. Хведаровіча "Пралеска" на с.12 сшытка.

Гутарка па пытаннях: з чым параўноўваецца ў вершы пралеска? Як вы разумееце выраз "зіхочуць, быццам зоркі, агністай сінявой"? Апішыце словамі гэтую вясновую кветку.

Інсцэніроўка "Чароўная кветка Пралеска"
На лясной палянцы — Пралеска. З’яўляецца Сонейка, глядзіць на кветачку то з аднаго боку, то з другога. Пралеска прачынаецца, пацягваецца.
Сонейка. Прачынайся, вясна наступіла!
Пралеска. Хто я?
Сонейка. Ты Пралесачка!
Пралеска. А ты хто?
Сонейка. Я Сонейка. Я дару ўсім свет, цяпло і радасць.
Пралеска. А я не ўмею свяціць і дарыць цяпло і святло. Значыць, я нікому не патрэбна?
З’яўляюцца хмаркі, засланяюць сабой Сонейка.
Хмаркі. Мы яго засланілі.
Пралеска. А хто вы?
Хмаркі. Мы хмаркі.
Пралеска. А для чаго вы патрэбны?
Хмарка, хмарка,
ты куды плывеш?
Што з сабою ты нясеш?
Мо маланкі, гром і град?..
Хмаркі.
Хто ж тады нам будзе рад?!
Мы нясём ваду жывую,
і нясём яе туды,
Дзе па ёй даўно сумуюць
Лес, і нівы, і сады!
Мы ўсіх поім дажджавой вадою, дапамагаем усім расці, цвісці. Хочаш з намі?
Пралеска. Я нічога гэтага не ўмею рабіць.
З’яўляецца Вецер. Ён моцна дзьме, і хмаркі адплываюць з Сонейкам. Пралеска гойдаецца, закрываецца ад Ветру.
Пралеска. Чаго ты так моцна дзьмеш?
Вецер. Я Вецер! Я ганяю хмары, каб яны паілі вадою ўсю зямлю. Я вельмі патрэбны. Хочаш мне дапамагчы?
Пралеска спрабуе дзьмуць, як Вецер.
Пралеска. У мяне нічога не атрымліваецца...
Вецер. Ну, тады бывай, у мяне няма вольнага часу!
На лясной палянцы з’яўляецца Пчолка і пачынае збіраць мёд.
Пралеска. Што ты робіш?
Пчолка. Бз-з-з... Збіраю мёд.
Пралеска. А хто ты?
Пчолка. Я Пчолка. Мёд вельмі смачны і карысны. Яго ўсе любяць. Ён ад усіх хвароб. Хочаш, будзем збіраць разам?
Пралеска. Я не ўмею збіраць мёд.
Пчолка. Шкада. Ну, бывай! Бз-з-з...
Пчолка адлятае. Чуецца вясёлае цвырканне Верабейчыка.
Верабейчык. Чык-чырык! Чык-чырык! Добры дзень, Пралесачка! Чаго ты сумуеш?
Пралесачка. Я не ведаю, для чаго я патрэбна. Я нічога не ўмею рабіць.
Верабейчык. Можа, ты ўмееш лятаць і цвыркаць? Чык-чырык! Чык-чырык! Ад гэтага ўсім становіцца весела! Чык-чырык! Чык-чырык!
Пралеска. Не, я не ўмею.
Верабейчык. Ну, тады бывай! Я палячу далей. Чык-чырык!
Пралеска. Нічога я не ўмею! Ні свяціць, ні паліваць, ні мёд збіраць, нават цвыркаць не ўмею. Нікому я не патрэбна. (Апускае галоўку.)
На палянцы з’яўляецца Хлопчык.
Хлопчык. Якая прыгожая, чароўная кветачка! Нібы зорачка, ззяе на лясной палянцы.
Настаўнік. Пачула Пралесачка, што яе хваляць. Узрадавалася, што і яна можа быць карыснай і радаваць сваёй прыгажосцю ўсіх навокал. Ды раптам на яе пялёсткі ўпаў цень ад хлопчыкавай рукі. Захвалявалася кветачка.
Пралеска. Хто засланіў мяне ад Сонейка?
Хлопчык. Я, хлопчык! Хачу сарваць цябе.
Пралеска. Сарваць? Ты загубіць мяне хочаш? Адарвеш мяне ад карэньчыкаў, і я памру, пялёсткі мае завянуць і асыплюцца.
Хлопчык. Я цябе лашчыць буду, берагчы.
Пралеска. Нацешышся і кінеш па дарозе.
Хлопчык. Не, я цябе ў слоік з вадой пастаўлю.
Пралеска. Лепш не чапай мяне. Прыходзь сюды кожны дзень, прыводзь сяброў і любуйся маёй прыгажосцю. Я буду вельмі рада, што і я карысна, што буду прыносіць радасць.
Настаўнік. I Пралесачка яшчэ ярчэй заззяла на сонцы.
Хлопчык. Кожны робіць тое, што ўмее. Хто поіць зямлю, хто грэе, хто збірае мёд, а хто прыносіць радасць сваёй прыгажосцю, як ты, мілая Пралесачка!
Усе ўдзельнікі (разам, узяўшыся за рукі).
Цягнуцца да сонейка кветачкі малыя —
Сінія пялёстачкі, вочкі залатыя.
Тонкія сцяблінкі ветрык абдымае.
Мы не рвём пралесачак —
Хай на сонцы ззяюць!

11. Крыжаванка.
На дошцы — крыжаванка. Адказы закрыты палоскамі паперы, якія трымаюцца з дапамогай магнітаў. Настаўнік чытае загадкі, пасля правільнага адказу вучняў здымае палоскі.

Крыжаванка

1.
Першая вясну нясе,
Сядзе — хвосцікам трасе.
Вунь сядзіць —
вясна ўжо блізка:
Прыляцела, значыць...
2.
Па лясах ляціць, стракоча,
Ведаць усё на свеце хоча.
Тварам чорна, белабока.
Як завуць яе?..
3.
Не на дрэве, не ў кустах
Пасяліўся шэры птах —
Ён жыве ў полі,
Дзе прастору болей.
К сонцу падымаецца —
Песняй заліваецца.
4.
Праз горы, даліны,   
Праз тысячы сёл  
3 далёкай краіны
Вярнуўся пасол.
Спаважны, чыноўны,
Ён стаў на страсе ;   
У ботах чырвоных,
Каб бачылі ўсе.
5.
Я з пярынак ды саломін
Будаваць умею домік.
— Чык-чырык, чык-чырык —
Пад акном чуваць мой крык.
А марознаю зімой
Я тулюся пад страхой.
На каноплі вельмі ласы,
Нат клюю сланечнік часам.
Пудзіла баюся.
Як жа я завуся?
6.
Рана з поўдня прылятае,
Першы ён вясну вітае.
I штодзень, нібы дзівак,
Носіць толькі чорны фрак.
7.
Ледзь вясна шчэ наступае,
Ён канцэрты пачынае.
Гучна льецца песня-свіст.
Як завецца той артыст?

Настаўнік. Прачытайце слова, якое атрымалася ў выдзеленым радку. За што любяць сонейка людзі, расліны, жывёлы?
Хай сонейка з кожным днём свеціць ярчэй і ярчэй. Хай сваімі промнямі сагравае нас, дорыць цудоўны настрой. А калі настрой цудоўны, тады і работа ладзіцца.

Сонейка свеціць ад ранку да вечара,
Сонейка грэе ад ранку да вечара,
I не таму, што рабіць яму нечага.
Хоча яно, каб шумелі сады,
Каб у садах спелі дзецям плады,
Каб колас у полі хіліўся к раллі,
Каб травы раслі і каб кветкі цвілі,
Каб людзі шчасліва жылі на Зямлі.
І. Муравейка. "Сонца".

Вучні дамалёўваюць карціну на с. 15 сшытка.

12. Падвядзенне вынікаў. Запаўненне лістка самаацэнкі.