сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. У. МІХЕЙЧЫК, настаўніца музыкі, кіраўнік фальклорнага ансамбля «Крынічка» гімназіі № 1 г. Жодзіна. Пачатковае навучанне 2010/10

Багач

Фальклорнае свята у школе

Мэты: садзейнічаць узбагачэнню ведаў вучняў па культуры і традыцыях беларускага народа; пазнаёміць вучняў са святам «Багач»; паглыбіць веды пра беларускія народныя песні, прымаўкі і прыказкі, загадкі; выхоўваць любоў да зямлі продкаў, пачуццё нацыянальнай годнасці.

Зала ўпрыгожана беларускімі ручнікамі, вянкамі з каласоў і кветак. Пасярод залы стаіць сноп жыта, упрыгожаны рознакаляровымі стужкамі і кветкамі.

У залу ўваходзіць вядучы з багачом у руках.
Вядучы. Багач — старажытнае свята заканчэння ўборкі зерневых і азімай сяўбы, водгук язычніцкага свята земляробчага культу «бога сонца, бога дастатку і багацця».
Багачом называлі кошык з жытам і свечкаю. Зерне ў кошык збіралі з першага зажыначнага снапа, свечку рыхтавалі пад спеў дажынкавых песень. Багач на свята насілі ў кожную хату. Згодна з павер’ем, ён забяспечваў сям’і дабрабыт і шчасце. Багач ставілі на працягу года ў доме гаспадара ў ганаровым куце пад абразамі.
Багач сімвалізуе дастатак, багацце, якое прыйшло да земляроба. На свята ладзілі ўрачыстаю вячэру: рабілі каўбасы, смажанае мяса, абавязкова бліны з маслам. Пачастунак ставілі і каля багача.
(Вядучы звяртае ўвагу на багач.)
А вы будзеце рады багачу?
Што ён вам прынясе?
Як жа вырасціць такое прыгожае збожжа?

Гульня «Маленькія зярняткі»

Пад музыку дзеці імітуюць, як спее жыта. У гэты час у залу ўваходзіць гаспадар.
Гаспадар. Якая прыгожая ніўка! Пайду паклічу жней. Гэй, жнейкі, ходзь сюды!
Уваходзяць жнейкі з песняй «Па нашай ніўцы».
Жнейкі. Які прыгожы ўраджай! Ваша ніўка залатая, нашы сярпы вострыя.
Жыва, жыва — жаць!
Жыва, жыва —жыта!
Жыва, жыва — жніво!

Гульня «Першы сноп»

Жнеі падзяляюцца на дзве групы. Кожная з іх павінна хутчэй «нажаць жыта»: налавіць як мага больш дзяцей, якія не выбягаюць за межы «поля», і паставіць іх у адно месца, абвязаць ручніком, быццам бы зрабіць «снапы. Тая група жней, якая хутчэй зробіць «вялікі сноп», будзе пераможцам.
Пасля гульні жнейкі бяруць у рукі багач і, перадаючы яго адна адной, па чарзе гавораць народныя прыказкі і прымаўкі, прысвечаныя святу.

✓ Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку ды сей памаленьку.
✓ Багач з агарода прагнаў ды ў гумно загнаў.
✓ На Багача ёсць хлеб і ў стагнача.
✓ Закончыш жніво ў пару — будзе што насіць у камору.
✓ Без працы пірагоў не есці.
✓ Без хлеба няма абеда.
✓ Праца чорная, а хлеб белы.
✓ Як будзе жыта, дык будзе й жытка!

Вядучы. А хто з вас ведае прымаўкі ці прыказкі пра свята «Багач» ці звязаныя са зборам ураджаю? Бярыце багач і хуценька называйце іх.
Выходзяць дзеці, бяруць у рукі багач і, перадаючы яго адзін аднаму, па чарзе называюць прыказкі і прымаўкі. Потым разам са жнейкамі водзяць карагод вакол снапа жыта.

Вядучы.
Гаварыла нам поле шырокае,
Жыта ядронае:
— Жнейкі, жнейкі мае маладыя,
Сярпы залатыя.
Прыходзьце да мяне заўтра рана,
Каб я недажатым не стаяла.
Гаварыла нам поле шырокае,
Жыта ядронае:
— Не хачу я ў полі стаяць,
Апошнімі каласамі махаць.
А хачу ў полі стагамі,
А гумне капнамі.

Жнейкі па чарзе падыходзяць да снапа, папраўляюць кветкі і абвязваюць яго прыгожымі стужкамі.
Жнейка.
Радзі, божа, жыта.
Радзі і пшаніцу
На другое лета,
Лепшае за гэта.
Жнейка.
За гарою вецер вее.
Там наш татка жыта сее.
Ён жа сее і гаворыць,
Шаг уступіць, Бога моліць.
Жнейка.
Зарадзі, Божа, гэтае жыта,
Мне і маім дзеткам на новае лета
Дай каласочкі, як і ражочкі,
А зярняткі, як жалудочкі.
Жнейка.
Дзе шчырая праца — там густа,
А дзе лянота — там пуста.
Жнейка. Вядома ж, зямля, як талерка, — што пакладзеш, тое і возьмеш.
Вядучы. А якія прылады працы вы ведаеце?
(Каля сцяны стаяць прылады працы: вілы, серп, граблі.)
Я буду вам загадваць загадкі, а вы павінны адказаць, аб якой прыладзе ідзе гутарка.
✓ Стаіць паніч дагары нагамі. (Вілы.)
✓ Маленькі, гарбаценькі, а ўсё поле абскача. (Серп.)
✓ Адна матка 12 сыноў мае, на ўсе націскае. (Граблі.)
Вядучы. Што дапамагае ўраджаю хуценька расці? Адгадайце загадкі.
✓ Што нас корміць, а есці не просіць? (Зямля.)
✓ Вісіць сіта круглавіта, залатое, навітое. (Сонца.)
Вядучы. А што робіць гаспадар пасля таго, як сабраў жыта?
✓ Тысячы брацікаў звязаны,
Адным паяском падвязаны. (Сноп.)
✓ Б’юць яго цапамі,
Рэжуць нажамі,
За тое яго і лупяць,
Што ўсе вельмі любяць. (Хлеб.)

Вядучы. Вось як здабываецца хлеб! Колькі патрэбна сіл, каб яго вырасціць, потым сабраць, абмалоць, завезці на млын, прасеяць муку, замясіць цеста — і толькі потым атрымаецца смачны бохан хлеба.
Скажыце, у якую пару збіраюць гародніну?
Так, дзеці, канец лета і восень — самая напружаная пара ў селяніна: трэба ўраджай сабраць, скласці ў сховішча. А што збірае гаспадар і ў якую пару года, паспрабуйце адгадаць.
Жнейкі па чарзе загадваюць загадкі.

✓ Царэўна ў няволі
У цёмнай каморы,
А косы на сонцы,
На вольным прасторы. (Морква.)
✓ Завітала ў хату пані
У чырвоным сарафане,
Як пачалі распранаць,
Сталі плакаць, праклінаць. (Цыбуля.)
✓ На дварэ — зялёны,
А ў хаце — салёны. (Агурок.)
✓ Чырвоненькі пеўнічак
У зямельцы спявае. (Бурак.)
Вядучы (да жней). А зараз, госцейкі, маю загадку адгадайце.
Выспеў на градзе
Белы чарадзей:
Галава на славу,
Да зубка зубок,
Добрая прыправа,
А завуць... (часнок).

Танец-гульня

Полька з галоўкай часнаку на галаве. Той, хто лепш станцуе, атрымлівае прыз.

Вядучы. А зараз самі паспрабуем сабраць ураджай.

Гульня «Збіраем рэдзькі»

Выбіраюцца Ясь і гаспадар. Усе астатнія ўдзельнікі гульні — «рэдзькі». Ясь выходзіць за дзверы.
Гаспадар. Сядайце, «рэдзькі», на зямлю, адна да адной. Кожны няхай абхопіць абедзвюма рукамі таго, хто сядзіць спераду.
Паўтарайце за мной:
Мы на градцы сядзім,
Ды на сонейка глядзім!
Свяці, свяці, сонейка,
Каб нам было цёпленька!
Паклічу Яся, няхай збірае ўраджай. Ясь, вырві сабе рэдзьку, толькі не рві карэньчык.
Ясь падыходзіць да «градкі» — да канца чаргі дзяцей — і рве «рэдзьку», якая сядзіць апошняй. Выцягнуўшы адну «рэдзьку», ідзе за другой і выцягвае яе з дапамогай выцягнутай «рэдзькі». Так працягваецца да таго часу, пакуль на градцы нічога не застанецца.
Жнейкі па радку чытаюць верш:

✓ Якая ж багатая восень,
✓ Усё ў яе ўдалося.
✓ Жыта ў трубу павялося.
✓ А авёс, як тын, парос.
✓ Ячмень палёг на пляцень.
✓ А пшаніца, як брусніца.
✓ А грэчка, як кветачка.

Чуецца стук у дзверы.
Вядучы. Ой, нехта яшчэ ідзе! Адчынім дзверы. Хто гэта? Восень! Праходзьце, калі ласка, будзьце як дома. Давайце прывітаем Восень. (Усе разам.)
Восень, восень, у госці просім.
Восень.
Добры вечар у хату.
Хай вам жывецца
Заўсёды багата!
(Абсыпае ўсіх лісцем.)
Прыскакала восень
На залатым канечку,
Ураджай багаты
Прывезла гаспадарочкам.
Дастаткам і радасцю
Людзей адарыла,
Ярка-жоўтым золатам
Усё наўкол пакрыла.
А ці ведаеце вы, дзеткі,
Якія-небудзь восеньскія прыкметы?
Калі ведаеце, то хуценька называйце
I добры прыз ад мяне атрымайце..
Дзеці называюць прыкметы.

Восень. А яшчэ былі такія прыкметы:
✓ калі каток памыецца і сцены шкрабае — на непагадзь, а на спіне качаецца — на добрае надвор’е;
✓ вераснёўскія перуны абяцаюць цёплую восень;
✓ воблакі нізка сцелюцца — чакай халадоў;
✓ туманы на зямлю прылягаюць — пацяплее хутка;
✓ калі лісты на дрэвах моцна трымаюцца — абавязкова чакай позняй зімы.
Восень.
А цяпер каб вы не сумавалі,
Трэба, каб у конкурсе сябе паказалі.
Сёння мы будзем з вамі варыць восеньскі суп. Што трэба туды пакласці?

Гульня «Восеньскі суп»

Выходзяць удзельнікі. Восень завязвае ім вочы, кожнаму дае торбачку. Высыпае бульбу, цыбулю, моркву, капусту і г.д. Дзеці павінны з закрытымі вачыма назбіраць як мага болей гародніны.

Восень.
А цяпер ні на што не зважайце
I мой конкурс пачынайце!
Гульню можна паўтарыць некалькі разоў, каб змаглі пагуляць як мага больш дзяцей.

Восень. Вось і сабралі мы сёння багаты ўраджай, зусім нічога не засталося на агародзе. Голадна птушкам і звярам. Давайце пакормім крыху зайчыка морквай!
Двое дзяцей з завязанымі вачыма ідуць да малюнкаў з зайчаняткамі, падрыхтаваных напярэдадні, і спрабуюць намаляваць у іх лапках моркву.

Вядучы.
Вось і працы канец,
Спляцём гаспадару вянец,
Самі карагодам станем,
Песню добру заспяваем.
Жнейка.
Дай жа, Божа, гэтай хаце,
Ніколі дрэннага не знаці.
Жнейка.
Ды яшчэ болей жаць і нажынаці!
Жнейка.
Каб было чым насяваці, абсяваці!
Усе жнейкі (разам).
А праз год новага Багача дачакаці.
Вядучы.
А ці можна ў вас
Дазволу папытаць,
Каб у гэтай хаце
Цудоўную польку паскакаць?

Дзеці, канешне, згаджаюцца і танцуюць разам са жнейкамі.
Пасля гэтага жнейкі адорваюць удзельнікаў свята смачнымі пачастункамі.


Яшчэ на гэту тэму:

Багач     Багач