сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. С. ФІЛАНЮК, настаўніца Ахоўскай сярэдняй школы Пінскага раёна. Беларуская мова і літаратура 11/2017

«I сёння з намі Колас і Купала»

гульня-конкурс да 135-годдзя з дня нараджэння класікаў (VIII — XI класы)

Мэты: падагульненне і замацаванне ведаў па творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, пашырэнне літаратурнага кругагляду навучэнцаў, развіццё іх лагічнага мыслення, умення працаваць у групе; выхоўваць пачуццё павагі да класікаў беларускай літаратуры, любоў да роднага слова.
Эпіграф:
I кожны, прамовіўшы — Колас Якуб,
Адразу ж прыпомніць: Янка Купала.
Тэрэнь Масэнка, украінскі паэт.

Ход гульні

Першы чытальнік.
Пад ліпамі, здаецца, бачу я,
Як абняліся Колас і Купала.
Упершыню іх разам хвалявала
Краса і сіла думак, пачуцця,
Прайшла ў размове шчырай ноч уся.
А раніца над Смольняй уставала
I сонцам ясным іх каранавала, —
Святла хапіла да канца жыцця.
Другі чытальнік.
Як быццам розныя, зямля і неба,
Ды іх, паэтаў, адчужаць не трэба.
3 вытокаў самабытных галасы
Зліваюцца ў адзін — народны голас:
Без Коласа ў Купалы менш красы,
А без Купалы пабяднее Колас.
Мікола Маляўка.

Настаўнік. Імёны Янкі Купалы і Якуба Коласа вядомы кожнаму беларусу. Без іх нельга ўявіць нашу літаратуру і культуру. Гэтыя пісьменнікі пранеслі праз усё жыццё высокія ідэалы гуманізму, дабра і справядлівасці, аддалі народу свой талент, душу і сэрца. «Іх імёны вымаўляюцца заўсёды разам. Іх псеўданімы з народнага жыцця і фальклору. Калі Колас — зямля, дык Купала — неба над роднаю зямлёю, калі Колас — хлеб, дык Купала — песня. Колас — цяпло роднага дому, трываласць і спакой, Купала — лірычны неспакой, трывога за родны край і за яго людзей. Купала і Колас — блізкія, але і розныя. Яны ў літаратуры застаюцца разам — удвух, дапаўняючы адзін аднаго. Купала — паэт-рамантык, Колас — рэаліст. Купала ірвецца ў свет ад зямлі, ад забітасці і цемры людской, Колас — вяртаецца на зямлю, у свой родны, мілы кут». Янка Купала і Якуб Колас уславілі сваю Бацькаўшчыну, сталі народнымі прарокамі, сцвердзілі сілу і моц беларускага слова. За ўсё гэта нашым слаўным песнярам самая глыбокая ўдзячнасць і пашана.

Сёння мы праводзім гульню-конкурс «Рызыка- версія», прысвечаную жыццю і творчасці народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Удзельнічае чатыры каманды. Пераможцы першага і другога тураў прымаюць удзел у трэцяй гульні. Адначасова ў гульні ўдзельнічаюць дзве каманды. Кожная каманда адказвае на блок з чатырох пытанняў. Каманда мае права «рызыкаваць» — адказваць без падрыхтоўкі, тады яна атрымае два балы за правільны адказ. Калі каманда не жадае рызыкаваць, яна «гуляе» — мае 25 секунд на абмеркаванне адказу, у гэтым выпадку яна атрымае адзін бал за правільны адказ. Калі каманда дае няправільны адказ, на яе пытанне могуць адказаць супернікі і атрымаць адзін бал за правільны адказ. Апрача таго, кожнай камандзе задаецца пытанне «з капелюша». Прадмет, які знаходзіцца ў капелюшы, з’яўляецца адказам на пытанне. Правілы адказу на пытанне «з капелюша» такія ж, як і на іншыя пытанні гульні. У так званых «тайм-аўтах» вучні паказваюць урыўкі з твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. У гульні-конкурсе ўдзельнічаюць вучні VIII—XI класаў. Адказы ацэньвае група экспертаў (журы).

Першы блок пытанняў
  1. На якіх музычных інструментах умеў іграць Янка Купала? (Скрыпка і дудка.)
  2. Любімым заняткам Якуба Коласа ў дзяцінстве было чытанне. Асабліва яму падабаліся байкі Крылова. Хто падарыў Кастусю поўны зборнік баек Крылова? (Дзядзька Антось.)
  3. У паэме «Новая зямля» Якуб Колас піша, што гарадскія дзяўчаты ходзяць лёгка, плытка, далікатна. Што значыць плытка хадзіць? (Плытка: агульнае значэнне — неглыбока; у тэксце — мякка ступаючы.)
  4. Хто сказаў: «Цяжка, ды і немагчыма ўявіць нас, беларусаў, без Янкі Купалы. Ён наш буквар і энцыклапедыя, песня і сумленне»?
  5. а) Міхась Лынькоў;
    б) Аляксей Пысін;
    в) Васіль Зуёнак.
Другі блок пытанняў
  1. Каму прысвяціў свой першы верш Янка Купала? (Першы верш паэт напісаў у дзень імянін сястры Леакадзіі. Верш быў жартоўны. Сястра пакрыўдзілася і паперку, на якой быў напісаны верш, спаліла ў печы.)
  2. Колькі гадоў было Якубу Коласу, калі ён пачаў пісаць вершы? Як называўся першы твор? (12 гадоў. Першым творам была байка «Лісіца і варона».)
  3. У паэме «Курган» Янкі Купалы чытаем:
    Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён
    Па струнах з неадступнаю песняй, —
    Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн,
    Не шумяць ясакары, чарэсні...
    Растлумачце значэнне слова «ясакар». (Ясакар — таполя.)
  4. Хто з беларускіх пісьменнікаў сказаў пра Якуба Коласа: «Праз усе пяцьдзясят гадоў, аддадзеных літаратурнай працы, пісаў ён адну кнігу. Вялікую, праўдзівую, цэльную, імя якой — жыццё народа»?
    а) Кузьма Чорны;
    б) Алесь Адамовіч;
    в) Максім Лужанін.
Пытанні «з капелюша»
  1. Неяк у часопісе «Родина» Ясь (Янка Купала) вычытаў, што за два рублі можна выпісаць музычны інструмент. Яму вельмі хацелася мець гэты інструмент. Доўга прасіў у бацькоў грошы. Праз некалькі дзён маці дала Ясю два рублі на дудачку. У капелюшы ляжыць матэрыял, з якога была зроблена дудка. (Аркуш паперы.)
  2. Сям’я Міхала з «Новай зямлі» прытрымлівалася тых традыцый, якія пакінулі ў спадчыну сваім дзецям бацькі, дзяды і прадзеды. У Міхалавай хаце звычаі продкаў шанавалі. Калі настаў час перабірацца ў Парэчча і на вазы было сабрана і складзена нажытае, Ганна апошняй пакідае хату. Што яна паклала пад чырвоным кутом у завуголлі? (Кавалак хлеба з соллю.)
Тайм-аўт. Інсцэніроўка ўрыўка «Дзядзька-кухар» з паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа.
Трэці блок пытанняў
  1. Высока цанілі творчасць беларускіх песняроў нашы знакамітыя касманаўты Пятро Клімук і Уладзімір Кавалёнак. Яны гаварылі, што не раз успаміналі ў касмічных прасторах верш Янкі Купалы. Як называецца гэты верш? («Хлопчык і лётчык».)
  2. У 1910 г. Міцкевічы нарэшце набылі сваю хату ў Смольні на арандаванай зямлі. У хаце жылі маці Якуба Коласа, дзядзька Антось, сёстры і браты паэта. У верасні 1911 г. сюды ўпершыню прыехаў Якуб Колас. Беднай і запусцелай здалася паэту Смольня. Каб хоць крыху зрабіць яе ўтульнай, Якуб Колас пасадзіў на сядзібе дрэвы. Назавіце дрэвы, якія пасадзіў паэт. (Ліпы.)
  3. Паслухайце ўрывак з паэмы «Курган» Янкі Купалы:
    На вяселле-разгул наплыло, як на сход,
    Госці знатных зусюль, за паўсвету,
    Гэткай гучнай бяседы не помніў народ,
    Гэткіх скарбаў, брыльянтаў, саетаў!..
    Растлумачце значэнне слова «саеты». (Саеты — багатае адзенне з атласу і шоўку.)
  4. Пазнайце назву твора, аўтара і героя.
    Цяклі дзянькі ды йшлі нядзелі,
    I час тут вольны хлопцы мелі,
    Вучылісь толькі да абеду,
    Вучылісь нават не без следу.
    I ..., мушу я прызнацца,
    Ўжо меў на дошцы распісацца
    , Што вельмі цешыла Міхала
    І гонар бацькаў падымала.
    («Новая зямля»; Якуб Колас; Костусь.)
Чацвёрты блок пытанняў
  1. Шырокую славу Купалу-драматургу прынесла камедыя, пастаўленая ўпершыню ў 1913 г. у Вільні. 3 таго часу і да сёння яна не сходзіць са сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы і з’яўляецца яго візітнай карткай. Назавіце гэтую камедыю. («Паўлінка».)
  2. Якуб Колас — адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры. Вялікае значэнне ў выхаванні дзяцей ён надаваў паэзіі. Пісьменнік з’яўляецца аўтарам кнігі-хрэстаматыі для дзяцей, выдадзенай у 1909 г. Як яна называецца? («Другое чытанне для дзяцей беларусаў».)
  3. Дзядзька Антось з «Новай зямлі» любіў дзяцей, добра ведаў іх інтарэсы, патрэбы, гаварыў з імі, як са старымі. Ён — іх дарадчык, настаўнік і суддзя.
    I дзядзька майстар быў на штукі,
    I быў механік на ўсе рукі:
    I дудку скруціць вам, і стрэлку,
    I нарысуе нават елку, —
    Такую выштукуе цацку,
    А ў Свержань пойдзе — купіць пляцку...
    Растлумачце значэнне слова «пляцка». (Пляцка — пляскатая булка.)
  4. Назавіце горад, аўтара і назву твора.
    Ў дарозе шчасце паручыла,
    Загнаў да ... плыты,
    Дамоў вяртаўся з новай сілай
    Пабачыць родныя куты.
    Натальку любую сустрэці,
    Аджыць агнём яе вачэй,
    Бо гэткіх вочак на ўсім свеце
    Ён не сустрэў ані ў аднэй.
    (Кіева; Янка Купала. «Магіла льва».)
Пытанні «з капелюша»
  1. У капелюшы ляжыць партрэт пісьменніка, першага перакладчыка твораў Янкі Купалы на рускую мову. (Максім Горкі.)
  2. У капелюшы ляжыць фотаздымак рэчкі, якую Якуб Колас часта апісваў у сваіх творах. (Нёман.)
Тайм-аўт. Інсцэніроўка ўрыўка з камедыі Янкі Купалы «Паўлінка» (з’явы V і VI, акт другі).
Пяты блок пытанняў
  1. Пасля смерці бацькі Ясь (Янка Купала) застаўся за гаспадара. Вельмі шмат часу яму даводзілася працаваць. Ён стаў пануры, маўклівы. Пачаў многа пісаць. Суседзі сталі жартаваць з яго, гаварылі таксама і непрыемнае. Напрыклад, што чакае Луцэўчыка астрог. Такія чуткі даходзілі да маці паэта. Яна не аднойчы гаварыла з сынам, прасіла, каб ён перастаў складаць вершы, даводзіла, што дабром гэты занятак не закончыцца. Што адказаў Ясь маці? («Як табе хочацца, каб бацька вярнуўся да цябе, так мне хочацца пісаць. Нельга вярнуць бацьку да нас, нельга забараніць мне вершы складаць».)
  2. Па матывах трылогіі «На ростанях» Якуба Коласа створаны мастацкі фільм і напісана п’еса. Як яны называюцца? (Мастацкі фільм «Першыя выпрабаванні», п’еса «Навальніца будзе».)
  3. Усім вядома, што Янка Купала — гэта псеўданім. Якія яшчэ псеўданімы паэта вы ведаеце? (Бяздольны Марка, Адзін з парнаснікаў, Здарэнец, Луцэўчык, Мінчук, Стары Мінчук, Хаўруснік, Янук з-пад Мінска...)
  4. Прадоўжыце верш «Родныя вобразы» Якуба Коласа: «Вобразы мілыя роднага краю...» (Смутак і радасць мая! // Што маё сэрца да вас парывае? // Чым так прыкованы я...)
Шосты блок пытанняў
  1. Аднойчы Кастусь (Якуб Колас) стаў міжвольным сведкам бацькавай размовы з Антосем. «Шкада мне Костуся, — так і сказаў бацька. — Школа скончана, а яму яшчэ хочацца навукі. 3 тым, што ён умее, і ў пісарчукі не выб’ешся... А гаспадара з хлопца таксама не будзе. Хоць ён і рупны, і старанны, а пра сваё думае, усё цікуе, каб аднаму застацца... I я такі думаю пускаць Костуся ў навуку. А куды і за што вучыць будзем, не ведаю». Што адказаў Міхалу Антось? («Падцягнем, Міхале, тужэй папружкі, а нешта зробім для хлопца. Наш век ужо канчаецца, а ён можа што людское ўбачыць».)
  2. Каму прысвяціў Янка Купала вершы «Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея...», «Ўспомні!..», «Мусіць трэба было», «Снег»? (Уладзіславе Францаўне Станкевіч.)
  3. Усім вядома, што Якуб Колас — гэта псеўданім. Якія яшчэ псеўданімы паэта вы ведаеце? (Агарак, Андрэй сацыяліст, Тамаш Булава, Тарас Гушча, Дзядзька Карусь, Дубовы ліст, Іван Торба...)
  4. Прадоўжыце верш «Явар і каліна» Янкі Купалы: «Песняй вясны лебядзінаю...» (Скінуўшы зімнія чары, // Шэпчуцца явар з калінаю // У сумнай даліне над ярам.)
Пытанні «з капелюша»
  1. У творчым лёсе Якуба Коласа і Янкі Купалы было шмат агульнага: яны нарадзіліся ў адным годзе, амаль адначасова выступілі ў літаратуры, добра ведалі адзін аднаго, любілі спяваць народныя песні. А яшчэ ім падабалася адна гульня, з якой яны з задавальненнем бавілі час. Як называецца гэта гульня? (Шахматы.)
  2. У капелюшы знаходзіцца зборнік алегарычных апавяданняў Якуба Коласа. «Зашыфраваным дзённікам» называлі гэту кнігу сябры паэта. («Казкі жыцця».)
Настаўнік. Паважаныя ўдзельнікі, шаноўнае журы, дарагія госці! 135-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа — важная падзея ў духоўным і культурным жыцці Беларусі. Традыцыі, закладзеныя беларускімі песнярамі ў прозе, паэзіі, драматургіі, публіцыстыцы, з поспехам развіваюцца і сёння. Калісьці Якуб Колас, выступаючы перад студэнтамі БДУ, вылучаў «тры бясцэнныя дары», якімі валодае моладзь. Першы дар — «...маладосць, сіла, жыццярадаснасць». «Другі дар — прасторныя, шырокія дарогі ў жыццё», а «трэці дар... — трэці дар» моладзь павінна здабываць сама ў працы, навуцы, грамадскай дзейнасці. Нам трэба і далей вывучаць жыццё і творчасць нашых песняроў, ведаць іх спадчыну. Янка Купала і Якуб Колас — мудрыя і праўдзівыя настаўнікі. Яны пакінулі нам духоўны запавет — любіць, шанаваць, берагчы спадчыну, быць сапраўднымі патрыётамі.

...Купала і Колас, вы нас гадавалі!
Вы звалі на волю
3 цямноты, з прымусу,
Каб горда насілі імя беларуса;
Каб з ганьбай ніколі спіны не згіналі,
Каб цвёрда за праўду з братамі стаялі,
Каб сонца над нашай Радзімаю ззяла,
I Колас нас клікаў, і клікаў Купала.
Пятрусь Броўка.

Спіс выкарыстанай і рэкамендаванай літаратуры

Абрамовіч, С. Г. Заўсёды з намі Колас і Купала / С. Г. Абрамовіч // Беларус. мова і літ. — 2012. — № 8. — С. 4—8. Жыгоцкі, М. Сцежкамі паэта: па коласаўскіх мясцінах / М. Жыгоцкі. — Мінск : Полымя, 1990. — 46 с.
Жыгоцкі, М. Сэрца пакідаю вам: па коласаўскіх мясцінах / М. Жыгоцкі. — Мінск : Полымя, 1993. — 79 с.
Капецкая, Г.А. «Я адплаціў народу, чым моц мая магла...»: гульня-конкурс «Рызыка-версія» па творчасці Янкі Купалы / Г. А. Капецкая, Т. А. Гаўрыленка // Беларус. мова і літ. — 2007. — № 7. — С. 56—58.
Лужанін, М. Колас расказвае пра сябе / Максім Лужанін. — Мінск : Маст. літ., 1997. — 462 с.
Малажай, Г. М. Пазакласная праца па беларускай мове : вучэб. дапам. / Г. М. Малажай, С. Р. Рачэўскі. — Мінск : Вышэйш. шк., 1990. — 254 с.
Навумовіч, У. А. Беларуская літаратура : вучэб. дапам. / У. А. Навумовіч. — Мінск : Універсітэцкае, 2000. — 335 с.

Яшчэ на гэту тэму:

"Сагрэты быў пяскамі наднямоння"     Паклон прымі ад нас, пясняр!