сцэнарыі святаў на беларускай мове

Святлана Мікалаеўна Лукашэвіч музычны кіраўнік ясляў-сад» N 468 Мінска. Пралеска Лістапад 1993 г.

Каляды

Сцэнарый ранішніка

Народнае зімовае свята, якое азначае паварот сонца з зімы на лета. У час Каляд наладжвалі калядаванне, варажбу, шматлікія забавы, гульні, спявалі калядныя песні, у якіх віншавалі гаспадароў хаты, жадалі ім дабра і заможнасці, услаўлялі іх працавітасць і шчодрасць. Важнай часткай Каляд былі хаджэнні з "казой", "канём", "мядзведзем", "жоравам".
Удзельнікі свята: бацькі, дзеці, супрацоўнікі ясляў-сада, гаспадар з гаспадыняй.
Група калядоўшчыкаў: зорканоша, механоша, павадыр з казой, музыка, цыган з цыганятамі, калядоўшчыкі ў масках.

Святкаванне Каляд пачынаецца з таго, што натоўп калядоўшчыкаў (дзеці і дарослыя) ідзе з песняй "Коліда, коліда..." па вуліцы, заходзіць у дамы да бацькоў дзяцей, суседзяў, знаёмых і калядуе. Потым усе вяртаюцца ў дзіцячы сад, калядуюць у кожнай групе. Тым часам у музычнай зале, якая прыбрана як сялянская хата, упрыгожана дыванамі, посцілкамі, ручнікамі, саламянымі каляднымі зоркамі і павукамі, завіхаюцца гаспадар з гаспадыняй. Яны чакаюць калядоўшчыкаў да сябе, засцілаюць абрусы, ставяць на сталы куццю, пірагі, квас, усаджваюць гасцей, бацькоў і супрацоўнікаў дзіцячага сада.

Гаспадар. Ой, жонка, нешта ў хаце нашай горача!
Гаспадыня. Дык, Лявоначка, я ж тры дні ў печы паліла, пякла, варыла, смажыла, хачу, каб калядоўнічкі зайшлі, нашай хаты не мінавалі. Сядай куццю спрабаваць.
Гаспадары садзяцца за стол, перахрышчваюцца, першую лыжку куцці нясуць да акна і клічуць:
— Мароз, мароз, хадзі куццю есці! Што б ты не марозіў летам расады, агуркоў, гарбузоў, морквы і буракоў, і ўсяго таго, што бог судзіць пасадзіць і пасеяць!
Потым паміж мужам і жонкай адбываецца дыялог.
Гаспадар. Жонка, ці бачыш ты мяне?
Гаспадыня. Не бачу!
Гаспадар. Каб жа ты не бачыла за агуркамі, за гарбузамі, за капустай, за буракамі свету!
Гаспадыня. Ці бачыш ты мяне?
Гаспадар. Не, не бачу!
Гаспадыня. Каб жа ты не бачыў за стагамі, за вазамі, за снапамі свету!
Здалёку гучыць песня "Коліда, коліда..,",   гэта  маляўнічы  натоўп калядоўшчыкаў набліжаецца да хаты. Стукаюць у дзверы:

— Ці дома гаспадар?
Гаспадар. Дома, дома, каўбасу з печы дастае.
Калядоўшчыкі. Ці дома гаспадыня?
Гаспадыня. Дома, дома, сталы прыбірае.
Калядоўшчыкі ўваходзяць у хату, наперадзе — павадыр з казой.
Калядоўшчыкі (па чарзе). Добры вечар таму, хто ў етым даму!
Чы ты спіш, чы ты так ляжыш?
Чы ты так ляжыш, чы лісты пішаш?
Мы ж твайго двара не мінаем.
Усе разам (з паклонам). Святым Раством велічаем!
Гаспадары. Дзякуем! Дзякуем!
Першы калядоўшчык. На тваім двары ўсе агні гараць.
Другі калядоўшчык. Усе агні гараць, усе сталы стаяць.
Трэці калядоўшчык. Усе сталы стаяць пазасціланыя.
Чацвёрты калядоўшчык. Усе хлябы ляжаць павыпяканыя.
Калядоўшчыкі праходзяць па хаце і звяртаюцца да гасцей, вітаюць з Калядою; спяваюць прывячальную песню "Ад куту да куту".

Калядоўшчыкі звяртаюцца да гаспадароў.
Усе. Добры вечар вам, ці рады вы нам?
Гаспадары. Мы то рады, ды вы хто такія?
Дзеці. Мы людзі не простая, з далёкага краю!
Гаспадыня. Адкуль ідзяце?
Першы калядоўшчык. Ідзем мы да пана Года, што носіць бароду шыроку, як лапата, сіву ды калмату!
Другі калядоўшчык. Мы к лету ідзем, казу вядзем ды шчасце нясем!
Трэці калядоўшчык. Ці шырокія сцены, каб нам пагасцяваць? Ці добрая гаспадыня, каб нас пачаставаць?
Гаспадыня. Гаспадыня-то добрая, але за што вас частаваць? 3 чым вы прыйшлі, калядоўшчыкі?
Калядоўшчыкі. 3 казою шэраю, вясёлаю.
Гаспадар. Дык няхай яна паскача!
Калядоўшчыкі. А ну, каза, павярніся, гасцям добрым пакланіся!
Калядоўшчыкі выконваюць песню "Го-го-го, каза", каза скача, брыкаецца, валіцца на падлогу. Яе штурхаюць, хочуць падняць, але яна толькі брыкаецца.

Калядоўшчыкі (па чарзе).
Каб каза устала, трэба даць ёй кусок сала!
А на кожны ражок павесіць піражок!
А вунь гаспадар ідзе, каўбасу нясе, тры кускі сала,
Каб каза устала, мерку аўса, каб каза пайшла,
Мерку жыта, каб каза была сыта!
(Гаспадар вешае на рогі сала, каўбасу, каза ўстае.)

Калядоўшчыкі (дзеці і дарослыя) і госці гуляюць у гульню "Казёл".
Калядоўшчыкі (па чарзе).
Мы хадзілі, гулялі, калядавалі,
Прыйшлі, прыгулялі к гаспадарчаму сталу.
Гаспадар наш, бацюшка!
Пачастуй гасцей
3 клеці — рэшатам,
3 печы — пірагом.
Падай каўбасу —
У зубах панясу.
Гаспадыня. Дык за што вас частаваць, спачатку трэба паспяваць!
Дзіцячая група калядоўшчыкаў выконвае песню "Запражыце сівых коней...". Дзеці падбягаюць да гаспадыні, цягнуць яе за рукаў, за фартух і кажуць па чарзе: "Я ў цябе, цётухна, пакалядую!"
Я ў цябе, цётухна, каўбасу чую!
Дай, цётка, каўбасу, бо я хату
растрасу!
Дай, цётка, пірог, я пайду за парог!
Вазьмі нажа вострага,
Адрэж сала тоўстага!
Гаспадыня. Не, не дам! Малавата спявалі, мала скакалі!
Музыка. Можна і яшчэ паскакаць!
Дзеці.
Ну-ка, рэзні, гарманіст, залатыя пальчыкі!
Каб у скок пусціліся дзевачкі і мальчыкі!
Дзеці выконваюць танец "Тапатуха".

Гаспадыня. Вось дык танцоры, вось малайцы! Пасядзіце ў нас, пачастуйцеся! Усё ў нас ёсць — і квас, і каўбаскі!
Калядоўшчыкі частуюцца, гаспадыня кладзе пачастунак у мех, з сабой. Стук у дзверы. Уяўляюцца цыган з цыганкой і цыганятамі. Цыган вядзе "кабылу", цыганка нясе под пахай пеўня.
Цыган. Добры вечар, вам!
Цыганка. Дай нам, добры чалавек, капу яек на паўміску, белым сырам намазаўшы, каўбасою абкруціўшы!
Гаспадар. А чым вы нас парадуеце?
Цыган. Я — цыган багаты! У мяне ў кармане — вош на аркане! А ў другім — блыха на цапе!
Цыганка. Цыц, чорт стары! Пайду людзям добрым шчасця нагадаю! (Ідзе да гасцей, гадае.)
Цыган. Купі, гаспадар, у мяне кабылу, другой такой не знойдзеш. Прадаю дарма, усяго за тысячу!
Гаспадар. За такую кабылу і грошык шкада аддаць!
Цыган. Многа ты разумееш! Вось глядзі, якая яна ў мяне ласкавая.
(Гладзіць кабылу, яна брыкае.) Паглядзі, якая ў яе паходка. Плыве, як у моры лодка!
(Цягне кабылу, але яна стаіць як укапаная. Штурхае яе ўзад, кабыла хістаецца.)
Паглядзі! Мая сівая як бяжыць, дык зямля дрыжыць! (Піхае кабылу, яна падае.)
А няхай жа цябе ліха, гаспадар! Загубіў мне кабылу!
За гэтку чэсць давай карбованцаў шэсць, ды тры кускі сала, каб кабыла устала!
Гаспадар (смяецца, выцірае слёзы). Убрыкні цябе камар! Бяры ўжо! (Частуе яго.) Пасядзіце ў нас, добрыя людзі!

Госці частуюцца. Потым, пад’еўшы і выпіўшы квасу, цыган з цыганкай скачуць "Цыганачку", дзеці-цыганяты — "Сербіянку" (з прыпеўкамі).
Пасля гэтага ў хату заходзяць хлопцы і дзяўчаты. Віншуюць гаспадароў з Калядой, тыя просяць іх паспяваць. Дзяўчына і "хлопец" (пераапранутая жанчына) — яны завуць сябе шляхтай — выконваюць жартоўную палескую песню "Гарны Сымэнэ". Яна разыгрываецца як невялічкая імправізаваная сцэнка.
Калядоўшчыкі развязваюць мех і частуюць тымі дарамі, якія яны накалядавалі раней. Потым угаворваюць музыку паіграць ім, даюць яму грошы. Усе прысутныя танцуюць польку ці танец "Каханачка".

У гэты час нехта стукае ў дзверы, у хату ўваходзіць чалавек-гара (на плячах здаровага мужчыны сядзіць малы хлапец і дзве гэтыя фігуры апрануты ў адну доўгую спадніцу, кажух і фартух, на галаве хустка, на твары рэшата). Гэтая камічная фігура прытанцоўвае, спявае прыпеўку:
А ці я не дзеўка?
Ці я не паненка?
Рукі, як вяроўкі,
Ногі, як бячоўкі.
Усе калядоўшчыкі і дзеці скачуць вакол чалавека-гары, потым ён знікае за дзвярыма.

Гаспадыня. А давайце пагуляем у гульню "Ката печ".

Усе з радасцю згаджаюцца, гаспадыня нацягвае вяроўку вышэй галавы чалавека, чапляе на яе выпечанага з цеста ката, які трымае каўбасу. Па правілах гульні трэба асядлаць качаргу і са словамі: "Еду з кута па ката, цап за ката!" падскочыць і ўхапіць зубамі каўбасу.
Хто не змог схапіць, таго мажуць сажай з кубачка.

Затым гулянне працягваецца. Скачуць польку, кракавяк. Дзяўчаты варожаць (чыю пшаніцу першую дзяўбне певень — тая першая пойдзе замуж). Дзеці спяваюць прыпеўкі. Хлопцы загадваюць загадкі дзяўчатам, дзеці — дарослым і наадварот. Калядоўшчыкі затым развітваюцца з гаспадарамі, гавораць пажаданні ўсім:
Каб доўгія  гады  жылі,  каб здаровыя былі і пра нас не забываліся!
Каб вяліся свінні і авечкі, і вы жылі, як чалавечкі!
Каб ніколі ў вас рукавок не быў за ручнічок!
Каб вам шчасце ды здароўе і дзяціне, і сябрыне!

Гаспадары дзякуюць. Калядоўшчыкі з песняй "Коліда, коліда..." выходзяць з хаты.

* * *

Думаецца, чытачам будзе цікава даведацца, якую літаратуру выкарыстоўвае С. М. Лукашэвіч у сваёй творчасці. Самую разнастайную! У прыватнасці, для падрыхтоўкі "Каляд", іншых святаў яна умела выкарыстала наступную літаратуру:
1. Беларускі фальклор у сучасных запісах.
Гомельская вобласць: Традыцыйныя жанры (скл. В. А. Захарава, Р. М. Кавалёва, В. Д. Ліцвінка, У. I. Раговіч). — Мн., 1989.
2. Беларускі фальклор. Хрэстаматыя. (Скл. К. П. Кабашнікаў, А. С. Ліс, А. С. Фядосік, У. К. Цішчанка). —   Мн., 1970.
3. Беларускія народныя песні. Том 3. (Запіс Р. Шырмы). — Мн., 1962.
4. Веснавыя  песні   (скл.  Г.  А. Барташэвіч,  Л.  М.  Салавей,  муз.» часткі В. I. Ялатаў). — Мн., 1971.
(Беларуская народная творчасць).
5. Восеньскія  і  талочныя   песні (скл. А. С. Ліс, укл. і каментарыі С. Т.   Асташэвіч,   муз.   часткі   В.   I. Ялатаў). — Мн., 1981. (Беларуская народная творчасць).
6. Вянок беларускіх народных песень (зап. У. Раговіч). — Мн., 1988.
7. Дзіцячы фальклор (скл. Г. А. Барташэвіч, муз. часткі В. I. Ялатаў). —   Мн., 1972. (Беларуская народная творчасць).
8. Земляробчы каляндар: Абрады і звычаі (уклад., класіф., сістэм. матэрыялаў  і  камент.  А.  I.  Гурскага; уступ, арт. А. I. Гурскага, А. С. Ліса; рэдкал.: А. С. Фядосік (гал. рэд.) і
інш.).   —  Мн.,   1990.   (Беларуская народная творчасць).
9. Народны тэатр  (скл.  М.  А. Каладзінскі). — Мн., 1983. (Беларуская народная творчасць).


Яшчэ на гэту тэму:

Сцэнарый святочнага калядавання     Ніжнечарніхоўскія калядкі