сцэнарыі святаў на беларускай мове

Людміла САЛЯНКА. "Роднае слова" Студзень 2013 г.

"Ідзе каляда, калядуючы..."

Сцэнарый тэатралізаванага прадстаўлення

Дзейныя асобы: Вядучы, калядоўшчыкі, Гаспадар, Гаспадыня, Каза, Мядзведзь.
Вядучы. Добры дзень, дарагія сябры! Вось і надышлі зімовыя святкі-калядкі. Здаўна нашы продкі ўмелі сустракаць і праводзіць святы. Давайце і мы далучымся да калядоўшчыкаў і паглядзім, з чым яны да нас завіталі.

Гучыць песня "Ой, калядачкі, бліны-ладачкі” .


1-ы калядоўшчык.
Ой, калядачкі-калядкі!
Дружна плешчам мы ў ладкі.
3 песняй па сялу ідзём,
Зорку-сонейка нясём.
2-і калядоўшчык.
А зорачка наша іскрыстая
На жытцо каласістае,
На зернейка залатое,
На дабро маладое.
3-і калядоўшчык;
На вясенку красную,
На зораньку ясную,.
На вадзіцу талую,
На пашаньку ўдалую.
4-ы калядоўшчык.
На даўжэйшы дзянёк,
На дружны ручаёк,
На цёплыя лецечкі,
На пахкія кветачкі.
5-ы калядоўшчык.
А мы - вяскоўцы знатныя,
Да песень-танцаў здатныя.
Ды і ўсякая праца ў нас спорыцца,
Ніхто за намі не ўгоніцца.
6-ы калядоўшчык.
I жняцы мы, і касцы,
Ва ўсіх справах малайцы.
Ёсць запасы ў нашых амбарчыках,
А ў хлявах - акурат па кабанчыку.
1-ы калядоўшчык.
На падвор’ях гусі, куры з петухом,
Пчолкі ёсць і соты, поўныя з мядком,
Пачастуюць госця, толькі еш,
Што пасля аж песню запяеш.
2-і калядоўшчык.
Як ідзём мы - люба паглядзець!
Ходзіць з нашай калядой мядзведзь.
I казу вядзём з сабой якраз,
Вось і хатка, дзе чакаюць нас.

Калядоўшчыкі заходзяць у хату.

3-і калядоўшчык.
Добры вечар у добрую хату!
А ці рады вы нам, ці не рады?
Гаспадыня.
Рады, рады. Даўно вас чакалі,
Тры разы ў акно выглядалі.
Гаспадар.
Заходзьце, просім у святліцу,
Нясі, гаспадыня, гасцінцы.

Гаспадыня ставіць на стол розныя стравы.

Гаспадыня.
Вось блінцы аўсяныя,.
На яйках замяшаныя,
Капуста, бульбачка і квас!..
Прашу бліжэй сабрацца вас.

Калядоўшчыкі падыходзяць да стала. Каза круціць галавой, валіцца на падлогу.


4-ы калядоўшчык.
Ах, наша козачка пакацілася,
На бачок павалілася.
Заплюшчыла вочкі, не есць і не п’е.
Не тыя прысмакі гаспадыня дае.
Гаспадыня.
Ой, што ж я зрабіла не так?
I які трэба козачцы прысмак?
5-ы калядоўшчык.
Калі можна, гаспадарочкі, з вашае ласкі -
Наша козачка надта любіць каўбаскі.
Гаспадар.
Во, а мы пра каўбаску забылі,
Ледзь бедную скацінку не ўквялілі.
Уставай, козачка, уставай,
Вось каўбас шасток - выбірай.

Каза і калядоўшчыкі падыходзяць і выбіраюць каўбасы.


6-ы калядоўшчык.
Возьмем адну, кругленькую, як сонца,
Каб у вас быў дастатак бясконцы.
1-ы калядоўшчык.
Каб не было хвароб і бед,
Возьмем яшчэ адну на абед.
2-і калядоўшчык.
Каб не было ніколі сваркі,
Мы не пагрэбуем і скваркай.
3-і калядоўшчык.
А наш Мішка-мядзведзь любіць карагоду.
Можа, дасцё, ягамосці, крышачку мёду.
Наш Мішка заўсёды спрытны і лёгкі,
Калі хто дасць мёду - адразу ў скокі.
Гаспадар.
Уважым, уважым вашага Мішку.
А ці ёсць пад мёд у вас міска?
4-ы калядоўшчык.
Дзядзечка! Ёсць і жбанок, і начоўкі,
Калі не паднімем, возьмем сані з вяроўкай.

Гаспадар выносіць гладышак мёду. Мядзведзь спрабуе, кланяецца гаспадарам. Гучыць музыка, усе танцуюць.

5-ы калядоўшчык.
Каб жыта расло ў вас і колас быў дужы,
А ў садзе каб спелі вішні і грушы.
Каб бульба радзіла, і морква, і рэпа,
А ў хаце быў хлеб, а яшчэ і да хлеба.
6-ы калядоўшчык.
Жадаем, каб вашая хата
Была заўсёды багата
Скацінкай, аўчынкай,
Кудзеляй, пярынкай.
1-ы калядоўшчык.
Тонкім кужальком,
Саламяным сенніком,
Тканымі дыванамі,
Ільнянымі ручнікамі.
2-і калядоўшчык.
Падушкамі аж пад столь,
Толькі каб не з’ела моль,
А яшчэ маслам і салам поўным цабэркам,
Фіранак, карункаў багатым куфэркам.
3-і калядоўшчык.
I малачком, і кумпячком,
I цёплым хлебам з печы,
I камізэлькай на плечы.
4-ы калядоўшчык.
Сыночкамі-дочкамі
I ўнучыкамі-званочкамі.
5-ы калядоўшчык.
Здароўя вам моцнага на сто год,
Жыць доўга без турбот і нягод.

Калядоўшчыкі кланяюцца гаспадарам, ідуць да дзвярэй.


Гаспадар.
Дзякуем, дарагія госці,
За добрыя пажаданні.
1-ы калядоўшчык.
I мы вам удзячны, прабачэння просім.
А нам яшчэ хадзіць да рання.
2-і калядоўшчык.
Сонечнага вам свята,
Каб ваша шчодрая хата
Часцей гасцей сустракала,
А сэрца ад шчасця спявала.
3-і калядоўшчык.
А грошай вялікіх нікому не раю,
Бо ім не бывае ні меры, ні краю.
4-ы калядоўшчык.
А ўсіх багаццяў яшчэ ніхто не пазбіраў па свеце,
Таму заставайцеся з дабрынёй і спагадай
I з мудрай вясковай парадай,
А мы з Калядою пайшлі да суседзяў.

Усе калядоўшчыкі з музыкай, спевамі і танцамі выходзяць на вуліцу.



Яшчэ на гэту тэму:

Калядныя забавы     "Сёння мы з вамі святкуем каляды..."