сцэнарыі святаў на беларускай мове

ЧАРНІКОВІЧ Тамара Уладзімірауна - мастацкі кіраўнік школьнага тэатра “Свяцёлка" СШ № 6 г. Салігорска. Музычнае і тэатральнае мастацтва: праблемы выкладання 1/2003

Зорка Палын

Літаратурна - музычная кампазіцыя

Гучыць павольная музыка. Чуецца голас за сцэнай.
Ёсць зямля — прыгажэйшая ў свеце, магчыма.
Я, прынамсі, не ведаю гэткай другой —
Каб і з чыстымі, як у дзіцяці, вачыма,
І з даверлівай, як у дзіцяці, душой.
Але і горш невядома за што пакаранай,
Горш бяздольнай, нялюбай і гнанай з сям’і,
Болей крыўджанай лёсам, людзьмі пагарджанай,
Я таксама не знаю на свеце зямлі.

Музыка сціхае. Зноў чуецца голас за сцэнай.

Чарнобыльская катастрофа — адна з самых вялікіх трагедый не толькі ў гісторыі нашага народа, але і ўсяго чалавецтва. Здарылася так, што асноўны цяжар атамнага ўдару прынялі на сябе беларуская зямля і яе людзі. Усе мы сёння—заложнікі Чарнобыля. Мінула 19 гадоў пасля той жахлівай красавіцкай ночы.

Гарманіст з дзяўчатамі выходзіць на сцэну. Гучыць беларуская народная песня “Колькі ў небе зор” (словы і напеў А.Шыдлоўскага). На авансцэне — юнак і дзяўчына.
Дзяўчына. Зірні на начное неба. Колькі там яшчэ невядомага нам, людзям!
Юнак. Менавіта гэта і зачароўвае нас.
Дзяўчына. Іншы раз здаецца, што зоркі мёртвыя. Але гэта не так. Яны жывыя. Яны запальваюцца і патухаюць, як мы, людзі.
Юнак. Калі зоркі запальваюць, мабыць, гэта камусьці патрэбна... А яшчэ зоркі ляцяць. Ляцяць да нас знічкаю і, не даляцеўшы, знікаюць у халодным Сусвеце .. Яны, як і людзі, розныя.
Дзяўчына. Яны маюць свае імёны і вельмі падобны да нас... (Шэпча.) Глядзі, зорка ўзышла!
Юнак. Дзе? Якая?
Дзяўчына. Венера. Паслухай:
Без цябе я не зорка, о не!
Свет плыве, нібы ў сінім тумане.
Нават свечка пагасне ў імгле,
Нават кветка без сонца завяне.
Юнак. А цяпер слухай ты:
Я — знічка. Кропляй адзінокай
Вандрую па краіне сноў.
Плыве рака мая далёка.
А я лячу над лугам зноў...
А я гару над шляхам зноў...
Дзяўчына. Як гэта здорава — глядзець на зоркі! Проста стаяць і глядзець, закінуўшы галаву, каб зоркі ў небе былі добра бачны. Болей нічога не трэба, проста стаяць і глядзець на зоркі. (Дзяўчына і юнак садзяцца.) Давай пагуляем. Я табе — пытанне, а ты мне — адказ.
Юнак. Добра.
Дзяўчына. Хто я?
Юнак. Зялёны лісточак, што зляцеў з дрэва жыцця.
Дзяўчына. Навошта я з’явілася на гэты свет?
Юнак. Каб бачыць неба, сонца, зоркі і месяц. Каб проста жыць і радавацца кожнаму дню...
Дзяўчына. Любіць... Што гэта?
Юнак. Дараваць часцінку свайго сэрца, не просячы нічога ўзамен. Не разважаць — “навошта” і “чаму”, проста ўзводзіць моцныя сцены, будынак, на дзвярах якога будзе напісана: “Дом, дзе жыве Любоў”.
Дзяўчына. Дом—гэта прытулак, дзе спяць ноччу?
Юнак. Не. Дом — гэта месца, дзе цябе ўспрымаюць такім, які ты ёсць, там заўсёды ўтульна і цёпла. I дзе б ты ні знаходзіўся, заўсёды імкнешся вярнуцца туды. Запомні — няма месца лепшага за дом.
Дзяўчына. Што такое зоркі?
Юнак. Зоркі — гэта сотні вачэй, якія з нябёс глядзяць на нас.
Дзяўчына. Ты шчаслівы?
Юнак. О, так!
Дзяўчына. А шчасце што дае?
Юнак. Тым шчаслівы чалавек, што ён жыве.
Дзяўчына. А дождж — гэта патокі горкіх слёз?
Юнак. Не, дождж дае радасць жыцця ўсяму жывому.
Дзяўчына. Ой, капае. Што гэта?
Юнак. Дождж! Першы веснавы дождж!
Дзяўчына. Дождж! Дождж! Дождж! Уцякаем!
Чуваць шум дажджу, а потым голас за сцэнай.

I ён пайшоў.
Яшчэ ніхто не ведаў,
Што смерць нясе і сее дожджык спорны,
Што найжахлівая з усіх трагедый
Жыццё ўкруціла ў атамныя жорны,
Што ўчора там, за рэкамі, за лесам,
Дзе чэрава сваё раскрыў Чарнобыль,
Пажарнікі — заложнікі прагрэсу —
Ад цела аддзіралі з мясам робы.

Гучыць музыка. Выконваецца пластычны эцюд “Чорны дым Чарнобыля”, адначасова гучыць верш.
Дым Айчыны — чарнобыльскі дым.
Не салодкі ён, а гаркавы.
О, як часта яго мы снім —
Чорны дым, нібы чорны саван.
Ён па небе Радзімы плыў
Смертаноснай злавеснай хмарай.
Ён аблуднаму люду быў
I прычасцем, і карай.
Дым Айчыны... Жахлівы сон,
Ад якога прачнуцца страшна...

Выконваецца танец белых птушак. 3-за сцэны гучыць верш.
Птушкі,
Як перастрэць вырай мне ваш
У небе лагодным?
Абляціце бяду!
Абмініце кут родны!
Гляньце з неба:
Яно пустое, жытло.
Абмініце бяду —
Узмахам крыла,
Абляціце маё сяло!
Ад чаго пасівеў ты, бусел,
I чаму не ляціш у вырай...
— Лепш памерці на Белай Русі,
Чым чужыну назваць Радзімай.
3-за сцэны чуецца голас.

Гаворыць радыё Беларусі: “Добрай раніцы, шаноўныя слухачы. У эфіры інфармацыйна-палітычны канал “На хвалі часу”. Спачатку пра надвор’е. Сёння, 26 красавіка 1986 года, па рэспубліцы вецер паўднёва-заходні, тэмпература паветра 18-25 градусаў, чакаецца цёплы сонечны дзень, месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы.

Выбягае дзяўчынка, скача. На заднім плане — жанчына займаецца гаспадарчымі справамі.

Дзяўчынка.
Дожджык, дожджык, сыпані,
Я паеду на кані.
Дожджык, дожджык, пушча,
Дам табе гушчы.
Дожджык, дожджык, секані...
Жанчына (спалохана).
Чакай, пастой, не трэба.
Смерць навісае з неба.
Дзяўчынка. Як гэта? Не разумею.
Жанчына. Вось паслухай, дачушка, што ў Бібліі сказана: “Трэці ангел пратрубіў, упала з неба вялікая зорка, гарачая, накшталт свяцільні, і пала на трэцюю частку рэк, і на крыніцы вод. Імя гэтай зоркі Палын, і трэцяя частка вод зрабілася палынню, — і шмат людзей памерла ад вады, таму што яна стала горкай.
Дзяўчынка. Матуля, вада свеціцца аж да дна.
Жанчына. Але яна чорная, не пі!
Дзяўчынка. Траўка зелянее.
Жанчына. Але яна чорная, не рві яе.
Дзяўчынка. Спеюць яблыкі.
Жанчына. Не еш! На лавачку каля хаты не садзіся!
Дзяўчынка. А дзе сядзець?
Жанчына. Па зямлі не хадзі!
Дзяўчынка. А дзе хадзіць?
Жанчына. Усё мае свой канец, і толькі цярпенне наша, о, Божа, бязмежнае!
Дзяўчынка і жанчына выходзяць.
3 залы на сцэну выходзяць дзяўчаты, садзяцца з аднаго боку, з другога — чытальнікі. Дзяўчаты спяваюць беларускую народную песню "Зара з зарой разгараецца".


1-ы чытальнік.
Беларусь накрыла нячыстая сіла,
А дзеці купаюцца ў стаўку... — “Ку-ку!".
Качаюцца весела ў пяску... — “Ку-ку!”.
Кідаюць чарніцы за шчаку... — “Ку-ку!”.
Кланяюцца баравіку... — “Ку-ку!”.
Зязюля стараецца, вяшчуе:
“Ку-ку!”, ,"Ку-ку!".
А смерць за імі цікуе:
“На якім жа гадку?”. — “Ку...”.
У бары зязюля кукуе,
Ніхто зязюлю не чуе...
Прыйшла бяда на ўсе часы,
Трава залетавала без касы...
Поле без коласа...
Хаты без людзей...
Печы без агню...
Калодзежы без вады...
Палыном зараслі сляды.
Вось тут і ўспомніш пра Бога,
Глянуўшы ў вочы бяды...
Не курыць, не пыліць дарога,
Дарога — у нікуды.

Гучыць беларуская народная песня "Ляцеў голуб па-над морам".
2-ы чытальнік.
Рыжы лес ён у прыцемку майскім пакінуў,
Бо адчуў кожнай клеткай — настала пара.
(Гучыць урывак “Чарнобыльскі воўк" з паэмы “Чорная быль" С.Законнікава да слоў: “Адбіваліся зоры ў халодных вачах".)
Чуецца беларуская народная песня “Каля майго церама" (апрацоўка Л.Смялкоўскага).

3-i чытальнік.
На зялёнай клумбе —
мак чырвоны,
А далей —
бетонная сцяна.
(Гучыць урывак “Пераліванне крыві” з паэмы С.Законнікава "Чорная быль" да слоў: “Болей не матуя... не магу...".)
Чуецца беларуская народная песня “Ой ты, лозанька”.

4-ы чытальнік.
Суцяшалі яе:
“Памірае апошняй надзея...”.
(Гучыць урывак “Сучасная балада" з паэмы С.Законнікава “Зязюля"да слоў: У яе ўжо няма//На жыццё аніякай надзеі, / /Ды надточвае век нашым дзецям // Балючым: “Ку-ку!”.)
Чуецца песня "Дарога ля жыта” (муз. Л.Захлеўнага, сл. В.Жуковіча).

5-ы чытальнік.
Пад ветрам сівая трава,
Як дым,
Наплывае пад ноч”...
(Гучыць урывак "Палыновая зорка” з паэмы С.Законнікава “Чорная быль" да слоў: “У небе // над намі // стаіць, // Як зніч, // палыновая зорка”.)
Хор спявае “Мроі” Р.Шумана. Чытальнікі сыходзяць у зал. На сцэну выходзяць дзеці і спяваюць хорам малітву “Ойча наш".
Зноў за сцэнай чуецца голас.


Гавораць чарнобыльскія дзеці.

Чытаюцца ўрыўкі з кнігі С.Алексіевіч "Чарнобыльскія дзеці":
1-ы хлопчык. Мама часта адзяваецца ў чорнае. На нашай вуліцы ўвесь час некага хаваюць... Пачую музыку — бягу дадому і малюся, чытаю “Ойча наш”. Малюся за маму і тату...
1-я дзяўчынка. Я ляжала ў бальніцы. Мне было так балюча... Я прасіла маму: “Мамачка, я не магу трываць. Лепш забі мяне!»
2-я дзяўчынка. Салдаты мылі дрэвы, хаты, стрэхі... Мылі калгасных кароў... Я думала: “Бедныя звяры ў лесе! Іх ніхто не мые. Яны ўсе памруць. I лес ніхто не мые. Ён таксама памрэ».
2-і хлопчык. У хаце мы зачынілі майго хамячка. Беленькага. На два дні яму ежы пакінулі. А з’ехалі назаўсёды.
3-я дзяўчынка. Загрузілі нас у эшалон. Малыя плачуць, выпацкаліся. Адна выхавацелька на дваццаць чалавек, а ўсе плачуць: “Мама! Дзе мама? Хачу дамой!” Мне—дзесяць гадоў, такія дзяўчынкі, як я, памагалі супакойваць малых. Жанчыны сустракалі нас на перонах і хрысцілі цягнік. Неслі сваё печыва, малако, цёплую бульбу...
Нас везлі ў Ленінградскую вобласць. Там ужо, як пад’язджалі да станцый, людзі хрысціліся і глядзелі здалёк.
Сустракалі нас урачы. Яны былі ў процівагазах і гумавых пальчатках... Забралі ў нас вопратку, усе рэчы, нават канверты, алоўкі і ручкі, склалі ў цэлафанавыя пакеты і закапалі ў лесе.
Мы моцна напалохаліся... Доўга пасля чакалі, калі пачнём паміраць...
3-і хлопчык. Хачу расказаць, як развітвалася з нашай хатай мая бабуля. Яна папрасіла тату вынесці з кладоўкі мех проса і рассыпала яго па садзе: “Божым птушачкам". Сабрала ў рэшата яйкі і высыпала ў двары: “Нашаму кату і сабаку”. Накрышыла ім сала. Павытрэсвала з усіх сваіх мяшэчкаў насенне: морквы, гарбузоў, агуркоў, цыбулі-чарнушкі... Розных кветак... Рассыпала па гародзе: “Хай у зямлі жывуць”. А пасля пакланілася хаце... Пакланілася хлеву... Абышла і пакланілася кожнай яблыньцы...
4-я дзяўчынка. Начамі я лятаю... Лятаю сярод яркага святла... Гэта не рэальнасць і не незямное. Гэта і адно, і другое, і трэцяе. У сне я ведаю, што магу ўвайсці ў гэты свет, пабыць у ім... ці застацца.
I прыйшла мама. Учора яна павесіла ў палаце абраз. Нешта шэпча там у куточку, апускаецца на калені. Яны ўсе маўчаць: прафесар, урачы, медсёстры. Думаюць, што я не здагадваюся... Не здагадваюся, што хутка памру... Яны не ведаюць, што начамі я вучуся лятаць... Хто сказаў, што лятаць лёгка?
Юля, Каця, Вадзім, Аксана, Алег... Цяпер —Андрэй... “Мы памром і станем навукай”, — гаварыў Андрэй. “Мы памром, і нас забудуць”, — гэтак думала Каця. “Мы памром...” — плакала Юля. Для мяне цяпер неба жывое, калі я на яго гляджу... Яны там...

Выходзяць два чытальнікі.
1-ы чытальнік.
О, Беларусь! Рамонкам белакрылым
Ты прарасла у сэрцы назаўжды.
I дай нам, Бог, знайсці нарэшце сілы,
Каб вызваліць свой край з нямой бяды.
2-ы чытальнік.
Дай мужнасці,
Сапраўднай дай адвагі
Прачнуцца ад сляпога забыцця,
Адкрыць нам вочы, горкім бедалагам.
Дай сілы, Бог, а значыць—дай жыцця.
1-ы чытальнік.
На чарнобыльскім крыжы мой край...
Хрысце Божа, не пакідай...

Хор спявае “Господи, спаси Трисвятое” (з літургіі П. Часнакова). На сцэну выходзяць яшчэ тры чытальнікі, становяцца перад хорам.
1-ы чытальнік.
На беразе тым, дзе туман васільковы
Калышацца ў жыце, яшчэ маладым,
Былі і сумленне, і шчырыя словы...
Усё засталося на беразе тым.
2-ы чытальнік.
На беразе гэтым — часіна распаду.
Зямлю запалонілі зноў чужакі — палоній і літый,
Рутэній і радый.
Смяротны свой баль будуць правіць вякі.
3-i чытальнік.
На беразе тым шчасце меў нарадзіцца,
На беразе гэтым я стану зямлёй.
А покуль ёсць сілы — усё я трываю,
I веру ў розум і вечны працяг...
Кувай жа, зязюля мая баравая,
Заведзены Богам гадзіннік жыцця.
4-ы чытальнік.
Беларусь, Беларусь!
Бачыш гэтую рань?
Скінь закляцце з сябе!
Схамяніся і ўстань!
Падыміся з каленяў!
Спіну разагні!
Як на гэту зару —
Свету ў вочы зірні!
5-ы чытальнік.
Я глядзеў на неба зорны купал,
На зіхоткі пыл у сіняве,
I па зорках у бліскучых купах
Прачытаў я: "Беларусь жыве!"
I гукнуў ад радасці: “Браты!
Вось ён — сімвал нашай праваты!
Божы знак! I калі з вас каторы
Траціць веру стаў — чытайце зоры!”

Хор спявае песню “Беларусь — крыніца песні" (муз. Г.Казловай, сл. С.Панізніка). Усе ўдзельнікі падымаюцца на сцэну.

Яшчэ на гэту тэму:

“Ад чаго пасівеў ты, бусел?..”     “Калі б не тая ноч красавіка...”