сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вольга МАЦКЕВІЧ, выхавальнік дашкольнай адукацыі першай катэгорыі, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 г.п.Зэльва Гродзенскай вобласці. Пралеска 07/2017

Ганненскі кірмаш вітаем, наша свята пачынаем!

Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: замацаваць уяўленні дзяцей пра мясцовае свята «Ганненскі кірмаш», гісторыю яго ўзнікнення, даўнейшыя і сучасныя традыцыі; развіваць творчыя здольнасці, цікавасць да свайго пасёлка; выхоўваць любоў да роднага краю і яго традыцый.
Матэрыял і абсталяванне: сімволіка і афіша свята «Ганненскі кірмаш», вырабы для афармлення «гандлёвых радоў», музычны цэнтр, аўдыязапісы беларускіх народных музычных твораў, дэталі вопраткі гандляроў, бабулі Еўкі і дзеда Тамаша, вяроўка з ільну, выява сімволікі сучаснага «Ганненскага кірмашу», якая падзелена на асобныя часткі.

Ход мерапрыемства

Зала ўпрыгожана. 3 аднаго боку размешчаны «гандлёвыя рады» з мясцовымі вырабамі і сувенірамі, на сцяне замацавана сімволіка і афіша свята «Ганненскі кірмаш». У процілеглым баку ў якасці гасцей сядзяць дзеці з іншых груп. Заходзяць выхаванцы старшай групы з песенным прывітаннем, суправаджаючы два першыя радкі рытмічным плясканнем у далоні:
Сёння мы гасцей вітаем,
Здароўя, шчасця ўсім жадаем!
Добры дзень вам, добры дзень!
Рады бачыць мы гасцей!
Рады бачыць мы гасцей!
Добры дзень вам, добры дзень!

Выхавальнік дашкольнай адукацыі (В .д.а.). Дзеці, а што гэта за афіша перад намі? (Падыходзіць бліжэй і чытае.)
Весялей іграй гармонік,
Прыгажэй пасёлак наш!
Запрашаем мы ўсіх сёння
На Ганненскі на кірмаш!
Не губляйце марна час —
Тут даўно чакаюць вас!

Дзеці, сёння ў нашым пасёлку пачынаецца Ганненскі кірмаш. Ці ведаеце вы, што гэта за свята? (Адказы дзяцей.) Правільна, гэта свята старажытнае, на якое збіраліся не толькі мясцовыя жыхары, але і з’язджаліся госці з іншых мясцін і нават з далёкіх краін. Што адбывалася і адбываецца ў дні кірмашу на вуліцах нашай Зэльвы? (Адказы дзяцей.) Так-так, усюды шумна, весела і людна. Давайце і мы завітаем на свята!
3 песняй «На кірмаш», якая выконваецца на матыў беларускай народнай мелодыі «Мікіта», дзеці з выхавальнікам дашкольнай адукацыі крочаць да «гандлёвых радоў».
В.д.а.
Хутка ўсе сюды бяжыце,
Ды ўважліва глядзіце!
Будзем весела гуляць,
I, вядома ж, сябраваць!
На нашым кірмашы заўжды
Прывабныя гандлёвыя рады!

Разглядаюць тое, што выстаўлена на сталах: вырабы з дрэва, гліны, вышываныя ручнікі, маленькія слоічкі з мёдам і інш.
1-ы гандляр.
Кірмаш — гэта свята, цудоўнае свята,
На ім прыгажосці і працы багата!
(Бярэ сувенірнага коніка.)
Глядзіце, вось конік драўляны,
3 гісторыі Зэльвеншчыны знаны.
В.д.а. Дзеці, а чаму гандляр кажа, што конь знаны ў гісторыі Зэльвеншчыны? (Адказы дзяцей.) Правільна, конь — сімвал Ганненскага кірмашу, дзе напачатку гандлявалі коньмі, за якімі прыязджалі купцЫ з розных краін.
1-е дзіця.
3 першым сонечным промнем на ўлонні Зямлі
Прачынаецца Зэльва, і гэтак — вякі!
Тўт людзі што трэба, і мая тут радня!
Невялічкая Зэльва — радзіма мая.
С. Худзяеў
2-е дзіця.
Сёння ў нашай Зэльве свята,
I гасцей у нас багата.
Едуць ўсе ў пасёлак наш —
Сёння ж Ганненскі кірмаш!
А. Вілісава
В.д.а. А зараз, шаноўныя госці і ўдзельнік кірмашу, мы праспяваем для вас песню пра наш любы край.

Наша Зэльва

(сл. П. Марціноўскага, муз. У. Захаркі)
Хораша вясновым ціхім ранкам
Паблукаць па лесе, ля ракі.
Там, дзе вадасховішча Зальвянка,
Дзе знаходзяць шчасце рыбакі.
Прыгажосць вакол, куды ні глянеш...
Цёплая вясенняя пара.
Добры дзень, шаноўныя зальвяне,
Шчасця вам, здароўя і дабра!

Прыпеў:
Зямля мая, Зальвяначка,
Як песня канапляначкі,
Напеўная, адкрытая, чароўная,
Цябе мы любім горача,
Тут жыць цудоўна, хораша.
Прытулак мілы — горад наш, любоў мая.

Пад святлом халодным зоркі Вегі
Жыў народ з надзеяй у душы,
А ў Зэльве ладзілі Сапегі
Лепшыя ў Еўропе кірмашы.
Твае славы і твае нагоды
Помнім мы, і гэта не сакрэт,
Будзем ганарыцца мы заўсёды
Цябе ведаў навакольны свет.

В.д.а. Малайцы, дзеткі, цудоўна праспявалі і даказалі, што і цяпер таленту і здольнасці на нашай зямлі хапае! А зараз давайце пагуляем.

Беларуская народная гульня «Конікі»

У сярэдзіне залы з вяроўкі выкладваецца круг з такім разлікам, каб у ім свабодна маглі змясціцца ўсе ўдзельнікі гульні. Сярод іх выбіраецца «шпак», які становіцца ў круг. Астатнія — «конікі», яны знаходзяцца вакол круга. Скачучы на дзвюх нагах, «шпак» ловіць «конікаў» пры набліжэнні да круга. Калі «шпак» не ўтрымаецца і выйдзе за межы круга, то «конікі» таксама павінны перамяшчацца скачкамі на дзвюх нагах. Злоўлены гулец становіцца ў круг і робіцца «шпаком». Ён можа скакаць толькі на адной, правай або левай назе, і ўсе «конікі» — таксама. «Конік» лічыцца злоўленым, калі «шпак» дакранецца да яго рукой. «Шпак» не мае права мяняць спосаб перамяшчэння пасля выхаду з круга, а «конікам» нельга выходзіць за межы абазначанай пляцоўкі. Гульня заканчваецца, калі ўсе ўдзельнікі апынуцца ў сярэдзіне круга.

Уваходзяць бабуля Еўка і дзед Тамаш.
Дзед Тамаш.
Сюды, сюды! Усё здзіўляе,
Кірмаш моцы набірае!
Бабуля Еўка.
Спыніся, дзед, спыніся.
На цуды падзівіся!
В.д.а. Добры дзень, шаноўныя бабуля Еўка і дзед Тамаш! Віншуем са святам вас!
Дзед Тамаш. О, колькі вас тут сабралася, як мурашак у мурашніку! А кірмаш які багаты!
В.д.а. Вядома ж, багаты, нездарма Ганненскім завецца. Вы сюды па якой патрэбе завіталі?
Бабуля Еўка. 3 якім таварам на кірмаш мы завіталі, пакуль не скажам, а паказаць — пакажам. Пра нас песню заспявайце, нашы рухі разгадайце!

Дзеці становяцца ў круг, у яго сярэдзіне — бабуля Еўка і дзед Тамаш. Дзеці вядуць карагод і спяваюць:
Бабуля Еўка, дзед Тамаш, го-го-го.
Прыехалі на кірмаш, го-го-го.
Што прывезлі прадаваць, го-го-го.
Паспрабуем адгадаць, у-ха-ха-ха-ха.
Дзеці спыняюцца, а бабуля і дзед рухамі і мімікай паказваюць, які тавар яны прывезлі. Дзеці спрабуюць адгадаць.
2-і гандляр.
Смялей падыходзьце, тавар выбірайце.
Таргуйцеся з намі, а потым купляйце!
Падыходзяць да лаўкі з ручнікамі.
В.д.а. Якія цудоўныя ручнікі!
3-і гандляр.
На ручніках і на сурвэтках
Палыхаюць ружы-кветкі.
Тут і пеўнікі, і гусі,
Вышывала іх бабуся.
Чараўніца наша бабка —
Аж здзіўляецца Агатка.
Возьме ў рукі палатно —
Ажывае ўраз яно.
Ручнікі купляй-бяры,
А нас танцам адары!

Танец з ручнікамі

(пад бел. нар. песню «Купалінка»)

4-ы гандляр.
Мы былі на глінішчы,
Бралі гліну ў прыгаршчы.
Шмат на лаўку нанасілі,
Замяшалі, замясілі,
Наляпілі гладышоў,
Місак, сподкаў, спарышоў.
Сохне посуд на двары,
Хіба ж мы не ганчары?!
В.д.а. Дзеці, што тут прадаецца?
Дзеці. Вырабы з гліны.
Бабуля Еўка. Якая прыгажосць, вельмі хачу набыць вось гэты гарлачык.
1-ы гандляр.
Каб прадукцыю прыдбаць,
Трэба зноў жа пагуляць.

Гульня «Гарлачык»

Па крузе ідзе «пакупнік» і спыняецца каля аднаго з дзяцей-«гарлачыкаў», якія сядзяць, і пытаецца: «Колькі каштуе гэты гарлачык?» Дзіця адказвае:
За гарлачык гэты
Просім крышачку:
Каб ніколі не хварэць —
Маннай кашы лыжачку.
Пасля гэтых слоў «гарлачык» узнімаецца і бяжыць па крузе ў адным напрамку, а «пакупнік» — яму насустрач. Кожны з іх імкнецца заняць месца, якое засталося вольным, Той, хто спазняецца, бярэ на сябе ролю «пакупніка».
Пасля заканчэння гульні бабуля Еўка купляе гарлачык.
2-і гандляр.
Падыходзьце, дружбакі,
Да гандлёвай лаўкі.
Да самай лепшай лаўкі —
Вясёлай забаўлянкі!
В.д.а.
Бачу мёду шмат у вас,
Пачастуйце трошкі нас!
2-і гандляр.
Абавязкова пачастую,
Але найперш пытанні і заданні адрасую,
Калі пачую правільны адказ,
Тады і пачастую вас.
В.д.а. Што ж, слухаем пытанні заданні.
2-і гандляр. Як называецца драўляны павільён, у якім падчас Ганненскага кірмашу пад музыку скрыпачоў да раніцы ладзіліся танцы? («Сабачая горка».)
Калі пачынаўся і колькі доўжыўся Ганненскі кірмаш? (3 25 ліпеня да 25 жніўня.)
Кірмаш, што праводзіўся ў Зэльве, меў міжнароднае значэнне. Замежнікі прыбывалі ў наша мястэчка з Францыі, Саксоніі, Баварыі, Нідэрландаў, Аўстрыі, Прусіі, Італіі, Даніі, Швецыі і іншых краін. Ці сапраўды так? («Так!»)
Нарэшце, апошняе заданне. 3 асобных частак малюнка складзіце цалкам сімволіку сучаснага «Ганненскага кірмашу».
Дзеці выконваюць заданне.

2-і гандляр.
Шчыра, госці, вам удзячны —
Заслужылі мёд мой смачны!
Частуйцеся самі,
Дзяліцеся з сябрамі!

Дзед Тамаш. Дзякуй. Час развітвацца. Ніколі не забудзем ваш кірмаш.
Бабуля Еўка. Раскажам пра яго ўсім, каго сустрэнем па дарозе дадому. Дзякуй за весялосць і смех, ласункі і пачастункі! (Развітваюцца.)
В.д.а. Дзеці, дзе мы сёння з вамі пабывалі? Каго мы сустрэлі? Што найбольш за ўсё спадабалася вам на кірмашы? 3 якімі нечаканасцямі мы там сустрэліся? (Адказы дзяцей, падвядзенне вынікаў мерапрыемства.)
Зараз і нам пара вяртацца ў групу. Да пабачэння, удзельнікі кірмашу і шаноўныя госці!
Пад беларускую народную песню дзеці пакідаюць залу.

ЛІТАРАТУРА:

1.Ліпскі, У.С. Вясёлка над Нёманам: дзецям пра Гродзеншчыну / У.С. Ліпскі. — Мінск: Літаратура і мастацтва, 2011.
2.Славуты Зэльвенскі край: матэрыялн навуковай гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі «Старонкі гісторыі Зэльвеншчыны» (Зэльва, 12 снежня 1998) / рэдкал. Д.С. Аляшкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Ліда: Лідская друкарня, 2004.

Яшчэ на гэту тэму:

Восеньскі кірмаш     Музычны кірмаш