сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. А. ЗАХАРЧУК, аспірантка Брэсцкага педагагічнага інстытута. Пачатковая школа Кастрычнік 1995 г.

Прыйшлі Каляды, ўсе людзі рады...

Сцэнарый фальклорнага свята

(Уваходзіць гаспадыня, ставіць на стол стравы.)

Гаспадыня:
Прыйшлі каляды,
Ўсе людзі рады,
Вепручкоў смаляць
I жыццё хваляць.
Пастаўлю драбінку —
Дастану саланінку.
Гаспадар. А перш за ўсё трэба куццю на стол паставіць. Зараз прыйдуць да нас госці — калядоўшчыкі.

(Уваходзяць калядоўшчыкі.)

1 -ы госць. Добры вечар таму, хто ў гэтым даму! Ці дазволіце калядаваць?
Гаспадыня. Добры вечар, калядуйце.

(Песня „Добры Вечар, пане гаспадару".)

Ноты песні Добры вечар пане
— Добры вечар, пане гаспадару, ой, Каляда!
Харошыя маеш ты сыночкі, ой, Каляда!
Ой, што ж яны ў цябе робяць? Ой, Каляда!
— У святлічцы золата важаць, ой, Каляда!
Наважылі трыццаць пудоў і чатыры, ой, Каляда!
Тыя трыццаць пану гаспадару аддалі,
А тыя чатыры нам, каляднічкам і Калядзе.

(Кожны радок паўтараецца 2 разы.)

1 -ы госць.
Ідзём талакою,
Усіх віншуем з Калядою,
Сеем, веем, рассяваем,
3 Калядою ўсіх вітаем.
(Абсыпаюць прысутных зернем.)
Сёння ў вашай хаце
Будзем весела скакаці.

Гаспадыня. Добры вечар! Міласці просім кожнага ў госці!
2-і госць.
Гаспадынечка-перапёлачка,
У цябе сырнікаў поўная полачка.
А ты нас частаваць будзеш?
Гаспадыня. Буду!
2-і госць. А мы цябе віншаваць будзем і са святам, і з Калядою, і з добрым здароўечкам.
3-і госць.
Добры вечар, шчодры вечар
Твайму дому на ўвесь вечар,
Павітай жа і нас —
Прынясі нам каўбас.
Пахадзі каля печкі,
Пашукай там перапечкі.
1-ы госць.
Гаспадынька, не скупіся,
Каб твой ячмень урадзіўся.
Каб нажала сто коп жыта,
Каб сям’я была ўся сыта.
Усе госці.
Добры вечар, шчодры вечар
Твайму дому на ўвесь вечар.
Гаспадыня.
Нешта доўга вы па сяле блукалі,
Пакуль мяне дасталі.
Якія навіны на свеце чулі?
2-і госць.
Шчодры, бодры,
Пабіў дзед вёдры,
А баба гаршкі,
А свіння мяшкі.
3-і госць.
Яшчэ ёсць навіна:
Скача верабейка
Ды на сметнічку,
Кліча дзевачак
На гуляначку.
Вам, дзевачкі, скрыпкі граюць,
Па вас, малодачкі, дзеткі плачуць.
(Песня „ Не кур, не Вей, мяцеліца".)

Ноты песни Не кур не вей мяцелица
Не кур, не вей, мяцеліца, гэй, Каляда!
Не завявай сцежак, дарожак, гэй, Каляда!
Ой, я ж пайду к матульцы ў госці.
Да матулькі йшла — вяночак віла,
Ад матулькі йшла — развіваючы,
Ой, па красачцы раскідаючы.
Ды ўкінула ў ліпавы кусток,
А ў кусціку шэранькі ваўчок.

(Усе госці і гаспадары пачынаюць скакаць кадрылю ці „Таўкачыкі".)

1-ы госць.
У тваім дварку, як у вянку,
Шчодры вечар, добры вечар!
Гаспадар, як вінаград,
Гаспадыня, як каліна,
А сынкі, як сакалкі,
Дочкі, нібы васілёчкі.
2-і госць.
Шчадрую, шчадрую, каўбасу я чую.
Дайце каўбасу, дамоў я панясу,
Дайце другую, толькі даўгую,
Дайце трэцюю, хоць авечую.
Гаспадыня. На, даражэнькі, болей няма.
3-і госць.
Шчадравала, шчадравала,
Што ты, баба, гатавала?
Што варыла, што пякла?
Давай хутка да стала.
Гаспадыня.
Сядайце, сядайце,
Куццю паспытайце.
Хто куцці болей зачарпне,
Той у багацці год пражыве.

(Частуе гасцей куццёй.)

Госці. Смачная куцця! Смачная!
Гаспадыня. Вось глядзіце, глядзіце! Яшчэ госці ідуць і казу вядуць.

(Заходзіць другая група гасцей.)

4-ы госць.
Ідзём круга света
Аж ад лета.
Мы ад лета ідзём,
Казу вядзём,
Шчасце нясём.
5-ы госць.
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць,
Дзе прабягае,
Там вылягае.
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом,
Дзе каза бывае,
Там шчасце вітае,
А дзе не бывае,
Шчасце мінае.
6-ы госць.
Павярніся, каза, на капыцікі,
На крэпкія, на срэбныя.
Як пайшла каза па ўсім сяле,
Да знайшла каза гаспадынечку,
Гаспадыню добрую.
Госця з казою.
Гаспадынечка-маліначка!
Нашай казе не шмат трэба:
Сем печ перапеч
I кусок сала,
Каб каза не упала.
(Каза падае.)
Гаспадыня.
Каб не было бяды,
Цягні казу сюды.
Каб каза устала на рожанькі —
Два пірожанькі,
На хвасточак —
Каўбасы шматочак.

(Песня „Го-го-го, каза".)

Ноты песні Го-го-го каза
— Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
Дзе рожкі дзела?
— На соль праела.
На печы авёс
Вялікі прарос,
На падлозе жыта
Ўсё нагамі збіта,
А ў тым жыце
Перапёлачка!
Вывела дзеці,
Міла глядзеці.
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць,
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам,
Дзе каза нагой,
Там жыта капой.

(Прыпеў „Го-го-го, каза, го-го-го, шэра" Выконваецца перад кожнай страфой.)

Гаспадыня. Вунь яшчэ госці ідуць і цыганку вядуць.

(Уваходзяць госці з цыганкай.)

Цыганка.
Я магу вам пагадаць,
Долі-шчасця пажадаць.
На новае лета ўродзіць
Жыта і пшаніца,
Ўсякая пашніца.
Табе, гаспадынька,
Піва варыці — сынкоў жаніці,
Мёд збіраці — дачок аддаваці,
А нам усім — на вяселлях скакаці.
(Цыганка танцуе.)
Гаспадыня.
Час ужо за стол сядаць.
Чым жа мне вас частаваць?
4-ы госць.
Едуць, едуць Калядкі,
Вязуць бліны, аладкі,
Ай, Калядачкі на двор,
А каўбасачкі на стол.
Гаспадыня.
Усіх зараз пачастую
Пышнымі аладкамі,
Зацікаўлю, зачарую
Песнямі, загадкамі.
Гаспадар. На дварэ гарою, а у хаце ракою. (Снег.)
Гаспадыня. Зімой і летам адным цветам. (Елка.)
Гаспадар. Кругленька, бяленька, усяму свету міленька. (Сонца.)
Гаспадыня. Прыйшоў вол, выпіў вады дол. (Мароз.)
Гаспадар. Шуба бела ўвесь свет адзела. (Снег.)
Гаспадыня. Белая птушка ўвесь свет абляцела. (Дзень.)
Гаспадар.
Ну, музыка, грай, грай,
Да гуляння запрашай.

(Гаспадары і усе госці танцуюць.)

1-ы госць.
А цяпер здаровы бывайце,
Праз год нас чакайце.
Усе разам.
3 Калядою вас ды з вясёлаю,
3 зімачкаю яснаю,
3 долечкаю шчаснаю.

(Госці развітваюцца і ідуць з хаты.)



Яшчэ на гэту тэму:

Ехала каляда ў чырвоным вазочку     Калядныя забавы