сцэнарыі святаў на беларускай мове

Любоў ПАРМОН, настаўніца пачатковых класаў, Людміла САХАРЭВІЧ, выхавальніца, Наталля ТРЫГУБОВІЧ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Уздзенскай санаторнай школы-інтэрната. Роднае слова 8/2005

“Бацька і маці ад Бога ў хаце”

Вечарына для вучняў IV - IX класаў

Педагогі Уздзенскай санаторнай школы-інтэрната дзеляцца з калегамі вопытам пазакласнай працы. У № 5 за 2004 г. змешчаны іх сцэнар літаратурна-музычнай вечарыны «Зямля бацькоў — зямля святая», а таксама расповед «Даваць веды, здароўе і радасць...» (з вопыту працы школы-інтэрната) Н. Трыгубовіч і яе ўрок — лінгвістычная майстэрня «Азначэнне».

Сцэна стылізавана пад беларускую хату: вісяць вышываныя ручнікі, абраз, пасярэдзіне стаіць стол. Пад беларускую музыку на сцэну выходзяць “бацька” і “маці” з “немаўляткам” на руках. Па чарзе да іх далучаюцца дзеці, становяцца ў кружок і круцяцца вакол “бацькоў”. Потым яны гавораць прыказкі.
- Бацька і маці ад Бога ў хаце.
- Хто бацьку і маці шануе, той дзецям добрую долю гатуе.

Выходзяць вядучыя — хлопец і дзяўчына.
Хлопец. Так павялося між людзей - жадаць адно аднаму найперш сямейнага шчасця. Бо ва ўсе часы чалавек ратаваўся ад жыццёвых віхур і ўдараў лёсу ў сваёй сям’і.
Дзяўчына. Тут былі яго апора, глеба, выратаванне ад адзіноты і падтрымка ў старасці.
Хлопец.
Сцежкі маленства, сцежкі маленства!
Вы - лекі ад розных людскіх калецтваў.
Па вашай траве, па вашых росах
Часцей бы ступаць нам нагою босай,
Часцей бы да вас нам усім прычашчацца,
Ад бруду ўсялякага ачышчацца.
Лячыцца вашых крыніц чысцінёю
Ды матчынаю слязою святою.
К. Цвірка.

Дзяўчына. У кожнага чалавека ёсць куточак, асабліва дарагі і мілы яго сэрцу. Гэта месца, дзе ён нарадзіўся.
Гучыць песня “Дом, дзе мы радзіліся” (верш У. Карызны, музыка Ю. Семянякі).
Хлопец. Для любога з нас: дзіцяці, падлетка, юнака, пасівелага дарослага маці і бацька - самыя родныя, самыя дарагія людзі на свеце, яны далі нам самае каштоўнае — жыццё.
Дзяўчына. Па-рознаму ў нас на Беларусі называюць бацькоў.
Хлопец. Маці, маты, матка, мама, мамо.
Дзяўчына. Тата, тато, папа, бацька, бацько, оцец.
Хлопец. А колькі ёсць ласкавых слоў, каб выказаць сваю любоў, пяшчоту да самых родных людзей.
Дзяўчына. А давайце паглядзім, ці ведаем мы гэтыя словы. Запрашаем на сцэну маці і сына, бацьку і дачку.
Дзеці дораць сваім бацькам кветкі, па чарзе звяртаюцца да іх з ласкавымі словамі.
— Татка, татуля, татачка, татулік, татуся, татулька, татусачка, татулёк, татуль.
— Мамуля, мамачка, матка, мамуська, мамулечка, матулька, мамухна, матуся.

Хлопец. Час не стаіць на месцы. Мяняюцца адносіны ў сям’і паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі.
Дзяўчына. Ахвотна згадзіліся расказаць пра гэта...
На сцэну запрашаюцца дзяўчынка ці хлопчык, якія распавядаюць пра сваю сям’ю.
Хлопец. А вось пра тое, якія стасункі былі ў сям’і раней, раскажа наша госця, раней - дачушка, потым - жонка і матуля, а цяпер — яшчэ і бабуля...
Усе ўважліва слухаюць выступленне жанчыны сталага ўзросту. Пасля гучыць песня “Бацькоў не забывай” (верш М. Ясеня, музыка Л. Захлеўнага).
Дзяўчына.
Народная мудрасць сцвярджае: “Бацька фармуе розум, а маці лашчыць цела і душу”. І гэта сапраўды так.
Хлопец. Мужчына імкнецца прадоўжыць сябе ў справах рук і розуму, у імені і прозвішчы дзіцяці, а жанчына дае жыццё новаму чалавеку і вучыць адрозніваць дабро ад ліха.
Дзяўчына.
Маці - працаўніца,
Маці - карміліца,
Маці - заступніца.

У цяжкія хвіліны сагравае прамянямі сваёй любові, свеціць, калі цёмна, грэе, калі холадна, аддае апошні кавалак, калі голадна, засланяе грудзьмі ад смяротнай небяспекі.
Чытальнік.
Кажуць мне, падобны да цябе я.
Усмешка, як твая, пагляд вачэй.
Колькі ж, мама, з добраю надзеяй
3-за мяне не спала ты начэй?
Ростам я з табой амаль зраўняўся,
Ці ж магу я сэрцам дарасці?
Каб, як ты, я праўды не баяўся,
Каб, як ты, жыццём сваім ісці?
С. Паліўка.

Хлопец. А цяпер паслухайце легенду пра маці. Думаю, што для многіх яна будзе павучальнай!
Літаратурна-музычная пастаноўка "Легенда пра маці"
Легенда чытаецца па ролях. Чытанне суправаджаецца аўдыёзапісам шуму мора, крыку чаек.
1-ы чытальнік. Даўным-даўно на беразе Чорнага мора жылі людзі. Яны аралі зямлю, пасвілі скаціну і палявалі на дзікіх звяроў. Восенню, калі заканчваліся палявыя работы, людзі выходзілі на бераг мора і наладжвалі вясёлыя святы. Спявалі, танцавалі ля вогнішчаў, бавілі час у гульнях, якія заканчваліся кіданнем. стрэлаў — стрэлаў шчасця.
Калі юнак хацеў стаць паляўнічым, ён пускаў стралу ў бок лесу; калі пастухом - у бок статка, калі ж аратым — у бок поля, Глядзець на гэтыя гульні выходзіў з мора сам цар Нептун. Кожны раз, гледзячы на іх, ён усміхаўся.
Нептун. Як людзі ні выхваляюцца сваёй сілай, а мяне ўсё ж баяцца. Ніхто з іх не адважыўся пусціць стралу ў бок маіх уладанняў.
2-і чытальнік. Аднойчы падышлі да вогнішча юнакі, раптам павярнуліся ў бок мора і ўсе, як адзін, пусцілі туды стрэлы. Нептун прыйшоў у шаленства.
Нептун. Я ўсіх вас пахаваю ў бездані марской!
2-і чытальнік. Жанчыны задумаліся: марскі цар на самай справе можа пахаваць іх дзяцей у моры. А жанчыны былі тут вельмі дужыя, прыгожыя і ніколі не старэлі. Думалі яны, думалі і вырашылі аддаць усю сваю сілу сынам. Юнакі, узяўшы мацярынскую сілу, падышлі да самага берага мора. Каб не пусціць іх да вады, Нептун узняў вялікія хвалі, але хлопцы не пабеглі назад. Затое іх маці пасля гэтага сталі слабымі.
1-ы чытальнік. Калі Нептун убачыў, што юнакі не адступіліся, ён дзіка зарагатаў і злосна закрычаў.
Нептун. Жанчыны, вашы сыны выстаялі супраць мяне тут, на беразе, але ў моры я парву ім рукі!
1-ы чытальнік. Жанчыны зноў задумаліся. Так, марскі цар і гэта зрабіць можа, у яго моцныя жылы. Пакуль яны думалі, на паверхню вады выплылі дочкі Нептуна. Яны, як і іх бацька, былі вельмі непрыгожыя і таму папрасілі...
Дочкі. Жанчыны, аддайце нам сваю прыгажосць, а мы дастанем з дна мора моцную траву, спляцём з яе жылы для вашых сыноў, і рукі ў іх будуць такія моцныя, як у нашага марскога бацькі.
2-і чытальнік. Жанчыны адразу пагадзіліся і аддалі дочкам марскога цара сваю прыгажосць
1-ы чытальнік. Даведаўся цар Нептун пра тое, што зрабілі яго дочкі, раззлаваўся і выкінуў іх з мора, ператварыў у чаек.
2-і чытальнік. Юнакі, адчуўшы моц у руках і плячах, нарэшце выйшлі ў мора. Выйшлі і прапалі. Чакаюць іх маці, чакаюць - не вяртаюцца сыны. З’явіўся зноў перад жанчынамі Нептун і засмяяўся так, што ад яго смеху нават хвалі захадзілі па моры.
Нептун. Не дачакацца вам цяпер сыноў! Яны ж блукаюць. Вы забыліся, што на моры няма ні дарог, ні сцяжынак.
Жанчыны. Няхай будзе ў нашых вачах менш святла, але няхай над нашай зямлёй яшчэ ярчэй гараць зоркі, каб нашы сыны знайшлі па іх дарогу да родных берагоў.
1-ы чытальнік. Толькі сказалі так, і ў небе адразу ярка-ярка заблішчалі зоркі. Юнакі ўбачылі іх,і хутка вярнуліся дамоў.
Вось чаму маракі моцныя і непераможныя. Маці аддалі ім усё найлепшае, што мелі.

Гучыць песня “Пажадай мне, мама” (верш У. Пецюкевіча, музыка Дз. Даўгалёва; Роднае слова, 2002, №3, с. 112).
Дзяўчына. 3 самага свайго нараджэння, а можа, і яшчэ раней, мы адчуваем цеплыню, ласку, сілу матуліных рук. Цябе і мяне яны аберагаюць ад цяжкасцяў і складанасцяў жыцця.
Хлопец.
Цалуйце рукі любыя матуль,
Прапахлыя работаю і сонцам.
3 душою, прачуленай да донца,
Цалуйце рукі любыя матуль.
Не забывайце, што для іх бясконца
Цяжэе вечных клопатаў хатуль.
Цалуйце рукі любыя матуль,
Прапахлыя работаю і сонцам.
М. Пазнякоў.

Гучыць песня “Матуліны рукі” (верш Н. Цыбулькі, музыка Л. Захлеўнага).
Чытальнік.
Калі пушок прабіўся над губою
І ў сны прыйшло дзявочае імя,
Я ні аб чым не раіўся з табою,
Матуля адзінокая мая.
Мне сорамна здавалася часамі
Сярод хлапцоў - цыбатых забіяк -
Назваць цябе, як у маленстве, “мама”,
Таму часцей не называў ніяк.
А вечарамі, слова не сказаўшы,
Ішоў блукаць каля чужых варот
І пазіраў, як у акенцы нашым
Мігаў у лямпе да світання кнот.
Не спала ты асеннімі начамі,
Хоць падала ад зморы галава,
Глядзела ў змрок вільготнымі вачамі,
Прывычная да гора удава,
Ты прала кужаль, ты капала гліну,
А ў час жніва зусім не чула ног,
Ды гаварыла ласкава пра сына:
“Хай падрасце, няхай паспіць сынок”.
І зноў сама збіралася па дровы,
А ў валасах гусцела сівізна —
“Хоць бы сказаў ён ласкавае слова,
Хоць бы, як колісь, мамаю назваў”.
...Прайшлі гады. Мы пасівелі самі,
І, мабыць, крыўдна мне не аднаму,
Што гэтае святое слова “мама”
Цяпер сказаць ужо няма каму.
С. Грахоўскі.

Гучыць песня “Я вярнуўся дадому” (верш Л. Пранчака, музыка В. Іванова; Роднае слова, І998, № 11, с. 212 - 213).
Дзяўчына. Шчаслівы той, хто мае бацьку і маці. Вялікае шчасце мець добрага бацьку і добрую маці.
Хлопец. А для бацькоў найвялікшае шчасце — мець добрых і чулых дзяцей.
Гучыць магнітафонны запіс.
Маці. Алё.
Голас. Слушаю Вас.
Маці. Ніна, гэта ты?
Голас. Нина Петровна на экстренном совещании. Позвоните попозже.
Маці. Алё, алё!
Голас (па-англійску).
Маці (уздыхаючы). Дзеткі мае, дзеткі, дзе ж вы?

Інсцэнізацыя ўрыўка з драмы “Вечар” А. Дударава*.
Гучыць песня “Калыханка маме” (верш Н. Мацяш, музыка I. Вінаградавай; Роднае слова, 1995, № 3, с. 77 - 78).

Дзяўчына. Шануйце дабрыню, хоць і слабую. Шануйце мудрасць, хай сабе нямоглую. Насіце на руках бацькоў. Кланяйцеся ім да долу, людзі.
Хлопец. Жадаем нашым дарагім дзецям і бацькам, усім сем’ям поспеху, шчасця, здароўя.
Няхай будзе, як з чароўнага рога:
Шмат добрага ўсяго, шчаслівая ў жыцці дарога.
Жывіце і любіце, дом свой беражыце!

_______________________
* Родная літаратура: Падручнік-хрэстаматыя для 9 кл. / Пад рэд. В. Ляшук. - Мінск: Асар, 1996. С. 546 - 555.


Ад рэдакцыі часопіса "Роднае слова": Акрамя згаданых песняў пры правядзенні вечарыны мы раім выкарыстаць таксама публікацыі песняў у нашым часопісе:
1. “Мамачка” (верш Л. Пранчака, муз. 3. Яўтуховіча; 1992, №№ 7-8, с. 157).
2. “Прыеду дадому” (верш А. Алпеева, муз. У. Будніка; 1999, № 4, с. 110 - 111).
3. “Дом, дзе мы радзіліся” (верш У. Карызны, муз. Ю. Семянякі; 1998, № 5, с. 190).
4. “Бацькоў не забывай” (верш М Ясеня, муз. Л. Захлеўнага-, 1997, № 5, с. 195 — 196).
5. “Маміна вішня” (верш У. Карызны, муз. Л. Захлеўнага; 1997, № 1, с. 210),
6. “Сустрэча з домам” (верш Н. Гарагляд, апрацоўка тэксту і муз. I. Раманчука; 1999, № 7, с. 216 — 217).
7. “Трэба дома бываць часцей” (верш Р. Барадуліна, муз. І. Лучанка; 1993, № 8, с. 80).


Яшчэ на гэту тэму:

“Шчаслівая зорачка”     Адкуль мой род