сцэнарыі святаў на беларускай мове

Валянціна СТАТКЕВІЧ, выхавальнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, санаторныя дзіцячыя яслі-сад № 539 Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, г.Мінск. Пралеска 10/2011

Вяселля і радасці хопіць на усіх!

Сцэнарыі беларускіх народных святаў для дзяцей групы «Фантазёры» і ix бацькоў

ДАЖЫНКІ
Сцэнарый фальклорнага свята
Пад беларускую народную музыку ў залу ўваходзяць дзяўчаткі з сярпамі і хлопчыкі з косамі і музычнымі інструментамі, спыняюцца ў сярэдзіне залы. Дзяўчаткі ў вяночках з дубовых і кляновых лісцеў становяцца паўкругам.
Вядучая (В.).
Усіх, хто ў полі не ляніўся,
Хвалу аддаў вялікім дням,
Усіх, хто добра нарабіўся...

Усе. Мы запрашаем у госці к нам!
Дзяўчаткі з сярпамі (жнейкі) і хлопчыкі з косамі (касцы) кажуць па чарзе:
Хто да зямлі прыгінаўся ніжэй,
Той будзе да хлеба бліжэй!
Хто набраўся мазалёў,
Той пад’есць і хлеба!
Таму, хто працуе старанна заўсёды,
Павага, любоў і пашана народа.
Хай песні гучаць і чуецца смех —
Вяселля і радасці хопіць на ўсіх!

Дзеці кладуць музычныя інструменты.
Дзяўчынка-жнейка. Маці, маці, пара жыта жаці, каласок нахіліўся! Маці! Пара, пара, пачнем жаці!

Песня-танец «Жніво».

У час танца выстаўляецца снапок — «каза».
В. Жнейкі, ці пакінулі вы жыта на «казу»?
Дзяўчаты. Пакінулі! Пакінулі!
В. Давайце яе ўпрыгожым! Вось вам стужачкі — сіняя, зялёная, чырвоная, жоўтая, блакітная.
Пад музыку дзяўчаты ўпрыгожваюць «казу»і кажуць па чарзе нагавор.
1-я жнейка. Цябе пакідаем, каб жыта радзіла!
2-я жнейка. А косы сплятаем, каб густа ўзышло!
3-я жнейка. Вадой паліваем, каб росным было!
4-я жнейка. Паполем наўкола, . каб чыстым расло!
Жнейкі ставяць «казу» ля сцяны, бяруць калоссе.

«Танец з калоссем».

Пасля танца жнейкі ўпрыгожваюць сноп калоссем.
5-я жнейка.
Дажыначкі! Дажыначкі!
Мы канчаем жаці!
Дажыначкі, дажыначкі,
Казала мне маці,
Што спадару трэба
Збожжа аддаці

Жнейкі з «казой» абыходзяць усіх па зале, спыняюцца ля гаспадара, які сядзіць на лаўцы.
Гаспадар.
Каціўся вяночак па полі,
Прасіў жнеячак дадому:
— Дадому, жнеячкі, дадому,
Ужо нагуляліся па полі,
Густа снапы вяжучы!

В. Дварочак, што вяночак, ды гаспадар — гультай! На стол нават хлеба не паклаў.
Гаспадар. Які ж я гультай? I дурань кашу зварыць, калі крупы ёсць! Хто працуе да поту, той і пад’есць у ахвоту!
В. А ці багаты ўраджай гародніны ў цябе?
Гаспадар. Каб быў багаты ўраджай, трэба каб дожджык шоў часцей.
Дзеці. А мы яго зараз паклічам.

Песня «Дожджык» (муз. С. Галкінай).

Дзяўчынка. Люба бегаць пад дожджыкам з парасонам светленькім.

Гульня «Дожджык» (паводле песні С.Галкінай).

Гаспадар. Вось гэта я разумею. А ну, дачушка пакажы які у нас ураджай!

Інсцэніроўка «Карагод агародніньі»
(сл. Э.Агняцвет, муз. А. Рэмізоўскай).

Гаспадар. Ну што, бачылі, які я гультай?
В. А мы прынеслі табе зерне. Пячы каравай ды частуй нас! (Падае зерне ў місцы).
Гаспадар. Сноп т зерне я вазьму. Сноп пастаўлю на покуць, а зерне на стол. Пакуль каравай спячэцца, паспяваем ды паскачам яшчэ. А можа, вы стаміліся, і спяваць не хочаце?
В. Хто гэта не хоча? Мы? Гэй, музыкі, зайграйце весялей! Мы пачнем святкаваць Дажынкі! Слава хлебу! Слава працы! I зямельцы слава!

Аркестр «Ой, лопнуў абруч»
(украінская народная мелодыя).

В. Гэй, Мікіта, не зявай,
Хутка гульні пачынай!

Беларуская народная гульня «Мікіта».

В.
Гэта хто да нас ідзе,
3 крыніцы ваду нясе?

Хлопец.
Гэй вы, хлопцы і дзяўчаты,
Сабірайцеся ля хаты!
Паспяваем, пагуляем
Ды гасцей пазабаўляем!

Інсцэніроўка -«Ля крыніцы»
(паводле беларускай народнай мелодыі).

В. Ну што, гаспадар, ці не гатовы каравай?
Гаспадар. Не,не гатовы! Пакуль што адгадайце загадку.
Не шкадуюць мяне, мнуць,
У печ гарачую кладуць.
А як вымуць, дык нажом
Рэжуць за сталом.(Хлеб)

Малайцы, адгадалі! Пра што вас яшчэ запытаць? (Думае.) А ці ведаеце вы прыказкі і прымаўкі аб працы аб хлебе?

Прыказкі і прымаўкі.

Гаспадар. Што ж вам такое яшчэ загадаць?
В.
Ой, гаспадар, хопіць!
Дажалі жыта? Дажалі ярчык?
Не шкадуй, гаспадар, нам каравайчык!

Гаспадар. Каравай яшчэ не паспеў, вось у чым справа.
Усе. А мы табе дапаможам.

Гульня «Пяку, пяку хлебчык».

Гаспадар. Вы ж мае памочнікі! Запрашаю ўсіх паскакаць, тады і каравай смачнейшы будзе.

Танец «Кадрыля».

Гаспадар выносіць каравай.
Дзеці.
Ён - духмяны, свежы, шчасны.
Кожны дзень яго дамоў
Мы нясём з універсама.
Хлеб – аснова ўсіх асноў.

Зернем нівы засявалі
Хлебаробы ў весні час.
Сэрцам шчодрым сагравалі,
Каб квітнела свята ў нас.

Пахне хлеб дажджом і ветрам,
Працай — за святло святлей.
Нібы сонейка над светам,
Хлеб духмяны на стале.

Вядучая наладжвае гандаль. Пакупнікі (бацькі) прыносяць на свой стол прысмакі і частуюцца разам з дзецьмі.
В. 3 нагоды нашага свята заспяваем на заканчэнне вясёлую песню.

КІРМАШ
Сцэнарый восеньскага свята
У рытм беларускай народнай музыкі дзеці падскокам заходзяць у музычную залу, становяцца павольна.

Вершы пра восень (чытаюць дзеці).

Песня «Мокрыя вяровачкі» (сл. і муз. Я. Жабко).

В. Нешта тут сумнавата. А давайце паедзем на кірмаш! Восень бывае і вясёлая. Пакуль даедзем, і дождж, можа, скончыцца.
Пад песню «На кірмаш» дзеці «едуць на вазочку».
1-я гандлярка.
Усіх, усіх, хто не ленаваўся,
Добра справаю займаўся
I не траціў марна час,
Запрашаем на кірмаш.

2-я гандлярка.
Гэй, спадары, сюды ідзіце,
Ім, спадары, сюды глядзіце:
Чай гарачы, абаранкі,
Шкарпэткі, фіранкі,
Лялькі, свістулькі,
Цацкі для дзетак,
Круцёлкі, вяртушкі,
Гаршэчкі для кветак.

1-я гандлярка.
А вось музычныя інструменты.
Тут і гармонікі, дудкі,
I ксілафоны, і лыжкі.
Як пачнеш на іх іграць,
Ногі просяцца скакаць.

Дзеці. Дык, можа, нам прадасі?
1-я гандлярка.
Інструменты не прадаюцца,
За ўсмешку так даюцца.

Дзеці весела ўсміхаюцца, бяруць музычныя інструменты.

Аркестр «Юрачка» (беларуская народная песня).

2-я гандлярка. А вось бычок. ладны, спрытны, самы вясёлы! Падыходзьце, купляйце!

Гульня-інсцэніроўка «Бычок»

(беларуская народная песня).
«Бычок» бадаецца, даганяе дзяцей.
Дзеці. Не будзем такога бадучага купляць, пойдзем далей.
Да прылаўка падыходзіць хлопчык.
Хлопчык. Колькі каштуюць курачка і качачка?
1-я гандлярка. А колькі дасцё? Інсцэніроўка «КУРА-ЗЛАТАПЮРА»- (паводле беларускай народнай песні).
2-я гандлярка.
А вось бульбачкі вам поўны мех,
Каб была ў вас радасць і здаровы смех.
Падыходзьце, купляйце,
Толькі самі адгружайце.

На гульню запрашаюць бацькоў.

Гульня «Разгрузі грузавік бульбы».

Да прылаўка падыходзіць дзяўчынка, глядзіць, шукае, нічога не знаходзіць.
1-я гандлярка. Чаго шукаеш, дзяўчынка? Можа, вось абараначкамі смачнымі, мядовымі пачастуешся?
Дзяўчынка спявае песню.

Песня «Ай-чу-чу»
(сл. Л. Пранчака муз. Э. Захлеўнага)

2-я гандлярка. А вось рэдзька смачная! Можна яе і ў салацік, ды калі хочаш як хочаш можна есці, толькі ад мышкі беражыце.

Беларуская народная гульня «Рэдзька».

1-я гандлярка. Падыходзьце да мяне! Тут у мяне захаваўся чароўны капялюшык, хто яго надзявае, той скакаць пачынае.

Гульня «Капялюш» (запрашаюць бацькоў)

Дзеці падыходзяць да прылаўка з цацкамі, разглядаюць, купляюць.
2-я гандлярка. У мяне таксама чароўныя рэчы.
Гэтыя лапці-лапаточкі
Схаваліся ў куточку.
А ну, паспрабуйце іх абуць!

Гульня «Лапці» (беларуская народная мелодыя)

1-я гандлярка. Глядзіце,лапці сапраўды чароўныя! Хто іх абувае, той таксама скакаць пачынае. Завядзём вясёлую «Бульбу»!

Танец «Бульба» (дзеці запрашаюць сваіх бацькоў).

2-я гандлярка. Пакуль вы тут скакалі, з пякарні нам прывезлі свежы, смачны, духмяны пірог. За тое, што вы, дзеткі, увесь тавар наш раскупілі ды яшчэ і павесялілі, мы вас запрашаем на гарбату з пірагамі.
Гучыць песня (на выбар музычнага кіраўніка).
Дзеці і дарослыя «на вазочку» пад песню «На кірмаш» «ад’язджаюць» з музычнай залы.

ІДЗЕ, ІДЗЕ КАРАГОД...
Сцэнарый вячорак
Музычная зала прыбрана ў беларускім стылі, Выходзяць гаспадыня (жанчына) і гаспадынька (дзяўчынка ).
Гаспадыня. Добры вечар, шаноўныя госці! Праходзьце, сядайце, гаспадарамі сябе адчувайце.
Гаспадынька. Чым наша хата багата тым і рада. Мы з матуляйсёння чакаем яшчэ гасцей, каб песнямі ды вясёлымі гульнямі прывітаць працаўніцу Восень. А вось і сяброўкі да мяне ідуць.
Пад вясёлую танцавальную музыку ўваходзяць дзяўчаты.
Дзяўчаткі (спяваюць прытанцоўваючы)
Ой, бяда, бяда, бяда,
Хлопцаў з’ела машкара.
Ніводнага не засталося,
Што ж такое адбылося?

Гаспадыня. Добры вечар, дзяўчаты! А чаму ж вы адны прыйшлі? Дзеж вашыя хлопцы падзеліся?
Дзяўчаткі. Ды не патрэбныя нам тыя хлопцы!
Гаспадыня. Чаму ж так?
Дзяўчаткі (спяваюць прытанцоўваючы)
Нашы хлопцы задаюцца,
Што ўмеюць танцаваць.
У адну ручку – качарэжку,
А ў другой штаны дзяржаць.

Гаспадыня. Ну, калі так, праходзьце, сядайце, прымайцеся за працу.
Пад спакойную музыку дзяўчаткі працуюць: намотваюць клубочкі, вышываюць, вяжуць.
Гаспадынька (прыбіраючы ў хаце, падыходзіць да дзвярэй). Дзяўчаткі, хлопцы ідуць!
Дзяўчаткі спыняюць працу, кідаюцца да люстэрка, прыхарошваюцца.
Хлопцы. Добры вечар у хату!
Дзяўчаткі. Добры вечар!
Хлопцы (па чарзе). Мы прыйшлі да вас не з пустымі рукамі, а з восеньскімі дарамі!
А гэта капуста, каб у вашых засеках не было пуста.
А тут рэпа, морква, бурак, каб вашыя шчочкі палалі, як мак.
А вось бульбачкі мех, каб заўсёды чуўся смех.
А вось яблыкаў воз, каб вас абмінаў авітаміноз.
А гэта гарох, каб кожная ела за трох.
Крыху восеньскай крынічнай вады каб вы не зведалі ніякай бяды.

Хлопцы перадаюць падарункі, дзяўчаткі кладуць іх на стол.
Дзяўчынка. Гэй, вы, хлопцы і дзяўчаты, паспяваем, пагуляем ды гасцей пазабаўляем!
Хлопчыкі і дзяўчынкі спяваюць «Дражнілкі».
Гаспадыня. Хопіць вам ужо сварыцца! Лепш наладзім вясёлыя скокі.

Парны танец «Печкі-лавачкі»
(фанаграма ў выкананні гурта «Сябры»)

Дзіця. Цётачка, раскажы нам казачку.
Гаспадыня. Казачку? Іш, чаго захацелі! Казкі слухаць цікава, але трошкі сумнавата. А мы з вамі весяліцца сабраліся. Я лепей вам загадкі загадаю пра тое, што ў маёй гаспадарцы ёсць.
Загадкі.
Не кароль, а ў кароне,
Не гусар, а пры шпорах.
Гадзінніка не мае, а час знае. (Певень.)
З барадою, а не стары; з рагамі, а не бык. (Казёл.)
Дояць, а не карова; лыка дзярэ, а лапці не пляце. (Каза.)
Сярод двара стаіць капна,
Спераду вілы, ззаду – мятла. (Карова.)
Шчыплюць траўку каля рэчкі
У цёплых кажушках…(авечкі).
Круглыя, як мячыкі,
Быццам адуванчыкі,
На двары ля хаты ходзяць…(кураняты).

Гаспадыня. Малайцы! А зараз зайграйце вясёлую музыку, каб ногі самі пусціліся ў скокі.

Аркестр «Ой, лопнуў абруч» (украінская народная мелодыя).

Гаспадыня. А яшчэ ў гэтым годзе багата ўрадзіла рэдзька. Пойдзем збіраць?

Беларуская народная гульня «Рэдзька».

Пад музыку выходзіць дзяўчынка.
Дзяўчынка. Падумаеш, рэдзьку насеялі і назбіралі. Вось я — гаспадыня сапраўдная, у мяне ўсё самае лепшае.

Гульня-інсцэніроўка «Гаспадыня гарная»
(паводле беларускай народнай песні).

Гаспадыня. Калі ты такая ладная гаспадыня, тады схадзі на кірмаш і купі самы прыгожы гарлачык.

Гульня «Гарлачык» (паводле музыкі С. Галкінай).

Гаспадыня. А вось бычок, прадаецца бычок, самы лепшы, самы разумны, самы ласкавы.

Інсцэніроўка-гульня «Бычок»
(паводле беларускай народнай песні).

«Бычок»(дзіця) бадаецца, даганяе дзяцей.
Гаспадыня. Усе тут ці не?
Дзеці. Ўсе!
Гаспадыня. Што, сябры, для жыта трэба?
Дзеці. Ну, вядома, трэба глеба.
Гаспадыня. А для птушкі?
Дзеці. Вышыня.
Гаспадыня. А для казкі?
Дзеці. Цішыня.
Гаспадыня. Ну, а што для весялосці?
Дзеці. Каб часцей бывалі госці!
Гаспадыня. Запрашаем гасцей разам з намі прыпевачкі заспяваць. Мы пачнем, а вы падхоплівайце!

Прыпеўкі «Стукалка- грукалка»
(пад акампанемент народных беларускіх шумавых інструментаў).

Прапануецца гульня для бацькоў.

«Музычны дыванчык».

Гаспадыня. Мы і пелі, і скакалі, і гулялі, і жартавалі. Відаць, надышоў час дамоў збірацца...
Гаспадынька. Яно так, але ж на развітанне запрашаем усіх на кадрылю.

Танец з бацькамі «Кадрыля»

Гаспадынька. А пакуль вы скакалі, мае пачастункі паспелі прыгатавацца (выносіць каравай).
Гаспадыня. Жадаю вам, каб жылі ў дастатку, каб у жыцці вашым усё было ў парадку. Шчасця ўсім, долі і хлеба даволі! Прыходзьце яшчэ, будзем рады!
Пад музыку госці і ўдзельнікі разыходзяцца.

«УСЕ МЫ 3 БАБУЛІНЫХ, ДЗЯДУЛЕВЫХ ДАЛОНЯЎ...»
Сцэнарый свята
Зала прыгожа прыбрана. Гучыць грамзапіс «Вясельныя песні» (ансамбль народнай музыкі «Свята» ці «Бяседа»).
Вядучая (В.).
Усе мы з хаты,
Усе мы з цішыні,
Усе з бабуліных,
дзядулевых
далоняў...

Усе мы з хатаў, якія завём агульным домам — Бацькаўшчынай. Наша спадчына — кожная сцяжынка, усё жывое — названа нашымі продкамі самымі пяшчотнымі, дарагімі і роднымі нам беларускімі словамі: сонейка, зямелька, жыццё. Як добра, што сёння сярод нас жывуць і працуюць вельмі адданыя людзі, самыя дарагія і блізкія, якія вучаць адчуваць і любіць родны край. Гэта нашы бабулі, дзядулі, бацькі.
У любімай мове роднай, наскай,
Ах, якія словы:
«Калі ласка!»
Як звіняць яны сардэчнаю струною,
Праз усё жыццё ідуць са мною.

Гэтымі шчырымі словамі народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі пад гукі задушэўнай беларускай мелодыі вядучая і дзеці сустракаюць гасцей і рассаджваюць іх.

Карагод «Да нас госці прыйшлі»
(сб. «Музыка в детском саду», М., 1986).

Дзеці стаяць пасярод залы (тварам да гасцей) і спяваюць.
В.
Да нас госці прыйшлі,
Дарагія прыйшлі.
Нездарма кісель варылі,
Пірагі пяклі.

Становяцца ў круг; ідуць па крузе і спяваюць.
Зараз разам мы ўсе
Патанцуем для гасцей.
Вы папляскайце ў далоні,
Ды часцей, часцей.

Дзве дзяўчынкі прыносяць пірагі, становяцца пасярэдзіне круга.
I з морквай пірог,
I з капустаю пірог,
Ці ж бывае без начынкі
Смачны, смачны пірог?

Дзеці становяцца адно насупраць аднаго і выконваюць рухі па тэксце.
Ты топні нагой
Ды прытопні другой,
Я ваўчком круціцца стану,
А ты так пастой.

На пройгрыш танцуюць парамі. Вядучая і дзве дзяўчынкі падносяць беларускі каравай і пірагі гасцям, ставяць на падрыхтаваныя сталы.
Дзяўчынка.
Мая бабуля не скупая:
Усё, што мае, — аддае.
Так і быць паабяцаю
Сёння слухацца яе.

В. Паглядзім зараз, як вы ўмееце слухацца. Падкажыце гэта ў нашых прыпеўках, якія трэба дарыфмаваць.
Вядучая з калегай спяваюць, а дзеці ўстаўляюць словы.
Дзяўчынка.
Словы цёплыя знайду,
Пра бабулю верш складу:
Мілая, пяшчотная,
Бабуля мая родная.

Усе дзеці. I нашы бабулі самыя родныя.
В. Запрашаем бабуль пагуляць у фальклорную гульню-танец «Ты, Надзейка, раскажы».
Хлопчыкі. А нашы дзядулі ў войску служылі. I цяпер яны, як тады, маладыя. Мы ў іх вучымся, як салдатамі стаць.

Песня-танец «Бравые солдаты» (сл. і муз. А. Філіпенкі).

В. (звяртаецца да хлопчыкаў). Каб у арміі служыць, трэба добра ўмець лічыць. А вы навучыліся?
Загадкі-жарты.
В. Адказы на іх трэба хутчэй знайсці на стале і падняць таблічку з патрэбнай лічбай.
На палянцы, дзе дубы,
Крот убачыў два грыбы.
А далей, каля асін,
Ён знайшоў яшчэ адзін.
(Колькі крот знайшоў грыбоў?)

У снег упаў Іванка,
А за ім Мар’янка,
А за ёй Кастусь,
А за ім Пятрусь,
Упала і Алеся.
Колькі ўсіх дзяцей на снезе?

У бабулі Дар’і
Унучка Наталля,
Сабачка Дружок
I коцік Пушок.
(Колькі сяброў у бабулі?)

У Алёнкі ў гасцях
Два кураняткі ў лапцях.
Качка ў спаднічцы,
Курка ў завушніцах,
Конік прыляцеў зялёны.
Колькі ўсіх гасцей у Алёны?

Паглядзім, якія моцныя ды спрытныя нашы дзядулі.

Гульня «Перацягні канат»

(спаборнічаюць адначасова 3—4 каманды).
В. Нашы дзеці часта ездзяць у вёску да бабуль і дзядуляў. Раскажыце, што там ёсць цікавае.
Выходзяць дзеці і спяваюць мелодыю якой-небудзь знаёмай песні.
1-е дзіця.
Шпарка па двары хадзіў,
Дзёўбаў зерне кракадзіл.
2-е дзіця.
Што за дзіва, што за цуд:
У рэчцы плавае вярблюд.
Рыкае ды лае,
Хвосцікам віляе.
3-е дзіця.
Есць кабыла сала,
А мужык авёс,
Кабыла села ў сані,
А мужык павёз.
4-е дзіця.
Мышка кошку сустракала
— З’ем цябе, — яна сказала.
Сядзіць кошка ў нары,
Мыш гуляе па двары.

В. Ці так? (Дзеці адказваюць)
Гэта — жартоўная песня. А цяпер патанцуем. Дзеці, вашы бабулі і дзядулі ведаюць танцы сваіх бацькоў?

Госці танцуюць «Падэспань».

Да бабулі нашай Волі
Часта ўнукі прыязджалі,
Часта ўнукі прыязджалі,
Песні розныя... (спявалі).

А Алеська — балаўнік,
Працаваць дужа прывык.
Ён талерачку пабіў,
Бабульцы новую… (купіў).

А Валерушка-краса
У яе русая каса.
Распрыгожая каса
Да самага… (пояса).

Будзем добра працаваць,
І бабульку шанаваць.
Ёсць ў бабулькі шмат работы,
Будзем яе (рабіць ахвотна).

В. Нашы бабулі і дзядулі вёдаюць добрыя прыпеўкі. Калі ласка, праспявайце для нас.
Выконваюцца прыпеўкі. Магчыма, пад асабісты інструмент (балалайку, гітару ці што-небудзь інш.).
Хлопчык. Паслухаеш мудрасць бабулі ды дзядулі, і сам мудрым станеш.
В. Вось і паслухаем, якія бываюць мудрыя ўнукі.
Хлопчык (чытае верш А. Грачанікава «Цікаўны ўнук»).
Рана ўнук чамусьці ўстаў
I адразу запытаў:
- Дзед!
3 якой такой пары
Я — маленькі, ты — стары?
Дзед на ўнука паглядзеў,
Побач з ім на ложак сеў:
— Справа, мабыць,
Не ў пары,
Наш узрост — жыцця дары.
Мне таму старэнькім быць,
Каб цябе дабру вучыць...

2-гі хлопчык (чытае верш В. Маругі «Памочнік»).
Петрык бабулі
Пад самы парог
З грушамі кошык
паднесці памог.
Дзякуе бабка
За дапамогу
Петрык ёй кажа:
-Нічога-нічога!
Я ад работы
Даўно не бягу.
Трэба –
І з’есці іх
Дапамагу.

Песня «Бабчына памочніца»
(верш К. Кірэенкі, музыка В. Сярых)

В.
А зараз усім на здзіўленне
Будзем глядзець прадстаўленне!
Але ж, госцейкі, спачатку
Адгадайце вы загадкі.

Дзеці (загадваюць загадкі).
Лёг вусаты, а ўстаў гарбаты. (Кот.)
Лапатамі ходзіць, а трубою п’е. (Гусак.)
Ходзіць цар па градзе, носіць блін на барадзе. (Певень.)
Хто з барадою родзіцца? (Казляня).
Маденькі шарык пад лаўкай шарыць.(Мыш).
Усіх возіць, а сам пехатою ходзіць. (Конь).
Нос пятачком, хвост кручком, нічога не баліць, а ўсё стогне. (Парсюк).

В. Нашы бабулі і дзядулі таксама ведаюць загадкі. Калі ласка, загадайце, а мы з дзецьмі пастараемся іх адгадаць.

Загадкі ад дарослых.

В. А дзе ж нашы музыкі? Выходзяць дзеці ў беларускіх касцюмах.

Беларускі народны танец «Трасуха».

Дзяўчынка (чытае верш А. Бадака «Бабуліны рукі»).
У бабулі Люды Рукі —
Проста цуда!
Усё яны ўмеюць,
Усё яны паспеюць:
I кароўку падаіць,
I ў печы прапаліць,
Прапалоць ля хаты градкі,
Даць паесці парасятку.
I падлогу памыць,
I мяне пакарміць —
Сваю ўнучку Машу
Смачнаю кашай!

В. (звяртаецца да гасцей). Гэта пра вашы ўмелыя рукі, добрыя сэрца, мудрасць і вопыт расказвалі вашы ўнукі.
Хлопчык (выязджае «коннік»; паводле верша Н. Галіноўскай «Но, мой конік!»).
Но, мой конік вараны,
Мы паедзем на бліны —
Дранікі бульбяныя,
Бабуляй згатаваныя.
Я бабулі памагаў,
Бульбу з ёю абіраў.
Будуць смачныя бліны,
Но, мой конік вараны!

В. Дарагія нашы госцейкі, запрашаем вас на пірог і гарбату. Зараз конік адвязе ўсіх у суседнюю залу, дзе вас чакае мноства сюрпрызаў.
Мы дзякуем вам за сустрэчу і жадаем моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця! А вы, дзеці, любіце, шануйце, беражыце сваіх бабуль і дзядуляў.
Дзеці дораць букеты, зробленыя імі самімі.

ГУЧЫЦЬ ЦЫМБАЛАЎ ПЕРАЗВОН...
Сцэнарый свята
Хлопчык з дудкай выходзіць на сярэдзіну залы.
Дударык.
Я знайшоў сабе дуду,
Я на вуліцу пайду.
Гучней, дудачка, гудзі!

Дзеці. Мы гуляем — ты вадзі!

Гульня «Мікіта».

1-е дзіця. А зараз што гудзе?!
Камар.
Я схіліўся да зямлі —
Нешта цвёрдае ўпала
I мне ўсе бакі памяла.

Дзеці.
Гэта ж свісцёлка!
А ты хто?
Камар.
Я - камар-свістунец,
Які голасу не мае,
Толькі свістам размаўляе.
Дзеці. А граць умееш?
Камар.
Хіба ж мурашкі граюць?
Яны поўзаюць і лятаюць.
Вазьміце ад мяне падарунак —
Гэта не смачны ласунак.
Дзеці. Дзякуй!

Гучыць грамзапіс «Цымбалы».

Дзеці падыходзяць да елкі
Дзеці. Добры дзень!
Вавёрка. Добры дзень!
Дзеці. А ты хто?
Вавёрка.
Я — вавёрка-лесаводка -
Жалуды збіраю лоўка.
Запрыкмеціла ў траве
Незвычаныйінструмент.

Дзеці. А граць умееш?
Вавёрка. Я не ўмею. Вазьміце ад мяне падарунак, ці кінуць у кусты?
Дзеці. Дзякуй!

Гучыць грамзапіс «Цымбалы»

Дзеці падыходзяць да пня. На ім сядзіць мядзведзь і расцягвае гармонік.
2-е дзіця. Што за грукат? Хто так іграе? Цішыню нам парушае!
Дзеці. Ты хто?
Мядзведзь. Я — мядзведзь.
3-е дзіця. Гэта што за скрынка, скрынка-весялінка?
Мядзведзь. Хто яе растурхае, увесь лес затупае. Прыміце ў падарунак, бо схаваю ў бярлог.
Дзеці. Дзякуй!

Гучыць грамзапіс «Цымбалы».

Дзеці падыходзяць да агароджы. Сарока перабірае трашчоткай.
Дзеці. Добры дзень!
Сарока. Добры дзень!
Дзеці. А ты хто?
Сарока.
Балбатлівая сарока
Так трашчала не нарокам.
Аж вылазіла са скуры,
Бо такая ўжо натура.

Дзеці. Хіба ж так іграюць?
Сарока. Дык бярыце падарунак, ці павешу на страху.
Дзеці. Дзякуй!

Гучыць грамзапіс «Цымбалы».

Дзеці падыходзяць да хаты. У вакно выглядвае дзед.
Дзед. Ой, гора мне, гора, стары дурань! Ішоў лесам, не заўважыў дзірку ў кошыку, згубіў усе інструменты, засталіся адны цымбалы.
Дзеці. Добры дзень!
Дзед. Мусіць, зноў вясковыя дзеці прыйшлі ягады збіраць.
4-е дзіця. Мы ішлі на гукі цудоўнага інструмента.
Дзед. Даруйце, згубіў я ўсе інструменты.
Дзеці. А мы знайшлі!
Дзед. Вось як добра! (Выходзіць з-за хаты і выносіць цымбалы.) Паслухайце, як прыгожа гучыць гэтае слова — «цым-ба-лы». Адкуль ішлі гукі? Дзе яны хаваюцца?
Дзеці. Гэта струны.
Дзед. Так, паспрабуйце і вы крануць душу цымбалаў, але рабіць гэта трэба асцярожна, далікатна.
Дзеці па чарзе пальчыкам або медыятарам кранаюць струны.
Дзед. Скажыце, ці аднолькава спяваюць струны? (Адказы дзяцей)
Вядома ж, у кожнай свой галасок.
1-е дзіця. Нібы дажджынкі праскакалі.
2-е дзіця. У небе звонкая вясёлка.
3-е дзіця. Крыніц гаворка.
4-е дзіця. Спеў жаваранка на палях.
Дзед. Усё гэта гукі беларускай прыроды, роднай зямлі, А зараз... (прапануе дзецям свісцёлкі і лыжкі).
Дзякуй вам, дзеткі любыя, душу маю павесялілі. Бярыце вось міскі з дубу і лыжкі, што я зрабіў з ліпьі. Пакажыце, на што здатныя, як умееце граць на інструментах.
Дзеці з інструментамі становяцца ў аркестр. Гучыць мелодыя народнай песні.

Яшчэ на гэту тэму:

У нас дажынкі     Наша ніўка залатая