сцэнарыі святаў на беларускай мове

Галіна ПАНКОВА, музычны кіраўнік бабруйскага дзіцячага дома №1 для дзяцей з затрымкай у псіхічным развіцці. Пралеска 05/1993г.

Смех гучыць - смяюцца дзеці

Сцэнарый спартыўна-цыркавога прадстаўлення

Пад музыку I. Дунаеўскага з кінафільма "Цырк" на імправізаваную арэну выходзяць удзельнікі прадстаўлення — клоуны, фокуснік, дрэсіроўшчык, дзеці ў маляўнічых касцюмах. У руках яны трымаюць рознакаляровыя шары, стужкі, мячы і г.д. Усе абыходзяць арэну, спыняюцца і выконваюць нескладаныя рухі з прадметамі: падкідваюць мячы, паўпрысядаюць з шарамі, узмахваюць стужкамі.
Адгучаў марш, усе атрыбуты прыбіраюцца, дзеці садзяцца вакол арэны.
Гучыць песня , Ул. Шаінскага "Цырк". Выходзяць клоуны: высокі Бім і нізкі Бом.

Бім. Добры дзень, дзеці! Як вас многа! Як жа мы будзем знаёміцца? Давайце так: я скажу: "Раз, два, тры" — і кожны з вас гучна назаве сваё імя.
Дзеці (усе разам). Вова, Коля, Света, Каця і г.д.
Бім. А мяне клічуць Бім. А гэта мой сябар — клоун Бом.
Бом.
Смех гучыць — смяюцца дзеці, —
Цырк мілей за ўсё на свеце.
Нашы дзеці не сумуюць,
3 цыркам сонечным сябруюць.

З’яўляецца Бім. У яго ў руках бубен, за поясам — дудачка, на плячы — гармонік. Ён ідзе вялікімі крокамі За ім дробненька тупае Бом, заглядвае то справа, то злева.
Бім.
Та-ра, та-ра, трам-там-там,
Паіграю тут я сам.
Б’е ў бубен.
Бім.
Бубен, Бім, аддай хутчэй,
Ты не будзеш граць яшчэ!
Забірае бубен.
Бім.
Та-ра, та-ра, трам-там-там,
Нельга тут, дык можна там.
Расцягвае мяхі гармоніка.
Бом. Я сказаў, тут нельга іграць!
Забірае гармонік. Бім дзьме ў дудачку.
Бом.
На арэне больш не грай,
Лепей дудачку аддай.
Бім.
Тара-тара, трам-там-там,
Дудку ўжо я не аддам!
Даганяй мяне хутчэй.
Ой! Там дзеці ля дзвярэй.
Выходзяць акрабаты (дзеці старэйшай групы).
Бім.
Нашы акрабаты — вясёлыя рабяты,
Выступленне пачынаюць,
Дзетак шчыра запрашаюць.
Выступленне акрабатаў.
Бом.
Бім! Бім! Дзівачок!
Дык куды ж наш Бім уцёк?
Нарабіў усім бяды!
Дзе схаваўся ты? Куды?
З'яўляецца Бім з сачкамі.
Бом. Вось ты дзе! Нашто сачок?
Бім. Пралятаў тут матылёк.
Азіраецца па баках.
Бом. Матылька нідзе не відаць. Давай лепш пагуляем. Па камандзе "Сачок падняць!' ты падымаеш сачок, а дзеці — рукі. Па камандзе "Сачок апусціць!" ты апускаеш сачок, а дзеткі апускаюць рукі.
Бім. Я таксама ведаю цікавую гульню. Называецца "Лавушка".
Мы — вясёлыя рабяты,
Любім бегаць і гуляць.
Паспрабуй жа нас дагнаць!
Раз, два, тры — лаві!

Адно дзіця бярэ абруч і стараецца нахінуць яго на каго-небудзь з дзяцей, якія ўцякаюць, Клоуны кладуць на падлогу каляровую стужку. Гэта — "дрот".
Бом.
А вось і балярына —
Маленькая Ліна!
На галоўцы банцік белы,
Па канаце ходзіць смела.

Дзяўчынка з парасонам або з шарам выконвае нескладаныя рухі на "дроце” Потым разыгрываецца сцэнка з клоунам Бімам, які хоча стаць канатаходцам. Стужку падымаюць над падлогай, ён просіць апусціць ніжэй, яшчэ ніжэй, зрабіўшы некалькі крокаў, падае і г.д.
Бім. Бом, давай прапануем дзецям паспаборнічаць. Сябры, вы згодны?
Дзеці. Згодны!
Дзве каманды становяцца ў калоны. Ногі шырока расстаўлены. Вядучыя штурхаюць мяч так, каб ён паміж дзіцячых ног дакаціўся да канца калоны. Апошні ў калоне павінен, падхапіўшы мяч, прыбегчы і стаць першым (або штурхнуць мяч і ўслед за ім па "калідору” паміж ног пралезці наперад).
Бом. Спаборніцтва працягваем!
Эстафета. Ставяцца арыенціры — кубы, кеглі і інш. Удзельнічаюць дзве каманды па 7 чалавек.
1. Язда на самакатах.
2. Вядзенне мяча.
3. "Таксі” (па 2 чалавекі ў абручы).
4. "Тачка".
5. Пераправа.
6. Бег у мяшках (клоуны).
Гучыць музыка ў грамзапісе.

Бом.
Дрэсіроўшчык вунь ідзе,
Конікаў сюды вядзе.
"Конікі” — трое дзетак. Дрэсіроўшчык узмахвае кнутом, конікі выконваюць яго загады: бягуць па кругу, разам падымаюць адну нагу, затым другую, махаюць галовамі, кружацца на месцы.
Дрэсіроўшчык. Добры дзень, хлопчыкі і дзяўчынкі!
У мяне для вас сюрпрыз,
Так, сюрпрыз, а не капрыз.
Сёння ж свята, дзень цудоўны,
Дзень вясёлы і чароўны.

Выходзяць тры "мядзведзі” з надзіманым бервяном, гуляюць з ім: перакідваюць нагамі; , лежачы на спіне, падымаюць на выцягнутых руках і г. д.
Дрэсіроўшчык. Дзеці, а зараз я пагляджу, ці ўсе вы ўважлівыя.
Гульня "Калі падабаецца табе, то рабі так".
Гучыць у грамзапісе песня "Богатырская наша сила, сила духа и сила воли...". З'яўляюцца клоуны.
Яны ледзьве цягнуць канат, хістаюцца, адзін з іх падае, другі спатыкаецца. 3 цяжкім уздыхам кладуць канат на сярэдзіну арэны.

Бом. Не, не перавяліся яшчэ ў нас асілкі.
Спаборніцтва: перацягванне каната (2 групы). Бім выбягае з мячом. Кідае яго дзецям.
Бім.
Пакаціся, сіні мячык,
Хутка-хутка па руках.
У каго вясёлы мячык —
Той станцуе гапака.

Дзеці перадаюць мяч адно аднаму. На апошнім слове вершыка дзіця, у якога апынуўся мяч, выходзіць на сярэдзіну і танцуе. Можна правесці гульню "Добры дзень, паляўнічы!.
Лад музыку на арэну выходзіць фокуснік.

Фокуснік.
Чараўнік я, чарадзей,
Я старэй за ўсіх людзей.
Загадаю: знікні, дым!
Нежывое, стань жывым!

Паказвае фокусы. Жывая палоска: вузкую палоску тонкай паперы трымаць недалёка ад рота, канец яе, вядома ж, апусціцца. Калі ж моцна падзьмуць па версе палоскі, то яе канец узляціць уверх.
З’яўляецца Бом з перавязаным вухам.

Бом. Ой, ой, баліць!
Фокуснік. Што ў цябе баліць, Бом?
Бом. Вуха. Дапамажыце мне, калі ласка, вы ж чараўнік.
Фокуснік. Зараз я цябе вылечу. Раз, два, тры! Хвароба, выходзь!
3-пад далоні, якой ён накрыў вуха, фокуснік "выцягвае" хваробу клоуна — серпанцін.
Да Бома падбягае Бім, яны перагаворваюцца. Потым штосьці шэпчуць фокусніку. Той не адразу, але згаджаецца.

Фокуснік. Калі ўжо вам так падабаецца гэта гульня, то я згодны.
Гульня "Бачылі-бачылі”.
Фокуснік. Сябры! Бачылі вы ў заапарку або на карцінках птушак, звяроў, хатніх жывёл? Я буду расказваць вам пра іх. Калі вы бачылі гэтага звера ці птушку, то гаварыце; "Бачылі, бачылі! У заапарку бачылі!" А калі не, то крычыце: ''Не!”. Пачынаем!
За рашоткай ля варот
Спіць вялізны бегемот.

Дзеці. Бачылі, бачылі, у заапарку бачылі.
Фокуснік.
Сланяняці ціхі сон
Беражэ дзядуля-слон.

Дзеці. Бачылі...
Фокуснік.
Чарнавокая лісіца —
Птушка — казка-чараўніца!
На хвастах яе шматлікіх
Жабкі, мышкі, чаравікі!
Паляцелі — хто?
Пінгвіны!
Вышэй елкі і асіны.
За палямі, за лугамі
Ходзіць курыца з рагамі.

Дзеці смяюцца, крычаць "не".
Клоуны. Развесяліў ты нас! А скажы, ты можаш ператварыць празрыстую ваду ў каляровую, напрыклад, у чырвоную?
Фокуснік.
Ты вада, вадзіца,
Сябра наш цудоўны,
Ты хутчэй зрабіся
3 беленькай — чырвонай.

Слоік з вадой накрываецца накрыўкай, у якую пакладзена некалькі крышталікаў марганцоўкі. Крышталікі падаюць у ваду і афарбоўваюць яе.
Гучыць марш М. Дунаеўскага. Дарослыя ўдзельнікі прадстаўлення выходзяць на арэну. На сярэдзіне
— вялікая каробка з надпісам “Марожанае”.

Бім.
На арэне выступалі,
Хораша стараліся.

Бом.
Каб і дзеці, каб і госці
Весела смяяліся.

Клоуны (разам). Свята працягваецца. Запрашаем усіх у кавярню "Ільдзінка".
Дзеці частуюцца марожаным.

Яшчэ на гэту тэму:

“Смяяцца не грэх”     1 красавіка - Дзень смеху