сцэнарыі святаў на беларускай мове

Валянціна КУКСА, выхавацель ясляў-сада N 66 Брэста.

Маці, маці, пара жыта жаці

Сцэнарый свята дажынак для дзяцей старэйшай групы

Гучыць беларуская народная мелодыя, у залу, упрыгожаную па-асенняму, уваходзяць дзеці і дарослыя ў беларускіх нацыянальных касцюмах, ва ўбранні жней з сярпамі і косамі, некаторыя трымаюць у руках каласы рознай збажыны, на галовах — вяночкі з дубовага, кляновага лісця, гронак рабіны. З'яўляюцца з рознымі музычнымі інструментамі зазывалы, якія пасля заканчэння музыкі пачынаюць зазываць на свята.
1-е дзіця.
Усіх, хто ў полі не ляніўся,
Хвалу аддаў вялікім дням,
Усіх, хто добра нарабіўся,
Мы запрашаем ў госці к нам.
2-е дзіця.
Хто да зямлі прыгінаўся ніжэй.
Той будзе да хлеба бліжэй!
3-е дзіця.
Хто панасіў мазалёў, той пад’есць і хлеба!
4-е дзіця.
Таму, хто працуе старанна заўсёды, —
Таму і любоў і пашана народа!
5-е дзіця.
Хай песні гучаць і чуецца смех,
Вяселля і радасці хопіць на ўсіх!

Зноў гучыць беларуская мелодыя, зазывалы садзяцца на месца, а да цэнтральнай сцяны выбягаюць жнеечкі ў доўгіх сукнях, падпяразаныя чырвонымі стужкамі, і ў хустачках, завязаных вакол шыі.

Дзяўчынка. Маці, маці, пара жыта жаці, каласок нахіліўся! Маці, пара, пара! Пачнем жаці!
Дарослыя спяваюць песню "Як на нашай ніўцы", жнейкі танцуюць, імітуючы дзеянні жней.
Вядучая. Жнеечкі, ці на казу вы жыта пакінулі?
Жнейкі. Пакінулі! Пакінулі!
Вядучая. Давайце яе ўпрыгожым! Вось вам стужачкі: сіняя, зялёная, чырвоная, жоўтая, блакітная...
Гучыць беларуская мелодыя (на выбар музычнага кіраўніка), дзеці ўпрыгожылі "казу".
1-я жняя. Цябе пакідаем, каб жьгга радзіла!
2-я жняя. А косы сплятаем, каб росным было!
3-я жняя. Вадой паліваем, каб густа ўзышло!
4-я жняя. Паполем наўкола, каб чыстым расло!

"Казу" ставяць каля сцяны, дзяўчынкі ў беларускіх нацыянальных касцюмах выконваюць танец з каласкамі, упрыгожанымі кветкамі. Вядучая ўносіць сноп, яго ўпрыгожваюць каласамі.

1-я жняя.
Дажыначкі, дажыначкі! Мы канчаем жаці!
Дажыначкі, дажыначкі!
Казала мне маці,
Што спадару трэба збожжа аддаці!

Дарослыя і дзеці выконваюць песню "А ў нас сёння дажыначкі", урачыста нясуць сноп па кругу, імітуюць дзеянні па зместу песні. Каля стала, накрытага вышытым абрусам, на лаве сядзіць гаспадар.
Гаспадар.
Каціўся вяночак па полю,
Прасіў жнеечак дадому,
Дадому, жнеечкі, дадому.
Ўжо нагуляліся па полю,
Густа снапы вяжучы!

Вядучая. Дварочак, што вяночак, ды гаспадар гультай! На стол нават хлеба не паставіў!
Гаспадар. Які ж я гультай? I дурань кашу зварыць, калі крупы ёсць! Хто папрацуе да поту, той і пад’есць у ахвоту!
Вядучая. Вось прынеслі табе зерне! (Падае ў місцы.) Пячы каравай ды частуй нас.
Гаспадар. Сноп і зерне я вазьму. Сноп пастаўлю на покуць, а зерне — на стол. Пакуль каравай спячэцца — паспяваем ды паскачам яшчэ. А можа, вы стаміліся і спяваць не захочаце?
Вядучая. Хто гэта не захоча? Мы? Гэй, музыкі! Зайграйце весялей! Мы пачнем святкаваць дажынкі. Слава хлебу! Слава працы! I зямельцы слава!
Дарослыя і дзеці спяваюць песні (па выбару музычнага кіраўніка), чытаюць вершы Я. Дзягуцітэ. "Каравай", А. Дзеружынскага "Хлебная скарынка", праводзяць гульню "Ты, Міхасік, не зявай".
Жнейка. Ну, што, гаспадар, ці не гатоў яшчэ каравай?
Гаспадар. Не, не гатоў. Пакуль што адгадайце загадку:
Не шкадуюць мяне, мнуць, у печ гарачую кладуць.
А як вымуць, дык нажом рэжуць за сталом.
Дзеці. Каравай! Хлеб!
Гаспадар. Адгадалі! Аб чым вас яшчэ папрасіць?
Дзіця. Ой, гаспадар, хопіць! Дажалі жыта? Дажалі ярчык? Не шкадуй, гаспадар, нам каравайчык!
Гаспадар. Каравай яшчэ не спёкся, вось у чым справа!
Вядучая. Тады паскачы нам!
Гаспадар. Напэўна, прыйдзецца.
Э-эх! (Гучыць мелодыя "Лявоніхі".) I слаб — не магу, і не слаб — не магу! Як зайграюць "Лявоніху" — ашалеўшы бягу! (Выконвае танец разам з вядучай.) Гэй! Каравайнічкі! Нясіце каравай, частуйце гасцей нашых!

Дарослыя і дзеці выконваюць беларускую народную песню "Збор жыта, збор!”. Уваходзіць гаспадыня з вялікім караваем на ручніку. Дзеці, таксама на ручніках, уносяць маленькія каравайчыкі, абыходзяць пад гучанне песні круг і становяцца пасярод залы.

1-ы каравайнічак. Звязалі, знеслі сем бочак мукі на каравай!
2-і каравайнічак. Звязалі, знеслі сем кубельчыкаў мёду на каравай!
3-і каравайнічак. Звязалі, знеслі сем пудоў цукру на каравай!
Дзеці (разам). Вялікі! Высокі наш каравай!
Гаспадыня. Хлеб! Няма табе роўнай яды аніякай.
Яму параўнання не падбярэш,
Бяры сабе бохан — са шчырай падзякай
Да ўсіх, хто рабіў яго, — рэж і еш!
Будзем гасцей сабіраць!
Будзем хлебам частаваць!
У хаце той, дзе хлеб пякуць, дзе яшчэ да хлеба
I квасу даюць!
Частуйцеся, людзі добрыя, хлебам і квасам!

Хлопчыкі ў нацыянальных касцюмах увозяць упрыгожаны возік, на ім бочка з квасам. Хлеб кладуць на стол каля ўпрыгожанага снапа.
Дзіця.
Дзякуй хлебаробам, што начэй не даспалі,
3 ранку ў поле выязджалі, шчодра зямлю засявалі!

Пад гукі беларускай народнай мелодыі дзеці выходзяць з залы.

Яшчэ на гэту тэму:

Наша ніўка залатая     Дажынкі