сцэнарыі святаў на беларускай мове

Г. П. ГЛУШАКОВА, выкладчыца Магілёўскага педінстытута. Пачатковая школа Чэрвень 1993г.

"А на Йвана-Купала..."

Сцэнарый свята для вучняў пачатковай школы

Пры святкаванні Купалля настаўніку пачатковай школы нельга абысціся без дапамогі вучняў старшых класаў, бо Купалле — свята моладзі.
Сцэнарый прапануе фальклорны матэрыял, які дапаможа маленькім вучням стаць удзельнікамі гэтага свята.


На квяцісты луг выходзяць дзяўчаты-прыгажуні. Гучна ліецца песня:
Ноты песні Пойдзем, пойдзем лугам
Пойдзем, пойдзем лугам,
Лугам зеляненькім.
А у лузе цвітуць цвяточкі,
Там дзяўчаты водзяць таночкі.

Многа песень спета
Пра цёплае лета.
Толькі Ганначка не спявае,
У буйных травах кветкі збірае.

Кветкі збірае,
У вяночак уплятае:
— Пакацісь, вяночак, у дварочак,
Дзе жыве мой мілы дружочак.

Хай ён знае, знае,
Хто яго чакае,
Хай вячэрняй роснай парою
У луг зялёны прыйдзе за мною.
Як толькі песня заканчваецца, дзяўчаты пачынаюць збіраць кветкі, каб звіць сабе купальскія вяночкі. Да іх выходзіць, спяваючы, Купала, апранутая ў народны строй, з кветкай у руцэ.
Ноты песні А на Йвана-Купала
Купала
А на Йвана-Купала дзеўкі краскі ірвалі.
А дзе тая травіца, што брат-ды-сястрыца?
А ці ведаеце, адкуль з'явілася назва гэтай кветкі? Даўно тое было. Жыла сабе прыгажуня Мар’янка. Аднойчы завітаў у тыя мясціны малады панічок. I як убачылі яны адзін аднаго, дык адразу закахаліся. Вырашыў паніч ажаніцца з гэтай дзяўчынай, але спачатку трэба спытацца дазволу ў Мар’янчынай маці. Маці згадзілася, бо вельмі спадабаўся ёй паніч.
I вось маладыя ўжо абменьваюцца сваімі крыжыкамі. Калі маці Мар'янкі ўзяла панічоў крыжык, з вачэй яе пакаціліся слёзы: яна пазнала свайго сына, якога аддала ў горад, у панскую сям'ю, у тыя часы, калі ёй цяжка было гадаваць малых дзяцей:

Не могуць Мар'яна з паночкам быць мужам і жаною,
Бо яны родныя брат з сястрою.
Але закаханыя не ведалі, як ім жыць цяпер адзін без другога. Брат і кажа:
Пойдзем, сястрыца, у поле, рассыплемся там травою,
А на Йвана-Купала выйдуць дзеўкі краскі рваць,
Выйдуць дзеўкі краскі рваць, нас з табою ўспамінаць:
Дзе ж тая травіца, што брат-ды-сястрыца?
На браціку сіні — цвет, на сястрыцы — жоўценькі.

Кожная купальская зёлка мае сваю вельмі цікавую гісторыю. Па кветках, верылі людзі, можна даведацца аб здароўі сваіх родных. Для гэтага напярэдадні купальскай ночы трэба ўваткнуць кветку купалкі паміж бярвенняў хаты і загадаць на чалавека. Калі кветка пасля ранішняй расы не звяне, значыць, таму, на каго загадалі, жыць доўгія гады.
А зараз паглядзіце, якія цудоўныя вяночкі сплялі дзяўчаты з купальскіх зёлак.

Дзяўчынкі надзяваюць вяночкі і пачынаюць вадзіць карагод:
Ноты песні Ой, рана на Йвана
Ой, рана на Йвана,
Ой, рана на Йвана,
Проці Йвана ночка мала.
Ой, рана на Йвана.

Ой, рана на Йвана,
Ой, рана на Йвана —
Дзе Купала начавала?
Ой, рана на Йвана.

Ой, рана на Йвана,
Ой, рана на Йвана —
Начавала ў чыстым полі.
Ой, рана на Йвана.
Ой, рана на Йвана,
Ой, рана на Йвана —
У чыстым полі, у густым жыце.
Ой, рана на Йвана.
Купала
Ой, месячык, месячык,
Узыдзі ты раненька,
Развядзі купалейка.
Дзеўкам на пяянейка,
Хлопцам на гулянейка,
Бабкам на сядзенійка,
Дзеткам на глядзенійка,
Музыкам на йгранейка.
Гучаць беларускія народныя мелодыі: “Лявоніха”, “Мікіта” і інш.

Купала Ой, і музыкі. Дзякуй, што павесялілі нас на нашым свяце. А цяпер час і касцёр запаліць ды ўсю нечысць адсюль выгнаць.

Дзяўчынкі нясуць бенгальскія агеньчыкі, а хлопцы запальваюць вогнішча. Усе радасна глядзяць на агонь.

Купала:
Ці ўсе на свята прыйшлі?
Дзеці:
Усе!
Купала:
Бо хто ня йдзець на купалле глядзець,
Няхай той ляжыць калодаю,
Ой, калодаю бярозавай:
Як сонца грэе — калода прэе,
Як дожджык ідзе — калода гніе.
3 бубнамі, гармонікам у круг заходзяць дзеці. Самая смелая з дзяўчынак звяртаецца да прысутных:

— Ці можна завітаць да вас у госці на свята?
— Вельмі рады вам, дзевачкі-прыпевачкі!
— А мы і сапраўды вам прыпевак назбіралі.
Ноты песні Такі-сякі целяпень
Такі-сякі целяпень
Па бацьку ўдаўся.
Каля тыну, каля плоту
У крапіву схаваўся.
А як вылез з крапівы,
Узяўся за бокі:
— Паглядзіце хлопцы, дзеўкі,
Які я высокі.


Чыкі, чыкі чыканачкі,
Едзе баба на саначках.
Пытаецца ў Васіля:
— Ці далёка да сяла?
— Ах ты, баба слепавока,
Бачыш: сяло недалёка.
(Гэтыя прыпеўкі можна Інсцэніраваць.)
Гучыць музыка, І пад яе ўсе пачынаюць скакаць праз вогнішча.


Купала:
Гарэла купала ясенька,
На купала дзевачак поўненька,
А хто гэта купала разлажыў —
Каб таму бог жыта зарадзіў,
А хто гэта купала патушыў —
Каб таго чорт задушыў.
Купала робіць акцэнт на слове “чорт”, І адразу пасля гэтага на луг выбягае ўсякая нечысць: ведзьма, лясун, пачвара, русалкі.
Гучыць наступная частушка, якую “госці” інсцэніруюць:

Ноты песні А на гарэ купарос
А на гарэ купарос,
А чорт мальца за чуб трос.
Ён і трос і калаціў,
Усё праўды дахадзіў.
Але праўды не знайшоў,
Засмяяўся і пайшоў.
Ведзьма: А, вось і пра нас успомнілі! А ці можна прысесці адпачыць на вашым лужку? Нешта я моцна стамілася: дарога цяжкая была...
Чорт: I не дзіва: лясун добра заблытаў усе дарожкі, каб ніхто папараць-кветку не знайшоў.
Лясун: О, я сваю работу ведаю: усякая травінка хістаецца, кожны чалавек спужаецца, бо пад кожны кусцік я нечысць пасадзіў. (Ідзе і адгортвае вецце, а там пачвары лясныя паказваюцца, людзей палохаюць. Але Купала “сапсавала” настрой нечысці, бо выйшла наперад з запаленай свечкай.)
Купала: Здаецца, рана вы ўзрадаваліся! (Звяртаецца да гледачоў.) Са старажытных часоў лічылася, што ведзьмы хадзілі па межах і жыта ламілі, каровак чужых даілі, дзетак малых пужалі. Менавіта на Купалле трэба было выгнаць ведзьму з сяла, з хаты. У розных мясцінах Беларусі рабілі гэта па-рознаму. Недзе запальвалі кола і кацілі яго вакол усяго сяла. У другой вёсцы вакол цягнулі барану, а потым яе запальвалі. Хлопцы выцягвалі лаўкі каля двара сваёй каханай дзяўчыны: ведзьма прыйдзе, а сесці ёй няма дзе. А каб не зайшла нечысць у хату, то дзверы закладалі дровамі. I мы з вамі таксама прагонім ведзьму з усёй нечысцю з нашага лугу.

Купала з запаленай свечкай абыходзіць круг і чытае замову:

«Хадзі, ведзьма, за пні, за балоты, за гнілыя калоды, за цёмныя ляскі, за жоўтыя пяскі, за сіняе мора, за гаруч-камень. А ў нас у лузе не хадзі, дзетак нашых не пужай, сілы ў іх не адбірай».
Здаля гучыць песня “Купалінка”, і да вогнішча падыходзіць прыгожая дзяўчынка Купалінка. Яна трымае ў руцэ папараць-кветку. Уся нечысць адступае.
Купала (бярэ дзяўчынку за руку):Вось яна, кветка шчасця. Той, хто знойдзе гэтую кветку, будзе шчаслівы ўсё жыццё, будзе багаты і мудры, зможа разумець мову птушак і звяроў.
Купалінка: Гэць адсюль, нячыстая сіла!
Ведзьма (кідаецца да гасцей): Толькі не ганіце мяне ад сябе. Абяцаю па межах не хадзіць, жыта не ламіць, дзетак малых не пужаць.
Лясун: А я, лясун, абяцаю нікога не дражніць, у гушчар не заклікаць, а ў карагодах танцаваць, песні пець ды дзяўчат чараваць.
Чэрці і русалкі: А мы, чэрці і русалкі-шаптуніцы, будзем хлопцам словы падказваць, каб яны ўсё жыццё дзяўчат кахалі ды пра гэту купальскую ноч усё жыццё ўспаміналі.

Гучыць вясёлая музыка, і ўсе танцуюць каля вогнішча. Калі музыка сціхае, Купала кліча дзяўчат вяночкі ў ваду пускаць:
Пойдзем, дзяўчаты, вяночкі ў ваду пускаць,
Сваю долю дзявоцкую пытаць.
Першая дзяўчынка: Калі мая воля добрая — звіся вяночак, як гаёчак.
Другая дзяўчынка: Калі мая доля шчасная — хай свеціць сонца яснае.

Гучыць песня “Купалінка”:
Ноты песні Купалінка
Купалінка, Купалінка,
Цёмная ночка,
Цёмная ночка,
Дзе ж твая дочка?
Мая дочка у садочку,
Ружу, ружу поліць.
Ружу, ружу поліць,
Белы ручкі коліць.
Кветачкі рвець,
Кветачкі рвець —
Вяночкі звівае.
Вяночкі звівае,
Слёзкі пралівае.
Купала: Вось і скончылася наша купальскае свята!
Дзевачкі напяяліся,
Хлопцы нагуляліся,
Бабкі насядзеліся,
Музыкі наіграліся.
А вам, дарагія госці,
Дзякуй, што наглядзеліся.

Усе разам спяваюць песню «Ой, рана на Йвана». Калі свята праходзіць на сцэне, удзельнікі адорваюць прысутных кветкамі.

Яшчэ на гэту тэму:

Купальскаю парою     Купальскі карагод