сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. I. КЛІМЕНЯ, настаўніца сярэдняй школы № 11. г. Салігорск. Пачатковая школа Люты 1996 г.

Вясна красна на ўвесь свет!

Сцэнарый ранішніка

(Зала, у якой праводзіцца ранішнік, упрыгожана вясновымі кветкамі, галінкамі вярбы. Дзеці апрануты ў нацыянальныя касцюмы.)

Настаўнік. Гуканне вясны" калісьці было на Беларусі адным з любімых народных свят. Нашы далёкія продкі звярталіся ў песнях да чароўнай багіні Лады з просьбай благаславіць іх вясну гукаць.
Дзяўчынка.
Благаславі, маці,
Ой, Лада-маці,
Вясну заклікаці,
Зіму замыкаці.
Хлопчык.
Вясну красну на вулачку,
Лютую зіму ў каморачку.
Настаўнік. Людзі спявалі песні-вяснянкі, якія адлюстроўвалі іх настрой, жаданні, веснавыя гаспадарчыя клопаты, звязаныя з абуджэннем прыроды, зямлі.
Дзяўчынка.
Прыйдзі, прыйдзі, вясна,
Прыйдзі, прыйдзі, красна,
К нам у таночак,
Прынясі нам збожжа,
Прынясі нам красак,
Каб нам звіць вяночак.
Хлопчык.
Прыйдзі, прыйдзі, вясна,
Прыйдзі, прыйдзі, красна,
Прынясі ржаны каласок,
Пшанічны снапок,
Багаты ураджай
У наш родны край!
Настаўнік. У многіх вяснянках пачэсны абавязак замыкаць зіму і адмыкаць вясну выконваюць пчолкі.

(Дзеці спяваюць ці дэкламуюць песню "Ты, пчолачка ярая".)

Ты, пчолачка ярая,
Ты вылець з-за мора,
Ой, ляло, ляло,
Ты вылець з-за мора.

Ты вынесі ключыкі,
Ключыкі залатыя,
Ой, ляло, ляло,
Ключыкі залатыя.

Адамкні лецечка,
Лета цёплае,
Ой, ляло, ляло,
Лета цёплае.

Ты замкні зімачку,
Зімачку сцюдзёную,
Ой, ляло, ляло,
Зімачку сцюдзёную.

Настаўнік. А ў іншых вяснянках вясну адмыкаюць птушкі.

(Вучні з фігуркамі птушак у руках спяваюць ці дэкламуюць песню "Жавароначкі, прыляціце".)

Жавароначкі, прыляціце,
Вясну красну прынясіце,
Каб сонейка засвяціла, -  
Каб снег белы растапіла,
Каб садочкі расквяціла.

Жавароначкі, прыляціце,
Зямлю-матухну абудзіце
I дожджыкам напаіце,
Каб травачкі нарасціла,
Каб волікаў накарміла.

Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла сонейка прынясіце,
А зімачку прыбярыце,
Бо зімачка надаела —
Наш хлебушак пераела.

Настаўнік.
Усюды радасць, гамана —
Недзе блізка ужо вясна.
Рашчыняйце пірагі.
Даставайце ручнікі.
Хто з вас, дзеці, панясе
Прывітальны хлеб вясне?
Дзяўчынка.
Набліжаецца вясна,
Сонечная, залатая.
Хлопчык.

Мы цябе, вясна, вітаем,
Прывітальны хлеб нясём!

(Уваходзіць Вясна. Дзеці сустракаюць яе пірагом на вышываным ручніку.)


Хлопчык.
Вясна цёпла, на чым прыйшла?
Вясна.
На сашочцы, на бароначцы.
Хлопчык.
Можа, з зімой, можа, з холадам?
Вясна.
Я не з зімой, я не з холадам.
Хлопчык.
Ты, вясна, ты, красна,
Што ж ты нам прынясла?
Вясна.
Шаўковую траву на вясну,
Буйное жыта на лета,
Ядрыцу-грэчку на восень.
Хлопчык.
Ой, вясна, ой, вясна,
Ды што ж ты нам вынесла, вынесла?
3 кораба вытрасла, вытрасла?
Вясна.
Вам вынесла саху, барану,
Ды жыта, пшаніцу, пшаніцу,
Ды цёплую вадзіцу, вадзіцу.
Старым бабкам пасядзенечкі,
Маладзіцам кросенцы ткаці,
А дзецям — цяпло, каб гуляці.

(Праводзіцца гульня "Каноплі". Гл. часопіс "Пачатковая школа", № 3 — 4, 1993 г.)

Вясна.
Адгадайце, дзеці, мае загадкі.
Мяту, мяту —не вымету,
Нашу, нашу — не вынашу.
Як вясна прыйдзе,
Усё само сыдзе.(Снег.)

На палянцы пасля ночкі
Ззяюць сіненькія вочкі. (Пралескі.)

Свеціць і ззяе,
Зямлю сагравае. (Сонца.)

(Уваходзіць Сонца. Дзеці хорам вітаюць яго.)

Свяці, свяці, сонейка,
Каб нам было цёпленька.
Ай, люлі, люлі,
Люленькі-люлі.

Свяці, свяці, сонейка,
Дары ласку шчодранька,
Ай, люлі, люлі,
Люленькі-люлі.

Настаўніца. Для таго каб быў добры ўраджай, патрэбна не толькі сонейка, але і цёплы спорны дожджык.
Хлопчык.
Ідзі, ідзі, дожджыку,
Зварым табе боршчыку.
Дзяўчынка.
Дожджык, дожджык, крапяні,
Дзетак з поля прагані.

(Уваходзіць Дожджык. Дзеці спачатку, нібы спалохаўшыся, разбягаюцца, а потым усе разам — з Дожджыкам і Сонцам — скачуць вясёлы танец.)

Настаўнік. Дзеці, паглядзіце ўдалеч, добра прыгледзьцеся, на наша свята спяшаецца залачоная карэта. Але ж хто ў ёй едзе? Ці не падкажаш ты нам, Сонейка?
Сонца. Як жа не ведаць!? Дык гэта ж спяшаюцца тры сыночкі Вясны. Ці ведаеце вы іх, дзеці?
Дзеці. Ведаем — Сакавік, Красавік, Май.

(Уваходзяць вясновыя месяцы.)

Сакавік.
Сакавік свой крок ступіў
I праталіны зрабіў.
У надхмар’і жаўрукі
Зазвінелі, як званкі.
Красавік.
Красавік. Краса наўкола.
Зелянеюць лес і поле.
Красавік. Красуюць краскі,
Грэе сонца з цёплай ласкай.
Май.
Май вясёлы, цёплы май
Абудзіў лясы і гай.
Сонечны, квяцісты май!
Абудзіўся родны край.

(Гульня "Чараўнік". Пачынае яе настаўнік.)

-Добры дзень, дзеці. Я чараўнік.
-Добры дзень, чараўнік.
-Дзе вы былі?
-У агародзе.
-Што рабілі?

(Дзеці паказваюць, што рабілі, а чараўнік па рухах і жэстах павінен адгадаць. Напрыклад, на агародзе — капалі градкі, на рэчцы — плавалі, у садзе — збіралі яблыкі. Калі чараўнік адгадвае, ён становіцца на месца аднаго з удзельнікаў гульні, а той робіцца чараўніком.)

Настаўнік. Людзі заўсёды звярталі асаблівую ўвагу на першыя чатыры дні сакавіка. Гэтыя дні прадказваюць надвор’е на ўвесь год. Першы дзень вясну, другі —лета, трэці —восень, чацвёрты —зіму. Дзеці, а якія вы ведаеце народныя прыкметы, звязаныя з вясновым надвор’ем?

Дзеці.
- Красавік з вадою — май з травою.
- У красавіку грымоты —цёплы будзе год.
- Пчолы ў красавіку не вылецелі —чакай халадоў.
- Зязюля пачне кукаваць на голы лес — год будзе неўраджайны.
- Мокры май — будзе жыта, як гай.
- Сухі сакавік, цёплы красавік, мокры май — будзе добры ўраджай.

(Хлопчык і дзяўчынка, трымаючы за рукі Вясну, выходзяць наперад.)

Хлопчык.
Што за чараўніца
Ў зелень гай прыбрапа,
Хараства і цудаў
Скрозь нарассыпала?
Дзяўчынка.
Расквітнелі вербы,
Траўка зелянее,
Загудзелі пчолкі,
Свежы ветрык вее.
Вясна. Не спяшайцеся, дзеці. Чуецца мне, што недзе завывае Завея.
Сонца. Сапраўды, вось ідзе Зіма, а следам за ёю — Завея.

(Уваходзяць Зіма і Завея.)

Зіма.
Адпачну я на паляне,
Пакуль Сонейка прагляне,
А пасля пайду туды,
Дзе і ўлетку халады.
Завея. У-у-у-у! Гэтае Сонца так рада Вясне, што можа загубіць нас.
Зіма. Не выходзь на прагаліны, трымайся ценю.

(Да іх падыходзіць Вясна.)
Зіма. Я замарожу цябе. Я замарожу твае кветкі. Я схаваю тваё Сонейка.
Вясна. Я цябе не баюся. Мой час прыйшоў.
Зіма.
Рана ты радуешся. Глядзі!
Завея. У-у-у!
Вясна. Глядзіце, Сонца, Сонца ідзе!

(Да Вясны падыходзіць Сонейка, бярэ яе за руку.)

Зіма.
Уладарыць сіл няма. Ўсім нялюбая зіма.

(Зіма ўцякае разам з Завеяй.)

Дзяўчынка. Раз ішла Вясна па лузе, раскідала кветкі. Радуюцца ўсе, толькі адзін Зайчык сядзіць засмучаны.
Зайчык. Чаму я такі нешчаслівы? Ніхто мяне не баіцца. Пайду ўтаплюся.
Дзяўчынка. Ідзе ён да рэчкі і плача. А на беразе сядзіць Жаба. Убачыла Зайца і скокнула ў ваду. Узрадаваўся Заяц.
Зайчык. Ёсць звер, што і мяне баіцца.
Дзяўчынка. I не ўтапіўся Заяц. Пагладзіла яго Вясна, і ён, вясёлы, паскакаў у лясок.

Настаўнік.
Сонца яркае ў блакіце,
Птушкам не да сну.
Клічуць вас: "Сябры, бяжыце
Сустракаць вясну".

(Дзеці выконваюць інсцэніроўку казкі М. Танка "Як вясна прыйшла".)

Дзяўчынка.
Як вясна прыйшла ў гаі,
Разбудзіла ручаі
I паклікала ізноў
Птушак э выраю дамоў.
Хлопчык.
Прыляцелі жаўрукі,
I зязюлі, і шпакі,
На лугі, на паплавы
Прыляцелі журавы.
Дзяўчынка.
Прыляцелі, ў полі селі,
Яны раяцца,
3 вераб’ямі-забіякамі
Спрачаюцца.
Жаўрук.
Мы пакінулі вас тут зімаваць.
Вас прасілі гаспадарку даглядаць.
А вярнуліся назад — непаладкаў шмат!..
Дзяўчынка.
Вераб’і на гэта толькі
У адказ усім:
Вераб’і.
Чым жа мы тут вінаваты?
Чым? Чым? Чым?
Зязюля.
Я пакінула дубровы
Ў іх уборы каляровым.
Цяпер трэба мне ў ляску
Будзіць лісцікі: ку-ку!
Жораў.
Я на поплаве пакінуў
Шмат брусніц і журавінаў,
А цяпер жа ля ракі
Ані ягадкі...
Хлопчык.
Вераб’і тут узлаваліся зусім:
Вераб’і.
Чым жа мы тут вінаваты?
Чым? Чым? Чым?
Дзяўчынка.
Невядома, колькі б часу
Спрэчку птушкі тут вялі,
Але ў гэты дзень са школы
Дзеці міма іх ішлі.
Хлопчык.
I яны сябрам пярнатым
Расказалі ўсім:
Вераб’і не вінаваты
Тут ні ў чым.
Дзяўчынка.
Мы ва ўсіх садах сягоння
Ладзім гнёзды і шпакоўні,
Бо усе мы рады вам,
Дарагім гасцям...
Хлопчык.
I цяпер у нас заўсёды
У сям’і птушынай згода.
Луг зялёны, сенажаць —
Птушак песні скрозь звіняць.

Настаўнік. Шуміць, гудзе, вясна ідзе... Шчасце і радасць людзям нясе. Пралескі зацвілі. I птушачкі прыляцелі. Жаваранак прылятае на праталіну,шпак — на прагаліну, жораў —з цяплом, ластаўка —з лістом.
Вясна красна на ўвесь свет!

(Гучыць песня "Вясна красна наставала.)

Вясна красна наставала,
Снягі з поля саганяла.
Ой, наставала, ой, саганяла.
Вясна, вясна вясёлая,
Кругом трава зялёная,
Ой, вясёлая, ой, зялёная.
А дзе горы, даліночкі,
Там дзевачкі, парабочкі.
Ой, гуляючы, ой, спяваючы,
Ой, вясну красну праслаўляючы,
Ой!

Настаўнік. А зараз Вясна пачастуе вас прысмакамі, якія здаўна пяклі людзі на свята Гуканне вясны".

(Вясна раздае дзецям печыва.)


Яшчэ на гэту тэму:

Вясна, пусці хутчэй траву шаўковую     Гуканне вясны