сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. П. ГАЙКЕВІЧ, настаўніца сярэдняй школы № 2 г. Нароўлі. Беларуская мова і літаратура 4/2005

Любоў да маці свет трымае

Літаратурная кампазіцыя, прысвечаная Дню маці

Мэта: выхоўваць павагу, пашану і любоў да маці, да Радзімы.
Абсталяванне: фаназапіс песень пра маці на словы беларускіх паэтаў, зборнікі паэзіі з творамі, прысвечанымі маці, фотаздымкі мацярок вучняў.
Эпіграф:
Мама,
Сцежка да цябе
Не зарасце бруснічкай...
Р. Барадулін. “Мама”

Настаўнік. Добры дзень! Я рада вітаць вас. Звярніце ўвагу на эпіграф. Паэт Рыгор Барадулін выказаў бязмежную любоў да жанчыны, імя якой Мама.

Мама — самае цудоўнае слова на зямлі. Ва ўсіх мовах свету яно гучыць аднолькава пяшчотна. У мамы самыя пяшчотныя і ласкавыя рукі, яны ўсё могуць і ўмеюць. У мамы самае чулае сэрца — у ім не гасне любоў да дзяцей. Да мамы ідуць з радасцю і горам, па дапамогу і падтрымку. Мама адорвае дабрынёй і пяшчотай. Паглядзіце на здымкі сваіх матуль, і няхай яны для вас застануцца назаўсёды самымі прыгожымі і дарагімі, самымі роднымі і любімымі.

Першы вучань. Маці паэта Петруся Броўкі Алена Сцяпанаўна загінула ў час вайны ў фашысцкім лагеры смерці Асвенцім. Вялікім болем адгукнулася страта роднага чалавека ў сэрцы сына. Пасля вайны паэт наведаў канцлагер, шмат пабачыў і перадумаў, а пазней напісаў паэму “Голас сэрца”:
Казку, якая дагэтуль мне сніцца,
Не, мне ніколі таго не забыцца.

Як ты спявала, як прала, як жала,
Як шыла кашульку, як вышывала.

Як пахлі рукі твае лебядою,
І хлебам жытнёвым, і сырадоем.

Як яны нас абдымалі і грэлі,
Як твае вочы ласкава глядзелі.

Маці, прыехаў, цябе я гукаю.
Ты ж не выходзіш, бо ява такая,

Што сілы няма яе перайначыць,
Ніколі цябе я больш не пабачу.

Віхуры вайны даўно адшугалі,
Ў тых, хто вярнуўся, хаты пасталі.

На месцы ж даўнейшае нашай хаціны
Толькі зарослы падмурак адзіны.

Другі вучань. На долю жанчыны-маці выпадаюць цяжкія выпрабаванні. На яе плечы кладзецца непамерны клопат пра дзяцей. I гэты клопат пачэсны і святы. Янка Брыль у апавяданні “Маці” паказвае, што нават перад смерцю, у апошнія хвіліны жыцця маці хвалюецца пра сваіх дзяцей.
І на гасцінцы, і ў мястэчку, на ўсім — так добра знаёмым і якім жа кароткім цяпер — шляху ад роднай хаты да свежай ямы ў лапухах добрыя людзі бачылі яе пакутніцкі паход. І ўсім было зразумела, куды і завошта.
...Свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі яна трымала мазалямі да мазалёў. Шаптала свае зусім новыя словы малітвы. і ў ранішнім святле роднага сонца ясным быў яе твар, хоць па маршчынках міжвольна каціліся слёзы. Яна і тут не думала пра сябе. Дзе ён, яе Васілёк, чаму не вярнуўся?.. Як добра, Божа ласкавы, што ён не прыйшоў, не прыбег нават на пажар роднай хаты!.. <...> і яна рабіла адно — яшчэ як мама вучыла — малілася. І за сваіх сыноў, і за чужых, і за сябе...
Трэці вучань. У горадзе Жодзіна ёсць помнік Жанчыне-маці, помнік, перад якім чалавецтва нізка схіляе галаву. Увесь свет шануе подзвіг і веліч маці, якая аддала дзеля жыцця Радзімы самае дарагое — сваіх дзяцей. Манумент створаны ў гонар маці-патрыёткі, прататыпам якой стала Анастасія Фамінічна Купрыянава. Пяцёра яе сыноў загінулі ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, а малодшы з іх, Герой Савецкага Саюза Пётр Купрыянаў, здзейсніў бессмяротны подзвіг, засланіўшы сваім целам амбразуру варожага дзота.
Настаўнік. Дзіця і маці, маці і дзіця. Гэта роднасць прыродная, дадзена людзям ад Бога. I роднасць гэтую здольна парушыць толькі небыццё. Вельмі крыўдна, што ў наш час аслаблена сувязь “маці — дзіця”. Не, яна не можа знікнуць, бо яна вечная!

Апавяданне Змітрака Бядулі “На Каляды к сыну”, напісанае ў пачатку XX стагоддзя, вельмі ярка паказвае, наколькі свет можа зрабіць жорсткім чалавека, наколькі страшнымі могуць быць яго ўчынкі. 3. Бядуля распавёў чытачам пра ўчынак героя, учынак сына, які заслугоўвае асуджэння.

Чацвёрты вучань. Прачытаўшы апавяданне 3. Бядулі “На Каляды к сыну”, я зразумеў, што ўчынак сына, які адмовіўся ад маці, заслугоўвае асуджэння з пазіцый чалавечнасці і маралі. Любы свядомы чалавек не зразумее сына, які зганьбіў вечную павагу і любоў да маці.
Пяты вучань. Мяне вельмі ўразіў вобраз Тэклі. Жанчына-сялянка, яна заслугоўвае чытацкай сімпатыі. Тэкля любіць пасядзець з суседзямі, паназіраць за лесам, за хмаркамі. Гэта жанчына ўмее захапляцца прыгажосцю прыроды.
Шосты вучань. Няма для маці нічога і нікога даражэй за яе дзіця. Дзе б ні было дзіця, на якой адлегласці ні знаходзілася, сэрца маці пакутуе, перажывае і радуецца за яго.
Думала і Тэкля пра свайго сына, які жыў і вучыўся ў вялікім горадзе, думала, радавалася і нават ганарылася гэтым. “Сын быў для яе і гордасцю, і скарбам”.
Сёмы вучань. Яшчэ будучы дзіцем, Лаўрук адвярнуўся ад сваіх бацькоў, адвярнуўся ад таго жыцця, якім жылі яны. “Першы раз, як ён прыехаў з горада да пана, дык яго бацькі зараз жа паляцелі на панскі двор... Праўда, калі маці кінулася абдымаць і цалаваць яго, дык ён засаромеўся і адсунуўся ўбок”. Па словах бацькі, ён смяяўся з сялянскай гутаркі, а разам з тым і з сялянскага жыцця сваіх бацькоў.
Восьмы вучань. Я мяркую, што Лаўрук таксама заслугоўвае нейкага спачування. 3 дзесяці гадоў “за прыгожы від і спрытны розум пан Шчыбульскі забраў яго да сябе, адзяваў па-панску і, падвучыўшы крыху, аддаў пасля ў горад. А ці лёгка было дзесяцігадоваму хлопчыку далёка ад роднай сям’і, ад роднага дому? Гэта таксама пакінула свой след у фарміраванні асобы Лаўрука. А можа, нават нанесла душэўную траўму.
Дзевяты вучань. А маці праз гады чакае сустрэчы з сынам і бачыць у гэтым і радасць сваю, і шчасце. Яна ўпэўнена, што сын прыме яе, а магчыма, дагледзіць да смерці: “Шмат дакучаць яму не буду, бо дзе там клапаціцца яму аба мне і шкада ж яго...”; “Як жа ён мяне не прыме? Я ж яго матка!.. Я ж яго гадавала і карміла. Ён жа — уся мая пацеха”.
Дзесяты вучань. Сустрэча з сынам не спраўдзіла спадзяванняў маці. Сын не захацеў яе прыняць, тым больш не захацеў прызнаць яе.
Ён раптам пачырванеў, паглядзеў на слуг ды хрыпла крыкнуў:
— Чаму вы пускаеце ў пакой розных жабрачак, шалёных?!
— ідзі! Ідзі! — звярнуўся ён да яе глуха, адрывіста, — ідзі, старушка! Я цябе... не знаю... Ён бразнуў дзвярыма і пайшоў у пакой.
Настаўнік. Родны сын не захацеў прызнаць маці, прыняць яе. Сэрца маці пакутуе. Парушана роднасць блізкіх людзей, знішчана роднасць блізкіх сэрцаў. А наперадзе — невядомасць.
Любіце, шануйце і беражыце сваіх мам. I няхай іх сэрцы поўняцца шчасцем і гонарам за вас, дзяцей.
Адзінаццаты вучань (чытае верш “Маці” Ніла Гілевіча).
Я ўзыходжу на двор,
Я кажу ёй: “Са святам!”
I цалую знаёмыя родныя вусны,
І бяру пад руку,
І іду з ёй у хату,
Дзе ад прыпечка б’е
Дух гарачы капусны.

Я гляджу ў яе вочы,
Што свецяцца шчасцем,
Гладжу рукі сухія,
Прапахлыя зеллем,
І хілюся да сэрца...
А трэба б упасці
Перад ёю — нядужай, сівой —
На калені...
Вочы маці!
У доўгія зімнія ночы
Вы над намі
Вясёлымі зоркамі ззялі,
Вы ў нясцерпнай дрымоце
Зліпаліся, вочы,
Але ўсё ж усміхаліся нам,
Забаўлялі...

Рукі маці!
Вы ў працы не зналі прынукі,
Вы насілі штогод
Мазалі, як бабіны,
Вы аж нылі ўвечары,
Мілыя рукі,
Спавіваючы нас
Перад сном галубіным.

Сэрца маці!
Наш боль быў тваім,
Не іначай,
Сорам наш
Ты насіла вялізарным горам,
Кропля ж кожная
Радасці светлай дзіцячай
Напаўняла цябе,
Разлівалася морам...

А цяпер ёй —
Адно б на сынка наглядзецца...
Жаль,
і горыч,
і боль Мне душу працінае:
Як жа позна,
Як позна — любімыя дзеці —
Мы няўдзячнасць сваю
Разумець пачынаем...

Дванаццаты вучань (чытае верш “Маме” Любы Тарасюк).
Гэты ранак мяне паклікаў...
І паўторыцца зноў адно:
Я, любові тваёй галінка,
Тонка стукаюся ў акно.

Ты пачуеш або прысніцца —
І падхопішся: хто там? як?
і ўспуджанаю сініцай
Затрапеча душа твая.

Выйдзеш, мама, ў пастылы ранак,
За начнога цяпла парог, —
Белалобым, густым туманам
Упаду я табе да ног.

Гучыць “Песня пра маці” (муз. I. Лучанка, словы Г. Бураўкіна).

Яшчэ на гэту тэму:

Дзень маці     Слова ж "Мама" на ўсіх мовах толькі Мамаю гучыць