сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена РУЦКАЯ настаўніца СШ №2 г: Слоніма, паэтэса. Роднае слова 02/1992

Вячоркі ў Паўлінкі

Літаратурна-драматычная кампазіцыя

Сцэна прыбрана пад інтэр’ер вясковай хаты. Направа ад гледачоў — стол, каля стала — лавы, зэдлікі, налева (у кутку) — стылізаваная печ. Насупраць — сцяна і дзверы ў бакоўку.

З’ява I

На сцэне гаспадар Сцяпан Крыніцкі майструе граблі. Гаспадыня Альжбета засцілае стол абрусам. Паўлінка прыносіць сподачкі і кубкі, расстаўляе на стале.
Альжбета (да Сцяпана). Вось жа выбраў час. Зараз дзяўчаты на вячоркі да нас збірацца пачнуць, а ты тут сметнік развёў.
Сцяпан. Э, жонка. Гуляць — гуляй, а справе ганьбы не давай. А я гляджу, чаго гэта ты сёння, каханенькая-родненькая, як падмеценая.
Альжбета. Хаця з сярэдзіны хаты ссунься.
Сцяпан (прыбіраецца ўбок, звяртаецца да Паўлінкі). Гэты ты ўжо, каханенькая-родненькая, нешта прыдумала?
Паўлінка. А што тут прыдумваць? Хіба татка забыліся такую прыпаведзь?..
Мы сягоння ладзім свята,
Клічам госцейкаў у хату,
Той вячорак нашых варты,
Хто сябруе з песняй, з жартам.
Сцяпан (нібы злуючыся). Дык, каханенькая-родненькая, і другая прыпаведзь ёсць: «Усё скакалі і спявалі, а кубельцы пусты сталі. Як у місцы пуста — не паскачаш густа».
Паўлінка. (гарэзліва прытанцоўвае і спявае перад Сцяпанам на манер прыпевак).
А вы, госці мае,
Вы прашоненькія,
А чаму вы такія
Невясёленькія?

Калі хлеб не пушон —
Перапушым яго,
Гаспадар не вясёл —
Перапросім яго.

Калі хлеб не пушон —
Будзем пушыць яго.
Гаспадар не вясёл —
Развясёлім яго.

(Чуецца стук. Уваходзяць Пятрок і Міхась)
Госці. Добры вечар!
Сцяпан. О, Пятрок, Міхась! Добры вечар! Скорыя ж вы на нагу. I ў воласць, і з воласці так хутка патрапілі. Праходзьце, сядайце. Ды хваліцеся, што чулі, што бачылі.
(Садзяцца да стала. Альжбета прыбірае граблі, Паўлінка падмятае стружкі.)
Пятрок. Ат, што расказваць. Чыста, як у дзядзькі Коласа ў «Новай зямлі» :
Такое пекла — шум страшэнны...
Снуе народ, як на пажары,
Пад ім аж гнуцца тратуары.
Сцяпан. А на заказ мой не забыліся?
Міхась. Прывезлі, а як жа. Вось табе каляндар. (Дастае беларускі каляндар «Родны край» і гартае яго.)
Пятрок. А цікавы, браце! Пра што тут толькі няма! I пра гаспадарку, і пра надвор’е, а вершыкі якія цікавыя... Так спраўна ды складна напісаны!
Сцяпан. То пачытай, Пятрок, што ты там прыгледзеў.
Пятрок (чытае верш М. Скрыпкі «Музыка»).
Музыка ў сяло прыбыў,
Ён талент з галавой!
Але відаць, што ён згубіў
Дарогай талент свой.
Зрабіў ён тут сваёй ігрой
Курам перапалох,
А па-суседску той парой
Парсюк праз майстра здох.
Музыка той іграў, стагнаў,
Сядзеў і душы шкроб,
I ноты браў, і вушы драў,
I важна моршчыў лоб.
Ды вось ён храбра абарваў
Апошнюю струну
I, аглянуўшыся, пазнаў
Старэнькую адну.
Яна стаяла тут адна,
Як быццам ёй бяда.
— Мая пявучая струна? —
Пытанне ён задаў:
Чаму, бабулька, ты дамоў
3 усімі не пайшла?
Магчыма, што ты талент мой
Дарогаю знайшла?
— Дамоў-то мне даўно пара.
Пакуль ты тут чмурэў...
Хацела зэдлік свой забраць,
Дык ты ж на ім сядзеў.

Сцяпан. Во музыка, дык музыка. Чыста наш Харытон, як заграе — мухі злёту, як пацяруха, сыплюцца. Складны вершык, а пашукайце там яшчэ чаго такога.
Міхась (бярэ каляндар). Дзе гэта той, што я чытаў?.. (Гартае, знаходзіць патрэбнае месца.) Вось, слухайце:
(Чытае верш М. Скрыпкі «Дзюдзя».)
Ён рос на ферме парсюком,
Як след падгадаваным,
Але чамусьці «пятачком»
Любіў шукаць заганы.

Ён знойдзе сам сабе бяду,
Пакорпаўшыся ў цесце,
Спачатку выверне яду,
Тады ўжо будзе есці.

То запішчыць, што захварэў:
Баліць яго жывоцік,
То ўвесь ён перарые хлеў,
То ўшчэміць лыч у плоце.

Яму не люба тут нішто,
Усіх ён вінаваціць.
Аброхкаць ён усіх гатоў
I рохкае на маці.

Яму заўсёды ўсё не так,
Нібы яго абходзяць,
Яму і сонца абыяк
I не туды заходзіць.

Ды не бяда, што ў чарадзе
Парсюк такі вось будзе.
Бяда, калі паміж людзей
Расце такая дзюдзя!

Сцяпан. Вось пацешылі, каханенькія-родненькія. Сядайце зручней да стала. (Паўлінцы). Так што, можна лічыць, распачалі мы ўжо вячоркі?
(Чуецца музыка, у хату ўваходзяць музыкі, дзяўчаты, хлопцы.)
Дзяўчаты. Добры вечар! Прымайце на вячоркі, гаспадары, а мы вам песню заспяваем. (Прытанцоўваючы, спяваюць народную песню «Кацілася чорна галка».)

Кацілася чорна галка
Па бару, па бару,
А за ёю ясны сокал
Паблізу, паблізу:

— Пастой, чорна галка,
Ты мая, ты мая!
Яна яму шчабятала:
— Не твая, не твая!

Я ўбога сірацінка,
А ты пан, а ты пан,
Пашукай сабе дзяўчынку,
Як ты сам, як ты сам!

— Пастой, чорна галка,
Ты мая, ты мая!
Яна яму шчабятала:
— Не твая, не твая!

— Праляцеў я ўсе апушкі,
Яшчэ й лес, яшчэ й лес,
Не знайшоў такое птушкі,
Як ты есць, як ты есць.

Пастой, чорна галка,
Ты мая, ты мая!
Яна яму шчабятала:
— Не твая, не твая!

Госці рассаджваюцца на лавах, зэдліках ля печы. Дзяўчаты дастаюць работу: верацёны, клубкі нітак, вязанне.

З’ява II

Альжбета (нібы выглядае ў акно). Гляньце, гляньце! Ці не дзед з бабаю на кірмаш сабраліся, заўтра якраз жа нядзеля?
На авансцэну Пранцісь выводзіць «коніка», які запрэжаны ў «вазок» (кардонны сілуэт), папраўляе збрую. Агата выносіць кош, клункі, ладуе ўсё ў возе. Робіць гэта мітусліва, бязладна.
Агата (да Пранціся). Ды варушыся ты хутчэй, рызнік! Ніколі, як людзі, у час не выберамся.
Пранцісь. Собственна, вось-цода, не камандуй, баба! Я маю розум растаропны, сам патраплю, як лепей зрабіць.

Сядаюць у «вазок», Пранцісь тузае лейцамі, «конік» выпрагаецца і ідзе сам па сабе. Пранцісь пачынае яго лавіць і запрагаць нанова.

Агата. Божухна мой, тудэма-сюдэма, што гэта робіцца! Ты, вось-цода, патрапіш сёння дабрацца да месца?!
Удзельнікі вячорак з глыбіні сцэны назіраюць за зборамі і каментуюць адзін аднаму словамі байкі К. Крапівы «Дзед і баба».
Альжбета.
Ехаў Дзедка на кірмаш,
3 ім на возе — Баба.
Конік з выгляду — дарма,
Ды цягнуў ён слаба:
Пятрок.
Меў не болей двух гадоў,
Як суседзі кажуць.
Міхась.
Баба ж тая — сем пудоў,
Сама меней, важыць.
Сцяпан.
Пад узгорак або ў гразь —
Конь насілу возьме.
Во, глядзіце!
Стала Баба памагаць...
Седзячы на возе.
(«Конік» намагаецца з апошніх сіл, але не можа зрушыць з месца вазок.)
I музыка.
Што ж, каню другі гадок,
Дык яна — за білы
Ды нагамі ў перадок
Пхне, як мае сілы.
Пранцісь (да Агаты).
— Кінь, дурная, бо зганю,—
Кажаш табе, кажаш,
Ты паможаш так каню,
Як хваробе кашаль.
Агата.
Ах ты, ёлупень стары!
Так мяне аблаяў...
Стой жа тут, хоць ты згары!
Мне бяда малая.
Пятрок.
Гляньце — гоп яна з калёс,
Села ля дарогі.
Агата злазіць з клункамі і кашамі, сядае, звесіўшы ногі са сцэны. «Конік», узрадавана страпянуўшыся, хутка імчыць Пранціся ў «вазку» за кулісы.
Міхась.
А каня як чорт панёс,—
Дзе ўзяліся й ногі!
(Баба ўсхопліваецца і кідаецца наўздагон.)

Сцяпан.
Ва ўстановах часам ёсць
Вось такія ж «бабы»;
Здэцца, й робяць яны штось,
Але справы слабы...
(Яго перапыняюць гукі музыкі. Уваходзяць два хлопцы, адзін іграе на гармоніку, другі спявае.)

Там каля млына
Цвіла каліна.
Дзе ж тая дзеўчына,
Што мяне любіла?

Не так любіла,
Як жалавала,
Купіла коніка —
Падаравала.

А той конічак,
Быстрыя ногі,
Вёз мяне да мілай,
Зблудзіў з дарогі.

Ані сцяжынкі,
Ані дарожкі.
Паедзем, коніку,
Аж да варожкі.

Гарманіст. Вечар добры ў гэту хату. Мо тут знойдзецца варожка, што дапаможа дарогу адшукаць?
Сцяпан. Здаровы будзьце, хлопцы! Вы якраз добра патрапілі, каханенькія-родненькія, тут варожак паўнюткая хата.
Пятрок. Глядзіце толькі, каб яшчэ горш з дарогі не збілі!
Дзяўчаты. Зайграйце полечку ды запрашайце паскакаць. Тады і паварожым.
(Музыкі граюць, дзяўчаты і хлопцы скачуць полечку. Заканчваецца танец, і ў хату ўваходзіць Несцерка.)
Несцерка. Дзе свята, там і я. Добры вечар усім!
Усе. Вечар добры, Несцерка!
Сцяпан. Сядайце ў нас.
Несцерка. Ат, у нагах праўды няма.
Сцяпан. Раскажы, Несцерка, дзе хадзіў, што на свеце бачыў?
Дзяўчаты. Раскажыце, раскажыце, дзядзька Несцерка!
Несцерка. Дзе я толькі ні быў. Нават давялося аднойчы з царом пагутарыць.
Альжбета. 3 царом?!
Пятрок. Раскажы, Несцерка.
Несцерка. Ну, дык слухайце. Хадзіў я па свеце і прыблукаў у сталіцу. А там перапалох — у цара з кароны галоўны алмаз укралі. А што за карона без галоўнага алмазу. Таму і аб’явілі: хто злодзея знойдзе, таму 1000 чырвонцаў. А хто алмаз знойдзе — цар любое жаданне выканае. Многа жадаючых перабыло, але ўсё дарэмна. Дайшла чарга і да мяне. Зайшоў я ў палац, агледзеўся — золата, каменняў каштоўных, як гразі ўвосень.

Насустрач мне дзядок вылецеў. Росцікам невялічкі, бародка, як у казла, халат футравы ззаду па падлозе цягнецца. Сам лысы, хоць боб малаці, ну зусім не такі, як на малюнках.

— Пастарайся,— кажа мне,— бо гэтыя заморскія разумнікі толькі языкамі мянціць майстры.

Пахадзіў я па царскіх пакоях, прыкінуў. Ну хто тут сцягне, як не свае? Папрасіў я тады цара сабраць усіх слуг і вяльмож, якія ў палацы былі. Узяў на кухні ўслончык, пашаптаў над ім і аднёс у цёмны пакой. Там яго непрыкметна сажай намазаў і загадаў па адным у той пакой заходзіць і на ўслончык садзіцца. А перад тым аб’явіў, што ўслончык зачараваны. Злодзей, маўляў, да яго і прыліпне. Сам жа прыглядаюся: хто не краў, той смела сядзе, а злодзей пабаіцца,— ён то сажай і не замажацца. Выйшлі ўсе — ва ўсіх плямы ад сажы, а ў аднаго слугі няма. Хацеў я на яго адразу паказаць, ды бачу, хлапчына нібы свой, вясковы. Вырашыў спачатку з ім пагаварыць, а цару сказаў, што трэба падумаць.

Хлопец той і сапраўды вясковым аказаўся. Пан яго даслужыўся да вялікага чыну — даглядач царскага начнога гаршка. Толькі сам ён больш у розных сенатах засядаў, а за спальняй і гаршком прыглядаць прывёз з вёскі гэтага дзецюка, Янку.

От я і кажу яму:
— Дурань ты, Янка, дурань! I навошта табе гэты алмаз спатрэбіўся?
— Ды не трэба ён мне,— загаласіў слуга.— Жонка запілавала: «У царскіх палатах служыш. А нічога, акрамя жалавання, дадому не прыносіш». I так кожны дзень адна песня.
— Эх, Янка,— ушчуваю я яго,— адсячэ цяпер цар тваю дурную галаву.
— Так мне і трэба,— махнуў ён рукою.
А я яго пашкадаваў.
— Нясі,— загадваю,— сюды алмаз, нешта прыдумаем.
Пакуль ён алмаз прынёс, я ў царскіх палатах басейн з заморскімі рыбамі аглядзеў. Той алмаз хлебам абляпіў, ды самай вялікай рыбіне і ўкінуў, а цару дакладваю:
— Злодзея, ваша вялікасць, не было...
Тут вяльможы як загудуць: «У турму яго, падманшчыка, нас зневажаў, хлеб дарэмна еў...»
— Гэта яшчэ паглядзець трэба, хто тут дарэмна есць,— агрызнуўся я і паўтараю.— Злодзея, ваша вялікасць, не было, а алмаз у самай вялікай рыбіне плавае. Ён з кароны зваліўся, калі вы рыб кармілі.
Цар загадаў вылавіць, разрэзаць. Там алмаз і знайшлі. Так шчасліва гісторыя і скончылася.
Альжбета. А ўзнагарода?
Несцерка. А навошта мне ўзнагарода? Папрасіў у торбачку сала ды хлеба на зваротную дарогу пакласці. Усё і выканалі.
Сцяпан. Цікавая гісторыя. Вось праўду кажуць: «Не пытайся ў старога, а пытайся ў бывалага».
Несцерка. Старому печ, а маладому скокі. Што мы тут усё гамонім? Няхай дзяўчаткі паспяваюць.
Міхась. Паспявайце, дзяўчаткі.
(Дзяўчаты спяваюць «Туман ярам, ярам-даліною».)
Альжбета. Гляньце, людцы! Пранцісь з Агапкаю воз цягнуць. Вез каня. А каня дзе дзелі?
Усе. Ха-ха-ха-ха.
(Дзяўчаты выконваюць песню «Баба Ева, дзед Тамаш» і імітуюць яе змест.
У хату ўвальваецца ўраднік Нагайкін.)

Нагайкін. Здравія жалаю.
Сцяпан. Добрае здароўечка, пан ураднік.
Альжбета. Праходзьце, сядайце, калі ласка.
Нагайкін. Няма калі рассежвацца — на службе.
Несцерка. Служба не воўк — у лес не ўцячэ.
Нагайкін. Такім парадкам можна немаведама да чаго дагаварыцца. Вы на такой вялікай службе не стаіцё, а мы павінны за парадкам сачыць, павінны абараняць усё царства ад унутраных непрыяцеляў.
Міхась (жартам). I многа іх?
Нагайкін. Каго?
Міхась. Ну, гэтых, як іх... унутраных непрыяцеляў?
Нагайкін. Ого, развялося! У нядзелю на кірмаш заходжу, зазіраю ў карчму... Сядзяць пяць галадранскіх хлопцаў, п’юць піва і на ўсю хату рагочуць. Толькі я падайшоў да іх, як яны ўсе разам сціхлі. Хіба не падазрыцельна?
Міхась. Яшчэ як падазрыцельна. (Усе цішком пасмейваюцца.)
Нагайкін. А ў вас што тут за зборышча?
Паўлінка. Гэта не зборышча, пан ураднік, гэта вячоркі.
Сцяпан. Вось сядайце да Стала, гарбаты гарачанькай папіце, паслухайце, як дзяўчаты спяваюць.
Нагайкін. Няможна. Я пры іспалненні. Вось вы тут весяліцеся, а ў Пранціся каня ўкралі, а мне валачыся цэлую ноч, бойся кожны момант за сваё жыццё. Ласне тут ёсць нешта-труднае — дастаць сабе ў лоб кулю? А якая падзяка? Ну, прыстаў можа падаць руку і заклікаць на шклянку гарбаты.
Альжбета. Дык пакуль той прыстаў, то мы вось зараз запрашаем.
Нагайкін. Не магу, не магу. (Пільна аглядае ўсіх.) Я ласне зайшоў паглядзець, ці няма тут Петруся Цыбука або Пранцісёва каня.
Міхась. Пятрок то тут ёсць, але не Цыбук. А навошта ён вам спатрэбіўся?
Нагайкін. Маю на яго сакрэтнае прадпісанне ад прыстава Кулачынскага.
Сцяпан. I што гэта за прадпісанне?
Нагайкін. Я ж сказаў сакрэтнае?
Несцерка. Гэта, мусіць, тое прадпісанне, што Пранцысёва Агата трэці дзень ля студні жанкам расказвае.
Гарманіст. Вось вы нам не скажаце, дык мы і не будзем ведаць, што Пятрусь Цыбук унутраны непрыяцель.
Нагайкін. Усё роўна і не разлічвайце. Я службу знаю. Ды хутчэй мне язык адсохне, чым я вам скажу, што прыстаў падазрае, што Пятрусь Цыбук галоўны загаворшчык, бо ён падазрыцельна пасмейваўся, калі акалодачны, седзячы ля валаснога ўпраўлення, чытаў газету.
Несцерка. Бо ён трымаў яе дагары нагамі.
Нагайкін. Дзеля гэтага я зрабіў вобыск у Петруся Цыбука і ў тых, з кім ён сябруе. Цяпер я вачэй з яго не спускаю. Вось даклад прыставу на- пісаў. (Дастае паперку і памахвае ёю. Сцяпан „ працягвае руку да паперы, але ўраднік спрабуе хаваць яе ў кішэнь, не трапляе, і паперка падае на падлогу.)
Міхась. У такіх хітрых сецях павінна заблытацца ўся крамола.
Несцерка (кпліва). Пану ўрадніку, пэўна, за гэта павышэнне будзе?.
Нагайкін. Ат, якое там павышэнне, можа пашлюць у горад, зробяць акалодачным, пасля прыставам, а потым...
Несцерка. I пайшоў наш ураднік угору, як цыган па драбінах на неба.
Нагайкін. Але загаварыўся я тут з вамі.
Альжбета. А мо ўсё-такі гарбаты?
Нагайкін. Не, не! Служба. (Выходзіць.)
(Сцяпан праводзіць яго да дзвярэй, усе смяюцца. Міхась заўважае паперку. Падыходзіць, падымае.)
Міхась. Ці не пан ураднік згубіў сваю дакладную?
Пятрок. Пакажы, пакажы. Але, яна самая.
Міхась. Прачытай, Пятрок.
Галасы. Ну, што там, што напісана?
Пятрок. «Прадпісанне Вашага Благароддзя я споўніў, аб чым маю чэсць данясці».
Несцерка. Із якой гэта пары ў даносчыкаў чэсць завялася?
Міхась. Які поп, такое і маленне.
Пятрок. Слухайце! «Як я прыйшоў да Цыбука, дык яго не было дома, а ў хаце сядзела жонка з бацькам. Я іх выселіў, а хату да часу запячатаваў».
Альжбета. Вось жа праўду кажуць: прымусь дурня маліцца — ён і лоб разаб’е. Як жа тыя людзі будуць, гэта ж не ўлетку — халодна ўжо?
Пятрок. Не перабівайце. «Я да яго сяброў пайшоў. Усе яны былі на гулянцы, толькі аднаго знайшоў дома, бо той хворы. У яго я і зрабіў вобыск. У скрынцы знайшоў дзесяцірублёвую бумажку, сарочку, двое портак і таму падобныя падазрыцельныя рэчы.

Прыйшоўшы дахаты пасля обыска ў Цыбука, я разгледзеў, што аштрафаваў у яго не дзесяць, а ўсяго пяць рублёў золатам, каторыя маю чэсць прадставіць Вашаму Благароддзю з усімі другімі падазрыцельнымі рэчамі.

Ураднік Нагайкін».

Міхась. Во дурноцце, во аглаед, каб яго засекі пацукі і мышы абшукалі.
(У хаце ўсталёўваецца цішыня.)
Дзяўчаты сумна запяваюць:
Ой, рэчанька, рэчанька,
Чаму ж ты не поўная?
Люлі, люлі, люлі,
Чаму ж ты не поўная?

Апошнія словы песні заглушае бразгат у сенцах. У дзвярах паяўляецца ганарысты госць, пан Адольф Быкоўскі.

Адольф. Пахвалёны ў хату.
Усе. Навекі!
Адольф. Выбачайце, што трохі прыпазніўся. Але гэта вінаваты мой жарабец. Як панёс з гары, што каля Прытыкаў,— і мяне выкінуў, і вось у брычцы зламаў: праз тое і замарудзіў.
Несцерка. Каб ён толькі дыхаў. Які яго чорт нёс. Прыстаў конь, і ўсё тут.
Сцяпан. Проша ж, проша праходзіць.
Адольф. Дзякую, дзякую. Проша са мной клопату не мець.
Альжбета. Проша, пан Адольф, сядайце.
Адольф. А што ў вас за гасціны?
Альжбета. Вячоркі ў нас, пан Адольф. Паўлінка! Займай госця!
Паўлінка. Далучайцеся, пан Адольф, да нашай кампаніі, а то ўжо ногі чэшуцца, так і хочацца з вамі лявоніху сыпнуць.
Адольф. Фі! Я такіх мужыцкіх танцаў не гуляю.
Паўлінка. А якія ж вы танцы гуляеце?
Адольф. Гэрц-польку, падзіспаць, манчыз, падзі-кварту. Ну, што ж? Можа мы з паненкай паспрабуем?
Паўлінка. Калі ж я гэтых мудрых танцаў не толькі што не ўмею, але ніколі нават не чула, не бачыла.
Адольф. Не бойцеся! Я на ўсе лады вывучу паненку скакаць. Зайграйце нам, музыкі, гэрц-польку!
Музыкі. Мы гэтага не ўмеем.
Адольф. Ну, дык падзі-спаць.
Музыкі. Першы раз чуем.
Паўлінка. Вось табе і на! Так і не навучуся гэтых панскіх танцаў.
Адольф. А, не бядуйце вельмі. Я буду вытылінгваць пад ензык, а васпанна толькі прыслухоўвайся і вырабляй нагамі так, як я.
Паўлінка. Значыць, будзем гуляць пад язык?
Адольф (выводзіць яе наперад). Вось так, вось так! Правую нагу сюды, а левую туды. Галава ў левы бок, а задам пад парог. Ды вось так! Раз, два, тры. То налева, то направа. (Усе прыглядаюцца да іх і смяюцца.)
Паўлінка. Не, так нічога не выйдзе, не кемкая я да навукі. Можа, пан Адольф, спяяцё нам што-колечы? Я чула, што пан вельмі пекны голас мае.
Адольф. Э-э! Які там пекны. Ось так сабе. Канешне, лепшы, чым у іншых.
Госці. Заспявайце! Мы ўсе просім!
Адольф. Калі ўжо так пекна просіце, дык можна. А якую б Паўлінка хацела б?
Паўлінка. А ўсё роўна, хоць якую! Ну, якая лепей у пана выходзіць.
Адольф.
Плываё голэмбі,
Лётаё лабэндзі;
3 нашэго кахання,
Пэўна, ніц не бэндзе.
Паўлінка. А такі ж нічога не будзе.
Пятрок. Ці ж гэта «голэмбі» плаваюць, а «лабэндзі» лятаюць?
Адольф. Ну, калі перабіваеце, дык саўсім не буду пець.
Альжбета. Хай пан Быкоўскі на іх не зважае, ды пяе, ведама ж,— блазнота, што яны знаюць.
Паўлінка. Выбачайце, пан Адольф!
Госці. Выбачайце, выбачайце! Просім, просім, больш не будзем!
Адольф. Ну, ужо буду, буду! Але калі яшчэ хоць раз перапыніце, тады загневаюся і саўсім кіну пець. Пейце тады самі!
Госці. Не, не! Не будзем!
Адольф.
Гляжу я без толку
На хладную шаль,
I чорную душу
Церзае печаль.
Паўлінка. Ці ж у пана Адольфа чорная душа?
Міхась. Нашто ж глядзіш на яе, пан, без толку?
Адольф. Болей вам не буду пець, хоць на каленях прасіце.
Пойце сабе самі, калі такія разумныя!
Паўлінка. Дык і спяём, калі пан Адольф такі някемкі, што нават жартаў не разумее.

(Спявае з дзяўчатамі.)

Чабарок, чабарок
Ды каля дарожкі,
Харошанькі мой міленькі,
Ды крывыя ножкі.
Ох, ох, ох, ох,
Ды крывыя ножкі.
Паўлінка. А што ж мы цяпер будзем рабіць? Ужо напяяліся, дык можа паскачам?
Усе. Паскачам, паскачам! Лявоніху!
Музыкі іграюць лявоніху. Госці скачуць, прыпяваючы.
Змораныя ўсе садзяцца на лавы. Несцерка падымаецца.


Насцерка. Шаноўныя госці, ці не надакучылі вам гаспадары? Ды і гаспадар, як кажуць, госцю гадзі ды і сябе глядзі.
Пятрок. Праўда, пара нам і чэсць знаць! Пэўна, ужо каля поўначы матаецца.
Міхась. Так, так, час рухацца дамоў.
Несцерка. Збіраймася, даражэнькія, дахаты. Дзякуем гаспадарам, дзякуем усім за вячоркі.

Кланяецца і выходзіць, за ім музыкі, выходзячы, граюць.
Дзяўчаты і хлопцы развітваюцца з Паўлінкай і спяваюць:

Бывайце здаровы, жывіце багата,
А мы ўжо паедзем дадому, дахаты.
У зялёнай дуброве мы начаваць будзем.
На вашую ласку нідзе не забудзем.

Усе выходзяць.

Яшчэ на гэту тэму:

Сцэнарый музычнай вечарыны “У Паулінкі”     Запрашаем на вячоркі