сцэнарыі святаў на беларускай мове

Галіна Іосіфаўна МАСЛА — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Палескай СШ Лунінецкага раёна. Людміла Леанідаўна ПЯТНІЦА — настаўніца гісторыі Палескай СШ Лунінецкага раёна. Роднае слова Май. 2005г.

"Як улетку на купалу..."

Сцэнар народнага свята

На сцэне дзяўчаты ў вяночках.

1-я дзяўчына.
А на Купалу рана сонца іграла,
На добрыя гады (усе паўтараюць),
На цёплыя росы (усе паўтараюць),
На хлябы-ўраджаі (усе паўтараюць).

Дзяўчаты спяваюць песню "Ой рана на Ивана".

2-я дзяўчына.
На гары Купала гарэла,
Ды на ім хлопцаў згалела.
Ды гарэла Купала ясненька,
На Купале дзяўчат паўненька.
Ды гарэла Купала, гарэла,
Ды на тым Купале хлопцаў згалела.

3-я дзяўчына. І праўда, дзяўчаткі, дзе ж нашы хлопцы? Трэба іх паклікаць, сумна без іх.
Разам. Хлопцы, хадзіце да нас Купалле святкаваць!

Уваходзяць хлопцы, вітаюцца. Становяцца у шарэнгу насупраць дзяўчат. Пачынаюць гульню-дыялог.
Што Іван робіць?

Дзяўчаты. Купала на Івана! Што Іван робіць?
Хлопцы. Косы клепець!
Дзяўчаты. Купала на Івана! Нашто яму косы?
Хлопцы. Сена касіць.
Дзяўчаты. Нашто яму сена?
Хлопцы. Кароў карміць.
Дзяўчаты. Нашто яму каровы?
Хлопцы. Малако збіраць.
Дзяўчаты. Нашто яму малако?
Хлопцы. Дзетак карміць.
Дзяўчаты. Нашто яму дзеці?
Хлопцы. Краскі ірваць.
Дзяўчаты. Нашто яму краскі?
Хлопцы. Свіней карміць.
Дзяўчаты. Нашто яму свінні?
Хлопцы. Горы рыць.
Дзяўчаты. Што ў тых гарах?
Хлопцы. Жалезная ступа.
Дзяўчаты. Што ў той ступе?
Хлопцы. Палівана міска.
Дзяўчаты. Што ў той місцы?
Хлопцы. Макава зерне.
Дзяўчаты. Дзе тое зерне?
Хлопцы. Куры склявалі.
Дзяўчаты. Дзе тыя куры?
Хлопцы. На мора паляцелі.
Дзяўчаты. Дзе тое мора?
Хлопцы. Краскамі зарасло.
Дзяўчаты. А дзе тыя краскі?
Хлопцы. Дзеўкі парвалі.
Дзяўчаты. А дзе тыя дзеўкі?
Хлопцы. Замуж пайшлі.

Пасля гульні дзяўчаты звяртаюцца да хлопцаў.

1-я дзяўчына. Хлопчыкі, добра, што вы прыйшлі! Мы вас так чакалі! Мы без вас сумавалі.
2-я дзяўчына. Хадземце з намі танцаваць!

Дзяўчаты запрашаюць хлопцаў танцаваць, а тыя адмаўляюцца: "Адчапіцеся, не хочам! Танцуйце самі!" Пакрыўджаныя дзяўчаты адыходзяць убок і пра нешта шэптам дамаўляюцца. А хлопцы ў гэты час сядаюць на лавачку. Дзяўчаты пачынаюць чытаць вершы-дражнілкі.

1-я дзяўчына.
Як улетку на Купалу ішлі дзеўкі табуном,
Пілі мядок стаўбуном.
Ішлі хлопцы мяжою —
Пілі дзёгаць дзяжою.
2-я дзяўчына.
Ой, на гарэ карыта, поўна вады наліта.
Там дзевачкі хадзілі — ручкі-ножкі памылі.
А хлопцы хадзілі - тую ваду выпілі.
3-я дзяўчына.
Ды сёння Купала, заўтра Ян,
Кідаў чорт хлопцаў цераз паркан.
А хлопчыкі дзевачак прасілі:
"Да дзевачкі-сястрычкі, ратуйце –
Хоць адну жэрдачку адкіньце!"
А дзевачкі хлопчыкаў ратавалі —
Яшчэ болей жэрдачак накідалі.
4-я дзяўчына.
Малая ночка Купаліначка —
Нашы хлопцы не выспаліся,
За валамі ідуць, хліпаючы,
Хвастамі вочы праціраючы.
Быцю, быцю, пазыч хваста —
Працерці вочы пасля ночы.
5-я дзяўчына.
А ты, зязюля баравая,
Блізка ля торгу кукавала.
А ці была ты на рыначку,
А ці чула навіначку?
6-я дзяўчына.
Ай, была, была на рыначку,
Ай, чула, чула навіначку:
Падзешавелі нашы хлопчыкі –
А за Рыгорку капейку даюць,
А за Сярожу - паўкапейкі,
А за Зміцера — ні капейкі.
7-я дзяўчына.
А ты, зязюля баравая,
Блізка ля торгу кукавала.
А ці была ты на рыначку,
А ці чула навіначку?
8-я дзяўчына.
Ай, была, была на рыначку,
Ай, чула, чула навіначку:
Падаражэлі нашы дзевачкі –
А за Наталку - тысячу даюць,
А за Ганначку - тры тысячы,
А за Аленку — не лічачы.

Дзяўчаты бяруцца за рукі, ідуць па сцэне ланцужком, і спяваюць.
А ў масце-масце сон-трава расце,
Ой, люлі-люлі.
Сон-трава расце, сон-трава расце,
Ой, люлі-люлі.
Жоўты красачкі-аднагодачкі,
Ой, люлі-люлі.
Нашы дзевачкі-самаволачкі,
Ой, люлі-люлі.
Дзе пернік пачуюць — там заначуюць,
Ой, люлі-люлі.
А дзе цукерка - там і нядзелька,
Ой, люлі-люлі.
Дзе салодкі мёд - там і круглы год,
Ой, люлі-люлі.

Ідучы ланцужком, дзяўчаты здымаюць вяночкі і кладуць іх у адным месцы, а самі працягваюць спяваць у карагодзе. Хлопцы ў гэты час падкрадваюцца, забіраюць вяночкі і хаваюць. Праспяваўшы песню, дзяўчаты заўважаюць, што няма вяночкаў.

Дзяўчаты. А дзе ж нашыя вяночкі? Пэўна, іх хлопцы схавалі!

Дзяўчаты падыходзяць да хлопцаў і просяць аддаць вяночкі.

Хлопцы. (пытаюцца). А дражніцца будзеце?
Дзяўчаты. Не, не будзем!

Хлопцы аддаюць вяночкі і ўсе сядаюць на лавачку. Застаюцца 4 пары. Яны распачынаюць танец з вяночкамі: становяцца па крузе, дзяўчаты ўнутры, хлопцы з краю. Трымаюцца ў парах за рукі, другой рукой дзяўчаты бяруцца за спадніцу, а ў хлопцаў другая рука на таліі. Пары ідуць па крузе і спяваюць.
А ў чыім гэта вяночку,
А ў чыім гэта вяночку
Залатая макавінка,
Срэбная галованька?
А ў Таніным вяночку,
А ў Таніным вяночку
Залатая макавінка,
Срэбная галованька.
Ты, Таццянка, выхадзі
-Карагод наш павядзі.

Названая дзяўчына (у яе вянок са срэбнай кветкаю) выходзіць. Яна паказвае танцавальны рух, усе пад музыку паўтараюць. Потым усе дзяўчаты здымаюць вяночкі і кідаюць іх у цэнтр круга. Хлопцы падымаюць іх (кожны імкнецца схапіць вянок са срэбнай кветкаю) і надзяваюць на галовы сваім партнёркам. Вянок са срэбнаю кветкаю дастаецца іншай дзяўчыне. Усё паўтараецца. Пасля танца моладзь вырашае, што ўжо пара распаліць купальскае вогнішча. Хлоп¬цы прыносяць галінкі і, прыгаворваючы, кідаюць іх у абведзены крэйдай круг у цэнтры сцэны.

1-ы хлопец. Каб лён рос!
2-і хлопец. Каб жыта радзіла!
3-і хлопец. Каб жывёла пладзілася!
4-ы хлопец. Каб грошы вяліся!
5-ы хлопец. Каб усе здаровыя былі!
Дзяўчына. Вось гэты чароўны кіёк дапаможа нам распаліць вогнішча. Трэба толькі ўсім разам сказаць: "Кіёк, дакраніся, вогнішча, загарыся".

Усе дружна прамаўляюць гэтыя словы, дзяўчына дакранаецца чароўным кіёчкам да вогнішча, і яно загараецца. (На самай справе загараюцца электрычныя ёлачныя гірлянды, пакладзеныя разам з галінкамі.)

Хлопец. Давайце, хлопцы, скакаць цераз вогнішча. Мой дзядуля казаў, што той, хто пераскочыць цераз купальскае вогнішча, стане дужым, смелым, разумным.

Хлопцы скачуць цераз вогнішча. Дзяўчаты спыняюць іх і прапаноўваюць прыняць удзел у гульні.

Тры гароды


Дзяўчаты (становяцца ў тры кружочкі — "гароды" і спяваюць).
А ў полі тры гароды, каліна.
Тры гароды выгараджаны, каліна.
А ў адным гародзе — рутачка,
А ў другім гародзе — мятачка,
А ў трэцім гародзе — чырвоная ружа.
Ідучы трыма карагодамі, усе спяваюць:
А хто круты - пільнаваць руты,
А хто багаты - пільнаваць мяты,
А хто дужы — пільнаваць ружы.
А Дзіма круты — пільнаваць руты.
Кастусь багаты — пільнаваць мяты.
Міхаська дужы — пільнаваць ружы.

Названыя хлопцы падыходзяць да сваіх "гародаў" і "пільнуюць" — абыходзяць вакол, аглядаюць. Запрашаюць кожны па дзяўчыне і пад музыку танцуюць. Потым гульня паўтараецца.

Дзяўчына. Дзяўчаты, давайце паварожым! Мяне бабуля навучыла, як можна на Купалле варажыць з вяночкамі. Трэба ўсе вянкі скласці ў адно месца, накрыць іх хусткаю і папрасіць хлопцаў, каб яны з-пад хусткі даставалі па адным вяночку кожны. А вы прыкмячайце, у каго ваш вяночак, — такое імя будзе ў вашага жаніха.
Варожаць з вяночкамі. Потым усе пачынаюць гульню-танец.

А хто ў нас да дзевачак лас?


Усе ўдзельнікі становяцца ў круг. У цэнтры яго ходзіць хлопец, абапіраючыся на лёсачку*.

(* Лёсачка — кіёчак з арэшніку.)


Дзяўчаты (спяваюць).
А хто ў нас да дзевачак лас?
Петрусёк у нас да дзевачак лас.
Узяў лёсачку папіраціся,
Пайшоў дзевачку даведаціся.

Хлопчык выбірае дзяўчынку, запрашае яе на танец. Яны выходзяць у сярэдзіну круга і пад музыку танцуюць. Музыка сціхае.

Дзяўчаты (хорам).
Лёсачка яго паламалася
Дзевачка яго адцуралася!

Дзяўчына адпіхвае хлопца ад сябе і вяртаецца на свае месца. Хлопец перадае лёсачку іншаму ўдзельніку, які з лёсачкай выходзіць у цэнтр круга, а сам займае яго месца. Гульня паўтараецца.

Пасля гульні ўсе сядаюць на лавачку.


Хлопец. Давайце пагуляем у фанты. Кідайце ў маю шапку фанты - пярсцёнкі, стужкі, заколкі, гадзіннікі.
Гуляюць у фанты.

Фанты


3 шапкі выцягваюць фант і пытаюцца, што павінен зрабіць яго ўладальнік. Загадваюць праспяваць песню, прачытаць верш, патанцаваць і да т. п. Пасля выканання загаду фант вяртаюць гаспадару.

На сярэдзіну сцэны выходзяць хлопец і дзяўчына.


Хлопец. Хопіць нам ужо гуляць. Пара разыходзіцца — шукаць папараць-кветку.
Дзяўчына. Паводле паданняў, той, хто яе знойдзе, набудзе цудадзейную сілу. Усе скарбы зямлі будуць яму падуладныя. Ён зразумее мову звяроў і птушак, дрэў і траў.
Хлопец. Жадаем кожнаму знайсці сваю папараць-кветку і стаць шчаслівым, мудрым, добрым, здаровым.

Усе сыходзяць са сцэны.



Яшчэ на гэту тэму:

Як шукалі ўлетку чароўную кветку     Мы вяночак развіваем