сцэнарыі святаў на беларускай мове

С. I. БУРДА, настаўніца пачатковых класаў СШ № 40 г. Віцебска. Пачатковая школа Ліпень 2003 г.

Зажынкі

Сцэнарый свята

1-я дзяўчына.
Прасіўся ў дзевачак снапочак:
2-я дзяўчына.
“Ой, звіце, дзевачкі, вяночак,
3-я дзяўчына.
Аднясіце мяне ў стадолу,
4-я дзяўчына.
Палажыце мяне ў старану,
5-я дзяўчына.
Няхай я ў стадоле пагашчу,
1-я дзяўчына.
Пакуль на ніваньку зноў пайду!
2-я дзяўчына.
Мне ў стадоле гасцінна,
3-я дзяўчына.
А на ніўцы — радзіма,
4-я дзяўчына.
Бо мяне ў стадоле цэпам б’юць,
5-я дзяўчына.
А на ніўцы дажджы ідуць.
(Усе сядаюць за стол.)

Ганна. На Зажынкі заўсёды трэба гаварыць: “Стаў яго сноп на сто коп”.
Жыта ў полі зашасцела,
Ні хмурынкі ў сіняве.
Сёння вёска апусцела,
Сёння кожны на жніве.
Жнівень, жнівень залаты,
Ураджайная пара.
Шмат турбот прыносіш ты,
Шмат прыносіш ты дабра.

(Выконваецца песня “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”.)

1- я дзяўчына.
Ой, цяпер у нас Зажынкі,
Прынясі нам, пане, закускі.
Ой, мы закускі не хочам,
Наймі нам музыку — паскачам.
Не шкадуй ты, пане, жарабца,
Паедзь па музыку да Верасця.
Будуць музыкі іграці,
А Мы, маладыя, гуляці!

( Танец “Весялуха”,)

Васіль. На Зажынках з першага хлеба пякуць каравай.
Ды спяклі мы каравай
Для ўсяго нашага краю,
Ды падымем высако,
Ды заспяваем весяло,
Ды паставім на ўсіх,
Дай жа, Божа, хлеба ўсім.
Ды паставім на гароху
I раздзелім ўсім патроху.

(Усе частуюцца караваем. Праводзіцца гульня "Каласкі".)

2- я дзяўчына.
Прачыста маць ішла зажынаць
У чыстае поле з прасяным пірагом.
3 прасяным пірагом, з залатым сярпом.
У левай руцэ прасяны піражок,
У правай руцэ залаты сярпок.
Я раз разну — я сноп нажну,
Я два разну — я капу нажну!

(Карагод вакол снапа.)

3-я дзяўчына.
Ой, мілы Божа нам дапаможа.
Ці не выжнем?
4-я дзяўчына.
Сонейка нізка, вячэрка блізка.
Ай, не выжнем!
5-я дзяўчына.
Пташкі, злятайце, снапочкі збірайце,
Саколікі, злятайце, копачкі складайце.
3-я дзяўчына.
Ой, мілы Божа нам дапаможа.
4-я дзяўчына.
Зязюлечка кукуе, копачкі рахуе.
Не злічыць!
5-я дзяўчына.
Сонейка нізка, вячэрка блізка.
Не злічыць!
Ганна. Давайце, дзяўчаткі, заспяваем песню вясёлую, каб заўтра на жніве лягчэй нам працавалася!
(Выконваецца песня “А мой мілы варэнічкаў хоча...”.)
Васіль.
У нашай хаце госцем будзь,
Пра весялосць не забывайся,
Спявай, танцуй, бяду забудзь,
Сам на сябе ты спадзявайся.
У гульнях, танцах ты змагайся!

(Праводзіцца вясёлая народная гульня альбо выконваецца танец.)

1-я дзяўчына. Пара ўжо і разыходзіцца. На досвітку трэба ісці на сапраўднае жніво.
2-я дзяўчына.
Дарагія гаспадары!
Шчасця вам і долі
I хлеба ўволю!
Дзяўчаты (разам). Багатага ўраджаю вам у новым годзе!
(Госці выходзяць з песняю- жартам.)

Як на нашай ніўцы
Сягоння зажынкі —
Дзіва, дзіва.

Наш гаспадар Васілёк
Дасць квасочку бутылёк —
Дзіва, дзіва.

Гаспадыня цяпера
Паставіць вячэру —
Дзіва, дзіва.

Наварыла буракоў,
Насыпала чарвякоў —
Дзіва, дзіва.

Наварыла кашы,
Пасыпала сажай —
Дзіва, дзіва.

Ганна.
Трэба ісці адпачываць,
Заўтра пойдзем працаваць!
Васіль. Каб мы невыводна мелі на стале
Заўтра і заўсёды свежы, смачны хлеб!