сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. I. КУЛІКОЎСКАЯ, настаўніца вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 8 г. Маладзечна

Мужнасць таленту

Сцэнарый школьнай вечарыны, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння Васіля Быкава

Ход мерапрыемства


Гучыць песня «Радзіма, мая дарагая» (верш А. Бачылы, муз. П. Алоўнікава).
На сцэне дзяўчаты ў белых сукенках выконваюць танец з запаленымі свечкамі. Музыка сціхае. Адна дзяўчынка ўкленчвае, астатнія спыняюцца; святло ў зале не запальваецца, уключана толькі падсветка на сцэне.


Першы чытальнік.
Вайна — гэта знак бяды,
Яе немагчыма забыць.
А мёртвым не трэба вады,
А мёртвым ужо не баліць.

Праз порах і дым вайны,
Праз пасткі
I праз вышыні
Ішлі батальёна сыны
I воўчую зграю крушылі.

Абеліскі вітаюць зару,
Жураўліныя крыкі ачнуцца...
Праз Альпы у Беларусь
Пайсці, дажыць і вярнуцца.
С. Чыгрын. «Васілю Быкаву».


Гучыць класічная музыка. На экране — партрэт Васіля Быкава.

Вядучы. «Лёс збярог нам Васіля Быкава, каб ён жыў і пісаў ад імя цэлага пакалення, ад імя тых, што юнакамі спазналі вайну і ўзмужнелі духам са зброяй у руках, для якіх дзень жыцця быў роўны веку жыцця», — пісаў выдатны кіргізскі пісьменнік Чынгіз Айтматаў.
Вядучая. Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў невялічкай вёсачцы Бычкі на лясной і азёрнай Ушаччыне.
Юнак (у ролі Васіля Быкава). Я не люблю свайго дзяцінства. Галоднае жыццё, калі трэба ісці ў школу, а няма чаго паесці і апрануць... Адзінае, што было радасцю, дык гэта прырода і кнігі. Улетку — возера, лес, рыбалка. Калі дазваляў час, вядома. Бо трэба было працаваць (адыходзіць у цемру сцэны).
Вядучы. Перад самай вайной В. Быкаў апынуўся ва Украіне, дзе збіраўся паступаць у індустрыяльны інстытут, але вайна вырашыла па-свойму. Спачатку інжынерны батальён, потым удзел у цяжкіх баях на Паўднёва-Заходнім фронце, пяхотнае вучылішча ў Саратаве, пасля заканчэння якога ў 1943 годзе атрымаў званне малодшага лейтэнанта, зноў баі ва Украіне, у Румыніі, Аўстрыі.

На экране з'яўляюцца фотаздымкі пісьменніка ваеннага часу.

Вядучая. На Кіраваградчыне (Украіна) ёсць брацкая магіла, дзе ў спісе пахаваных значыцца імя Васіля Быкава. Бацькі атрымалі пахавальную, дзе паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзвода лейтэнант Быкаў Васіль Уладзіміравіч, забіты 10 студзеня 1944 года, пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікая Севярынаўка Кіраваградскай вобласці.

На экране — фотаздымкі ваеннага часу. Гучыць класічная музыка.

Юнак (у ролі Васіля Быкава). Мы паспелі дабрацца да сціртаў, потым да палявой дарогі, там былі нашы фурманкі. Мяне прывезлі ў сяло, якое стаяла ў лагчыне. У хаце набралася чалавек пятнаццаць параненых. Раніцай сяло зноў атакавалі нямецкія танкі, збілі абарону. Я выпаўз з хаты на дарогу, дзе мяне падабрала апошняя фурманка. Адзін танк спыніўся насупраць нашай хаты і расстраляў яе. Хата загарэлася. Відаць, усё гэта бачыў і мой камандзір батальёна, які не ведаў, што за 15 хвілін да таго я выпаўз на вуліцу. Пасля шпіталя мяне накіравалі ў іншую часць. Вось так я трапіў у спісы забітых.
Вядучы. Канстанцін Сіманаў пісаў: «Якія ні былі б высокія нашы памкненні, вайна ўсё роўна заставалася для нас чалавечай трагедыяй ад свайго першага і да апошняга дня, і ў дні паражэнняў, і ў дні перамог. Яна ўсё роўна засталася ненармальным станам для кожнага чалавека, які не страціў людскога аблічча. I калі забыць пра гэта, то праўды пра вайну не напішаш».

Гучыць песня «Жураўлі» («Мне кажется порою, что солдаты...»; сл. Р. Гамзатава, муз. Я. Фрэнкеля).

На сцэне з'яўляецца баец — гэта Глечык, ён ладзіць зброю.

Голас (за сцэнай). У паднябессі марудна пасоўваўся пад аблокамі і самотна курлыкаў невялікі жураўліны ланцужок. У спапялелую ад гора душу байца дыхнула замілаванай шчаслівай мінуўшчынай яго дзяцінства, шчымлівым болем па ўсім тым, што перажыта, пакінута і назаўсёды страчана для васямнаццацігадовага юнака. Ён ледзьве ўтрымаў крыўдлівую спазму ў горле і глядзеў, глядзеў услед чародцы родных з маленства птушак, якія прынеслі ў яго пачуцці дзясяткі да болю нясцерпных адчуванняў... I калі ўжо яго зрок ледзь-ледзь нашчупваў у шэрай засмужанай высі тую рухавую рыску, з неба зляцеў на зямлю другі, роспачна-абрывісты гук, поўны трывогі, прось-бы і безнадзейнага журботнага клічу: — Курл!.. Курл!.. Курл!.. Наўздагон за зніклай чарадой, з апошніх сіл перабіраючы крыллямі, не дужа высока ляцеў, быццам шкандыбаў у паветраным абшары, адсталы падбіты журавок. Ад яго амаль чалавечай роспачы аж здрыгануўся здзіўлены Глечык, нешта суладнае сваім затоеным пакутам пачуў ён у тым жалобным голасе, і грымаса болю і жалю скрывіла яго круглявы хлапечы твар. <...> Ад жахлівае роспачы птушкі нясцерпнай самотай захлынулася хлапечае сэрца. <...> Глечык схапіў адзіную сваю гранату, прыціснуўся спінай да дрыготкай сцяны траншэі і чакаў. Ён разумеў, што гэта канец, і з усяе сілы зацяў у сабе нясцерпную журботу душы, у якой вялікаю прагай да жыцця усё біўся далёкі жураўліны кліч.

Другі чытальнік.
Ён спасцігнуць не мог галавой
Усю нязмернасць жыцця і мукі,
Ўсю нязмернасць смерці сваёй.
Ён не мог зразумець адзінага,
Ён не выціснуў, як ні тужыў,
Разумення апошняй хвіліны,
Разумення апошняй мяжы.
Сам-насам, без думкі аб цудзе
Разлучаўся з сабою ў вяках,
3 добрым шчасцем, якога не будзе,
Злом, што будзе дарэмна чакаць,
3 незламаным бэзам і горам,
3 лепшай думкай, падобнай на стрэл,
3 тымі дзецьмі, якіх не створыць,
I з людзьмі, якіх не сустрэў.
3 ненапісанымі радкамі,
3 таямніцай роднай зямлі,
3 прагай неба і, урэшце, з рукамі,
Светлым дзівам, што ўсё маглі:
На арэлях дзяўчыну гушкаць,
Біць рыдлёўкай засохлы глей.
Кельму ўзяць або выпусціць птушку,
Чару ўзяць або даць на хлеб.
У. Караткевіч. «Балада аб асуджаных і аб чалавечым "даруй"».

На экран падаецца каляровая рэпрадукцыя, на якой луг ці поле ў кветках. На сцэну выходзяць юнак і дзяўчына, апранутыя ў паласатае адзенне вязняў канцлагераў. Гэта героі аповесці «Альпійская балада» Іван і Джулія.

Джулія. Какой твой провінція? Какой место ты жіль? Москва? Кіев?
Іван. Беларусь.
Джулія. Белорусь. Это провінція такой?
Іван. Рэспубліка.
Джулія. Рэспубліка? Это карашо. Італія — манархія. Монтэ — горы ест твой рэспубліка?
Іван. Не. Гор няма. У нас болей лясы. Пушчы. Рэкі і азёры. Азёры самыя прыгожыя. Мая вёска Цярэшкі якраз ля двух азёр. Калі ў ціхі надвячорак зірнеш — не шалахнецца. Бы люстэрка. I лес вісіць уніз вяршалінамі. Як намаляваны. Адно — рыба плешчацца. Шчупакі — во! Што там горы! Паўза.
Джулія. Говорі ещё. Говорі твой Белорусь. Ты научіть меня говоріть свой язік?
Іван. Беларускі?
Джулія. Я. Да.
Іван. Абавязкова. Вось прыйдзем у Трыест і пачнём.

Гучыць сумная беларуская народная песня. Іван ідзе са сцэны. Застаецца Джулія.

Голас (за сцэнай). Здравствуй, деревня Терешки возле Двух Голубых Озёр в Белоруссии... Это пишет Джулия Новелли из Рима и просит вас не удивляться, что незнакомая вам синьора знает вашего Ивана, знает Терешки у Двух Голубых Озёр в Белоруссии...
Воля провидения свела меня с Ним в трудных путях неравной борьбы и утрат. Мне пришлось разделить с Ним последние три дня Его жизни — три огромных, как вечность, дня любви, познания и счастья. Правда, Богу угодно было не дать мне разделить с Ним и смерть — рок или обычный нерастаявший сумёт снега помешал мне разбиться в пропасти, которую я предпочла крематорию...
Вся моя последующая жизнь проходит в ярком свете, излучённом встречей с Его личностью...
Иногда, вспоминая Его, содрогаюсь от мысли, что могла бы попасть в другой лагерь или не увидеть Его схватки с командофюрером и не побежать за Ним после памятного взрыва — пройти в жизни где-то близко от Него и не соприкоснуться с Ним. Но этого не случилось...
Вот и всё. Финита.
Прощайте, далёкие Терешки у Двух Голубых Озёр... (Апошнія словы «патанаюць» у журботнай народнай песні «Ой у лузе пры дарозе...».)

Вядучы. Салдат гінуў мужна і без скаргаў, сумленна і да канца выконваючы свой абавязак, і толькі ў душы яго, можа быць, апошняю перадсмяротнай думкай было ўсведамленне пранізлівай заўчаснасці гэтай яго пагібелі.

На экране — фотаздымкі ваеннага часу.
Гучыцъ класічная музыка.


Юнак (у ролі Васіля Быкава). Праз шмат гадоў, гледзячы на пажаўцелыя фатаграфіі гэтых рана пасталелых хлопцаў у пакамечаных гімнасцёрках з пятліцамі на каўнярах, рэдка і скупа ўзнагароджаных, не ведаеш, што падумаць. Ці то зайздросціць, што яны воляю ваеннага лёсу сышлі з паловы шляху, на якім столькі яшчэ давялося стрываць, перажыць і столькім загінуць на сваёй і на чужой зямлі. Ці, можа, паспачуваць: столькіх пераможных радасцяў не ўбачылі яны, далёка не дайшоўшы да Берліна.
Вядучая. Позіркі палеглых на вайне могуць нешта выказваць або не выказваць нічога, але мы перш за ўсё абавязаны разгледзець у іх маўклівую просьбу не забываць у змене гадоў іх імёнаў і спраў, расказваць нашчадкам пра сэнс іх жыцця.
Вядучы. Адметная рыса твораў Васіля Быкава — праўда жыцця. I якая балючая і шчымлівая яна ні была б, ад яе нікуды не дзенешся.

На сцэне з'яўляецца герой аповесці «Аблава» Хведар Роўба. Апрануты ў старую залапленую ватоўку, такія самыя штаны, пакамечаную шапку, ён спалохана азіраецца і не ведае, куды схавацца.

Галасы (за сцэнай).
— Роўба, стой!
— Роўба, вылазь!
— Вылазь па-добраму, а то...
— Грамадзянін Роўба, ад ліца Савецкай улады папярэджваю...
— Штось не відаць тут.
— Ды там. След во ў дрыгве...
Роўба (нарэшце сядае ў роспачы). 0, людзі, людзі! За што ж вы так?.. Людзі...

Вядучая. Пытанне выбару заўсёды стаяла і стаіць перад чалавекам, нават у яго штодзённым жыцці, а тым больш у часы лёсавызначальныя, калі яно яднаецца з праблемай адказнасці чалавека за ўласныя ўчынкі перад самім сабой і перад грамадствам.
Вядучы. Час хуткаплынны і незваротны. Але ва ўладзе мастака высветліць яго галоўныя рысы. Вялікая Айчынная вайна стала вехай у жыцці людзей свету. Маральна-этычныя праблемы, звязаныя з ёй, асэнсоўваюцца і да сёння, бо нязменнымі застаюцца паняцці «вернасць», «адданасць», «подзвіг», «здрада».

Гучыць класічная музыка. Чытальнікі выконваюць вершы, прысвечаныя Васілю Быкаву.

Трэці чытальнік.
Няшчадны лёс
Дамалаціў гадоў калоссе,
Каб слова зерні прараслі ў вякі.
I там над Васілём
Журботна занялося
Сузор'е звечарэлых хат —
Бычкі...
Р. Барадулін. «Журботна...».


Чацвёрты чытальнік.
I ява існая, і цуд!..
Ён недзе тут.
Ну так, ён недзе тут.
Ён побач, поплеч ён, ён з намі — знаёмымі, сябрамі і сынамі.
3 Ірынаю сваёй, сваёй краінай, па-летняму то светлай, то журлівай.
Вы кажаце пра той апошні шлях, пра тыя смутак, роспач, боль і жах.
Вы кажаце: вяртаўся ён дадому, дадому нёс свае любоў і стому.
Ды, кажаце, сустрэў яго не дом, а дол яго прыняў, халодны дол.
Пяты чытальнік.
Вы кажаце: вяртаюцца здалёку, ды не вяртаюцца зглыбоку-змроку.
Ды ён не там, дзе змрок, дзе тлен і тло.
Ён тут, дзе дух жывы, дзе рух і дзе святло...
Ён тут. Хаця яшчэ ў сорак чацвёртым яго ўжо абвяшчалі мёртвым.
Ды ён ажыў. I ўваскрашаў другіх вадою жыватворнай сваіх кніг.
Шосты чытальнік.
Не, ён не там, ён тут, ён з намі.
Такі ж, якім яго мы зналі, — суровы і прыветны, ветлы, пахмурны, змрочны ды і светлы, ласкавы і патрабавальны, зацяты і ўсёдаравальны...
Не, ён не там, ён тут, ён недзе тут.
Як — адначасна — з'явішча і цуд.
Я вам кажу, што тут ён недзе, на гэтым свеце і ў гэтым леце, на беразе жывой ракі...
Цяпер, заўсёды і на ўсе вякі.
Ён недзе тут...
I хай свяціцца імя яго!
А. Вярцінскі. «Ён недзе тут...».


Вядучая. Усе ўчынкі герояў Васіля Быкава асветлены высокім ідэалам. Аўтар праўдзівы не толькі ў раскрыцці гераічных характараў. Ён заўсёды шукаў вытокі гераізму і знаходзіў іх у глыбокіх каранях народнага жыцця, у выпакутаванай любові да сваёй Айчыны, і гэта надае яго героям маральную трываласць, бескампраміснасць у асуджэнні здрадніцтва.
Галоўнае па Быкаву — захаваць у сабе чалавечае, застацца чалавекам.

На сцэну выходзяць дзяўчаты з запаленымі свечкамі і іншыя ўдзельнікі вечарыны.

Вядучы.
Час стагоддзі, як касой, сцінае,
Веры, царствы, догмы йдуць да ценяў...
Усё мінае — Гонар не мінае,
Бо народжаны адным сумленнем.

Калі сонца выб'ецца з туману,
Толькі іх і ўспомніць хор народаў,
Воінаў сваіх, святых і зраненых,
Рыцараў сумлення і свабоды.
У. Караткевіч. «Васілю Быкаву».



Яшчэ на гэту тэму:

Рыцар сумлення і свабоды